Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 4
Аляксей Арцëмаў
Оглавление[1991 г. н.]
Ляці, валавока!
Я чую, як недзе далёка
Маленькая птушка пяе.
Вітаю цябе, валавока,
Вітаю напевы твае.
Агромністы свет над табою,
Нябёсаў бясконцы абшар
І поўная шчасця й спакою
Адвечнай прыроды душа.
Даўно ў гарадах мітуслівых
Я марыў пра тыя сады,
Дзе грушы ды жоўтыя слівы,
Дзе цёпла й утульна заўжды.
Шукаў іх у град і залеву,
Дарэмна хадзіў па зямлі
І толькі птушыныя спевы
Надзеі згарэць не далі.
Адолею ўсе перашкоды,
Каб мрою нарэшце знайсці.
Да сонца на крылах свабоды
Ляці, валавока, ляці!
Элегія паспешнасці
Спяшаюся. Усё наперакос.
Спяшаюся са старту, ад пачатку.
Бягу ў кантору, дзе паставіць лёс
У бланк жыцця апошнюю пячатку.
Сярод мітрэнгаў прамінаюць дні,
Хоць нават непакоіцца не трэба.
Марную зноўку час у мітусні
І пада мной амаль дыміцца глеба.
Але жыве пытанне, як жыло…
Кажу сабе: «Куды ж ты, небарача?»
Я кідаюся з цемры на святло.
Чаму? Бо я святла яшчэ не бачыў.
Камінар
Шпакі галілі крыламі паветра,
Гарэў заход прыгожы, як мана.
На вышыні недасягальных метраў
Хадзіў па дахах чорны камінар.
Блукаў штовечар ён без працы новай
І зразумець не мог, што ўсё дарма.
У джунглях гарадскіх шматпавярховых
Ёсць камінары – комінаў няма.
Жангліраваў кастрычнік жоўклым лісцем,
Ды слухаў чалавек, як вецер ныў.
Замест жыцця надзеі засталіся,
Але каму патрэбныя яны?
І доўжыцца дасюль ягоны шпацыр,
І сумна ўніз глядзіць мурзаты твар…
Чаму мне пачынае зноў здавацца,
Што я такі ж, як чорны камінар?
«Цемра шыбы залепіць, і дзень праміне…»
Цемра шыбы залепіць, і дзень праміне,
Напляце павуцінку мароз на вакне,
На дварэ заскрыгоча завея…
Сёння я ўпершыню цябе бачыў у сне —
Ты ў крыштальную далеч сышла ад мяне,
Дзе ад сцюжы ўвесь свет прамянее.
Сон мой хутка растаў, як сняжынка вясной.
Лямпа зноў асвятляе няўтульны пакой,
Дзесь за шыбай віецца дарога.
Кіну ўсё, каб напоўніць душу цеплынёй,
Развітаюся ўрэшце з самотай сваёй…
Толькі побач са мной – анікога.
Веру, зменіцца ўсё! Веру будзе яшчэ
Шчасця міг, подых твой – за сняжынку лягчэй —
І каханне, адно, назаўсёды.
А пакуль маё сэрца завея сячэ
І на позірк халодных блакітных вачэй
Прамяняць я гатовы свабоду.
«Цвітуць апенькамі грыбовішчы…»
Цвітуць апенькамі грыбовішчы.
Хадзем, прабавім час у пошуках
Ды набяром грыбоў. Або ні з чым
Мы вернемся – паветра ў кошыку.
Красуе жоўты лес убраннямі…
І хай грыбоў не дасць нам верасень,
Але ратуе восень ранняя
Ад крыўды, ад любоўнай ерасі.
Агорнуць шаты прахалодаю
І знікнуць згадкі мітуслівыя,
Што я кахаў цябе заўсёды – і
Хацеў, каб ты была шчасліваю.
Каралеўства водараў
Ты падарыла каралеўства водараў,
Мяне ператварыла ўміг у волата,
Я ўбачыў нечакана ў мутных водах Ра,
А ў вогнішчы заходу – россып золата.
