Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 12

Алëна Беланожка
Глобус Еўропы

Оглавление

– Ці ёсць у вас глобус Еўропы? – спытаўся хлопчык у прадаўца.

Хлопчык быў маленькі і канапаты, а прадавец – вялікі і барадаты.

– Не, хлопчык. Няма. Учора прадаў апошні, а новую партыю яшчэ не прывезлі,– з усмешкай адказаў прадавец, пагладзіўшы рукой бараду.

– Шкада, – расчаравана прамовіў хлопчык і скіраваўся да выхаду.

– Пачакай, хлопчык! – паклікаў прадавец. – Нашто табе Еўропа? Яна такая мізэрная! Вазьмі лепш Ганімед.

Мужчына зняў з паліцы глобус Ганімеда і ўключыў яго ў сетку. Глобус, падсвечаны знутры, закруціўся вакол сваёй восі, і з яго загучала модная песенька.

– Вось, паглядзі: і глобус, і лямпа, і радыёпрымальнік – тры ў адным! І сам Ганімед – не тое, што Еўропа, ён вялікі і жалезны, сапраўдны мужчына! Ты ж хочаш вырасці сапраўдным мужчынам?

Хлопчык кіўнуў.

– Тады Ганімед – тое, што табе трэба! А ведаеш, хто такі Ганімед? О, я раскажу табе! Гэта быў сын траянскага цара Троса! Царэвіч, вось хто! І сам Юпітэр, ператварыўшыся ў арла, знёс яго на спіне ў свае нябесныя апартаменты, да багоў. Ну як? Бярэш?

– Не, – сказаў хлопчык. – Мне трэба Еўропа.

Прадавец паставіў Ганімед на прылавак і ўзяў з паліцы іншы глобус – жоўта-залаты, увесь пакрыты кратарамі.

– Можа быць, табе спадабаецца Ія? – спытаўся мужчына ў хлопчыка. – Яна ўся жоўтая, таму што на ёй многа серы. Толькі зірні, якая яна гарачая, колькі тут вулканаў! На ёй можна гатаваць ежу!

Прадавец уключыў глобус, і той пачаў разагравацца, як электрычная плітка.

– Ія была жрыцай багіні Геры, такой прыгожай, што Юпітэр закахаўся ў яе і спакусіў. Ставіш на яе рашотку, зверху – рондалік, і варыш што табе хочацца! Асцярожна, не апячы пальцы. Ну што – запакоўваць?

– Не, – пакруціў галавой хлопчык.

Прадавец агледзеў вітрыны і, крыху паразважаўшы, выцягнуў з шафы, што стаяла ў кутку, яшчэ адзін глобус – вялікі і цяжкі. Ён змахнуў з яго пыл і паставіў перад хлопчыкам.

– Вось. Гэта Каліста. Мала чым адрозніваецца ад Еўропы, толькі на ёй менш ільду і больш скалаў. Каліста была німфай. Юпітэр і яе спакусіў. Юпітэр той яшчэ быў шалапутнік! А што?

Багам можна ўсё. Ну што? Спадабалася?

– Не. Я хачу Еўропу, – сказаў хлопчык.

– Які ўпёрты. Нашто яна табе? – пацікавіўся прадавец, хаваючы Ганімеда з Іяй пад прылавак.

– У мяне там жыве бацька, – адказаў хлопчык. – І я хачу паляцець да яго. Шкада, што ў вас няма Еўропы.

Ён выцер нос рукавом і выйшаў з астранамічнай крамы.

Сёння ў хлопчыка быў восьмы дзень нараджэння. Восем гадоў хлопчык жыў без бацькі. І калі ён пытаўся ў маці, дзе ягоны тата, жанчына адказвала: «Ён жыве на Еўропе».

Еўропа, адзін з Галілеевых спадарожнікаў Юпітэра, лётала вакол газавага гіганта за шэсцьсот мільёнаў кіламетраў ад Зямлі. Вядома, што пераадолець такую адлегласць для чалавека было няпроста нават на самай хуткай ракеце: за мільёны кіламетраў туды-сюды дужа не налётаешся. Але хлопчык не расстройваўся: ён цвёрда вырашыў, што калі вырасце, сам адправіцца на Еўропу на касмалёце, пастукаецца ў дзверы татавага дома і абдыме свайго бацьку.

