Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 19

17. Пастка для мустангаў

Оглавление

Цяпер, калі ім больш нішто не пагражала, маладая крэолка з цікавасцю агледзелася навокал.

Яна ўбачыла невялікае возера, ці, кажучы па-тэхаску, сажалку; берагі яе былі пакрыты незлічонымі слядамі конскіх капытоў – мабыць, гэта было ўлюбёнае месца вадапою мустангаў. Высокая загарадзь з жэрдак акружала вадаём і двума разыходнымі крыламі цягнулася далёка ў прэрыю, утвараючы як бы лейку, у самай гарлавіне якой былі вароты; калі іх загароджвалі жэрдкамі, яны замыкалі загарадзь, і коні не маглі ні ўвайсці, ні выйсці.

– Што гэта? – спытала дзяўчына, паказваючы на загарадзь.

– Гэта пастка для мустангаў,– сказаў Морыс.

– Пастка для мустангаў?

– Караль для лоўлі дзікіх коней. Яны ходзяць паміж крыламі загарадзі, якія, як вы бачыце, цягнуцца далёка ў прэрыю. Іх прыцягвае вада, або мустангеры проста заганяюць іх сюды. Тады ўваход у караль загароджваецца, і тут іх ужо няцяжка злавіць.

– Бедныя жывёлы! Гэты караль належыць вам? Вы ж мустангер? Вы нам так сказалі?

– Так, я мустангер, але не палюю гэтым спосабам. Я люблю адзіноту і рэдка працую разам з іншымі мустангерамі, па гэтаму я не магу карыстацца каралем, для якога патрабуецца па крайняй меры дваццаць загоншчыкаў. Мая зброя, калі толькі можна яе так назваць, – вось гэта ласо.

– Вы так адмыслова ім валодаеце! Я чула пра гэта, ды і сама бачыла.

– Вы вельмі велікадушны. Аднак я не заслугоўваю гэтай пахвалы. У прэрыях ёсць мексіканцы, якія нібы нарадзіліся з ласо ў руках. I тое, што вы лічыце адмысловым, здалося б ім проста непаваротлівасцю.

– Я думаю, містэр Джэральд, што вы па сціпласці пераацэньваеце сваіх сапернікаў. Я чула зусім іншае.

– Ад каго?

– Ад вашага сябра містэра Зебулона Стумпа.

– Ха-ха! Стары Зеб – дрэнны аўтарытэт, калі справа тычыцца ласо.

– Я б хацела таксама навучыцца кідаць ласо, – сказала маладая крэолка, – але кажуць, што гэты занятак для дзяўчыны непрыстойны. He разумею, што ў ім дрэннага, а гэта так цікава!

– Непрыстойны? Гэта такі ж нявінны спорт, як катанне на каньках ці стральба з лука. Я знаёмы з адной дзяўчынай, якая цудоўна валодае гэтым майстэрствам.

– Яна амерыканка?

– He, мексіканка і жыве ў Рыо-Грандэ. Часам яна прыязджае да нас на Ляону: тут жывуць яе родзічы.

– Яна маладая?

– Так, прыкладна ваша равесніца, міс Пойндэкстэр.

– Высокая?

– Крыху ніжэйшая за вас.

– Але, канешне, намнога прыгажэйшая? Я чула, што мексіканкі сваёй прыгажосцю намнога пераўзыходзяць нас, амерыканак.

– Мне думаецца, што крэолкі не ўваходзяць у гэту катэгорыю, – з вытанчанай ветлівасцю адказаў ірландзец.

– Цікава, ці змагла б я навучыцца кідаць ласо? – працягвала маладая крэолка, як быццам не заўважыўшы камплімента. – Ці не позна мне за гэта брацца? Я чула, што мексіканцы пачынаюць з дзяцінства, па гэтаму яны і дасягаюць такой спрытнасці.

– Канешне не позна, – паспяшаўся адказаць Морыс. – Пройдзе год-два, і вы навучыцеся добра кідаць ласо. Я, напрыклад, усяго тры гады займаюся гэтай справай, і…

Ён замаўчаў, бо яму не хацелася паказацца хвальком.

– А цяпер вы валодаеце ласо лепш за ўсіх у Тэхасе? – закончыла субяседніца, адгадаўшы нявыказаную думку.

– Не-не! – смеючыся, запратэставаў ён. – Гэта стары Зеб так лічыць, а ён мяркуе аб маім майстэрстве, мабыць прымаючы сваё за ўзор.

«Што гэта – сціпласць? – не магла зразумець крэолка. – Ці гэты чалавек смяецца з мяне? Калі б гэта было так, я звар’яцела б».

