Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 11
Алëна Беланожка
Грэбень у скрыні
ОглавлениеВецце старой бярозы пахіснулася, нібы ад рэзкага парыву ветру. Але інфармацыя, атрыманая з трох метэазондаў, сведчыла аб тым, што і гэтай ноччу, і заўтра ўдзень над мясцовасцю, якая даследуецца, чакаецца амаль поўная цішыня.
Студэнткі затрымалі дыханне, баязліва пераглянуліся і ўтаропіліся вачамі ў свайго навуковага кіраўніка – чорнабародага мужчыну, які з хітрым прыжмурам глядзеў на бярозу.
– Васіль Пятровіч! – прашаптала ў прывуснавы мікрафончык рудая дзяўчына, адкінуўшы з твару доўгую пасму валасоў, добра ўскудлачаных лазняком і вялікімі навушнікамі. – Бяром?
– Палаева, гэта вавёрка… – ледзьве чутна адказаў Васіль Пятровіч.
– Вавёрка? Чаго ёй не спіцца, ноч жа? – спыталася другая дзяўчына, каротка стрыжаная, з кальцом у правым брыве.
– Таму што, Ханько, вы яе сваімі дурнымі пытаннямі пабудзілі… – усё так жа, амаль бязгучна, сказаў навуковы кіраўнік, не адводзячы вачэй ад бярозы.
Вавёрка, заўзята махнуўшы точанымі лапкамі, пераскочыла на суседняе дрэва, з яго – на другое, і знікла ў лесе.
Бяроза калыхнулася. Палаева і Ханько зверылі атмасферныя дадзеныя. Памылкі быць не магло: поўнае зацішша.
Васіль Пятровіч узняў уверх указальны палец, а пасля прысвіснуў. З суседніх хмызоў паказалася галава маладога хлопца – трэцяга ўдзельніка студэнцкай даследчай групы. Хлопец кіўнуў, са смуткам паглядзеў у бок бярозы і дакрануўся да экрана планшэта, які трымаў у руках. Сетка мініяцюрных рэнтген-выпраменьвальнікаў, развешаная па хмызах вакол бярозы, пачала перадаваць на экран выяву.
На галіне бярозы сядзела жывая чалавекападобная істота. «Жывой» яе можна было назваць толькі з вялікай умоўнасцю: істота не ўтварала цеплавое поле – яе тэмпература была роўнай з тэмпературай навакольнага асяроддзя; да таго ж істота не дыхала, была нябачнай пры месяцавым святле і не пакідала ценю. Нягледзячы на гэта, яна паводзіла сябе як жывая: варушылася, гойдалася на галіне, а праз хвіліну нават пачала спяваць ціхім, меладычным жаночым голасам.
– Яна яшчэ і спявае! – абурылася Палаева і валасамі па галёнкі, у белай кашулі з даўгімі рукавамі.
– А чаго ёй нудзіцца: сядзіць на сваёй бярозе ў сваё свята! – прашаптала Ханько.
– А ўчора нашага Яніка завабіла ў ваду, ледзь выратавалі! – Палаева паправіла мікрафон і трывожна паглядзела ўбок, дзе хаваўся хлопец.
– Гэта таму, што Янік быў без крыжыка! Двоечнік. – Ханько таксама паглядзела ў Янікаў бок.
– Д-давайце н-не будзем яе к-кранаць, – запінаючыся, адгукнуўся Янік з хмызоў.
– Як гэта «не будзем»? Мы на гэтую русалку чацвёртыя суткі палюем! – раззлавалася Палаева.
– Ды цішэй вы! – шыкнуў на студэнтаў навуковы кіраўнік. – Ханько! Рыхтуйце прэпарат.
Ханько ўзняла чорны пнеўматычны пісталецік з налепкай-кветачкай на рукаятцы і накіравала дула на русалку. Пачуўся кароткі хлапок. Нябачная русалка, нарабіўшы добрага шоргату, сцякла з дрэва са шпрыцам у левым сцягне.
Васіль Пятровіч кіўнуў і выпрастаўся. Янік адключыў выпраменьвальнікі.
– Зараз праявіцца. Зараз.
Сапраўды, праз некалькі секунд на траве, як выява на фотаплёнцы, пачаў праступаць сілуэт русалкі. Хутка пад бярозай ужо ляжала незвычайна прыгожая, але дужа бледная дзяўчына з валасамі па галёнкі, у белай кашулі з даўгімі рукавамі.