За некалькі тыдняў да чарговага дня нараджэння сына маці пачала раз-пораз пытацца ў хлопчыка, які падарунак яму хацелася б атрымаць. Хлопчык маўчаў, яго не цікавілі цацкі, гульні і мульцікі. Нарэшце маці не вытрымала. У святочны дзень раніцай яна ўручыла хлопчыку канверт і сказала:

– З днём нараджэння, зайчык. Ты ўжо зусім дарослы, а таму – вось табе грошы. Ты можаш пайсці і купіць на іх тое, што захочаш.

І хлопчык накіраваўся ў астранамічную краму ў надзеі, што набудзе глобус Еўропы, прынясе дадому, і маці пакажа яму месца на спадарожніку, дзе стаіць дом яго бацькі.

Цяпер, выйшаўшы з крамы на вуліцу, хлопчык разгубіўся. Ён не ведаў, дзе яшчэ прадаюцца глобусы, і таму стаяў, заціснуўшы грошы ў руцэ, і аглядаўся ў пошуках шыльды або ўказальніка.

Пакуль хлопчык нерашуча перамінаўся з нагі на нагу, на купюры ў яго руках знайшліся іншыя ахвотнікі. Падлеткі, якія трымалі ў страху ўвесь раён, адчулі лёгкую нажыву і пачалі набліжацца да хлопчыка, як драпежнікі ў час палявання.

Калі ў хлопчыка былі адрэзаныя ўсе шляхі да адступлення, камандзір шайкі – падлетак па мянушцы Выдзер – загасіў недакурак аб падэшву свайго стаптанага чаравіка.

– Гэй, ты! – сказаў ён.

– Я? – хлопчык азірнуўся, падумаўшы, што той звяртаецца не да яго.

– Ты-ты! – кіўнуў Выдзер. – Што гэта ў цябе? О-о, грошы! А нашто табе аднаму столькі грошай? Хіба ты не ведаеш, што трэба дзяліцца? Вось паглядзі на Зуба!

Хлопчыку нахабна ўсміхнуўся падлетак, у якога ў роце быў толькі адзін зуб астатнія ён згубіў у бойках.

– Зуб тры дні не еў! Ён, увогуле, мала есць, бо яму няёмка. А гэта Лёка – ён ужо з тыдзень не піў нічога, акром вады з лужын!

Патлаты Лёка расціраў кулакі.

– А гэта Барабайка – у яго такія дзіравыя парткі, што бачна ўвесь сорам!

Барабайка павярнуўся да хлопчыка і паказаў яму голы азадак. Падлеткі заржалі.

– Ты, чысценькі і сыценькі, давай сюды свае грошыкі, а то я табе валасы выдзеру.

– Не дам, – сказаў хлопчык і прыціснуў грошы да грудзей.

– Што ты сказаў? Вы чулі, што ён сказаў? «Не дам» – сказаў! – Выдзер зарагатаў, і разам з ім зарагаталі астатнія падлеткі.– Аддавай па-добраму, калі хочаш застацца цэлым.

Хлопчык азірнуўся. Міма праходзілі людзі, але ўсе рабілі выгляд, што не адбываецца нічога асаблівага: ніхто не хацеў звязвацца з Выдзерам і ягонай кампашкай. Папрасіць дапамогі не было ў каго.

Лёка працягнуў руку да хлопчыкавых грошай. Хлопчык пачаў адбівацца. Ён укусіў Лёку за палец і падрапаў кіпцямі Барабайкаў голы «сорам», а калі Барабайка ўхапіў хлопчыка папярок тулава, той брыкнуўся ды патрапіў нагой проста ў Зубаву сківіцу. Падлетак сплюнуў апошні зуб і прашапялявіў:

– Выдзер, яно дрыгаецца!

