Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 10
8. Мнаганожка
ОглавлениеПасля расправы са змяёй усе супакоіліся. Брэх сабакі спыніўся разам з лямантам Фяліма. Мустангі зноў спакойна стаялі пад ценем дрэў.
У хаціне ўсталявалася цішыня; толькі час ад часу было чуваць, як круціўся ірландзец на падсцілцы з мустангавай шкуры, не верачы больш у абарону кабрыэста.
Звонку цішыню парушаў толькі адзін гук, зусім не падобны на шолахі, якія даносіліся з хаціны. Гэта было нешта сярэдняе паміж шыпеннем алігатара і кваканнем жабы; аднак, паколькі гэты гук вылятаў з ноздраў Зеба Стумпа, наўрад ці ён мог быць чым-небудзь іншым, чым здаровым храпам заснулага паляўнічага. Яго гучнасць сведчыла, што Зеб моцна спіць.
Паляўнічы заснуў амаль адразу, як толькі зноў улёгся унутры вяровачнага кола. Жарт, які ён сыграў з Фялімам, каб адпомсціць за перапынены сон, заспакойліва падзейнічаў на яго, і ён цяпер цешыўся поўным адпачынкам.
Амаль цэлую гадзіну працягваўся гэты дуэт; час ад часу яму акампаніравалі крыкі вушастай савы і тужлівае выццё каёта.
Але вось зноў загучаў хор. Запявалам, як і ў мінулы раз, быў Фялім.
– Ратуйце, гіну! – закрычаў нечакана ірландзец, разбудзіўшы не толькі свайго гаспадара ў хаціне, але і госця на лужку. – Святая Дзева! Заступніца чыстых душ! Выратуй мяне!
– Выратаваць цябе? Ад каго? – спытаў Морыс Джэральд, зноў саскочыўшы з пасцелі і спешна запальваючы святло. – Што здарылася?
– Другая змяя, ваша міласць. Ох! Яй-богу, гадзюка, злейшая за тую, якую забіў містэр Стумп. Яна пакусала мне ўсе грудзі. Месца, дзе яна прапаўзла, гарыць, быццам каваль з Балібалаха апёк мяне распаленым жалезам.
– Пракляты ёлупень! – закрычаў Зеб Стумп, з’явіўшыся ў дзвярах з коўдрай на плячы. – Другі раз ты будзіш мяне, дурань!.. Прашу прабачэння, містэр Джэральд! Вядома, што дурняў хапае на ўсіх краінах – і ў Амерыцы, і ў Ірландыі, але такога ідыёта, як Фялім, я яшчэ не сустракаў. Гэта сапраўднае няшчасце! Наўрад ці нам сёння ўдасца заснуць, калі мы не ўтопім яго ў рэчцы.
– Ох, мілы Стумп, не гаварыце так! Клянуся, што тут зноў змяя! Я ўпэўнены, што яна яшчэ ў хаціне. Толькі хвіліну назад я адчуваў, як яна поўзала па мне.
– Гэта табе прыснілася, мабыць? – сказаў паляўнічы паўзапытальна і больш спакойна. – Кажу табе, што ні адна тэхаская змяя не перапаўзе цераз валасяную вяроўку. Тая напэўна ўжо была ў хаціне да таго, як ты палажыў ласо. Наўрад ці тут схаваліся дзве адразу. Зараз пашукаем…
– О Божа! – крычаў ірландзец, задзіраючы кашулю. – Вось ён, след змяі, якраз на рэбрах! Значыць, была тут другая! О Маці Божая, што са мной будзе? Пячэ, як агнём!
– Змяя? – усклікнуў Стумп, набліжаючыся да напалоханага ірландца і трымаючы над ім свечку. – Як жа, змяя! He, чорт вазьмі, клянуся, што гэта не змяя! Гэта горш!
– Горш за змяю? – усклікнуў Фялім у адчаі.– Горш, вы сказалі, містэр Стумп? Вы думаеце, гэта небяспечна?
– Як табе сказаць… Усё залежыць ад таго, ці знайду я сёе-тое паблізу і ці хутка. Калі не, то я не адказваю…
– О містэр Стумп, не пужайце мяне!
– У чым справа? – спытаў Морыс, убачыўшы на грудзях Фяліма ярка-чырвоную паласу, нібы праведзеную распаленым прутком. – Што ж гэта, у рэшце рэшт? – паўтарыў ён з нарастаючай трывогай, заўважыўшы, як заклапочана глядзіць паляўнічы на дзіўны след. – Я нічога падобнага не бачыў. Гэта небяспечна?
– Вельмі, містэр Джэральд, – адказаў Стумп, пазваўшы мустангера за дзверы хаціны і гаворачы шэптам, каб не пачуў Фялім.
– Але што ж гэта такое? – усхвалявана паўтарыў Морыс.
– След ядавітай мнаганожкі.
– Ядавітая мнаганожка! Яна яго ўкусіла?
– He, не думаю. Але гэтага і не патрабуецца. Хопіць таго, што мнаганожка прапаўзла – гэта можа быць смяротна.
– Божа міласэрны! Гэта так небяспечна?