Васіль Пятровіч падышоў да русалкі. За ім насцярожана падцягнуліся студэнты.
– Толькі ў вочы ёй не глядзіце. Крыжыкі на ўсіх ёсць? – спытаўся Васіль Пятровіч.
– Так. Узялі ў музеі пад роспіс! – сказала Ханько.
– Толькі не забывайцеся, што наша афіцыйная рэлігія – юніверсалогія, а нашыя боствы – Навука і Эксперымент. Раніцай каб знялі крыжыкі і вярнулі іх у музей, – папярэдзіў студэнтаў навуковы кіраўнік.
Палаева асцярожна дакранулася да русалкі і прашаптала:
– Якая халодная!
– Канешне. Яна ж мёртвая! – радасна абвясціла Ханько.
– З-за прэпарата?
– Не. Прэпарат яе толькі абезрухоміў, праявіў і зрабіў асязальнай. Яна мёртвая сама па сабе. Глядзіце: след ад вяроўкі на шыі. Напэўна, павесілася, калі чалавекам была. Цэнны экзэмпляр.
Ханько ведала ў тэорыі амаль усю русальную традыцыю славян і магла расказваць аб русалках суткі запар.
– Хіба не толькі тапельніцы робяцца русалкамі? – здзіўлена спыталася Палаева.
– Палаева! – з прыкрасцю працягнуў Васіль Пятровіч, махаючы зацёклымі ад доўгага сядзення рукамі і нагамі.– Я табе зараз датэрмінова пастаўлю «два» за веданне прадмета. Ханько?
– Усе дзяўчаты-самазабойцы, незалежна ад таго, як развіталіся з жыццём, становяцца русалкамі. Ну, яшчэ дзеці, што памерлі нехрышчонымі ці якіх прыспалі няўважлівыя мамкі,– адчаканіла Ханько.
– Цікава, яна можа адчуваць боль? – падумала ўслых Палаева і выдзела іголку з русалчынага сцягна.
– Вось і высветліце. Гэта ваш дыпломны праект, а я – проста навуковы кіраўнік. – Васіль Пятровіч зрабіў некалькі прысяданняў, паскакаў на левай назе, пазяхнуў і ляніва сказаў: – Запакоўвайце аб’ект – і ў лабараторыю. А ў мяне яшчэ група 514-с ніяк не можа разабрацца з лазеннікам – ён ім ужо ўсю саўну перавярнуў дагары нагамі. Арэвуар!
Навуковы кіраўнік накіраваўся да свайго аўтамабіля, замаскіраванага «пад кусцік». Аўто завуркатала, бліснула пад месяцам, падміргнула фарамі і знікла на прасецы, пакінуўшы за сабой тонкі вэлюм пылу.
Палаева і Ханько развярнулі тэрмазберагальны мех.
– У саўну паехаў! – з зайдрасцю сказала Палаева. – Канешне, там Светачка Вярба ў кашміравай сарочцы ловіць лазенніка, ён такое відовішча не прапусціць.
– Яшчэ невядома, што яна ловіць, гэтая Светачка, і як яна пасля будзе гэта лячыць. Вось дык вясёлая ўдава: году не прайшло, як муж патануў! Дапамажы, Янік! – звярнулася Ханько да хлопца, ухапіўшы русалку за ногі.
Але хлопец стаяў нерухома і ціха паўтараў:
– Д-давайце п-пакінем яе т-тут. Д-давайце, га?
– Э-э, моцна яна цябе зачапіла! Ты вось што… прымі свае седатыўныя пігулкі і ідзі спаць!
Ханько ўхапіла русалку за валасы, але адразу ж прыбрала руку. З русалчыных валасоў тырчэлі зубчыкі жалезнага грэбня.
– Грэбень. Жалезны. Востры! – Ханько аблізнула параненую далонь.
Палаева акуратна выцягнула грэбень з валасоў русалкі і ўзважыла ў руцэ.
– О-о, цяжкі! Цікавы артэфакт. Здадзім на экспертызу, вынікі змесцім у дадатак да работы.
