Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 13

Алëна Беланожка
Маладзік па небе ходзіць

Оглавление

Караблі гінулі бязгучна – у вакууме не бывае гукаў. Яны проста ўспыхвалі, на імгненне пераўтвараліся ў прамяністыя зоркі і назаўсёды знікалі ў цёмнай прасторы Сусвету.

Караблі ведалі, што ідуць на смерць. Яны былі ваеннымі караблямі; яны з’явіліся на свет не для таго, каб пакрыцца ржой у касмічных доках заводаў, не за тым, каб зрабіцца музеямі мінулай славы ці бясслаўя. Караблі нараджаліся, каб перамагаць – і зноў ляцець наперад, на новага ворага, і знішчаць яго – або быць знішчанымі ім.

Той, хто лёгка ідзе на смерць, шчодра сее яе наўкол. У людзей гэта называецца гераізмам, у караблёў – прызначэннем. Караблі ведалі, што нясуць смерць. Так было наканавана.

Караблі ўмелі быць вернымі сваім экіпажам. Яны выносілі людзей з такога пекла, што людзі пачыналі верыць у цуд і складалі аб караблях легенды.

Калі ж, адзін за адным, гінулі тыя, каго неслі караблі ў сваіх бліскучых чэравах – ад камандзіраў, што трымалі штурвалы і вялі суды наперад, да тэхнікаў, якія наладжвалі работу сістэм, – караблі ўзрывалі сябе. Не здавацца ў палон, не апынуцца трафеем ворага – лепш смерць!


Карабель плыў па Сусвеце зусім адзін. Ён не ведаў, ці доўга дрэйфуе: на борце выйшаў са строю гадзіннік, і час спыніўся. У адкрытым космасе, дзе не ўзыходзяць сонцы ў ілюмінатарах, дзе маладзікі не змяняюцца поўнямі, не падаюць сігналаў спадарожнікі, няма не толькі гукаў – там не існуе часу, бо яго няма чым вымяраць.

Карабель быў яшчэ жывы. Яго сэрца – вялікі крышталь, перпетуум мобіле – магло выпраменьваць энергію вечна. Аднак карабель выключыў усе агні і прымусіў сваё сэрца заснуць. Цяпер яно не палымнела, а тлела глыбока пад абшыўкай, пакуль карабель прымаў рашэнне.

Карабель памятаў, як загінуў яго экіпаж. Спачатку камандзір – самым першым. Ён рассыпаўся на атамы пад шчыльным промнем зялёнага варожага святла. Потым два тэхнікі – падчас пажару, калі наладжвалі сістэмы тушэння агню: ім удалося згасіць полымя, аднак калі ў адсеку пайшоў дождж, здарылася кароткае замыканне, і моцны разрад электрычнасці адправіў абодвух на той свет. Пасля пакінула карабель штурман – яе выцягнула ў адкрыты космас праз прабіты бок рубкі. Рубка была задраена, таму астатнія адсекі не разгерметызаваліся, і людзі, калі б хто з іх застаўся ў жывых, маглі б яшчэ выратавацца. Але людзей у жывых не засталося. Яны выратавалі карабель і спапялілі ворага, але загінулі самі. У гэтай схватцы не аказалася пераможцаў.

Аднак карабель не мог аддаць каманду на самазнішчэнне: на борце яшчэ заставаўся Нумар Пяць.

У жаночай каюце, на тумбачцы каля ложка, у прыгожым белым гаршчэчку на магнітах, цвіла пеларгонія – тая самая, якую капітан падарыў жанчыне штурману на дзень нараджэння. Штурман назвала кветку Нумар Пяць, таму што тая была пятым, неафіцыйным, «членам экіпажа» на борце.

Пеларгонія была жывая. Яна дыхала, вельмі баялася холаду і смерці. Калі пачалася бойка, пеларгонія крычала ад жаху, і карабель чуў яе крык, нячутны людзям.

Для карабля кветка таксама была членам каманды. Раней ён ніколі не размаўляў з кветкамі, але зараз яму трэба было ад каго-небудзь атрымліваць загады. Ён быў добрым салдатам і выдатна ведаў іерархію: той, каго сабралі на канвееры, павінен служыць тым, у каго ўдыхнула жыццё прырода – і ніяк не наадварот. Нават калі ты звышінтэлектуальны карабель, у метал твайго корпуса ўплаўленыя ланцужкі ДНК, ты ўмееш чытаць думкі і вырашаць звышскладаныя задачы, усё роўна ты – другасны пасля той істоты, што самастойна вырасла з адной клеткі, явіўшы свету не перамогу тэхналогій, а цуд жыцця.