Да зорак падымаліся – не бачылі,
Што вокамгненна ўвесь сусвет руйнуецца.
Мы верылі: не будзе больш няўдачаў, і
Зноў свята зазірне на нашу вуліцу.
Але жыццё надзеі гоніць марныя,
Мы ў каралеўстве водараў не першыя…
Муз, пэўна, не завабіць мемуарамі.
Што застаецца? Толькі крэмзаць вершыкі.
«Чараўніца ў бутэльцы з зялёнага шкла…»
Чараўніца ў бутэльцы з зялёнага шкла,
Ты мяне нечакана сягоння знайшла.
Дык нашто ў гэты вечар ты выйшла з ільдоў?
Каб з ласкавай усмешкай скарыць мяне зноў?
У будзённай турбоце й бязладнай журбе
Не магу, не хачу пакідаць я цябе.
Хай я з кожным глытком прапіваю душу!
Падаруй мне адзін пацалунак! Прашу!
Каб ад дотыку хмелю забыў я зіму,
Каб не помніў, навошта жыву, ды чаму.
Не! Няхай застанецца адзіны ўспамін:
Снежань, гурбы за шыбай, кілішак, камін.
Толькі прысмак кахання на вуснах маіх
Нагадае бязлітасна: боль не аціх,
Бо адзінай каханкай маёю была
Чараўніца ў бутэльцы з зялёнага шкла.
Паляванне на стракоз
Там, дзе сонца пяшчотай дурманіць,
Дзе, як краска, цвіце вербалоз,
Абвясцілі сезон палявання
На зялёных імклівых стракоз.
І, цішком жуючы недакурак,
Асцярожны, прыціхлы, як звер,
Паляўнічы, знішчальнік казурак,
Ледзьве шорхаў у роснай траве.
Верыў ён у нябесныя сілы,
Бо нядаўна пабачыў у сне
Страказіныя яркія крылы
Між трафеяў сваіх на сцяне.
Рыхтаваліся ўсе да «сафары»,
Разбівалі ў малітвах ілбы…
Ён адзін дацягнуўся да мары
І трафей нечуваны здабыў,
І нарэшце павесіў у хаце
Фатаграфію са страказой…
Ён не ведаў: усмешка дзіцяці
Стала чыстай крыштальнай слязой.
«Неверагодна, бы з іншага свету…»
Неверагодна, бы з іншага свету,
Печаным яблыкам пахне ў пакоі.
Кажаш ты мне, што схавалася лета
Там, у лагчыне, за змёрзлай ракою.
Толькі не бачу я ліпеня ў снезе,
Зорка далёкая зашаранела…
Хутка ў душу, як у дом твой, залезе
Нехта ласкавы, удачлівы, смелы.
Будзе настойлівай хваля пяшчоты,
Жоран кахання цябе перамеле.
Ты не забудзеш – ён прыйдзе ў суботу:
Будні для працы, да жонкі ў нядзелю.
Ты ўсё даруеш, паверыш: «Ён прыйдзе!»
І не збаішся даходзіць да кропкі,
Каб у суботу пачаўся твой тыдзень
З пошуку шчасця ў абдымках таропкіх.
Будзе спатканне адзінаю мэтай.
Дзень – для кахання, і шэсць – для спакою.
Ты ўжо не ўспомніш пра тое, што лета
Недзе хавалася. Там, за ракою…
«Не дойдзе да Тэначтытлана ацтэкскі ваяр…»
Не дойдзе да Тэначтытлана ацтэкскі ваяр,
Не знойдзе траянец сваёй шматпакутнай радзімы,
Стагоддзяў цягнік незваротна праносіцца міма,
Мінаецца ўсё, маладосць адыходзіць твая.
Дзіцячая радасць згубілася дзесь за альсом,
Зрабіліся пылам дарожным наіўныя мроі,
Ды ты не паверыў і ўпарта варушыш старое,
А вецер халодны хапае цябе за крысо.
Ты можаш казаць, што захочаш – сабе не мані,
Што гэта не ўзрост, а звычайная змена сезону.
