Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 17
Мікіта Волкаў
Оглавление[1992 г. н.]
Дарога дамоў
– Яначак, можна я ў цябе на каленках паляжу, бо ехаць жа яшчэ далёка, – пад грукат чыгункі саладжава прамаўляла Надзейка.
«Наступны прыпынак – станцыя Раманы», – агучваў жаночы голас.
– Толькі калі прыедзем, ты не стой ля парога, як бэйбас, праходзь адразу да стала, будзь як дома. Маці мая цябе не з’есць, хоць яна строгая, праўда, бацька з братам у мяне таксама не маўклівыя. Ты ж не маўчы.
Электрычка імкліва ляцела, да Маладзечна было ўжо зусім нічога.
– Вось, паглядзі, які прыгожы касцёл – тут часта Кандрусевіч служыць. Мы з мамаю сюды ездзілі на дзясятуху. Такі фэст тут бывае! Ой, скарэй бы ўжо, не прыжду, не дачакаюся.
Цягнік паволі спыняў хаду, у шыбіне электрычкі паказаўся невялікі будынак чыгуначнага вакзала. На даху віднеўся надпіс: «Маладзечна».
– Усё, Яначак, бяры торбы, дый сыходзім, канцавая.
Праз сваё задуменне і разгубленасць хлопец і не пачуў аб яву пра канцавую станцыю. Дзяўчына працягвала:
– Так хутка час мінуў, аж не верыцца, што мы першы раз да мяне дамоў едзем. Ну, весялей, чаго ўнурыўся? Вось наш вакзал. Глянь, які харошы. Яму ўжо больш за сто гадоў, зірні на элегантныя арачныя вокны, пілястры ды рызаліты.
– А што гэта хаця за астры?
– Ну ты смешны, Хомка, пілястры – гэта такія выступы, якія, быццам калоны, упрыгожваюць будынкі,– крыху насмешна адказвала Надзея, працягваючы: – Зараз мы ідзем вуліцай Прытыцкага, паглядзі, якая шырокая і прасторная яна, нездарма яе называюць «Брадвей». Але мне яна нагадвае кіеўскі Хрышчацік. Як файна тут летам! На гэтай вуліцы спяваюць і граюць тутэйшыя музыкі – студэнты з музычнага вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага.
Надзея гаварыла і гаварыла. Яна нават не заўважыла, што Янак ужо даўно не слухаў яе. Ён глядзеў некуды ўбок, часта азіраўся назад, як быццам хацеў адсюль уцячы. А Надзея, смакуючы кожнае слова, з асаблівым запалам працягвала:
– Вось мы і падышлі да самага сакральнага. Раней тут стаяў іншы прыгожы помнік На бяду, перанеслі яго ў парк. Ён там нядаўна і раскалоўся па іроніі лёсу. Але цяпер тут стаіць не горшы помнік, «Папараць-кветка» завецца, бачыш, закаханыя хлопец і дзяўчына ў папараці. Як мы з табой.
І ў гэты момант бойкая дзяўчына пацалавала Янака. Але ён быццам і не быў гэтаму рады. Усё неяк мітусіўся, нібы нешта выглядаючы ў наваколлі. А дзяўчына гэтага і не заўважала.
Янак і Надзея вучыліся разам ва ўніверсітэце. Надзея, патомная інтэлігентка, дачка настаўнікаў, пакахала хлопца, які паходзіў з самых простых людзей. Нязграбны, хударлявы Янак толькі і адрозніваўся ад астатніх тым, што меў моцныя шырокія перадплеччы – (ручніцы – як казалі ў яго на вёсцы) – знак вясковай працы. Уменне спрытна касіць ды трымаць у руках сахор перайшлі Янаку ў спадчыну ад шматлікіх пакаленняў працавітых продкаў. Надзея ж вабіла многіх кавалераў, шмат хто з іх да яе заляцаўся, аднак пакахала яна Янака. І што магло прымусіць дзявочае сэрца скарыцца, ніхто не ведаў. Надзея так апантана любіла Беларусь і ўсё, што з ёй звязана, што марыла закахацца ў хлопца з народных нетраў. Магчыма, нейкае мяккае адмысловае вымаўленне, дыялектная мова, хоць і змяшаная з русізмамі, русыя валасы і шэрыя вочы – усё гэта разам адыграла нейкую ролю. Стварыўшы вобраз ідэальнага хлопца, Надзея шукала і нарэшце знайшла. Янакава тыпова беларускае аблічча яна заўважала ў іхнім універсітэцкім інтэрнаце і раней. Аднойчы Надзея ішла з вакзала і несла цяжкія торбы. Голас з-за спіны: «Дзяўчына, мо не дасцё рады, я вам памагу!» – агаломшыў яе. Гэтае «не дасцё рады» працяла наскрозь. Выраз яна чытала ў кнігах, але пачуць яго ад хлопца, які быў сімпатычны ёй, не спадзявалася. Так яны і пачалі сябраваць, пакуль сяброўства не перайшло ў нешта вышэйшае. Пакрысе Надзея пачала ляпіць з Янака тое, што было ёй патрэбна. Янак падпрацоўваў, таму яны маглі часта наведваць Купалаўскі тэатр, хадзілі ў мастацкі музей, Надзея нават прывяла яго ў грэка-каталіцкую царкву, змусіла ахрысціцца, і ён падначаліўся. Ці «паксцілі» яго ў дзяцінстве, Янак і не ведаў: у вёсцы не было ні касцёла, ні царквы. Праўда, бабуля на посную Каляду заўжды варыла куццю, а на Вялікдзень пякла смачныя булкі ды фарбавала яйкі. Вось і ўсё ягонае веданне пра рэлігію. Гадавала Янака маці, бацьку ён ніколі не ведаў. Вельмі крыўдаваў Янак, бо знаў цвёрда, што яго, бязбацькавіча, завуць байстручок. «А вось, жанкі, гляньце, Гэлін байстручок увесь збіты пайшоў, відаць, з хлопцамі зарэчанскімі дужаўся», – джалілі яго цётчыны абгаворы.