Трэба было вырашаць, што рабіць далей. Проста плыць па космасе было небяспечна.

Пяты нумар маўчаў.

І тады ўпершыню карабель сам звярнуўся да старэйшага па званні.

– Якія будуць загады? – спытаўся ён.

Кветка дрыжала. Яна не думала, што карабель звяртаецца да яе, ёй было страшна, холадна, цёмна і вельмі адзінока. А яшчэ яна вельмі хацела піць.

– Якія будуць загады? – паўтарыў карабель і дадаў: – Нумар Пяць, вы мяне чуеце?

Кветка вельмі ганарылася тым, што ў яе ёсць асабісты нумар, бо далёка не кожная расліна можа гэтым пахваліцца. Таму, пачуўшы, што да яе звярнуліся, пеларгонія прыўзняла лісткі:

– Я Нумар Пяць, я чую вас!

– Якія будуць загады, Нумар Пяць? – спытаўся карабель яшчэ раз.

Кветка ніколі ў жыцці не аддавала загады і наўрад ці адважылася б на гэта, аднак смага перамагла.

– Я хачу піць… – прашаптала пеларгонія.

– Паўтарыце запыт! – звярнуўся карабель да кветкі; у яго кампетэнцыю не ўваходзілі сведкі аб тым, што п’юць расліны.

– Вады! – прашаптала Нумар Пяць.

Карабель уключыў сістэму пажаратушэння ў адсеку. Са столі пырснуў дожджык, і кветка радасна расправіла пялёсткі, прымаючы ў іх празрыстыя кроплі вады. Вада расцяклася па падлозе, па фотаздымках, што віселі на сценах, па лістах дзённіка, які вяла штурман.

– Дзякуй. Дзякуй! – сказала кветка, калі наталіла смагу.

Карабель перакрыў ваду.

– А цяпер запаліце, калі ласка, святло – я баюся цемры! – папрасіла пеларгонія.

Карабель даў свайму вечнаму сэрцу каманду на абуджэнне. Яно шчоўкнула, ледзьве чутна загуло і заззяла мяккім блакітам. У каюце над кветкай успыхнула святло.

Нумар Пяць убачыла мокры нататнік, пакрыты чарнільнымі плямамі, і фотаздымкі, на якіх цяпер немагчыма было разабраць твараў.

– Што ж мы нарабілі! Мы знішчылі памяць… – сумна сказала кветка.

– Памяць у парадку, сістэмы не пашкоджаныя, – адказаў карабель.

– Ах, вы нічога не разумееце… – уздыхнула кветка. – Не віртуальную памяць… А рэчы і словы, якія нагадваюць аб падзеях…

– Рэчавыя доказы, – сказаў карабель.

– Доказы…

Кветка змоўкла.

Сэрца карабля выпраменьвала энергію. Ён чакаў новых загадаў. Ён ірваўся ў новы бой. Вакол шчэрылася цемрай міжзорная пустэча, усыпаная бледнымі пясчынкамі далёкіх галактык. Недзе сярод іх зіхацела тая, адкуль былі родам карабель і Нумар Пяць – недзе вельмі, вельмі далёка. Падчас апошняга бою карабель выштурхнула ў незнаёмы сектар касмічнай прасторы, і каб знайсці родную галактыку, спатрэбілася б нямала высілкаў.

Кветку не цікавілі зоркі і галактыкі, яна нічога ў іх не разумела.

– Вы сумуеце па людзях? – спыталася яна.

Карабель не ўмеў сумаваць. Ён умеў слухаць, атакаваць і абараняць.

– Паўтарыце пытанне.

Кветка ўздыхнула:

– Я сумую па іх. Яны ўмеюць смяяцца. Яны ўмеюць спяваць. Сумую па іх голасе… Голас людзей дорыць надзею. Я так хачу зноў пачуць іх галасы!

Карабель крыху падумаў і ўключыў па канале гучнай сувязі запіс бартавых перамоў членаў экіпажа.

