Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 7
Крысціна Бандурына
Сляды на чыстай паперы
ОглавлениеПайшла я сёння ў банк пакласці грошы на рахунак. Стаю ў чарзе, чытаю розныя аб явы. Тут адчыняюцца дзверы, і заходзіць бабуля з дзіцёнкам. Становяцца ў чаргу акурат за мною. Каса № 1, дзе мы ўсе стаялі, знаходзілася ў самым закутку, а побач з ім лесвіца, у якой жалезныя парэнчы былі не да канца прыкручаныя да падлогі. Паміж гэтымі парэнчамі знаходзіўся невялікі пралёт, куды адразу і палезла ўзгаданая мною малая дзяўчынка. Залезла і сядзіць, пазірае на мяне. Маленькая, смешная і такая прыгожанькая-прыгожанькая. Вялізныя і круглыя блакітныя вочкі, хітраватая ўсмешка і такі цікаўны носік! Напэўна, я ёй спадабалася, і яна хацела неяк звярнуць на сябе ўвагу.
Я толькі адвярнула галаву ў іншы бок, як дзяўчынка паднялася і пачала нагою ляпаць па непрыкручаных парэнчах. Парэнчы дзынькалі на ўвесь банк, што вельмі раздражняла яе бабулю.
Бабуля не вытрымала і пачала чытаць ёй натацыі:
– Супакойся! Зараз прыгоду заробіш на сваю галаву!
– Не зараблю! Усё будзе добра! хітравата ўсміхалася малая, гледзячы мне ў вочы.
Бабулю такая ўвага да мяне яшчэ больш раззлавала:
– Атрымаеш зараз.
– А вось не атрымаю, – і так усміхаецца! На выгляд ёй гады чатыры, напэўна, а такая ўжо разумная.
Бабуля, нахмурыўшы бровы, вырашыла перайсці на пагрозы:
– Я табе зараз сапсую настрой.
– Не сапсуеш, – упэўнена парыравала малая, па-ранейшаму не адрываючы ад мяне позірку. А мне так смешна было. Яна глядзела мне ў вочы, і я бачыла сябе ў яе ўзросце. Тут падышла мая чарга, і далейшае развіццё дзеянняў мне ўжо было невядома.
Скончыўшы ўсе свае справы, я накіравалася да століка, каб спакаваць рэчы, і раптам убачыла: пазіраюць на мяне з-пад стала знаёмыя цікаўныя вочы. Малая не дала мне апамятацца і пачала скардзіцца, што яны там сёння з кімсьці яблыкі не падзялілі:
– Вось мне дасталося, а камусьці не дасталося, дык што, я вінаватая?
А я стаяла і разглядала яе. Памятаю бірузовага колеру ці то куртку, ці то паліто на ёй, маленькія карычневыя угі. Шапку не запомніла, але памятаю, што на ручках былі вясёлкавыя пальчаткі. І яна так гэтымі ручкамі ў розныя бакі махала, так эмацыйна мне расказвала!
Спакавала я ўсе свае паперкі, ужо сабралася выходзіць. А малая мне ўсё расказвае і расказвае. Ну, што рабіць? Стала я, гляджу на яе, слухаю. І галоўнае, што людзі вакол таксама на нас глядзяць: там жа недзе бабуля ў касе, а яна мне тут балбоча. І тут гэтае дзяўчо бярэ мяне за руку. Трымае моцна, а я разумею, што яна не хоча мяне адпускаць ці наважылася ісці са мною.
Хачу спытаць: «Ты мяне не адпусціш?» – заўважаю, што хвалююся. Маю руку трымае чужое дзіця, мяне гэта неяк непакоіць, і я пачынаю заікацца. Гляджу на яе, яна на мяне здзіўлена глядзіць і кажа: «Не, не адпушчу». Я збянтэжылася яшчэ больш: людзі ж глядзяць! Гэта чужое дзіцё! І мне на пары трэба ісці. А як растлумачыць дзіцёнку?
– Усё, мне трэба ісці, пакуль, – ледзь выціскаю з сябе.
Яна мяне адпускае, я амаль ужо выходжу за дзверы банка і чую: так адчайна малая крычыць мне ўслед:
– Пака-а-а!
Паварочваюся: стаіць, махае сваімі маленькімі вясёлкавымі ручкамі і пасылае мне паветраны пацалунак.