Дзяўчаты паклалі русалку ў мех і павалаклі па зямлі да мікрааўтобуса, які стаяў пад алешынай за палову кіламетра ад месца лоўлі аб екта. Хлопец моўчкі пайшоў за імі.
Палаева і Ханько даследавалі аб'ект у навуковай лабараторыі: Палаева вазілася з лічбамі ў аддзяленні статыстыкі, Ханько ў павільёне праводзіла вопыты над русалкай, тэстуючы тую на ўстойлівасць да розных рэчываў, гукаў і асяродкаў. Русалка мітусілася ўнутры сферычнага электрамагнітнага вальера, намагаючыся вырвацца, але не магла пераадолець нябачны бар ер, які іскрыў і балюча біў яе токам.
– Дайце мне грэбень. Вярніце мне грэбень! – крычала русалка, цягнула рукі да даследчыкаў, але тут жа атрымлівала разрад, шыпела і адскоквала назад.
– Электрычнасць ёй не даспадобы! – канстатавала Ханько, калі ў павільён увайшла Палаева з электронным планшэтам у руках.
– А яна не вырвецца? – спалохана спыталася Палаева, уводзячы ў базу дадзеных апошнія лічбы з датчыка, ужыўленага русалцы паміж лапатак, куды тая не магла дацягнуцца сваімі доўгімі, гнуткімі пальцамі.
– Ніяк. Высокае напружанне – раз, кодавыя герметычныя дзверы ў лабараторыі – два, пастаянны нагляд – тры, – упэўнена адказала Ханько.
– Дадай некалькі адзінак. Нешта мне неспакойна.
– Баішся?
– Інтуіцыя.
– Інтуіцыя? Хм… Кажуць, у рудых яна дужа развітая. Добра, накіну дзясятачак.
Палаева кінула позірк на таймер:
– Колькі яна ўжо не расчэсвалася?
– Дванаццаць гадзін.
– Датчык паказвае высокі ўзровень трывожнасці і сярэдні – болю. Яшчэ пачакаем.
– А пакуль, каб не марнаваць дарэмна час, праверым, як яна рэагіруе на павышэнне і паніжэнне тэмпературы. Зараз надыдзе зіма-а-а…
Ханько некалькі разоў дакранулася да сэнсарнага экрана. Тэмпература ў русалчыным вальеры пачала зніжацца. Русалка забегала па крузе, але хутка холад узяў сваё: яна села, абхапіўшы рукамі калені, заплюшчыла вочы і змоўкла. Доўгія валасы, напоўненыя вадой, абгарнулі істоту цалкам – і застылі на марозе, утварыўшы вакол русалкі покрыў з ільду.
– Глядзі: замерла! – абрадавалася Ханько і запляскала ў ладкі.– Напэўна, па такой жа схеме яны заміраюць у азёрах на зіму! А цяпер пераселім яе ў Афрыку…
Студэнтка зноў дакранулася да планшэта. Паветра пачало прагравацца. Лядовая корка на русалцы адтаяла. Русалка здрыганулася і рэзка разамкнула вейкі. Але праз некаторы час ёй стала нясцерпна горача: яна скінула з сябе кашулю ды замітусілася па вальеры з падвоенай хуткасцю.
У павільён увайшоў Янік. Палаева заўважыла хлопца і паправіла прычоску. Але ён убачыў прыгожы русалчын стан, вакол якога струменіліся доўгія валасы – і застыў, як каменны, не маючы сілы адвесці вачэй ад аб’екта даследавання. Палаева нахілілася да Ханько і раўніва прашаптала:
– Давай праверым ніжэйшы парог дапушчальнай для яе вільготнасці!
Ханько кіўнула і зноў змяніла надвор е ў павільёне. Неўзабаве русалчына скура пакрылася плямамі, а валасы скруціліся, як водарасці, выкінутыя на бераг у самую спёку. Русалка ўпала на падлогу і пачала задыхацца.
– Хопіць! Хопіць! Вы ж яе… знішчыце! – закрычаў Янік, кінуўшыся да прыборнай панэлі. Экстраным пераключэннем кліматычнай праграмы хлопец выклікаў над вальерам трапічны дождж. Русалка ляжала, цяжка дыхаючы, і лавіла вуснамі кроплі выратавальнай залевы. Янік глядзеў на яе.
– Ну, добра. Дастаткова! Аб’яўляю перапынак! – дзелавіта сказала Ханько.