Выдзер падышоў да хлопчыка і ўдарыў яго ў жывот. Хлопчык скруціўся ад болю, выпусціўшы з рукі грошы.

– Я казаў: аддавай па-добраму, – сказаў Выдзер, падняў грошы, падфутболіў нагой зуб, што валяўся на асфальце, і пайшоў у піўную краму. За ім пацягнуліся ягоныя падзельнікі.

Калі падлеткі зніклі, з астранамічнай крамы выбег прадавец. Ён падышоў да хлопчыка, што сядзеў на тратуары.

– Хлопчык, ты як? Вось бандзюкі! – пагразіў мужчына ў бок нябачнай банды Выдзера.

Хлопчык усхліпнуў.

– Табе баліць? – спытаўся прадавец.

– Не. Ужо не баліць. Ён не моцна ўдарыў.

– Тады чаму ты румзаеш? Ты можаш сабой ганарыцца: уся вуліца баіцца Выдзера. Яны мне ўжо тройчы білі вітрыны за тое, што я заступаўся за іх ахвяр. Ты адзіны, хто адважыўся ўвязацца з імі ў бойку. Ты вельмі смелы!

Але хлопчык пачаў церці вочы.

– Я не магу, – сказаў ён, – вярнуцца дадому без грошай і без падарунка. Што я скажу маме?

– А што, сёння нейкае свята? – пацікавіўся прадавец і сеў побач з хлопчыкам.

– У мяне дзень нараджэння, – адказаў той і расплакаўся.

Прадавец крыху падумаў, а потым сказаў:

– Вось што. Глобуса, які табе трэба, у мяне няма, а грошы проста так я табе не дам. Але ў мяне ёсць ідэя.

Прадавец устаў і пайшоў у сваю краму, а калі вярнуўся, то ў яго руках было вядро. Ён працягнуў вядро хлопчыку.

– Трымай. Яно, канешне, не новае, але яшчэ крэпкае. Я табе яго дару. На дзень нараджэння.

Можаш мне паверыць: з любой рэчы, калі яе правільна скарыстаць, можна азалаціцца. Як ты надзенеш гэтае вядро на галаву або сядзеш у яго – будзе мала карысці. А калі ты набярэш у яго ваду і вымыеш вітрыны ў маёй краме, я з табой за гэта добра разлічуся. Згодны?

– Згодны, – усхліпнуў хлопчык і дадаў,– падарыце мне, калі ласка, яшчэ якую-небудзь анучку.


Прадавец не падмануў: ён шчодра разлічыўся з хлопчыкам за вымытыя вітрыны. Канешне, гэтых грошай не хапіла б на глобус, не хапіла б нават на ножку ад глобуса, але ўсё роўна гэта была чэсная аплата за працу.

Калі хлопчык выліў ваду з вядра пад вулічную рашотку, прадавец выйшаў на прыступкі крамы, паглядзеў на неба і задумліва сказаў:

– Ноччу ішоў дождж. Сёння ў горадзе слата. Аўтамабілі ездзяць па лужынах… дужа брудныя!

Прамовіўшы гэта, мужчына паглядзеў на хлопчыка, увайшоў у краму і закрыў яе на абед.

Хлопчык зірнуў на праезджую частку. Ён убачыў мноства машын аднолькавага, брудна-шэрага колеру, якія, абганяючы адна адну, дымілі выхлапнымі газамі ды запырсквалі пешаходаў. Хлопчык набраў з калонкі ў вядро чыстае вады і адправіўся на бліжэйшую паркоўку каля гандлёвага цэнтра. Паркоўка была шчыльна застаўлена аўтамабілямі, а ў іх сядзелі мужчыны ды цярпліва чакалі, пакуль іх жанкі стомяцца гуляць па пяціпавярховай краме і вернуцца з пакупкамі.

Хлопчык падышоў да самага крайняга аўтамабіля, дастаў з вядра анучку і паглядзеў на мужчыну, які сядзеў за рулём і чытаў навіны ў інтэрнэце. Мужчына адарваў позірк ад экрана відэафона, заўважыў хлопчыка і кіўнуў, даючы дазвол на тое, каб памыць машыну.

