Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 18
Андрусь Данілевіч
Оглавление[1990 г. н.]
Мара пра прыгожае каханне
Мабільны тэлефон ляжаў на тумбачцы. Алена глядзелася ў люстэрка, прычэсвала пафарбаваныя ў светлы колер валасы і ўважліва разглядала сябе.
Гучны шчоўк парушыў ідылічную цішыню і адарваў дзяўчыну ад вельмі важнай і, бадай, самай галоўнай справы самалюбавання. Гэта было паведамленне «Вконтакте»:
– Прывітанне, Алена, што робіш?
Дзяўчына хутка прачытала, зірнула ў люстэрка, зноўку зразумела, што яна самая прыгожая, і з раздражненнем, што хлопец адарваў яе ад любімай справы, адказала:
– Нічога… збіраюcя гуляць…
Тэлефон апынуўся ў руках, а сама яна стаяла насупраць люстэрка. Дзяўчына зрабіла дзясятак-другі фотаздымкаў, і адзін з іх адразу ж выклала ў інтэрнэт.
– Дык давай разам! Пагуляем удваіх…
– Ну… не ведаю…
– Давай… Сонейка!
– Добра… згодная…
– У колькі ты можаш?
– Калі з табой, то мне трэба шмат часу яшчэ…
– На што, Алена?
– Ну як? Каб сабрацца…
Узрадаваная дзяўчына легла ў ложак і пачала пісаць далей:
– Вольга, ты тут?
– А дзе ж яшчэ?
– Слухай!
– Што?
– Хлопец з’явіўся адзін, клёвы такі, пагуляць хоча. Пойдзем з намі.
– Навошта?
– Ну як… Я мала ведаю яго, затое паглядзіш, ацэніш… І гэта, блін… Пакліч Яню з Кірылам, каб кампанія была.
– Алена, ну дзе ты? У колькі?
– Зміцер, пад’язджай а дваццаць другой гадзіне да крамы «Бусел».
– Добра.
– Толькі гэта…
– Што? Усё, што хочаш!
– Я з сябрамі буду. Ты не супраць?
– Не… Канешне ж, не…
– Ну і добра…
– Хаця… Можа, мы лепш толькі ўдваіх? Навошта яны?
– Не… Магчыма, потым, калі…
Зміцер прыйшоў трошкі раней і чакаў. Ён быў моцна закаханы, таму хваляваўся і саромеўся яе сяброў. Пільна адсочваў усе бакі вуліцы. І ўсё ж яны з явіліся нечакана.
– Вітаю! Што будзем рабіць? – запыталася Алена, якая спынілася за два крокі ад яго. – Куды пойдзем?
– Давайце ў парк, – уважліва разглядаючы Зміцера, уставіла Вольга.
– Добра! – радасна сказаў ён.
– Толькі з півам! – уставіў Кірыл.
– Канешне! Не з пустымі ж рукамі ісці,– дадала Вольга.
На твары Зміцера з’явіўся выраз агіды і прыкрасці.
– Зміцер, ты ж будзеш піва? – трошкі заклапочана запыталася Алена.
– Так… вядома ж… Пойдзем выбіраць…
Хлопец не рашыўся выказаць нязгоду, каб не рызыкаваць каханнем.
Ад хвалявання ён вельмі баяўся дакрануцца да Алены, сказаць нешта не тое, таму трымаўся трошкі воддаль. І яна не спяшалася набліжацца, бо ведала, што пакуль Зміцер хвалюецца, пакуль нічога не дазволена, ён будзе выконваць усе яе капрызы.
Хоць хлопец і лётаў вакол Алены, аднак Вольга пачала праяўляць да яго цікавасць. Шматлікія позіркі, размовы, прапановы. Вользе таксама спадабаўся новы знаёмы, і яна паводзіла сябе больш адкрыта, не была такой непадступнай, як Алена. На нейкае імгненне Зміцер пачаў рэагаваць на ўвагу дзяўчыны. І тут жа Алена хутка адышлася ад яго і прытворна засумавала. Зміцер падбег да яе:
– Што здарылася? Чаго ты такая сумная?
– Я?.. Не… Усё добра.
– Я ж бачу, што нешта не так. Мо адыдземся, пагутарым?
– Усё добра! Ідзі балаболь з Вольгай.
– Ну што ты, мне толькі з табой цікава, сонейка!
