Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 23

Сяргей Календа

Оглавление

[1985 г. н.]

Цяжкасці разумення

Раніца суботы. Якаў, як звычайна ў выходныя, збіраўся на лецішча, якое ён набыў год таму разам з новай Аўдзі А6, хоць на той момант у яго яшчэ не было правоў кіроўцы. Набыў ён усё гэта адразу, бо хваляваўся за тое, каб не растраціліся грошы пасля продажу двухпакаёўкі, якая засталася пасля бабулі.

Якаў узяў з сабою кошык для грыбоў і спінінг, жонка адмовілася ехаць, бо была стомленая ягоным змрочным настроем у час, калі ён сядзеў за стырном: Якаў кіруе машынай толькі трэці месяц, але і дагэтуль не надта добра прызвычаіўся да шашы і, нават калі шмат разоў ездзіў адным і тым жа шляхам, усё роўна не мог добра арыентавацца ў прасторы, таму, як толькі ён трапляў у салон аўто, ён апынаўся маўклівым, звышсур'ёзным і пільным, бровы насоўваліся на нос, і жонцы ён толькі даваў розныя загады і прамаўляў іх так, быццам ненавідзеў яе альбо ў наступны момант мог забіць.

– Паглядзі ў правы бок, там няма машын? – цадзіў ён скрозь зубы на скрыжаванні, і гэта часта апыналіся ягоныя першыя і апошнія словы падчас паездкі.– Увага! – хрыпеў Якаў, звяртаючыся хутчэй да самога сябе.

Зразумела, што ніякай гутаркі пра радыё альбо пра нейкую музыку нават не вялося. Трохгадзінная паездка з Якавам апыналася пакутаю, забівала ўсялякае жаданне бавіць выходныя на лецішчы. Таму жонка раптоўна захварэла і выправіла мужа аднаго, няхай прывязе грыбоў і рыбы, яна чаго смачнага згатуе.

Якаў завёў машыну, кінуў на суседняе месца спінінг, зашпілены ў футарал, паставіў кошык і паклаў каля яго свой улюбёны паляўнічы нож. Адразу ў машыне змянілася асяроддзе, нават муха, самотна лётаўшая, як быццам адчула гэта і знікла пад бардачком. Наступіў час канцэнтрацыі, унутранай барацьбы паміж хваляваннем і панікай. Якаву цяжка давалася гэта, але што паробіш, ён кожным разам спадзяваўся, што абвыкне да стырна, але гэта ніяк не адбывалася.

Васіль выправіўся да сваіх бацькоў а дзявятай раніцы і спадзяваўся аўтаспынам дабрацца да іх у абед. Нельга сказаць, каб Васіль надта радаваўся перспектыве бавіць выходныя ў вёсцы, але яму было неабходна пазычыць колькі грошай.

Ён доўга ішоў уздоўж дарогі, паказваючы вялікі палец машынам, але чамусьці ніхто не спыняўся. Вось праляцеў бус з вялікай сям ёй, і сабака на заднім месцы высунуў яму язык. Сонца вісела высока, і спякота паступова навісала над плячыма. Вось праехалі адразу тры дальнабойнікі, жэстамі паказваючы яму, што будуць хутка зварочваць у правы бок. Васіль ішоў і няспынна выцягваў вялікі палец альбо рукою паказваў, што яму трэба ехаць у прамым накірунку. Прамінула яшчэ колькі дзясяткаў машын з шчаслівымі сем'ямі і сяброўскімі кампаніямі. Гэтая дарога доўгія кіламетры ішла ўздоўж новых лецішчаў, якія пачыналі толькі забудоўвацца і мелі сваімі гаспадарамі маладыя сем і з дзецьмі, падлеткамі, якія неўзабаве праз колькі год мусілі пачаць самастойна вазіць у свае «катэджы» дзяўчын, сяброў і алкаголь.

Раптам на ўзбочыне спынілася Аўдзі А6, прычым цяжка было сказаць, дзеля чаго, бо ад Васіля яна была даволі далёка, і замест таго, каб пад ехаць бліжэй альбо канчаткова знерухомець, машына была заведзенай і павольна рухалася наперад, быццам кіроўца вагаўся: спыніць машыну і падабраць папутчыка альбо з ехаць. Васіль вырашыў падбегчы, можа яму пашчасціць…

– Добры дзень, падкінеце ў…

– Так, падкіну, але давай хутчэй сядай назад, бо я не хачу, каб машына заглохла, нешта сёння надта доўга заводзілася! – гучна прамовіў Якаў, і правае павека сутаргава дрыганула.