– Чаму задумаўся, Хомка, мы ўжо амаль прыйшлі. Калі выйдзем з парку, то апынемся адразу насупраць майго дому.
Хомкам Надзея часта звала Янака. Так зваўся герой любімай яе аповесці Максіма Гарэцкага «Ціхая плынь» – горкі няўдачлівы Хомка.
– Ты, гэта… ты мне прасці, але я мо і не пайду к табе. Мо рана яшчэ з бацькамі тваймі знацца мне, – як бы апраўдваючыся, адказваў Хомка.
– Насмяшыў, як жа рана, ужо як-ніяк два гады сустракаемся, мама мая напякла смачных піражкоў. Бацька віна свайго дастаў, чакае цябе, убачыць цябе хоча, – гаварыла Надзея і разумела са скрухаю, што ўмовіць застацца Хомку – справа марная.
– Ды не трэба мне вашай гасціны. Мне, канечне, заўтра трэба быць дома. Буракі выбіраем.
Надзея заплакала. Янаку самому захацелася зараўці, вось так, не па-мужчынску. Ён разумеў, што знаёмства – гэта тыя ж агледзіны. Сустрэча з бацькамі каханай азначала толькі адно – крок да заручынаў. А Янак усё ж быў ёй не раўня. Яму хацелася ўцячы, але пакінуць Надзею ў такім стане ён не мог. Янак пачаў супакойваць яе:
– Любая, не плач. Я прыеду, абавязкова прыеду, толькі пазней. Скончым універсітэт, пачнем працаваць, а там і відаць будзе. А пакуль я жаніх нядошлы.
– А можа, тады позна будзе, можа, я іншага сабе знайду, лепшага за цябе, – у істэрыцы даводзіла Надзея. Але раптам неяк паспакайнела, змянілася і мовіла:
– Я даўно ўжо хацела табе сказаць… Ты знаеш…
– Надзечка, можа адыдзем убок, а то людцы ўсё бачаць і чуюць, – як старая бабка, тарахцеў Янак.
– Ай, ідзі ты, знаць цябе не хачу, – рэзка абарвала Надзея і пайшла.
Янак застаўся стаяць пасярод парку зусім адзін. Людзей як быццам і след прастыў. Ён доўга ўглядаўся ў постаць Надзеі, якая паволі знікала. Надзея не азіралася. У збэрсаных думках Янак сігануў назад. Усё той жа парк, альтанкі, «папараць», гадзіннік на вуліцы Прытыцкага. Хутка ён дайшоў да вакзала. «І не далёка адышліся, а столькі паспела расказаць». Ён купіў білет, да адпраўлення электрычкі было пяць хвілін. Заходзячы ў вагон, Янак працягваў думаць. Яму амаль удалося пазбавіцца ўспаміну аб Надзіных слязах, удалося абстрагавацца. «Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак – Фестывальны».
Знянацку нейкая трывожнасць пачала агортваць Янака. Нешта было не так, але што, ён здагадаўся не адразу. Торба, якую ён, і седзячы ў вагоне, не выпускаў з рук, была Надзіна. «І як жа я адразу не ўспомніў ёй аддаць», – думаў Янак. Паволі, бы куранятка вылупліваецца з яйка, нараджалася ахвота пакорпацца ў Надзінай торбачцы. Зрэшты, нічога цікавага ў ёй і не было. Цёплая ваўняная кофта, пустыя кантэйнеры ад ежы, свечкі, якія яна запальвала на апошняй іхняй рамантычнай сустрэчы ў яго інтэрнатаўскім пакоі – усё знаёмае, звыклае воку. У бакавой кішэні ляжала памада, люстэрка, нататнік. Янак усё быццам агледзеў. Засталася апошняя маленечкая кішэня, якая знаходзілася ўнутры сумкі. Янак адшпіліў замочак і дастаў дзіўную рэч. Што гэта было, ён пазнаў не адразу. Нейкая белая даўгаватая палоска з дзвюма чырвоненькімі рысачкамі. Нарэшце ён дапяў. Надзея зацяжарыла. Гэтая навіна так нечакана абрынулася на наіўную, яшчэ дзіцячую Янакаву галаву, што збэрсала ўсе яго думкі.