Я ішла па вуліцы, усміхалася і думала: вось цуд, бывае ж такое! Тады да мяне прыйшло ўсведамленне, што няма на свеце нічога больш важнага за ўвагу дзіцяці. Больш шчырага – дакладна няма. І я ўспомніла сябе.
Калі мне было дзевяць гадоў, я адзіны раз у сваім жыцці пабывала за мяжою. У мяне бабуля працавала ў школьнай сталоўцы, і ў гэтую школу кожны год раней прыязджалі ірландцы з нейкай місіяй кшталту «Дапамага дзецям Чарнобыля», прывозілі гуманітарку і розныя карысныя рэчы. Гэтыя ірландцы па нейкай дамове бралі беларускіх дзяцей да сябе на аздараўленне. І мая бабуля, я не ведаю, чаго ёй гэта каштавала, дамовілася, каб мяне (а навучалася я ў іншай школе) узялі ў гэтую групу. Так я на 24 дні апынулася ў Ірландыі. Дзевяцігадовае саплівае дзяўчо ўпершыню ляцела ў самалёце ды ўбачыла свет, называецца. Найбольш яскравы ўспамін адтуль гэта зялёныя-зялёныя палі. У іх там усё зялёнае.
Я трапіла ў вельмі заможную сям ю. У іх быў свой вялізны дом на тры паверхі. Спачатку гэта падавалася мне дзівам, нейкай казкай, аб якой я і марыць не магла. Так атрымалася яшчэ, што я трапіла туды са сваёй аднакласніцай, у якой таксама былі нейкія сувязі. Мы жылі з ёй у адным пакоі.
Нас апраналі аднолькава. Гэта было першае, што зрабілі нашы гаспадары: цалкам памянялі нам гардэроб. Кармілі кожны дзень нас толькі ў «МакДональдсе». Гаспадыня ніколі не гатавала нічога дома, акрамя тостаў, і тое гэта былі рэдкія выпадкі. Я дагэтуль памятаю стандартнае меню: «картошка-фры», «чыкен макнагетс» (як іх зараз называюць) і кола. Гэтых рэчаў я не ела, напэўна, гадоў дванаццаць пасля Ірландыі, калі не болей. Паспрабавала я іх зноў адносна нядаўна, і гэта былі неперадаваемыя пачуцці: той самы смак з далёкага казачнага дзяцінства.
Я часам была драпежная, таму што мне вельмі не падабаўся сын гаспадароў, ён быў тоўсты такі, руды і падобны да свінні. І я яго часта біла, а ён да мяне заляцаўся і, калі я яго крыўдзіла, скардзіўся гаспадыні. Я не разумела ні слова з іх гаворкі, бо не ведала мовы. Мы размаўлялі часцей за ўсё пры дапамозе жэстаў, але я разумела, што мне «ну-ну-ну» выгаворваюць.
У гэтай сям і была шматгадовая традыцыя коннага спорту. Гаспадары трымалі сваю ферму і некалькі коней. Мне нават давялося тады адзіны раз у жыцці пакатацца на кані. У доме было шмат усялякіх кубкаў, медалёў напэўна, дзякуючы гэтаму яны і сталі такімі заможнымі.
Грошы ў іх, асабліва дробныя манеты, валяліся паўсюль, па ўсім доме. Мне вельмі падабалася іх збіраць і прыносіць гаспадыні. Рабіла я гэта не таму, што было цікава лазіць паўсюль, а таму, што, мажліва, мне ўвагі не хапала. Я збірала манеткі, гаспадыня мяне хваліла, і я адчувала сябе патрэбнай.
З часам атрымалася так, што я пазбірала ўсе грошы, якія толькі валяліся ў доме. На нашым паверсе знаходзіўся пакой старэйшага сына, які там не жыў, быў, можа, дзесьці ў іншым горадзе, але пакой яго заставаўся, і нам з маёй аднакласніцай заўсёды было цікава там важдацца. Мы знайшлі ноўтбук, толькі так яго і не ўключылі, бо не ведалі як. Упершыню ў жыцці мы пабачылі тады ноўтбук. У нас жа яшчэ такога не было, што камп'ютары сустракаюцца на кожным кроку.
