Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 5

3. Пуцяводная стрэлка

Оглавление

Падарожнікаў больш не турбавала дарога: след ласо цягнуўся бесперапыннай змейкай і быў так выразна бачны, што нават дзіця не збілася б з дарогі.

Ён не ішоў прама, а віўся паміж зараснікамі хмызнякоў. Часам, калі шлях ляжаў па мясцовасці, дзе не было дрэў, ён адхіляўся ўбок. Рабілася гэта невыпадкова: у такіх месцах былі глыбокія яры і іншыя перашкоды – змейка следу агінала іх, паказваючы дарогу фургонам.

– Як гэта прадбачліва з боку маладога чалавека! – сказаў Пойндэкстэр. – Сапраўды, я вельмі шкадую, што мы не спыталі яго імя. Калі ён служыць у форце, мы яшчэ сустрэнемся з ім.

– Несумненна! – усклікнуў Генры. – I я буду гэтаму вельмі рады.

Луіза сядзела, адкінуўшыся на спінку сядзення, – яна чула размову паміж бацькам і братам, але нічога не сказала, толькі ў яе поглядзе можна было прачытаць, што яна ўсім сэрцам надзяляе надзею брата.

Радуючыся хуткаму заканчэнню цяжкага падарожжа, а таксама магчымасці да захаду сонца ўбачыць свае новыя ўладанні, плантатар быў у цудоўным настроі. Гэты горды арыстакрат раптам удастоіў сваёй паблажлівай увагай усіх навакольных: папросту балбатаў з наглядчыкам, спыніўся пажартаваць з дзядзечкам Сцыпіёнам, які ледзь чыкільгаў на пакрытых пухірамі нагах, падбадзёрыў цётачку Хлою, якая ехала з немаўляткам на руках.

Цудоўна! – можа ўсклікнуць пабочны назіральнік, падмануты такой незвычайнай сцэнай, якую так старанна малююць пісакі, падкупленыя самім д’яблам. – У рэшце рэшт, якія цудоўныя патрыярхальныя норавы рабаўладальнікаў! I гэта пасля ўсяго, што мы гаварылі і зрабілі дзеля знішчэння рабства! Спроба разбурыць гэту старажытную пабудову – дастойны краевугольны камень рыцарскай нацыі – толькі філантрапічны дур, залішняя ўражлівасць. Вы, фанатыкі, што змагаецеся за знішчэнне рабства! Чаму вы паўстаяце супраць яго? Хіба вы не ведаеце, што адны павінны пакутаваць, павінны працаваць і галадаць, каб другія цешыліся раскошай і лянотай? Хіба вы не ведаеце, што адны павінны быць рабамі, каб другія былі свабоднымі?»

Гэтыя гаварэнні, якія нясуць пакуты мільёнам, у апошні час чуюцца занадта часта. Гора чалавеку, які прамаўляе іх, і нацыі, якая іх слухае!

* * *

Добры настрой плантатара, здавалася, падзялялі ўсе яго спадарожнікі, за выключэннем Калхаўна. Ён адбіваўся на тварах нявольнікаў, якія лічылі Пойндэкстэра крыніцай свайго шчасця ці няшчасця – усёмагутным, амаль як Бог.

Явы любілі яго менш, чым Бога, але баяліся больш, хаця яго нельга было назваць дрэнным гаспадаром – у параўнанні з іншымі рабаўладальнікамі. Ён не знаходзіў асаблівай асалоды ў здзеках над сваімі рабамі і быў задаволены, калі бачыў, што яны накормленыя і апранутыя, што скура іх блішчыць ад тлушчу. Бо па гэтых прыметах меркавалі пра дабрабыт яго самога – іх гаспадара. Ён часам вучыў іх плёткай, запэўніваючы, што гэта аказвае на іх дабратворнае ўздзеянне, аднак на скуры яго нявольнікаў не было ніводнага рубца ад жорсткіх катаванняў, а гэтым мог пахваліцца далёка не ўсякі рабаўладальнік штата Місісіпі.

Ці варта дзівіцца, што ў прысутнасці такога прыкладнага гаспадара ўсе былі ў добрым гуморы і нават нявольнікі, заразіўшыся агульнай радасцю, пачалі весела балбатаць!