Дзверца зачынілася, Васіль уладкаваўся на заднім месцы, заўважыўшы, што машына амаль новая і не магла проста так кепска заводзіцца, і ўжо ў салоне ён прыкмеціў, што на пярэднім сядзенні былі пакладзены нейкія рэчы і нешта падобнае да вялікага нажа ў похвах.

– Файнае сёння надвор’е, – вырашыў распачаць гутарку Васіль.

– Я кажу, надвор’е – цудоўнае.

Але адказу ізноў не было.

Васіль, вырашыўшы, што кіроўца не надта ахвочы да гутаркі, вырашыў сачыць за краявідам у акно.

Пейзаж не мяняўся – дрэвы, палі і хаткі. Васіль засумаваў і адважыўся зноў распачаць гутарку.

– У вас, я гляджу, машына новая.

Якаў нічога не адказаў, ён моцна сціскаў стырно і вялікімі пальцамі рук сутаргава барабаніў па скураным пакрыцці. Васіль прыкмеціў гэта і занепакоіўся: магчыма кіроўца маўчаў, бо ў яго нешта там здарылася, мо што з сям ёй, а ён тут са сваімі глупствамі пра надвор е і машыну. Таму ён вырашыў запытацца:

– У вас нічога не здарылася?

Раптам кіроўца нервова загаманіў.

– Шаноўны чалавек, вы што, не бачыце, што я кірую аўтамабілем?! І я быў бы ўдзячны, калі б вы пакінулі мяне ў спакоі, я ўжо сумняюся ў вартасці таго, што спыніўся, каб вас падвезці. Будзьце ціхамірным, і ў вас, і ў мяне ўсё будзе добра!!!

У голасе Якава чулася занепакоенасць і адначасова пагроза, і Васілю стала вусцішна.

Дарога хутка знікала пад калёсамі, і раптам машына скінула сваю хуткасць і звярнула з аўтастрады ў правы бок, на сельскую шашу.

– Прабачце, але гэта не ў мой бок! – усхваляваўся Васіль.

– Не хвалюйцеся, так карацей, – суха прамовіў Якаў.

За акном замест самотных дрэў быў лес, даху машыны час ад часу з шапаценнем краналіся галінкі, пад колы трапляліся камяні, шаша ўсё больш апыналася каляінай… Васіль занепакоіўся, калі заўважыў, што на пярэднім месцы, каля кіроўцы, сапраўды ляжыць нож у похвах. Ён зірнуў на Якава, той, не звяртаючы на яго ўвагі, працягваў сачыць за шашой, час ад часу ягоныя вены на шыі набухалі і знікалі, а рукі сутаргава трымаліся за стырно, якое выслізвала з іх.

Васіль пачаў наганяць на сябе жах разважаннямі аб тым, што страшэннае можа з ім здарыцца, калі гэта апынецца які забойца.

Васіль пралічыў, што кіроўца не надта вялікі і важыць недзе як ён, таму калі што, у яго будзе час і моц, каб пазмагацца за жыццё. Але што будзе, калі кіроўца апантанна схопіць нож і лязо на ўсю даўжыню паспее ўвайсці ў ягоны страўнік альбо сэрца, тады ён не зможа сябе абараніць! З яго нават ніякіх грошай не возьмеш! Ён бедны. Толькі вопратка ды мабільнік у яго ніштаватыя, і тое дзякуючы заможным і гаспадарлівым бацькам.

Бацькі! Любімыя бацькі! Родны дом раптоўна апынуўся такім жаданым!

З кожным новым пераадоленым метрам, Васіль адчуваў, як у салоне аўтамабіля хмарамі вісіць ягоны цяжкі лёс, ён глядзеў у патыліцу кіроўцы, заламваў пальцы на руках, і з кожнай новай хвілінай жах смерці адольваў ягоную сутнасць.

Далоні пацелі, павекі сутаргава трэсліся, сэрца апантана грукалася, Васіль быў надта ўражлівым і цяпер ехаў, адчуваючы сябе будучай ахвярай незнаёмца. Ён моцна жадаў жыць, і паніка адольвала яго мацней і мацней, пакуль ён не пачаў нешта мармытаць сабе пад нос.