– Вам, мабыць, хочацца вярнуцца да вашых сяброў? – сказаў Морыс, заўважыўшы яе рассеянасць. – Ваш бацька, мабыць, ужо непакоіцца, што вас так доўга няма. Ваш брат, ваш кузен…

– Так, ваша праўда, – паспяшалася яна адказаць тонам, у якім гучала нотка не то крыўды, не то прыкрасці.– Я не падумала пра гэта. Дзякую, сэр, што вы напомнілі мне пра мае абавязкі. Пара вяртацца.

Яны зноў ускочылі на коней. Неахвотна падабрала Луіза павады, неяк марудліва прасунула ногі ў страмёны; здавалася, ёй зусім не хацелася ехаць адсюль.

Калі яны зноў выехалі ў прэрыю, Морыс накіраваўся са сваёй спадарожніцай да месца пікніка самай кароткай дарогай.

Іх зваротны шлях ляжаў праз маляўнічае месца, вядомае ў Тэхасе як «пустазеллевая прэрыя». Так назвалі яе піянеры-пасяленцы, відаць не задумваючыся асабліва над выбарам назвы.

Ураджэнка Луізіяны ўбачыла вакол сябе вялізны сад, дзе цвіло мноства яркіх кветак, – сад, які межаваў з блакітным купалам неба і быў пасаджаны і вырашчаны самой прыродай.

Гэта маляўнічая мясцовасць выклікала ўзвышаныя пачуцці ў многіх, нават самых прымітыўных людзей. Я бачыў, як непісьменны звералоў, які звычайна не заўважаў ніякай прыгажосці, спыняўся сярод пустазеллевай прэрыі і, акружаны кветкамі, якія дакраналіся да яго грудзей, доўга любаваўся на цудоўныя венчыкі, што калыхаліся ў бязмежнай прасторы; і сэрца яго станавілася больш спагадлівым…

– Як тут хораша! – усклікнула ў захапленні крэолка, міжвольным рухам спыняючы каня.

– Вам падабаецца тут, міс Пойндэкстэр?

– Падабаецца? Гэта не тое слова, сэр. Я бачу перад сабой усё, што толькі ёсць самае цудоўнае ў прыродзе: зялёную траву, дрэвы, кветкі – усё, што мы вырошчваем з такой цяжкасцю і ўсё-такі не дасягаем такой беззаганнасці. Тут нічога нельга дадаць – гэта куточак некранутай прыроды, бездакорны ў сваёй дасканаласці.

– Тут не хапае дамоў.

– Але яны сапсавалі б пейзаж. Мне падабаецца, калі не відаць дамоў і чарапічных дахаў і коміны не тырчаць сярод маляўнічых сілуэтаў дрэў. Пад іх засенню мне хацелася б жыць, пад іх засенню мне хацелася б«*».

Слова «кахаць» гатова было сарвацца з яе губ. Але яна своечасова ўстрымалася і нечакана нават для сябе замяніла яго словам «памерці».

З боку маладога ірландца было б бязлітасна не прызнацца дзяўчыне ў тым, што яе словы былі нібы рэхам яго пачуццяў.

Але яго адказ прагучаў празаічна і холадна:

– Баюся, міс, што вам хутка надакучыла б такое суровае жыццё – без прытулку, без людзей, без…

– А вам, сэр? Чаму яно не надакучвае вам? Ваш сябар містэр Стумп казаў мне, што вы так жывяце ўжо некалькі гадоў. Гэта праўда?

– Гэта так – іншае жыццё мяне не вабіць.

– О, як бы я хацела сказаць тое ж самае! Як я вам зайздрошчу! Я ўпэўнена, што была б бясконца шчаслівай сярод гэтай цудоўнай прыроды.

– Адна? Без сяброў? Нават без даху над галавой?

– Я гэтага не казала… Але вы не сказалі мне, як вы жывяце. Ці ёсць у вас дом?

– Ён не заслугоўвае такой гучнай назвы, – смеючыся, адказаў мустангер. – Халупа, бадай, больш прыдатнае слова для таго, каб даць уяўленне аб маім хакале – адной з самых сціплых хацін у нашым краі.

– Дзе ж яна знаходзіцца? Недалёка ад тых месцаў, дзе мы сёння былі?

– He вельмі далёка адсюль – не болей мілі. Бачыце вершаліны дрэў на захадзе? Яны прыкрываюць маю хаціну ад сонца і абараняюць яе ад бур.

– Праўда? Як бы мне хацелася глянуць на яе! Простая хаціна, вы кажаце?

– Іменна.

– Стаіць у адзіноце?

– Няма ніякага жылля бліжэй як дзесяць міль ад яе.

– Сярод дрэў? Маляўнічая?

– Гэта ўжо як каму здасца.

– Мне хацелася б паглядзець на яе, каб мець уяўленне. Толькі адна міля адсюль, вы кажаце?