Аднак лагодны настрой цягнуўся нядоўга. Ён быў перарваны не па віне тых, хто яго падзяляў: прычынай былі абставіны, якія ад іх не залежалі.

Як і прадказаў незнаёмец, сонца схавалася раней, чым паказаўся кіпарыс.

Але гэта не павінна было выклікаць занепакоенасць: след ласо быў добра бачны, і арыентавацца па сонцу не было неабходнасці. Аднак хмары, што зацягнулі неба, прыгнятальна паўплывалі на падарожнікаў.

– Можна падумаць, што ўжо змяркаецца, – скаваў плантатар, – а між тым усяго толькі тры гадзіны. Наша шчасце, што гэты малады чалавек дапамог вам. Калі б не ён, мы да захаду праблукалі б па гэтай выпаленай прэрыі. Бадай што, давялося б заначаваць прама на попеле…

– Ну і чорная была б пасцель! – жартаўліва адгукнуўся Генры, каб надаць размове больш вясёлы характар. – Ух і страшныя я бачыў бы сны, калі б давялося так спаць!

– I я таксама, – дадала сястра, выглядаючы з-за фіранак і ўглядаючыся ў далячынь. – Я ўпэўнена, што мне прысніліся б Плутон і Празерпіна ў пекле.

– Хі-хі-хі! – засмяяўся чорны фурман, які лічыўся ў кнігах плантацыі як Плутон Пойндэкстэр. – Mіca Луі ўбачыць мяне ў сне на гэтай чорнай прэрыі! Вось дзіўна дык дзіўна! Хі-хі-хі!

– Занадта рана вы пачалі весяліцца, – пачуўся змрочны голас капітана, які пад’ехаў у час гэтай размовы. – Глядзіце, як бы вам і на самай справе не давялося начаваць у гэтай чорнай прэрыі! Будзе добра, калі не здарыцца яшчэ чаго-небудзь горшага.

– Што ты хочаш гэтым сказаць, Каш? – спытаў плантатар.

– Я хачу сказаць, дзядзька, што гэты малойчык падмануў нас. Я не магу яшчэ гэтага сцвярджаць, але, здаецца, справа дрэнь. Мы праехалі ўжо больш за пяць міль… каля шасці, па-мойму, а дзе ж кіпарыс, аб якім ён гаварыў? Думаю, у мяне зрок не горшы, чым у іншых, аднак, як я ні ўглядаўся ў далячынь, я не ўбачыў ніякага дрэва.

– Але ж навошта яму падманваць нас?

– Ах, «навошта»! У тым і справа, што ў яго для гэтага можа быць шмат прычын.

– Назаві нам хаця б адну з іх, – пачуўся серабрысты голас з карэты, – мы з цікавасцю паслухаем.

– Вядома: ты будзеш слухаць з асаблівай цікавасцю ўсё, што датычыць гэтага суб’екта, – іранічна сказаў Калхаўн, – а калі я выкажу свае меркаванні, ты з уласцівай табе паблажлівасцю назавеш гэта дарэмнай трывогай!

– Гэта будзе залежаць ад таго, што ты скажаш, майстар Касій. Мне здаецца, што табе варта выпрабаваць вас. He можам жа мы думаць, што ты, ваенны і такі спрактыкаваны падарожнік, паддаўся беспадстаўнай трывозе!

Калхаўн зразумеў злую насмешку і, магчыма, устрымаўся б ад далейшай размовы, калі б на гэтым не настаяў Пойндэкстэр.

– Паслухай, Касій, растлумач жа, у чым справа? – сур’ёзна спытаў плантатар. – Тое, што ты вам сказаў, выклікае больш чым звычайную дапытлівасць. Якой мэтай мог кіравацца гэты малады чалавек, падманваючы вас?

– Ну што ж, дзядзька, – сказаў Калхаўн не так ганарыста, як раней, – я ж не сцвярджаю гэтага, я толькі выказваю свае меркаванні.

– Якія ж?

– Ну ці мала што можа здарыцца! У гэтых прэрыях нярэдка нападаюць на караваны – і не толькі на такія, як наш, але і на больш моцныя – рабуюць і забіваюць.

– Барані Божа! – з прытворным спалохам усклікнула Луіза.

– Індзейцы? – сказаў Пойндэкстэр.