Ты стрэсваеш кроплі з плячэй, з рукавоў, з парасону,
Нібыта скідаеш апошнія летнія дні.
Ліфт
Кабіна ліфта едзе ўніз,
Трасы скрыгочуць у паўзмроку…
Ты пакідаеш парадыз,
Мне да яго яшчэ далёка.
Расстання нашага туга
Не закране цябе, я веру.
Я вінаваты сам – я лгаў,
А ты ўвайшла ў чужыя дзверы.
Што застаецца мне? Глядзець,
Як надвячорак тоне ў скрусе.
Не прынясе мне шчасця дзень —
Дажыць да досвітку імкнуся.
Ды прыйдзе ранак. І тады
Пазбавіць ён мяне спакою:
Кабіна ліфта назаўжды
Зачыніцца перада мною.
«Старыя хаты касавурацца…»
Старыя хаты касавурацца,
Глядзяць у мутную ваду —
Дняпро заліў увечар вуліцу…
Як да цябе цяпер дайду?
Мы закаваныя самотаю,
Пакуль рака – пяшчотны кат —
Пакусвае падворкі ўпотай і
Цалуе прызбы сонных хат.
Прасека
Пятляюць палкія прысады:
Пажоўклым полымем – прасвет.
Прыроды прыгажосць – прынада.
Прайдзі прасекаю, паэт!
Пабачыш позірк піхты пекнай,
Прыпомніш: поле перайшоў,
Пачуўшы порсткі покрыч пеўня
Па-над прасторай паплавоў.
«Гарбата гарачая, даўкая…»
Гарбата гарачая, даўкая
Лякуе ад даўніх турбот.
Ля ног задаволена каўкае
Мурлаты дагледжаны кот.
Паўзмрок жоўтай лямпай расквечаны,
Сумуе герань на акне…
Жыві, як умееш. І ўвечары
Ніколі не згадвай мяне.
«Я шукаю дарогу да сіняй вады…»
Я шукаю дарогу да сіняй вады,
Каб нарэшце, бы ў Мекку, прыехаць туды,
Дзе віецца Бярэзіна, быццам вужак,
Дзе лясы апранаюць зялёны пінжак,
Дзе ў імгле дажджавой чырванеюць агні,
Дзе рухавая плотка жыве ў быстрыні…
Там гісторыя ўсмешку змяшала з журбой,
Там на дзіва нялёгка застацца сабой,
Там забытыя хаты – і побач крыжы,
Бо памерці там лёгка, ды цяжка ажыць.
Кавярня
Ля станцыі ў кавярні прыдарожнай
Не захмялець – адно напіцца можна,
Але нашто мне піва і віно?
Я на адной з такіх спусцелых станцый
Збаяўся – і не змог з табой застацца,
А верасень у жоўтым кімано
Махаў галлём неабляцелых клёнаў.
Я чуў – ты ўслед мне сыпала праклёны —
І прамаўчаў, і зноў паскорыў крок.
Загояцца марудна ў сэрцы раны:
Не вылечыць і столік рэстаранны…
Сяджу ў кавярні. Побач сцэна й змрок.
І робіцца чамусь ніякавата:
Пяе жаночы голас пра расплату,
А гук ляціць і растае ў журбе…
Я выйшаў на свабоду з душнай залы
І хутка апынуўся ля вакзала…
Але скажы: як збегчы ад сябе?
«Намярзае на ветры лёска…»
Намярзае на ветры лёска —
Недалёка да першай сцюжы.
Воглы снег паляцеў – пялёсткі
Абсыпаюцца з белай ружы.
А шчупак не бярэ – дык хоць бы
Перакінуцца з сябрам словам…
Неба шэрае на самоце
Ціха шэпча ў адказ: «Рыбно вам!»
Блюз
Ноч хутаецца ў цішу давідна,
Застылі ў чорным небе аблачыны,
А недзе на самоце, ля акна
Сядзіць мая каханая жанчына.
Яна глядзіць на горад з вышыні,
На ззянне ліхтароў па-над дарогай —
Няхай мігцяць зіхоткія агні,
Але ў душы святла зусім нямнога.