«Што будзе далей? Што рабіць?! Як мне так пашчасціла патрапіць у гэтую машыну! Што са мною будзе?! Трэба набрацца мужнасці! Трымаць сябе ў руках!» Як малітву шаптаў сабе пад нос Васіль, а шаша не мянялася і толькі з кожным разам яшчэ больш нагадвала нейкую непралазную каляіну, недзе ў нетрах леса, на мяжы жыцця.

– Што ты кажаш? – запытаўся Якаў, пачуўшы што ззаду, аўтаспыншчык нешта мармоча. Кіроўца крыху стаміўся, яму цяжка было пераадольваць кіламетры лесу ў мэтах сэканоміць літр бензіна, праз колькі метраў мусіў скончыцца гэты шлях, і яны мусяць апынуцца каля поля жыта, і тады Якаў спыніцца ў прыбіральню і на кароткі адпачынак. – Калі ты пра тое, каб зрабіць прыпынак на колькі хвілін, то толькі пазней, я сам, ведаеш…

Васіль не дачакаўся заканчэння сказу кіроўцы, які неяк надта раптоўна парушыў гадзінную цішыню, быццам пачуў, што ягоны план па забойству можа не здзейсніцца. Ён, спрабуючы дацягнуцца да шыі кіроўцы, далонямі патрапіў яму ў вочы і нос і прыціснуў ягоную галаву да падгалоўніка сядушкі. Машыну тузанула, Якаў адпусціў стырно і праз імгненне Аўдзі А6 ужо ляцела ў суседнія дрэвы і елкі.

Хлеб свой пускай па вадзе

Хлеб свой пускай па вадзе, час міне, і зноў знойдзеш яго. Давай частку на сем і нават на восем, бо не ведаеш, якая нагода чакае зямлю.

Эклезіяст 11: 1-2

– Мікітка, ты чуеш?! Я кажу, каб ты сёння скарыстаўся метро, бо я не хачу, каб ты ў гадзіну пік ехаў аўтобусам, каб я цябе чакала немаведама колькі гадзін! Я так да старасці пасівею! Чуеш?!

– Божачкі, ну чую, чую я! Ты мне адно і тое ж кажаш кожны дзень! Я не магу так!

– А чаму ты мяне не слухаеш? Вось мне і даводзіцца столькі разоў адно і тое ж казаць!

– Я стаміўся ад усяго гэтага, я дарослы і самастойны, каб самому вырашаць, як і на чым ездзіць! – абурыўся Мікітка, адчыняючы ўсе засаўкі на металічных уваходных дзвярах, яму ізноў трэба было ехаць да рэпетытара ажно на «Пушкінскую». Ён вельмі не любіў ездзіць пад зямлёю, сумна, моташна, шумна, не тое што звонку, калі ёсць магчымасць назіраць за наваколлем… Нават калі на цябе з усіх бакоў ціснуць пасажыры, якія няшчадна ўпіхваюцца ў аўтобусы, быццам у Ноеў каўчэг, гэта лягчэй стрываць, чым падарожжа пад зямлёю, хоць так хутчэй…

– Ты чуеш?! Мікіта, я з табою размаўляю, дзе ты думкамі зноў лётаеш, вось так мне настаўніцы і кажуць, што на занятках як пачнеш лётаць, дык так цэлыя чвэрці праходзяць! – маці злавалася і не знаходзіла сабе месца. Пасля разводу ёй не надта карцела ўсё сваё жыццё марнаваць толькі на побыт, але яна вельмі любіла сына, таму працавала і даглядала яго.

– Чую-чую, мама!!! – нерваваўся хлопец.

– То добра! І глядзі мне, каб быў уважлівы з рэпетытарам, не дзеля таго я шмат працую і аплачваю гэтыя заняткі, каб цябе пакінулі на другі год!!!