– Часам бывае, што і індзейцы, але часцей за індзейцаў выдаюць сябе белыя, і яе толькі мексіканцы. Для гэтага дастаткова карычневай фарбы, парыка з конскага хваста, некалькіх пёраў для галаўнога ўбора і пабольш нахабства. Калі нас абрабуе банда «белых» індзейцаў – а гэта не раз здаралася, – то вінаваціць нам будзе некага, акрамя саміх сябе: мы будзем толькі пакараны за сваю даверлівасць да першага сустрэчнага.

– Божа мой, Касій! Гэта ж сур’ёзнае абвінавачванне. Няўжо ты хочаш сказаць, што гэты кур’ер – калі ён сапраўды кур’ер – заманьвае нас у пастку?

– He, дзядзька, я гэтага не кажу. Я толькі кажу, што такое здаралася; можа, ён нас і заманьвае…

– Магчыма, але малаверагодна, – пачуўся з карэты голас, поўны з’едлівай насмешкі.

– He, – усклікнуў Генры, які хоць і ехаў крыху наперадзе, але чуў усю размову, – твае падазрэнні несправядлівыя, Касій! Гэта паклёп. I я магу гэта табе даказаць. Глянь сюды.

Юнак стрымаў каня і паказаў на прадмет ля краю сцежкі, які ён да гэтага ўважліва разглядаў. Гэта быў калонападобны кактус; яго зялёны сакавіты ствол уцалеў ад агню.

Але Генры Пойндэкстэр звяртаў увагу сваіх падарожнікаў не на саму расліну, а на невялікую белую картку, што была наколата на адну з яе калючак. Той, хто знаёмы са звычаямі цывілізаванага грамадства, адразу здагадаўся б, што гэта візітная картка.

– Паглядзім, што там напісана, – сказаў юнак, пад’язджаючы бліжэй; ён прачытаў услых: «Кіпарыс бачны».

– Дзе? – спытаў Пойндэкстэр.

– Тут намалявана рука, – адказаў Генры. – Няма сумнення, што палец паказвае на кіпарыс.

Усе сталі глядзець у напрамку, пазначаным на картцы.

Калі б свяціла сонца, кіпарыс можна было б yбачыць з першага погляду. Але яшчэ нядаўна сіняе неба цяпер стала свінцова-шэрым, і колькі б падарожнікі ні напружвалі зрок, на гарызонце нельга было разгледзець нічога, што б нагадвала вершаліну дрэва.

– Нічога там няма, – упэўненым тонам заявіў Калхаўн. – Я перакананы, што гэта толькі новая хітрасць гэтага бадзягі.

– Ты памыляешся, – адказаў голас, які так часта пярэчыў Касію. – Паглядзі ў бінокль. Калі табе не здрадзіў твой цудоўны зрок, ты ўбачыш на гарызонце штосьці вельмі падобнае на дрэва, на высокае дрэва, – напэўна, гэта кіпарыс. Я ж ніколі не бачыла кіпарыса на балотах Луізіяны.

Калхаўн не захацеў узяць бінокль з рук кузіны – ён ведаў, што Луіза кажа праўду, і яму не патрэбны былі лішнія доказы.

Тады Пойндэкстэр узяў бінокль, наладзіў яго па сваіх блізарукіх вачах і выразна ўбачыў кіпарыс, які ўзвышаўся над прэрыяй.

– Правільна, – сказаў ён. – Кіпарыс бачны. Незнаёмец аказаўся чэсным чалавекам. Ты быў да яго несправядлівы, Каш. Мне не верылася, што ён мог так злосна пажартаваць… Слухайце, містэр Сансом! Аддайце распараджэнне вазніцам – трэба рухацца далей.

Калхаўн злосна прышпорыў каня і паскакаў па прэрыі; яму больш не хацелася ні размаўляць, ні заставацца ў кампаніі сваіх спадарожнікаў.

– Дай мне паглядзець на гэту картку, Генры, – сказала Луіза. – Мне хочацца ўбачыць стрэлку, якая так дапамагла нам. Знімі яе адтуль – няма чаго пакідаць яе на кактусе, раз мы ўбачылі дрэва.

Генры выканаў просьбу сястры, ні на хвіліну не задумаўшыся над яе патаемным сэнсам.

Коннік без галавы

Подняться наверх