…Мужчыны жартавалі, смяяліся. Штурман спявала дзіцячую песню-лічылку:

Маладзік па небе ходзіць,

Зоркі за сабою водзіць,

Хто схавацца не паспеў,

Той, як зорачка, згарэў!

Раз-два-тры, чатыры, пяць,

Я іду шукаць!


Ніхто з іх не збіраўся паміраць. Гэта быў лепшы экіпаж флоту! Яны ляцелі за перамогай!

А на эмблеме карабля зіхацеў маладзік, за якім выстраіліся ў шэраг чатыры дзясяткі зорачак – па зорачцы за кожны збіты варожы борт. Ён быў не проста караблём – ён быў караблём-легендай!

Раптам, зусім нечакана для сябе, карабель захацеў вярнуцца дадому і расказаць усім, як гераічна каманда змагалася і загінула. Ён захацеў зноў стаць у строй, адпомсціць за свой экіпаж і выгадаваць новых герояў.

А кветка, пачуўшы знаёмыя галасы, заплакала.

– Адвязіце мяне да людзей, – папрасіла яна. – Да жывых людзей…

Карабель уключыў лакатары, разгарнуў і выпрастаў усе антэны, адкрыў зорныя карты і пачаў сканіраваць прастору. Ён атрымаў загад і шукаў у космасе борт або планету з людзьмі.

І ён знайшоў яе – тую самую, што была месцам яго нараджэння.

Карабель змог вызначыць каардынаты свайго знаходжання і зарыентавацца ў прасторы. Ён мог бы сабой ганарыцца, калі б умеў! Цяпер ён ведаў, куды ляцець. І ведаў, навошта.

– Рыхтуюся да гіперскачка, – папярэдзіў карабель.

– І я рыхтуюся, – сказала кветка. Яна разумела, што будзе балюча, але была згодна патрываць, каб толькі хутчэй выбрацца з гэтага бяздоннага, пустога, чорнага космасу. Нумар Пяць затрымала дыханне…

Карабель пракалоў прастору і ўвайшоў у населеную зорную сістэму. Яна была такая знаёмая, утульная, абжытая, поўная касмічных станцый і радыёсігналаў! Па адной з арбіт у поясе жыцця лятала планета, у доках якой і быў сабраны карабель. Планета была невялікая, рудая, з белай шапачкай лёду на полюсе прыгожая, як дзяўчынка. На ёй жылі людзі. Але ўсё гэта – спадарожнікі, станцыі, сігналы і людзі – было, як за шчытом, надзейна схавана за шырокім воблакам астэроідаў і камет.

– Увага! Наперадзе – пояс астэроідаў. Паўтараю: наперадзе – пояс астэроідаў. Падрыхтавацца да манеўраў! – абвясціў карабель і бясстрашна нырнуў у каламесу каменных абломкаў.

Карабель спяшаўся выканаць загад. Ён лавіраваў паміж камянёў, танцаваў, ухіляўся ад іх вострых краёў. З кветкі абсыпаліся пырскі вады.

Раптам пачуўся глухі ўдар і трэск парванай абшыўкі. З прабоіны на кветку дыхнуў ледзяны Сусвет. Нумар Пяць вохнула ад рэзкага болю.

Карабель выйшаў з пояса астэроідаў.

– Планета па курсе, – абвясціў ён. – Дазвольце перайсці ў дрэйф. Нумар Пяць, чакаю загад.

Кветка маўчала.

– Нумар Пяць, чакаю загад, – паўтарыў карабель.

Нумар Пяць не адгукалася.

– Разгерметызацыя адсека, – абвясціла сістэма бяспекі.

Карабель актывізаваў сістэму распазнавання жыцця. Сістэма паказала адсутнасць жывых арганізмаў на борце: космас, які ўварваўся ў каюту штурмана, ператварыў пеларгонію ў крохкі лёд.

Карабель вельмі хацеў вярнуцца да людзей. Але, апроч сябе, цяпер яму не было каго вяртаць, а вяртацца аднаму было забаронена – гэта ганьба для любога салдата.

І карабель аддаў каманду «Самазнішчэнне». Потым яшчэ раз. І яшчэ. І зноў.

Сэрца карабля не ўзрывалася. Астэроід не проста ўскрыў абшыўку – ён пашкодзіў сістэму самаліквідацыі, і на борце не было нікога, хто б мог яе наладзіць.