Дзяўчаты накіраваліся ў прыбіральню. Каля выхаду з павільёна Палаева азірнулася на русалку і працэдзіла праз зубы:
– Ты не атрымаеш ні Яніка, ні свой паганы грэбень!
Дзяўчаты выйшлі.
Янік выключыў дождж. Русалка ўстала, падышла да мяжы бар ера і прамовіла:
– Вада цягне валасы… Дай мне грэбень. Калі ласка, дай мне яго…
Непераадольная сіла прымусіла хлопца паглядзець у русалчыны вочы – жывыя, вялікія, напоўненыя слязьмі, як дзве крыніцы…
Янік забыўся, што ўмее дыхаць, а калі ўспомніў, некалькі разоў шумна ўцягнуў у лёгкія паветра. Ён навобмацак адамкнуў шафачку, выняў адтуль грэбень і кінуў яго русалцы.
Русалка ўхапіла грэбень і ўсадзіла яго сабе ў валасы. З іх пацяклі на падлогу моцныя струмені вады. Русалка з асалодай застагнала, засмяялася, але раптам стала сур'ёзнай і зашаптала:
– Выпусці мяне адсюль… выпусці! Я зраблю табе хораша ў адказ…
Хлопец канчаткова праваліўся ў бездань русалчынага пагляду. Ён працягнуў руку да выключальніка, каб зняць з русалкі электрамагнітны вальер, але раптам у павільён увайшоў Васіль Пятровіч.
– Янік! Янік! – паклікаў ён.
Голас навуковага кіраўніка выцягнуў хлопца з салодкага мроіва. Ён азірнуўся.
– Ідзі дадому, – сказаў Васіль Пятровіч.
– Я пабуду. Падзяжуру.
– Я сказаў – ідзі. Сёння дзяжурыць Палаева.
– Я падмяню Палаеву.
Васіль Пятровіч наблізіўся да Яніка, праверыў пульс на ягонай шыі, зазірнуў у пашыраныя зрэнкі.
– Вось што. У мяне адчуванне, што практычнае вывучэнне дыпломнага аб’екта нясе пагрозу твайму здароўю. З гэтай хвіліны я вызваляю цябе ад непасрэднага кантакту з русалкай, у тым ліку і візуальнага. Зразумеў? Няхай назіраннямі і вопытамі займаюцца дзяўчаты. А ты будзеш аналізаваць сабраныя дадзеныя і рабіць статыстыку.
Васіль Пятровіч сілай вывеў хлопца з павільёна. Раніцай Янік прыйшоў у лабараторыю хутчэй за астатніх і, нягледзячы на забарону, адразу накіраваўся ў павільён, каб наведаць русалку.
Але першая, каго ён убачыў, была не русалка.
Палаева вісела пад столлю ў пятлі са сваіх уласных валасоў і перарубленых правадоў. Электрычнасці ў павільёне не было, таму вальер адсутнічаў. Русалка знікла. Кодавыя дзверы без электрычнасці пераўтварыліся ў звычайную жалезку і вольна боўталіся на петлях. На падлозе Янік знайшоў датчык.
У павільён увайшла Ханько, вохнула і ўпала на стул, схапіўшыся за сэрца. Следам убег Васіль Пятровіч. Ён убачыў цела Палаевай, што гойдалася з боку ў бок ад скразняку, абхапіў галаву рукамі і закрычаў:
– Дзе яна?!
Янік паказаў навуковаму кіраўніку датчык.
– Далёка збегчы не магла, бо абясточаны толькі гэты павільён. Яна недзе на тэрыторыі,– сказаў Васіль Пятровіч.
– Уключым выпраменьвальнікі? – спыталася Ханько.
– Іх нельга трымаць уключанымі пастаянна – гэта ж радыяцыя ў вялікіх дозах. Будзем лавіць «на жыўца». Трэба прывабка.
– Грэбень! – ускрыкнула Ханько і кінулася да шафачкі, але, адамкнуўшы яе, разгублена сказала: – Знік…
Васіль Пятровіч выцер лоб насоўкай і ціха прамовіў:
– Калі грэбень у яе… то цяпер гэта не русалка, а чысты анёл смерці. Грэбень надае ёй сілы. І за тое, што мы з ёй рабілі, яна вычаша нас гэтым грэбнем з ліку жывых.
