Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 16
Мар’яна Вітэра
Оглавление[1989 г. н.]
Мы зтабою
Мы з табою два маленькія дзьмухаўцы,
Мы пакуль яшчэ жоўтыя, пяшчотныя,
Мы глядзім на свет вялізнымі вачыма,
І па нас поўзаюць казуркі.
Мы з табою дзве чырвоныя калючыя ружы,
Мы ямо адно аднаго сваёю жарсцю,
Мы гатовыя ў мора крыві, абы разам,
Але мы дужа хутка вянем.
Мы з табою дзве белыя каралеўскія лілеі,
Нашая ветлівасць – у ненавязлівасці,
Мы жывем сваім жыццём, нам падабаецца,
І ў нас ёсць чароўныя лілейчаты.
Мы з табою два старыя кактусы,
І да нас нават не хочуць набліжацца,
Іншым разам пальюць і забудуць.
Мы з табою большага й не просім.
«Падае дождж на старыя муры…»
Падае дождж на старыя муры,
Свецяцца кропелькі, быццам бы зоры,
І адкрываецца надпіс стары:
«Aut vincere, aut mori».
«шэрадзённа…»
шэрадзённа
і мы ўбачылі восень
а яна паглядзела на нас
вачыма памерлай лістоты
і цяжкіх шэрадзённых хмараў
доўга і натхнёна ў цішыні паркаў
мы глядзелі на восень, а яна – на нас.
нараджаліся думкі, але не было словаў,
бо яны з пэўнага часу сталі за непатрэбай,
святло ліхтароў, схаванае ў цёмных дрэвах,
асвятляла шлях, якому ніколі не надыдзе канец.
шчасце простае. занадта простае. і інакш не будзе.
важна толькі знайсці яго ў тым, чаго іншыя не бачаць.
восень самотным позіркам гаварыла з намі голасам дажджу
«Свет пахне аксалінам, марзозам, нікацінам…»
Свет пахне аксалінам, марзозам, нікацінам,
За нейкай сумнай спінай выходжу на праспект.
У ГУМа ўсе вітрыны, яе белыя прасціны,
І праз натоўп няспынны я назіраю снег!
«А мяне кахае вецер…»
А мяне кахае вецер.
Адчуваю, прадчуваю.
Ён спявае ціха песні,
Ён у твар мне лёгка дзьме.
А мяне кахае вецер —
Гаспадар у гэтым краі.
І мае пачуцці-вецці Ён схіляе да сябе.
«Толькі, на жаль, у вас няма крылаў…»
Толькі, на жаль, у вас няма крылаў.
Можаце дваццаць разоў перабраць словы.
І выдумляць новы сэнс, новы сэнс, новы.
Толькі, на жаль, у вас няма крылаў.
Божухна, як вы лятаеце? Нізка, нізка!
Хіба ж палётам назваць гэты бег можна?
Хутка падобным да помнікаў будзе кожны…
Божухна, як вы лятаеце? Нізка, нізка!
…Свет не расплюшчвае вочы – сны благія.
Хочацца паразумення, пяшчоты і веры.
Вылецець з даху… Ляцець праз нябесныя дзверы.
Свет не расплюшчвае вочы – сны благія.
Урбаніс-любоў
Мажліва, хтосьці любіць родны дом,
Дзе з коміну бруіцца лёгкі дым…
А я люблю бязлюднае метро
І подых вентыляцыі у ім.
Мажліва, хтосьці прагне цішыні
Ды спеваў птушак – музыкі лясоў…
Кагосьці, можа, цягне да зямлі,
Мяне – на дах высокіх забудоў.
Люблю штодзённы меладычны звон
І твары незнаёмых мне людзей.
І нават пляц пустых халодных дзён
Люблю я ўсіх палёў зямных мацней!
Валькірыі
У цёмным-цёмным лесе пад пнём № 4
Жывуць тры вельмі дробныя прыгожыя Валькірыі.
Варожымі і злоснымі не лічыць іх ніхто,
Такія ўжо маленькія! Мурашка ў паліто
На вочы цягне лінзы, ды нават тое шкло
Не дапаможа ўбачыць іх Мурашку ў паліто!
У іх ёсць імбрык з атам і кубачкі з часціцы,
Яны п’юць невідочную гарбату з палуніцамі.
Як свята, то гатуюць з нейтронамі пірог,
Пасыплюць іх пратонамі і клічуць на парог,
Але паколькі ў лесе іх ніхто знайсці не мог,
То самі і з’ядаюць гэты казачны пірог.
Але аднойчы ноччу Megaphragma Caribea
Раптоўна завітала ў хату скандынаўскіх феяў!..
Сястрычкі мітусяцца, нарэшце ў хаце госць!
З фундаментальных ферміёнаў згатавалі штось,
Усаджваюць за стол, крычаць-вішчаць: «Частуйся! Вось!»
Пад пнём № 4 сястрычкі й рэдкі госць.