Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 15
Алëна Беланожка
Маналог на магіле Максіма Багдановіча
ОглавлениеМаксім,
Я прыехала ў Крым,
Паклаўшы ў заплечнік вянок.
На ялцінскі цёплы граніт
Баюся ступіць без абутку.
Я трызніла Крымам, Максім,
Паўднёвым загарам шчок,
Цяпер, як я стала пры ім —
Жадаю пазбавіцца смутку.
Мне хораша тут хадзіць,
Далонню кранаць платаны,
Дзівіцца на мастакоў
І слухаць аркестр цыкад.
І можа, мяне тут сніць
Мужчына, мной не спатканы…
Пытаю сябе ізноў:
Ці хочацца мне назад?
Максім,
Мне марская сінь
І соль – выядаюць сэрца.
Каханне не прадаецца?
Прадаць яго – трэба ўмець…
Тут гандаль даецца ўсім,
Максім;
Хваля аб ногі трэцца —
Ашчаднаму чалавецтву
Сябе прадае за медзь.
Злічыўшы кожны мой крок,
Мора ўздыхне былінна,
Даверыцца незнаёмаму
Пісьменніцкаму пяру.
Паэтка нясе вянок
З прысвіслацкіх гонкіх галінак
– Траецкае шчасце сваё
Не выпускае з рук.
Вазьміце яго, Максім,
І пойдзем глядзець на яхты,
На лайнеры ў дзесяць паверхаў…
Тут не бывае прыліў?
А ведаеце, Максім,
Мой прадзед быў з польскай шляхты.
Ён жыць на мора б не з’ехаў.
Ён мяне б асудзіў.
А мне —
Не сорамна, не.
У мяне на акне
Стаіць малако
У глечыку…
Максім,
Я прыехала ў Крым
З «Вянком» у заплечніку.