Хлопчык вымыў гэтую машыну, за ёй яшчэ адну, і яшчэ… Ён змываў з аўтамабіляў пясок, пыл і сажу, і шэрыя машыны пераўтвараліся ў чырвоныя, белыя, сінія, зялёныя… Хлопчык нават знайшоў у сваім новым занятку пэўную прыгажосць і сэнс: яму падабалася рабіць свет чыстым і рознакаляровым. І ў кожнага, хто быў за рулём аўтамабіля, хлопчык пытаўся:

– Вы, часам, не ведаеце, дзе можна набыць глобус Еўропы?

Аўтамабілісты адмоўна круцілі галовамі: яны не цікавіліся ні астраноміяй, ні геаграфіяй. Толькі адзін мужчына, апусціўшы шкло, адказаў:

– На тым беразе, у Верхнім горадзе, стаіць вялікая астранамічная крама. Там ёсць усё аб космасе. Трэба перайсці мост, звярнуць направа, і праз чатыры кварталы ты дойдзеш да яе. Я якраз еду ў той бок. Я б цябе падвёз, але ў мяне светлы салон, а ты ўвесь чорны ад бруду, так што выбачай.

Шкло паднялося, аўтамабіль зароў і з ехаў з паркоўкі, а пасля знік за паваротам.

Хутка ў хлопчыка былі поўныя кішэні грошай. Іх было дастаткова, каб купіць жаданы падарунак. Хлопчык апаласнуў вядро і, павесіўшы яго на руку, скіраваўся ў бок Верхняга горада. Ён хацеў хутчэй патрапіць у вялікую астранамічную краму.

Хлопчык узышоў на мост. З кожным крокам ён набліжаўся да сваёй мары.

«Я скажу, – думаў хлопчык, – дайце мне самы вялікі, самы дакладны глобус Еўропы! Каб на ім былі бачныя ўсе будынкі, усе дамы! Цікава, з чаго яны зробленыя? На Еўропе многа льду, то, напэўна, там усё будуюць з яго!»

Вядро біла хлопчыка па каленцы і гучна бразгала.

«Я скажу: дайце такую Еўропу, каб яна ўся зіхацела і круцілася! І яшчэ каб на ёй паказваўся час – такі самы, які на сапраўднай Еўропе. Каб я ведаў, што ў майго таты зараз – дзень ці ноч».

Але, не дайшоўшы нават да сярэдзіны моста, што звязваў яго з марай, хлопчык пачуў крык. Ён агледзеўся, аднак на мосце не было пешаходаў, толькі аўтамабілі праносіліся міма, пакідаючы за сабой пах бензіну.

Хлопчык падышоў да краю моста і паглядзеў уніз. У рацэ плёскалася дзяўчынка. Яна сыходзіла пад ваду і зноў з яўлялася на паверхні, спуджана глытала паветра і цягнула рукі ўгару.

«Яна ж тоне!» – падумаў хлопчык. Ён ў адзін момант збег з моста да вады, паставіў вядро, скінуў чаравікі і, не задумваючыся, плюхнуўся ў ваду. Хлопчык плаваў, як дэльфін, таму праз некалькі імгненняў ужо быў каля дзяўчынкі. Ён падхапіў яе і пацягнуў да берага, дзе сабраліся людзі: яны жахліва заломвалі рукі, здымалі здарэнне на мабільныя відэафоны, але ў ваду не ішлі.

– Дзяўчынка! – перагаворваліся яны. – Яна ўпусціла ляльку ў ваду, пацягнулася за ёй, паслізнулася і ўпала з таго пагорка, а цячэнне ўхапіла яе і аднесла ад берага!

Як толькі дзяўчынка аказалася на пяску, людзі зашапталіся: «Дачка мэра! Гэта ж дачка мэра!» Усе адступілі яшчэ далей назад, каб, у выпадку чаго, не апынуцца вінаватымі.