У даследчай лабараторыі абвясцілі надзвычайнае становішча. Выкладчыкам, студэнтам і лабарантам забаранілі перамяшчацца па адным і насіць доўгія валасы. Усім выдалі шпрыцы з праяўляльным прэпаратам, каб у выпадку сустрэчы з русалкай тэрмінова яе абезрухоміць. Нанач усе да аднаго мусілі пакідаць лабараторыю.
На наступны дзень у халадзільным пакоі была знойдзена Ханько. У яе сэрцы тырчэў шпрыц з прэпаратам.
Праз дзень у суседнім павільёне загінула Святлана Вярба: як быццам, аступілася і патрапіла пад моцны электрычны разрад.
– Гэта не тыя ахвяры. Русалка хацела зацягнуць мяне ў ваду, – сказаў Янік над целам Вярбы. – Яна не супакоіцца, пакуль не атрымае сваё.
Увечары Янік не пакінуў лабараторыю разам з іншымі. Ён сеў на падлогу ў цэнтры павільёна і стаў чакаць.
Як толькі электронны гадзіннік абнуліў час на новыя суткі, у павільён увайшла русалка. Яна спаймала сваімі бяздоннымі вачамі позірк хлопца, мякка ўсміхнулася яму, села побач і ціха сказала:
– Вось і ты…
– Як ты выбралася з вальера? – спытаў Янік.
– Кінула грэбень і перарубіла ім правады.
– Калі табе быў патрэбны я – нашто столькі ахвяр?
– Боль за боль. Дарэчы, тыя дзве не мучыліся так, як мучылі мяне.
– А трэцюю за што?
Русалка правяла грэбенем па валасах. Ружовы шнар на яе шыі пачырванеў.
– Смерць за смерць, – прашаптала яна.
Хлопцу вельмі захацелася дакрануцца да русалкі.
– Скажы… чаму ты залішыла сябе жыцця? – спытаўся Янік і правёў далонню па яе шыі.
Русалка зажмурылася ад асалоды.
– З-за хлопца. Ён пабраўся шлюбам з другой, – вымавіла яна, схапіла руку хлопца і пацалавала яе.
– І дзе ён цяпер?
– Ён патануў год таму. Няшчасны выпадак!
– А яна?
– А яе… токам учора забіла!
Русалка рассмяялася. Рэха яе смеху пракацілася па калідорах, некалькі разоў адскочыла ад прыборных панэляў і вылецела ў вентыляцыйную шахту.
– Ты прыйшла па мяне? Забівай. – Янік лёг.
– Не хачу.
Янік устаў і адчыніў дзверы лабараторыі. З двара пацягнула чэрвеньскай свежасцю.
– Тады ідзі на волю, на сваю бярозу.
Русалка паглядзела Яніку ў вочы і сумна сказала:
– І ісці не хачу. Я жыць хачу! З табой жыць! – тут яна загаварыла вельмі хутка і нервова: – Калі святар накіне на мяне крыжык і ахрысціць новым імем, я стану чалавекам – жывым чалавекам, я не буду памятаць, што са мной рабілі і што рабіла я! І дажыву свой век сярод людзей! Табе ж падабаюцца вочы мае, рукі мае, стан? Дык знайдзі святара!
– Дзе ж я табе яго знайду? Ужо стагоддзе, як наша афіцыйная рэлігія – юніверсалогія…
– Я ведаю, я пры жыцці была юніверсалкай. Навука не ўмее ўваскрашаць, уваскрашае толькі вера! Ты ведаеш, куды трэба ісці! Я буду чакаць цябе тут. Аднясі яму мой грэбень!
Русалка ўсадзіла грэбень у валасы Яніка і знікла.
Янік падышоў да маленькай царквы, якая насіла статус архітэктурнага помніка і таму не была зруйнаваная апантанымі чыноўнікамі-юніверсолагамі. Цяпер тут быў арганізаваны «Музей хрысціянства». У ім пастаянна жыў загадчык, вартаўнік і экскурсавод – трыадзіны прафесійна і цэласны духоўна музейнік Міраслаў, аб якім хадзілі чуткі, што ён па начах служыць малебны і нават хрысціць дзяцей.
Янік узышоў па каменных прыступках і, крыху памарудзіўшы, пастукаў у дзверы.