Надзея легкакрылая жыве,
Пакуль заўчасна не пачнецца вечар,
Калі далёкі блізкі чалавек
Прыходзіць, каб абняць яе за плечы.
Яго пяшчотна ахінае змрок,
І падае сукенка на падлогу…
Яна магла б кахаць яго знарок,
Але ў душы святла зусім нямнога.
Заўжды ў трывозе, побач і адна,
Асвенчаная шчасцем, стратай, горам
Сядае на самоце ля акна
І роспачна глядзіць на сонны горад.
І я не абніму яе плячэй,
Уночы не прыйду – і дзякуй Богу!
Я б мог быць з ёй, я б мог кахаць яшчэ,
Але ў душы святла зусім нямнога.
Вяргіня
Усё псуецца, гасне, гіне
З недасканаласцю сваёй,
А ў садзе нечая вяргіня
Блішчыць свавольнай чысцінёй.
Яна буяе. І спрадвеку
Паўсюль красуе прыгажосць,
Як быццам кажа чалавеку,
Што ён на свеце толькі госць.
Але ж успамінаць няпроста,
Што маеш ты кароткі век…
Калісьці я рыдлёўкай вострай
Вяргіню зрэзаў і пасек.
Раслін я многа бачыў рэдкіх,
Са дня таго гады прайшлі…
І толькі ссечаная кветка
Ад болю енчыць з-пад зямлі.
Развітанне
Апошні позірк вокамгненны,
Вакзал, цягнік, узмах рукой,
Крывёй напоўненыя вены,
Твой пульс і страчаны спакой…
Пакута развітання – гэта
Маўчанне, жэстаў мітусня.
Змяніць бы разам сродкі, мэты…
Няма ўжо часу, каб мяняць.
Гудок разносіцца ў паветры…
Мо мы спаткаемся яшчэ,
Але пакуль скрозь кіламетры
Чыгунка, быццам Стыкс, цячэ.
«Снег яшчэ на вопратку спадае…»
Снег яшчэ на вопратку спадае,
Толькі хутка знікне ён, бадай,
Бо вясна – матуля маладая —
Знічам зноў чырвоніць небакрай.
Лёд растане, і з яе далоняў
Жвавы сын саскочыць – красавік.
Малатком святла ён шпарка ўгоніць
У труну зімы апошні цвік.
Трамвай
Жыццё – старэнькі чэшскі трамвай на вуліцах Еўпаторыі,
Які паціху паўзе ў дэпо; за ім пляцецца гісторыя.
Вось ты старэеш і забываеш былых куміраў-герояў,
Але ж у памяці шчэ паўзе трамвайчык з краіны мрояў.
Наўкол квітнее жнівеньскі дзень, нябёсы промнямі пырскаюць,
І едзеш ты праз сцяну гадоў наўпрост у задуху крымскую.
Ізноў у вагоне віруе жыццё – курортнікі з пляжу вяртаюцца,
А дзеці ловяць сонца ў акне, трымаюць на кончыках пальцаў.
І пасажырка галосіць, вішчыць – ажно вылупляе вочы.
Кандуктарка моўчкі слухае, а бабка квітка не хоча:
«Пенсія трыццаць сем грыўняў! Скуль на трамвай знойдзеш грошы?!»
Кандуктарка ёй даруе, бо сёння настрой харошы.
А побач сядзіць рабочы, вясёлы з самога ранку:
Яму на заводзе далі адгул. Кульнуў ад радасці шклянку.
Другую шклянку ж – увечар кульне, каб быць найшчаслівым у свеце,
А потым сустрэне ён двух сяброў – і разам вып’юць па трэцяй.
І ты назіраеш за мітуснёй – наўкол мяняюцца людзі,
Вось нехта ўваходзіць у твой вагон, а іншы больш ездзіць не будзе,
А ты б яшчэ наведаў ліман, заскочыў па дыню на рынак,
Ды кажа кіроўца табе: «Выходзь. Гэта апошні прыпынак».