Карабель знайшоў выйсце. Ён яшчэ мог накіравацца да зоркі і згарэць на падлёце да яе, а мог упасці на адну з незаселеных планет або сутыкнуцца з астэроідам, каб ад удару рассыпацца на маленькія кавалачкі. Але карабель вельмі хацеў зноў вярнуцца дадому, на сваю маленькую рудую планету… і выбраў для сустрэчы пустынную мясцовасць на яе паверхні, дзе ніколі не жылі людзі.

Міма праляталі спадарожнікі, эфір напаўняўся гукамі, музыкай, галасамі, пазыўнымі пасажырскіх і грузавых караблёў. Карабель набліжаўся да планеты, дзе яго даўно лічылі страчаным назаўсёды. Ён купаўся ў радыёхвалях і зноў, як многа разоў дагэтуль, радаваўся свайму вяртанню, хоць гэтым разам яно і было для яго апошнім.

Карабель увайшоў у атмасферу планеты. Яму стала цёпла – ці тое ад таго, што ён вярнуўся дадому, ці таму, што супраціўленне паветра раскаляла яго абшыўку – ён не ведаў. Ён ужо быў гатовы сустрэцца з зямлёй і з гонарам прыняць смерць, але раптам сістэма бяспекі залямантавала:

– Прама па курсе – чалавек! Прама па курсе – чалавек!

Далёка ўнізе, на самым дне атмасфернага акіяна, у той кропцы, куды падаў карабель, знаходзіўся чалавек.

Карабель пачаў тармажэнне і спыніўся ў некалькіх метрах ад паверхні планеты – проста над чалавекам. Гэта была маленькая дзяўчынка. Яна збірала кветкі сярод вялікага зялёнага поля. Карабель завіс над ёй, як гіганцкая залатапёрая птушка.

Дзяўчынка падняла галаву і шырока раскрыла вочы:

– Ого! Я падумала, што гэта воблака закрыла мне сонейка, а гэта зусім не воблака! Хто ты?

– Борт В-114, ваенны знішчальнік-перахватчык, пазыўны «Маладзік», – прадставіўся карабель.

– Нічога сабе! Той самы «Маладзік»? Ты не маніш?

Ад карабля патыхала гарачынёй, ён хоць і быў крыху пакамечаны ды з дзвюма прабоінамі па баках, але выглядаў вельмі салідна.

Дзяўчынка пералічыла зорачкі на борце карабля:

– Сорак!

– Трэба дадаць яшчэ тры, – заўважыў карабель.

Дзяўчынка пляснула ў ладкі:

– Ты ж увесь пабіты! Паглядзела б я на пілота, які вырабляў з табой такія штукі!

– Экіпаж загінуў,– паведаміў карабель.

– Ты вярнуўся дадому адзін? – дзяўчынка вельмі здзівілася. – Які ты смелы! Я б, напэўна, вельмі разгубілася і доўга плакала, і не знайшла б дарогу сама! Я і тут, бывае, блукаю. Мы нядаўна пераехалі. Раней тут была пустыня, а цяпер – зялёная зона! Суседзяў у нас пакуль вельмі мала… Слухай, а ты можаш… пакатаць мяне? Я ніколі не бывала там, высока-высока, дзе заўсёды ноч!

Карабель бясшумна апусціўся ў траву і паслухмяна адкрыў люкі. Дзяўчынка выратавала яго ад смерці. Цяпер яна была новым камандзірам борта.

– А што ты ўмееш рабіць? – спыталася маленькая камандзірша, калі заняла месца на мосціку.

– Страляць! – адказаў карабель.

– Не трэба страляць! Давай лепш… давай будзем спяваць? Я ведаю песню пра цябе! Я цябе навучу!

Карабель плыў над сваёй планетай. Зверху зіхацелі зоркі, унізе серабрыліся воблакі, а ў капітанскім крэсле сядзела дзяўчынка і спявала:

…Маладзік па небе ходзіць,

Зоркі за сабою водзіць,

Хто схавацца не паспеў,

Той, як зорачка, згарэў!


Зашыпелі дынамікі. З іх данеслася:

– «Маладзік», гэта вы? Неверагодна! «Маладзік», як чуеце? Прыём!

І маленькая камандзірша адказала:

– Я «Маладзік»! Чую вас добра! Я вярнуўся!

Мой дзень пачынаецца (зборнік)

Подняться наверх