– Хто такі? Нашто прыйшоў? – пачулася знутры.
– Мне… я студэнт. З лабараторыі.
– Малады юніверсолаг. Па крыжык ці як?
– Не… я па асабістым пытанні.
Дзверы адчыніліся. Лысы музейнік у чорным балахоне прыжмурыўся, ацэньваючы Яніка, а потым зрабіў два крокі назад, прапускаючы хлопца:
– Уваходзь.
Янік пераступіў парог і ўвайшоў у музей, хадзіць у які без навуковай нагоды ў юніверсолагаў лічылася жудаснай заганай.
Хлопец агледзеўся. У святле лампад са сцен за Янікам сачылі выявы засяроджаных святых. Ад іх позіркаў у Яніка пахаладзелі рукі.
Тым часам музейнік Міраслаў дастаў з-пад крыса зялёную шкляную бутэльку.
– Кагор! Хрыстова кроў,– сказаў ён, наліваючы віно ў музейны экспанат – срэбны кубак, і працягнуў кубак Яніку. – Трымай.
– Я не п’ю.
– Я не сказаў – пі, я сказаў – трымай. – Музейнік закрыў бутэльку, паставіў яе на падлогу і ўзяў кубак з кагорам з рукі Яніка. – Я ведаю: вы, навукоўцы-юніверсолагі, кроў не п’яце, вы яе разглядаеце ў мікраскоп. Вы ўсё разглядаеце ў мікраскоп, а што не змяшчаецца на шкельца – за тым цікуеце ў тэлескоп! Як там у вас… эммм… «прычынна-выніковыя адносіны асобных частак прасторы, якія развіваюцца ў часе»…
Янік кіўнуў. Міраслаў адпіў з кубка.
– Вы не любіце Жыццё, – сказаў ён, – вы яго прэпарыруеце. Спачатку разабралі матэрыю на часціцы. Потым тканіну прасторы і часу разматалі, падзялілі. Цяпер вось у паралельныя вымярэнні торкаецеся, як быццам кансерву адкрываеце тупым нажом. Чысты бандытызм! Вас пусцілі ў гэты свет крыху пажыць, а вы адразу – ламаць, раздзіраць, шкодзіць… і называецца гэта ўсё ў вас – «вывучэнне законаў існавання». Вось цябе раздзерці на часткі – ці доўга ты праіснуеш?
Янік паціснуў плячамі.
– А я ведаю! – не чакаючы адказу, сказаў музейнік. – Будзе тваё цела існаваць па частках, рукі-ногі, пакуль не згніе, а сам ты бесцялесным духам будзеш блукаць у прасторы, напаўжывы… Пакуль цябе не спаймае які-небудзь малады вучоны ды не закатуе, як тваю русалку-юніверсалку.
Міраслаў асушыў кубак, выцер вусны рукавом і прамовіў:
– Дарэчы, яна ўчора была тут. Сядзела вунь на той бярозцы, у храм не ўвайшла – ну канешне, куды ёй, закладной! Мілата не пусціць. Чакала, пакуль я выйду сам і без крыжа. Скардзілася на вас. Аб табе казала, што прыйдзеш.
Янік дастаў з кішэні грэбень і працягнуў музейніку.
Міраслаў выцер кубак крысом і паставіў на месца. Потым ён адчыніў вялікую скрыню, што стаяла каля алтара. Скрыня амаль даверху была напоўненая грэбнямі – жалезнымі, срэбнымі, меднымі. Музейнік паклаў русалчын грэбень у скрыню і закрыў яе.
Потым Міраслаў прайшоўся каля стэнда з крыжамі, уважліва разглядаючы іх, і, нарэшце, выняў з-пад шкла адзін – маленькі, на залатым ланцужку. Музейнік пакруціў яго ў руках, павярнуўся да хлопца і спытаўся:
– Ты мне скажы: будзеш яе берагчы? Бо нашто істоту ачалавечваць, калі яна нікому не патрэбная?
– Буду берагчы! – адказаў Янік.
– Як хочаш, каб яе звалі? Можа, Марыяй?
– Можна і Марыяй. Прыгожа.
Святар усміхнуўся:
– Вось і добра! Развучым цябе і яе займацца забойствамі, навучым дарыць жыццё… А сына твайго першага ахрысцім Міраславам!