З Надзеяй яны часта сустракаліся ў ягоным пакоі, калі хлопцы ад’язджалі дамоў. «Але гэта многае мяняе. Гэта гамон усяму майму жыццю. Дзе ж браць грошы?» – плылі думкі.
Заставаўся апошні год інстытута. Яго кідаць не выпадала, усё ж не вяртацца Янаку назад у вёску свіней пасвіць. А дзе ён яшчэ грошы возьме? Вядома, горкая маці-п'яніца яму не памочнік у гэтым.
Да дома заставалася мала. На дварэ пакуль было светла, і ён вырашыў сысці крыху раней, на знаёмай яму станцыі. Яму патрэбны быў шпацыр, трэба было падумаць. Пачынаўся ўзлесак, за якім адкрывала свае ўладанні лугавая імшарына. Улетку яны з дзядзькам Кастусём і касіць ездзілі сюды, бо скрозь было суха. Аднак цяпер была восень, мінула малая Прачыстая, і імшарына напоўніцу налівалася вадой. Хлопец хутка знайшоў ва ўзлеску патрэбную яму сцежку. Вялізны камень-валун і цяпер служыў яму арыенцірам. Побач стаяла крывая шыльда на патарчацы: «Гидрологический памятник природы. Охраняется государством». Янак зламаў гэтую палку і пайшоў далей. У доле было няўходліва, мокра, ягоныя сляды хутка напаўняліся ржавай каламутнай вадой. Каб не прамачыць ногі, ён стараўся болей ступаць па куп і.
Торкаючы ў багну палкай, ён расчароўваўся. Балота штогод усё мялела. Імшара была ўжо не тая, як у ягоным валачашчым маленстве. Памалу ступаючы, з купіны на купіну, ён забываўся на нядаўнюю навіну. Бухматыя купы лазняку ды алешніку ачышчалі, як свяшчэнны агонь, ягоную свядомасць. Дзе зялёны, а дзе белакудзелісты мох пераліваўся на сонцы ўсімі адценнямі дурманных балотных чараў. Крывавыя журавіны, бы рассыпаныя пацеркі на ім, абуджалі ў свядомасці Янака дзіцячыя ўспаміны. Як даўно ён браў гэтыя ягады, стараючыся абагнаць сваю бабулю, якая, шпарка беручы па адной, па-заліхвацку напаўняла чарговае вядзерца. Пасля яму прыйдзецца перці ейныя, дый свае, вёдры за плячыма ў ванзэлку. Цяжка смылелі плечы, аднімаліся ногі, але малы ўпіраўся, не выдаваў заморанасці. Ён знаў, што назаўтра старая Хведрыха павязе ў горад прадаваць самагонку, дый возьме яго з сабой, дзе ён, стоячы акрай царквы, будзе прадаваць ягады. Але тое было ў мінулым, пасля смерці бабулі ён ніколі не прыходзіў сюды. Не было калі. Як з ехаў у Мінск на вучобу, дык нават і летам не вяртаўся. Рабіў на будоўлі падсобнікам. Прыязджаў толькі па Вялікадні ўзараць, дый раз-пораз абагнаць бульбу. Цяпер ён ніколі гэтага рабіць не будзе. Абыдуцца і без яго. Апошнія гады маці співалася, гарод стаяў зусім заросшы, а яна і без яго пражыве. Па ім галавой класці не будзе. Ён ужо і дома не хацеў бываць, збольшага сядзеў у «абшчажыціі» ў Мінску.
«І куды гэта я зайшоў? – Янаку ўжо была не знаёмая гэтая мясцовасць. – Зусім сваё балота не пазнаю». Імшарына заканчвалася, балота пакрысе пераходзіла ў лес. «Мабыць, зайшоў у Боркі, тут жа непралазная гушчэча была раней». Дый яшчэ тут вадзіліся дзікі. Гэтых лясных звяроў ён баяўся з маленства. Памятаў, як парвалі яны маленькую дзяўчынку Зоську, якую доўга шукалі, а знайшлі толькі чырвоны акравак сукенкі… «А вось і свежыя нарытыя сляды. І, здаецца, чуваць екатанне. Вось дзе-ка мая смерць, яна зусім побач, недалёка». Янак ведаў пэўна: убачыўшы дзіка, трэба хіснуцца ўбок, дзікі ніколі не вяртаюцца назад і не паварочваюць галавой. Ён шпарка ішоў на іх голас, а пад ім гучна храбусцела паламанае вецце. Балота скончылася. Бурая касматая дзічыха і зграя чарнюткіх парсючкоў былі ўжо відаць. Цяпер ён пабяжыць ім насустрач…