– Мне так не здаецца…
Зміцер наважыўся на рызыковы крок. Ён абняў дзяўчыну, і яна вельмі нечакана прыціснулася да яго. Дарэчы, увесь вечар спрабаваў хоць неяк дакрануцца да яе, абняць. Гэта атрымалася. «Лічы, першая перамога за сёння!» Алена непрыкметна ўсміхнулася. Яна таксама атрымала перамогу. «Не, Вольга, – думала дзяўчына. – Сёння мой вечар. Глядзі на яго, мар пра яго, усе глядзіце! Толькі хлопец мой, нават не спрабуйце прыцягнуць яго ўвагу!»
Зміцер не мог зразумець, чаму раней Алена ніяк не падпускала да сябе, была строгая і трымалася за некалькі крокаў, а цяпер ён нават абняў яе. «Божа, колькі радасці трымаць у руках тую, якую кахаеш!»
Вольга таксама была прыгажуняй, паводзіла сябе адкрыта, праяўляла цікавасць да Зміцера. Аднак, хоць у нейкі момант яго гэта прывабіла, усё роўна цягнула да Алены.
Праз хвілін трыццаць кампанія пайшла назад, да метро. Алена зноўку не дазваляла сябе абдымаць, гучна гутарыла з сяброўкамі і Кірылам, цешылася закаханымі вачыма Зміцера.
– Давай, Зміцер. Пакуль.
– Што, ужо?
– Так, мы ўсе ідзём дадому, позна ўжо.
– А можа, яшчэ паходзім? Давай я цябе правяду!
– Не, – адрэзала Алена. – Мне тут зусім блізка. Ідзі…
Гуляла кампанія больш за дзве гадзіны і, безумоўна, закаханаму сэрцу Зміцера гэтага было мала, яму карцела пабыць з Аленай яшчэ.
Калі спусціўся ў метро, адразу пачаў пісаць паведамленні. Шмат паведамленняў Алене, якая ведала, што першае спатканне не павінна быць доўгім, каб хлопцу хацелася як мага хутчэй яго паўтарыць. І маніпуляванне праз «пугу ды пернік», і чароўнае авансаванне мілым позіркам, і наіўнае лыпанне вейкамі было добра выпрацавана…
Як усё пройдзе, яна прадумала яшчэ тады, калі расчэсвала валасы, бо ведала, што Зміцер пакліча яе. І каб не сумаваць ноччу пасля спаткання, дамовілася сустрэцца са сваім «мінулым» хлопцам, які ўжо чакаў каля «Старога кафэ». Адна задача, маленькае хваляванне: каб ён не заўважыў іх са Зміцерам. Таму, відавочна, і выбрала парк, далёкі ад шашы.
«Мінулы» хлопец трымаўся ганарліва, але ласкава. І не кахаў, таму кіраваў ёю. Усю ноч Алена правяла ў ягоным ложку. А раніцай, калі вярталася дамоў і марыла пра прыгожае каханне, рамантыку, рэзка спынілася насупраць «Старога кафэ», паглядзела на афіцыянта і ціха, нечакана для сябе, прамовіла:
– На жаль, усе мужыкі – не залатыя!
Знічка
Алесь стаяў зачараваны і быццам у паўсвядомасці. Ён глядзеў, як прырода адваёўвае забранае: трава паглынала ў сябе каменку, пабудаваную праз лес немцамі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны.
А цяпер 2007 год і восем гадзін раніцы. Заняткі пачаліся, а да школы яшчэ паўтара кіламетра, і так лянота туды ісці! Тут, у лесе, калі глядзець на незвычайную прыгажосць, створаную без чалавека, спыняецца час – і ты нібы зліваешся з Прыродай, з Богам, з Сусветам…
Ногі зрушыліся з месца… Спачатку хада была павольнай, няспешнай, пасля стала шпарчэй. Не час і не з'едлівы настаўнік прымушалі ісці, а…
Яе завуць Маша. Яна трымаецца ганарыста, бо добра вучыцца і прыгожая. «Хоць бы пабачыць яе хутчэй!»
– А!.. Вось і наш выдатнік, які столькі ведае, што можа дазволіць сабе прыйсці пад канец урока!
Усе зарагаталі, а ён апусціў вочы долу.
– Алесь, калі ты самы разумны, то скажы мне, ды і ўсім, што ты ведаеш пра зоры?
– Яны прыгожыя. – Сорам не перашкаджаў кідаць хуткія позіркі на Машу. – Яшчэ яны падаюць, знічкі… Хто іх зловіць – таму пашанцуе, ён будзе шчаслівы….
– Ну і што? Злавіў хоць адну, пакажы?!
– Мм…
І зноўку клас выбухнуў рогатам.
– Тады я табе раскажу…
Алесю было ўсё роўна: ён не слухаў іх, не звяртаў увагі, у галаве спяваў любімы рок-хіт, толькі ўсё ж пачуваўся няважна… З-за яе… Бо Маша таксама смяялася.