Праз натоўп прарвалася жонка мэра. Яна падбегла да дачкі і схапіла яе на рукі. Дзяўчынка, спалоханая, але жывая, адкашлялася і заплакала.

– Донечка! Мая донечка! Усё добра, ты са мной, зараз мы паедзем дадому…

Кола людзей сашчапілася вакол шчаслівай мэравай жонкі з дзіцем. Хлопчык застаўся на пяску адзін.

Ён падцягнуў да сябе вядро і сунуў рукі ў кішэні. Кішэні былі пустыя – вада вымыла з іх грашовыя паперкі. Цячэнне адцягнула ўвесь заробак хлопчыка на сярэдзіну ракі, і купюры пярэстымі караблікамі павольна сплывалі да мора, а недзе ў астранамічнай краме блішчэла белымі бакамі прыгажуня Еўропа, да якой ізноў былі мільёны кіламетраў.

Хлопчык пачаў замярзаць. Ён уцягнуў шыю ў мокры каўнер і азірнуўся, шукаючы, дзе б можна было сагрэцца.

Раптам пачулася:

– Хлопчык? Дзе той хлопчык, што выцягнуў маю дачку?

Натоўп расступіўся, і жонка мэра падбегла да хлопчыка.

– Вось ты дзе! Дзякуй табе. Калі б не ты… – тут жанчына павярнулася да людзей і закрычала: – Гэты хлопчык – сапраўдны герой! Ён выратаваў маю донечку! Чаму ўсе стаяць? Дзе паліцыя? Дзе «хуткая дапамога»? Яго трэба сагрэць і ўзнагародзіць!

Людзі заапладзіравалі. Апладысменты атрымаліся ціхімі: гледачы не пераставалі здымаць свае відэаролікі, таму хлопалі вольнымі далонямі па сцёгнах. Чыесьці моцныя рукі падхапілі хлопчыка і панеслі ад ракі наверх – туды, дзе ўжо чулася скавытанне сірэны «хуткай дапамогі».

– Дарогу маленькаму герою! – крычалі вакол.

Хлопчык трымаў сваё вядро і думаў: «Мама будзе хвалявацца, чаму мяне так доўга няма…»

Хлопчыку надзелі бліскучы медаль на шыю і ўручылі вялікі, у рост самога героя, букет кветак. Мэр горада паціснуў «Юнаму выратавальніку на вадзе» руку і сказаў, звяртаючыся да тэлекамер:

– Сёння ты – герой. Гераізм – такая рэдкая з’ява ў нашы дні… Героі маюць права выбіраць сабе ўзнагароду, а мы не маем права быць скупымі. Хочаш, я адвяду цябе ў самы буйны магазін цацак, і ты возьмеш там усё, што табе захочацца?

– Не…

– Так-так, я ведаю. Напэўна, ты хочаш скіравацца ў магазін спартыўных тавараў?

– Не. Спадар мэр, я хачу ў вялікую встранамічную краму, – сказаў хлопчык і пачырванеў.

– Ты захапляешся астраноміяй? Які неверагодны хлопчык! Што ж, гэта твой выбар! Хай будзе так! – абвясціў мэр, і рэпарцёры зашчоўкалі фотаапаратамі.

Мэр пасадзіў хлопчыка ў свой аўтамабіль. Хлопчык ехаў, як сапраўдны прынц, кветкі казыталі яму шчокі і шыю, і ўсе жыхары горада паказвалі на машыну ды казалі: «Гэта той самы хлопчык, які выратаваў дачку мэра!»

Вялікая астранамічная крама была такая ж неабсяжная, як космас. Чаго ў ёй толькі не было! Папяровыя і электронныя энцыклапедыі, праектары Млечнага Шляху, зорныя карты, тэлескопы – ад самых маленькіх да такіх агромністых, што з імі ў камплекце прадаваліся лесвіцы! Тут можна было набыць кавалкі метэарытаў і астэроідаў, лунны грунт і меркурыянскія камяні (модніцы ўстаўлялі іх у пярсцёнкі), паветра з Венеры ў вакуумных шкляных тубах, скафандры, кансервы «Сняданак касманаўта», макеты ракет і касмічных караблёў, агурковую расаду, прарошчаную ва ўмовах бязважкасці – і, канешне, глобусы ўсіх планет і іх спадарожнікаў зямнога тыпу, розных фасонаў і мадыфікацый, ад нерухомых да такіх, якія ўмелі размаўляць на некалькіх мовах.

