Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 9
Міхал Бараноўскі
Оглавление[1984 г. н.]
«Тым, хто хоча пачуць ад мяне…»
Тым, хто хоча пачуць ад мяне…
Што Бог ёсць…
Кажу… Бога няма…
Тым, хто хоча пачуць…
Што яго няма…
Кажу, што ён ёсць…
Што скажу я сабе?..
Што я жадаю пачуць?..
Калі трэба ўпэўніцца ў сваіх думках…
То зачэрпваю з кішэні «адказы на ўсе пытанні…».
Калі трэба разуверыцца…
То зачэрпваю з кішэні «пытанні на ўсе адказы…».
Пасля таго як я заўважыў за сабой гэтую завядзёнку…
Дзіркі ў кішэнях не зашываю…
Каб яны заўсёды былі пустыя…
«Малым дзіцём…»
Малым дзіцём
Я вырываўся
З тваіх рук,
Каб аб нечым даведацца,
І не разумеў,
Што ты вучыла мяне самаму галоўнаму,
Што самыя патаемныя веды
Пераліваліся амаль няўлоўна
Ў цеплыні тваёй далоні.
Так атрымліваецца,
Што дзеці вучацца рабіць балюча
На самых блізкіх,
І разумеюць гэта, толькі
Калі самі схіляюцца над калыскай.
Ты калісьці спявала мне калыханкі,
А я ніводнай не памятаю…
Мама,
Я ўзгадаю іх
Самым светлым ранкам
Пасля бяссоннай ночы
За кубкам гарбаты з мятай.
Гэтая гісторыя мае свой адвечны працяг,
І без розніцы, калі прачнуцца.
Як бы далёка
Не завялі мяне дарогі жыцця,
Пакуль ты ёсць —
Мне заўсёды будзе, куды вярнуцца.
«Я сёння прачнуўся…»
Я сёння прачнуўся
А шостай
З апошняй ранішняй зоркай.
Яна перад тым, як знікнуць,
Падміргнула
Ў маё вакно.
І сэрца, як камень, жорсткае,
І сэрца, як камень, жорсткае,
І сэрца, як камень, жорсткае
Жыць захацела зноў.
Я сёння
Прайшоў па вуліцы
Ўслед за дажджом восеньскім.
І лісце плыло па лужынах
Да сонечных берагоў.
І сонечнай ласкай Боскаю,
І сонечнай ласкай Боскаю,
І сонечнай ласкай Боскаю
Растапіла застылую кроў.
Я сёння
Дзяліўся ўсмешкамі.
Толькі ўявіце:
Я!?.
Дзяліўся ўсмешкамі…
І радасці было столькі,
Што хапіла б яе на дваіх.
Але ты больш не завеш мяне,
Не завеш мяне сваім мішкам,
І ў небе ніводнай зоркі,
Не бачна ніводнай зоркі
У небе вачэй тваіх.
А незнаёмцу было ўсё роўна…
На тым і казцы канец…
«Завіталі ў мой дом Мельхіор… Балтасар… Каспар…»
Завіталі ў мой дом Мельхіор… Балтасар… Каспар…
Завіталі наўпрост… быццам былі тут сто разоў…
Кажуць… Бог нарадзіўся… быць сведкам яго раства…
Гэта гонар для кожнага з каралёў.
Не… ну што вы… панове… памілуй Бог…
У гэтым месцы няма ані кроплі святой крыві…
А яны жагналіся і цалавалі парог…
І гарэлі іх вочы… з-пад чорнай як смоль брыві…
І сказаў Мельхіор… Мы крочылі дзевяць год…
Йшлі дарогамі ветру, шукаючы гэты кут…
Каб на вочы пабачыць таго… хто ўратуе род…
І на плечы свае возьме цяжар яго пакут…
Вось дары нашы… вымавіў Балтасар…
Тут цярновы вянок і цвікі… і драўляны крыж…
Усё, што мае ўзяць у дарогу найвелькі цар…
Каб узняцца на самае неба з любой гары…
Што вярзеце вы… людзі… ідзіце адгэтуль прэч…
Каб у хату маю не ступала вашай нагі…
І ляцелі праклёны ўслед… а дары ў печ…
І барвелі цвікі ў пякельным яе агні…
З той пары данімае… штоночы… жахлівы сон…
Бог стаіць на вадзе… гэты бог мой адзіны сын…
І я не магу з гэтым светам нічога зрабіць…
Толькі любіць яго… толькі яго любіць…