– Так, містэр Джэральд. He раз я бачыў, як здаровы чалавек адпраўляўся на той свет з такой паласой. Трэба дапамагчы, і хутчэй, a то ў яго пачнецца гарачка, а потым памутнее розум, усё роўна як пасля ўкусу шалёнага сабакі. Але не трэба пужаць бедалагу, пакуль я не высветлю, ці нельга яму дапамагчы. У гэтых краях сустракаецца трава – адна гаючая расліна, і калі мне ўдасца хутка яе знайсці, тады вылечыць Фяліма будзе няцяжка. На жаль, месяц схаваўся, і прыйдзецца шукаць навобмацак. Я ведаю, што на абрыве шмат гэтага зелля. Ідзіце супакойце хлопца, а я пагляджу, што можна зрабіць. Праз хвілінку я вярнуся…
Гэты шэпт за дзвярамі ніколькі не заспакоіў Фяліма, а, наадварот, прывёў яго ў панічны стан. He паспеў стары паляўнічы адправіцца на пошукі лекавай расліны, як ірландзец выбег з хаціны з яшчэ больш жалобным енкам.
Прайшло нямала часу, перш чым Морысу ўдалося заспакоіць свайго малочнага брата, пераканаўшы яго, што небяспекі няма ніякай, хаця сам ён зусім не быў у гэтым упэўнены.
Неўзабаве ў дзвярах з’явіўся Зеб Стумп; па спакойнаму выразу яго твару няцяжка было здагадацца, што гаючая расліна знойдзена. У правай руцэ паляўнічы трымаў некалькі авальных лістоў цёмна-зялёнага колеру, якія густа і раўнамерна былі ўсаджаны вострымі калючкамі. Морыс пазнаў у іх лісце кактуса арэгана.
– He бойся, містэр Фялім, – сказаў стары паляўнічы, пераступаючы парог хаціны. – Цяпер баяцца няма чаго. Я дастаў кветачку, якая хутка выцягне гарачку з тваёй крыві, хутчэй, чым агонь спаліць пяро… Перастань выць, кажу табе! Ты разбудзіў усіх птушак, звяроў і гадаў на дваццаць міль уверх і ўніз па рацэ. Калі ты не змоўкнеш, сюды збягуцца ўсе каманчы, а гэта, бадай, будзе трохі горш, чым след станогага стварэння… Містэр Джэральд, пакуль я буду рыхтаваць прыпарку, пашукайце, чым яго перавязаць.
Перш за ўсё паляўнічы зрэзаў нажом калючкі. Затым, выдаліўшы скурку, ён нарэзаў кактус тонкімі скрылікамі, разлажыў іх на падрыхтаванай мустангерам чыстай анучцы і спрытна прылажыў гэту «прыпарку», як ён яе назваў, да барвовай паласы на целе Фяліма.
Кактус хутка падзейнічаў – яго сок быў добрым проціяддзем. I Фялім, заспакоены ўпэўненасцю, што небяспека мінула, а таксама ад стомленасці, забыўся моцным асвяжальным сном. Пасля няўдалай спробы зайсці мнаганожку – агіднага паўзуна, які, у адрозненне ад змяі, не баіцца перапаўзаць цераз валасяную вяроўку, доктар-самавучка вярнуўся на свой лужок, дзе спакойна праспаў да раніцы.
Ледзь развіднела, усе трое былі на нагах. Фяліма ўжо не трэсла ад ліхаманкі, і ён забыў усе страхі. Паснедаўшы рэшткамі смажанага індыка, яны сталі спешна збірацца да ад’езду. Разам са старым паляўнічым былы грум з Балібалаха рыхтаваў дзікіх коней да падарожжа праз прэрыю. Морыс тым часам займаўся сваім канём і крапчастай кабылай. Асабліва вялікую ўвагу ён удзяляў цудоўнай палонніцы: старанна расчэсваў ёй грыву і хвост, счышчаў з бліскучай шэрсці плямы бруду – сляды ўпартай пагоні, што сведчыла аб тым, як цяжка было накінуць ласо на яе гордую шыю.
– Кіньце! – сказаў Зеб, не без здзіўлення назіраючы за мустангерам. – Дарэмна вы так стараецеся. Вудлі Пойндэкстэр не з тых, хто адмаўляецца ад свайго слова. Вы атрымаеце дзвесце долараў – паверце старому Зебу Стумпу. Чорт вазьмі, яна і вартая гэтых грошай!
Морыс нічога не адказаў, але, мяркуючы па ўсмешцы, што зайграла ў кутках яго рота, можна было здагадацца, што кентукіец зусім не зразумеў прычыны яго асаблівай увагі да крапчастага мустанга.
He прайшло і гадзіны, як мустангер ужо рушыў у дарогу на сваім гнядым кані, ведучы за сабою на ласо крапчастую кабылу. Ззаду жвавай рыссю бег табун, за якім наглядаў Фялім.
Зеб Стумп на сваёй старой кабыле ледзь паспяваў за імі.
Ззаду, асцярожна ступаючы па калючай траве, трухала Тара.
Ніхто не застаўся ахоўваць хаціну: яны проста зачынілі дзверы, абцягнутыя конскай шкурай, каб унутр не забраліся чатырохногія жыхары прэрыі. I цяпер цішыня, што панавала навокал, парушалася толькі крыкам вушастай савы, віскам пумы і нудным брэхам галоднага каёта.