Металічныя дзверы грымнулі, і Мікіта пабег да ліфта, ён яшчэ паспеў пачуць, як мама замкнула за ім дзверы, павярнуўшы ключ тры разы ў левы бок. Хлопец выбег на вуліцу, было каля трох гадзін, сонца ледзь праглядала праз вясновыя, шэра-малочныя хмары. Мікіта пабег да прыпынку, прытрымліваючы заплечнік за лямкі… Ён не любіў панядзелкі… Пасля школы – хуткі абед і да рэпетытара… Быццам спецыяльна тыдзень пачынаўся з такіх выпрабаванняў – дзве дадатковыя гадзіны матэматыкі… Гэта псавала яму ўсё жыццё! І кожны раз, калі трэба было спяшацца, менавіта па панядзелках ягоныя аднакласнікі прыдумлялі розныя цікавыя забаўлялкі і гульні пасля школы, і кожны раз ён апынаўся занятым, і так цягнулася ажно з верасня… а не, з мая, калі настаўніца па матэматыцы выклікала бацькоў, дакладней матулю, і ціхенька ёй у куточку паведаміла, што можа пакінуць яго на другі год, калі ён нарэшце не возьмецца за алгебру. Вядома, настаўніца давала недвухсэнсоўны намёк на свае рэпетытарскія паслугі, але што тут паробіш. Мама пагадзілася, і пачаліся ягоныя пакуты. Настаўніца хацела, каб ён прыходзіў да яе ажно тры разы на тыдзень, але фінансавае становішча не дазволіла, і Мікіта гэтаму быў рады. Магчыма, упершыню ён быў рады, што ў іх сям і не было дастаткова грошай.

Ён не дабег да аўтобуснага прыпынку і, збочыўшы, нырнуў у прахалодныя тунэлі падземкі. «Асцярожна, дзверы зачыняюцца». Мікіта ніколі не слухаў чужых размоў у метро: ягоныя слухаўкі, яшчэ калі ён пакідаў кватэру, уздрыгвалі ад музычных бітоў Фэтбой Сліма, дыджэя, якога яму адкрыў сябра, старэйшы за яго на два гады. Мікіта любіў музыку і марыў пра тое, як ён будзе стаяць за пультам і круціць вінілавыя кружэлкі. А яшчэ ён марыў пра кар'еру біёлага. Зачыніліся дзверы, і цягнік рушыў.

Мікіту нельга назваць няўважлівым альбо неразумным хлопцам. Ён, як звычайна гэта здараецца ў пэўным узросце, марыў пра каханне, дзяўчат, пра будучыню і, лежачы ў ложку, часта ўяўляў сябе тым ці іншым героем: часцей за ўсё Чубакам з «Зорных войнаў», а таксама Чалавекам-невідзімкам.

Праз трыццаць хвілін Мікіта ўжо быў у кватэры Вольгі Аляксандраўны, настаўніцы, жанчыны, тоўстай у сцёгнах, з круглаю кучараваю галавою (хімічная завіўка на маленькія каклюшкі) і расфарбаваным тварам, нібыта ў грыме. Яна кожны раз усім сваім выглядам нагадвала хлопцу Рональда Макдональда, і кожны раз ён уяўляў сабе, як яна дастае з кішэні шырокіх штаноў балёнік і робіць надзіманага сабачку, але ўсё заўсёды сканчвалася аднолькава: Вольга Аляксандраўна прыціскала яго старым фатэлем да стала, і яны пачыналі працаваць. Выгляд настаўніцы цалкам не пасаваў ейнаму характару: яна была жанчынай тоўстай і злой, часта на ўроках яна прасіла дзяцей набываць ёй яблычны воцат, бо калі яблычны воцат піць у пэўнай колькасьці, ён дапамагае худнець. «Табе ўжо нічога не дапаможа…», – думалі вучні.

Час пачаў марудна цягнуцца. У пяць пятнаццаць Мікіта мусіць быць вольным, але да гэтага – цэлая вечнасць…

– Не, ну я не разумею, як гэта ты ніяк не можаш уцяміць дзяленне дробаў!!!

– Вольга Ляксандраўна, я проста не разумею, як можна падзяліць, напрыклад, траціну яблыка на чвэрць… гэта НЕМАГЧЫМА! – абураўся Мікітка.

– Божухна Святы, дзякуй табе, што гэтаму дзіцёнку не трэба здаваць іспыты ў які «мехмат» альбо на фізіку! – уздымала вочы да столі настаўніца. – Ты ж, Мікітка, ніяк не здольны да матэматыкі, табе трэба на які гуманітарны. Добра, што мне з табою даводзіцца падцягваць толькі школьную праграму!

Мой дзень пачынаецца (зборнік)

Подняться наверх