Крама пералівалася, свяцілася, міргала агеньчыкамі, з розных аддзелаў чулася музыка, размовы і «белы шум», праз які ледзьве заўважна прабіваліся сігналы з самых далёкіх куткоў Галактыкі.

У краме было поўна народу, і сам дырэктар ужо чакаў мэра і хлопчыка на першым паверсе, у цэнтры залы. Убачыўшы важных гасцей, дырэктар пакланіўся мэру і падскочыў да хлопчыка:

– Прывітанне! Выбірайце, выбірайце ўсё, што вам хочацца!

Хлопчык агледзеўся. Вочы мружыліся ад святла і асартыменту. «Абяры мяне!» – прасілі радары, навігатары і канструктары марсаходаў.

– Я хачу глобус Еўропы, – збянтэжана сказаў маленькі герой.

– Нечаканы выбар! – здзівіўся дырэктар і пляснуў у ладкі.– Прынясіце сюды самую новую Еўропу!

Праз хвіліну ў зале з явіліся асістэнты з падарункам. Вялікі, электронны, з блакітным унутраным падсвятленнем і падрабязным рэльефам ільдзяной, перарэзанай шнарамі ад метэарытаў, паверхні, зіхоткі, як дыямент, глобус Еўропы цяжка апусціўся ў рукі хлопчыка.

– Паглядзіце! Маленькі герой атрымаў сваю ўзнагароду! – ахнула зала ў захапленні. Мэр звярнуўся да хлопчыка – гучна, каб чулі ўсе прысутныя:

– Ты мог выбраць усё, што заўгодна – веласіпед, падарожжа ў любую краіну свету, мора цукерак або, напрыклад, пажыццёвы абанемент у кінатэатр. Але ты выбраў гэты цудоўны падарунак – глобус самага халоднага, нявывучанага да канца, патаемнага спадарожніка Юпітэра – каралевы льдоў і снягоў, марознай Еўропы. Запомніце гэтага хлопчыка! Магчыма, ён стане тым адважным каланізатарам, які адправіцца на Еўропу і заснуе там першую еўрапеніянскую касмічную базу!

– Што… што вы сказалі? – перапытаўся хлопчык.

– Я сказаў,– паўтарыў мэр, – што, магчыма, ты будзеш першым чалавекам, чыя нага кранецца ледзяной паверхні Еўропы.

Сэрца хлопчыка затахкала, перакрываючы гудзенне прыбораў і галасоў, а да горла падступіў горкі камяк.

– Хіба там не жывуць людзі? – спытаўся маленькі герой.

– Не, хлопчык, – рассмяяўся мэр. – Пакуль што на Еўропе няма нікога, з кім ты б мог павітацца за руку і задушэўна пагаварыць. Еўропа – адзіны з Галілеевых спутнікаў волата-Юпітэра, на які чалавецтва яшчэ не забралася. Першая экспедыцыя загінула, не дасягнуўшы Еўропы, восем гадоў таму назад. Але час, калі мы высадзімся на Еўропе, абавязкова надыдзе, дзякуючы такім героям, як ты!

Вялікая астранамічная крама ўзарвалася апладысментамі, заміргалі фотаўспышкі.

Вакол Юпітэра ляцелі па сваіх нязменных арбітах гарачая Ія, жалезны Ганімед, каменная Каліста, і на іх удзень і ўначы вялася бесперапынная праца: велізарныя буры ўгрызаліся ў лёд, цяжкія машыны драбілі скальную пароду, людзі неслі вахту на базах і каля іх.

А хлопчык прыціскаў да сэрца сваю халодную Еўропу, на якой яго ніхто не чакаў.

Мой дзень пачынаецца (зборнік)

Подняться наверх