Неяк у адным пакоі мы натрапілі на цэлы слоік з манетамі. Прынеслі яго ў свой пакой, раскідалі тыя манеты па падлозе і сталі лічыць. І не тое, каб мы хацелі сабе іх забраць. Я пазбірала манеты па ўсіх магчымых закутках, хваліць ужо не было за што, а мне хацелася гэтага, хацелася, каб мяне заўважалі. Я ўявіла сабе, як жа абрадуецца гаспадыня, калі я ёй цэлы слоік прыцягну гэтых манет!
І вось у той самы момант, калі мы разглядалі грошы на падлозе, у пакой зайшла гаспадыня. Я не знайшла нічога лепшага, як легчы спінаю на гэтыя манеты. Але было позна: гаспадыня ўжо заўважыла іх. Яна ўсё спрабавала мяне падняць, а я не паднімалася, плакала, прасіла адпусціць. Прычым аднакласніца адразу «саскочыла»: яна тут ні пры чым, быццам нічога не ведае. А гаспадыня вырашыла, што я гэтыя грошы хацела ўкрасці.
Яна расказвала ўсім сваім сябрам, хто бачыў нас і хто не бачыў, пра тое, што яны запрасілі да сябе з Беларусі, так бы мовіць, злачынцу. Прычым гэтыя размовы часта адбываліся пры мне, я сядзела і назірала за тым, як незнаёмыя людзі пазіраюць, тыкаюць у мяне пальцамі, нешта кажуць на незразумелай мне мове.
На наступны год мяне не запрасілі. Запрасілі маю аднакласніцу, а мяне – не. І я ні тады, ні пасля не магла патлумачыць, што я не злачынца, таму што не разумела, што гэта няпраўда. Дарослыя сказалі, значыць, так яно і ёсць. Мне было сорамна і крыўдна адначасова настолькі, што я доўгія гады насіла гэты сорам у сабе, баючыся каму-небудзь сказаць.
Яшчэ я памятаю, што, як і ўсе іншыя рэчы, нам аднойчы купілі аднолькавыя плэеры, а гаспадыня запісала спецыяльна дзеля нас аднолькавыя песні Брытні Спірс. І я гэты плэер па неасцярожнасці згубіла ў нейкім парку атракцыёнаў пасля здарэння з манетамі. Памятаю, як я тады плакала, бо было страшна і крыўдна, з мяне смяялася аднакласніца, а гаспадыні было ўсё роўна. Новы плэер купляць мне яна не стала. Дзевяцігадовых злачынцаў не шкада.
У апошні вечар перад вылетам у Беларусь, калі я збірала рэчы, да мяне прыйшоў сябар сям’і гаспадароў – вельмі добры дзядзька, які мне падабаўся. Звалі яго Майкл. Спачатку ён дапамог мне закрыць мае сумкі, цэлыя тры штукі, цалкам забітых адзеннем. Я везла рэчы ўсім: і маме, якая суткамі прападала на працы, і бацьку, якога не бачыла з паўгода пасля чарговага скандалу, і малому брату – яго бацька забраў з сабою, калі сыходзіў з хаты. Сябе, канешне, не абдзяліла таксама.
А потым Майкл дастаў з-за спіны плэер. Ён купіў новы, ад сябе. Як зараз памятаю, чорны з моднымі навушкамі – нашмат круцейшы, чым той, што я згубіла. Зайздрасці маёй аднакласніцы не было мяжы. А я была такая шчаслівая! Зараз ужо не памятаю, ні як звалі гаспадыню, ні яе сына, з цяжкасцю ўспомніла гаспадара, але Майкл – ледзь не адзіны мужчына ва ўсім маім свядомым жыцці, якога я ўспамінаю з пяшчотай.
Чалавечая памяць даволі пераборлівая на ўспаміны. Мне хацелася б памятаць добрае, але яно заўжды хаваецца пад пластамі пылу і бруду. У вачах незнаёмага дзіцяці я ўбачыла тое, што ніколі больш не вернецца да мяне самой: сваю наіўнасць, казачныя мары, жаданне сапраўднага, цёплага, светлага. А галоўнае у гэтых вачах я ўбачыла веру. Веру ў дарослага адзінага бога для гэтых маленькіх цудаў. Мне хацелася б застацца добрым успамінам у памяці маёй маленькай незнаёмкі… але ці здольныя мы ісці супраць жыцця?