Яна ніколі не адказвала на прывітанні. Нават не глядзела на яго! Алесь добра разумеў, што ён ёй нецікавы, не пара. Але чаму б не павітацца, чаму яна цалкам заўсёды ігнаруе яго, навошта быць такой жорсткай?! Сэрца раздзірае грудзі, і яму б вельмі дапамог хоць адзін ветлівы неабыякавы ейны позірк…
Алесь жыў з бацькамі на хутары каля самага лесу. Уночы выйшаў на двор. Глядзеў у неба на зоры, лавіў вачыма знічкі і марыў… Жадаў, каб Маша з ім павіталася. Каб можна было бясконца глядзець на прыгажосць нябёсаў, лесу, усяго наваколля… Алесь не ведаў нічога з таго, што казаў пра знічкі настаўнік. Затое ведаў самае галоўнае: яны прыгожыя і прыносяць людзям шчасце…
Упершыню…
Маладзенькая, вельмі прыгожая настаўніца ўзяла ў рукі званочак і страсянула тры разы. Пачаўся перапынак.
Верас, сямігадовы вучань другога класа, званок пачуў не адразу. Два ўрокі перад тым ён сядзеў у глыбокім задуменні і не мог выконваць аніякіх патрабаванняў настаўніцы. Толькі бясконца глядзеў на яе…
У грудзях нешта гучна грукала. Як толькі ягоны позірк сустракаўся з яе вачыма, хлопчыка чамусьці ахоплівала моцнае хваляванне, а незразумелы сорам прымушаў адводзіць вочы. Першы раз у жыцці Верас адчуваў такое, для яго зусім не знаёмае пачуццё. І матулі, на жаль, не было побач, каб папытацца, што з ім.
Так і сядзеў увесь дзень…
Чамусьці Верасу захацелася вылучыцца сярод сваіх аднакласнікаў. Паказаць што ён асаблівы, што лепшы за ўсіх, і, канешне ж, апраўдаць свае дрэнныя адзнакі.
Верасу мроілася, як ён ідзе ноччу па вуліцы і чуе жаночы крык: «Дапамажыце, дапамажыце!» Бяжыць і ратуе сваю настаўніцу ад злодзеяў. А яна цалуе яго ў шчаку, бярэ дзённік і ставіць «выдатна». І цяпер Верас ужо зусім іншы: не хуліган ды двоечнік, а герой!
Потым яны плывуць на караблі, які сутыкаецца з айсбергам: усе піхаюцца, змагаюцца за месцы ў шлюпцы, тонуць, крычаць… А Верас аддае сваё месца Ёй. Наталля Алегаўна цалуе хлопчыка ў шчокі, плача, адмаўляецца, але зноў ставіць у дзённік «выдатна» і сядае ў шлюпку.
Потым Верас пад'язджае да школы на новым «мерсэдэсе» з адкідным верхам! Усе вучні і настаўнікі вельмі здзіўлены. Уражана і нават захоплена ім Наталля Алегаўна. Круты пацан кліча сваю настаўніцу, якая сядае ў машыну, цалуе героя, зноў ставіць «выдатна», і яны едуць кудысьці вельмі далёка…
А потым у самалёце…
І тут пачаўся перапынак.
Сёння быў апошні дзень вучобы. «Ён скончыцца і я не хутка пабачу сваю настаўніцу! – хваляваўся хлопчык. – Трэба нешта рабіць! Але што?»
Верасу карцела ўсё расказаць Наталлі Алегаўне: пра свае мары, невядомае пачуццё, пра тое, што ён можа глядзець толькі на яе… І хлопчык цвёрда вырашыў, што зробіць гэта!
У нейкі момант настаўніца пайшла яму насустрач – ад дошкі між радамі парт да кніжнай шафы. Іх позіркі сустрэліся. Верас ад хвалявання не мог рухацца, паварушыць вуснамі, толькі глядзеў ёй у вочы і маўчаў. Але разумеў, што іншага шансу не выпадзе.
– Верас, ты хацеў нешта сказаць?
– Не… Не… Наталля Алегаўна.
– Мне, мабыць, падалося.
Яна пайшла далей. Хлопчык моцна сціснуў кулакі, насупіўся, сказаў пра сябе: «Эх… Будзь што будзе!» – падбег да настаўніцы і пракрычаў:
– ВЫ… ВЫ… ВЕЛЬМІ ПРЫГОЖАЯ!
– Дзякуй, – адказала з усмешкай Наталля Алегаўна і ўзяла тоўсты сшытак з паліцы.