– Міля туды, міля назад – усяго дзве.

– Дробязь, гэта зойме не больш дваццаці хвілін.

– Я баюся, што мы злоўжывём цярпеннем вашых блізкіх.

– А можа, вашай гасціннасцю? Прабачце, містэр Джэральд, – працягвала дзяўчына, і лёгкі цень азмрочыў яе твар, – я не падумала аб гэтым. Мабыць, вы жывяце не адзін? У вашай хаціне ёсць яшчэ хто-небудзь?

– О так! Я пасяліўся тут не адзін. Са мной…

Перш чым мустангер закончыў сваю гаворку, ва ўяўленні Луізы ўзнік вобраз дзяўчыны яе гадоў, з бронзавым адценнем скуры, з міндалепадобным разрэзам вачэй. Зубы ў яе, мабыць, бялей за жэмчуг, на шчоках пунсовы румянец, валасы, як хвост Кастра, пацеркі на шыі, бранзалеты на руках і нагах, мудрагеліста вышытая кароткая спаднічка, макасіны з махрамі на маленькіх ножках. Такім уявіла сабе Луіза другога жыхара хаціны мустангера.

– Можа, з’яўленне гасцей, асабліва незнаёмых, будзе не зусім прыстойным?

– Наадварот, ён заўсёды вельмі рады гасцям, як сябрам, так і незнаёмым. Мой малочны брат вельмі дружалюбны чалавек, але яму, небараку, цяпер мала з кім даводзіцца сустракацца.

– Ваш малочны брат?

– Так. Яго завуць Фялім О’Ніл. Як і я, ён ураджэнец Ізумруднага вострава, графства Голуэй. Толькі ў яго гаворцы ірландскі акцэнт яшчэ больш чутны, чым у маёй.

– О, як бы мне хацелася яго паслухаць! Бо дыялект графства Голуэй вельмі своеасаблівы. Ці не так?

– Мне цяжка аб гэтым меркаваць, я ж сам адтуль. Але калі вы згодзіцеся на паўгадзінкі пакарыстацца гасціннасцю Фяліма, то зможаце скласці ўласнае меркаванне.

– З вялікім задавальненнем! Гэта будзе цікава, такое новае для мяне! Няхай бацька і астатнія пачакаюць. Там шмат дам і без мяне, няхай яны зоймуцца пошукамі нашых слядоў. Гэта будзе не менш цікава, чым абяцанае паляванне на мустангаў. А я з радасцю прыму ваша запрашэнне.

– Баюся толькі, што я нічога не змагу вам прапанаваць. Фялім некалькі дзён заставаўся адзін. Сам жа ён не паляўнічы, і, мабыць, наша кладоўка пустая. Добра, што вы паспелі закусіць перад гэтай жахлівай скачкай.

Канешне, не кладоўка Фяліма заставіла Луізу Пойндэкстэр збочыць з дарогі. He надта моцна цікавіла яе і вымаўленне ірландца. I не жаданне ўбачыць хаціну мустангера кіравала ёю. Яе штурхала пачуццё, якому яна не ў стане была супраціўляцца, нібы яна верыла, што гэта яе лёс.

Луіза наведала адзінокую хаціну на Аламо, пабывала пад яе дахам. Яна з цікавасцю разглядвала яе незвычайнае абсталяванне і была прыемна здзіўлена, убачыўшы ў хаціне кнігі, паперу, пісьмовыя прылады і іншыя дробязі, якія сведчылі аб адукаванасці гаспадара хакале. З відавочным задавальненнем слухала яна забаўную гаворку Фяліма; не адмовілася і ад усялякіх пачастункаў, за выключэннем таго, што яе больш за ўсё ўгаворвалі паспрабаваць: кропелькі асвяжальнага напітку з «гэтай вось бутлі». I нарэшце, вясёлая і ажыўленая, яна паехала.

Але яе ажыўленне было мімалётным. Прыўзняты настрой, выкліканы навізной уражанняў, знік. Зноў праязджаючы па прэрыі, усеянай кветкамі, яна глыбока задумалася. I раптам у яе мільганула думка, якая абдала яе сэрца пакутлівым холадам.

Можа, яна мучылася ад таго, што заставіла так доўга трывожыцца свайго бацьку, брата і сяброў? А можа, яна стала непакоіцца, што яе паводзіны палічаць легкадумнымі?

He, не гэта мучыла Луізу. Смутак, які азмрочыў яе твар, быў выкліканы зусім іншай думкай. Увесь дзень – па дарозе ад форта да месца пікніка, пры сустрэчы на паляне, у час адчайных уцёкаў ад дзікіх жарабцоў, калі Морыс Джэральд быў яе абаронцам, у хвіліны адпачынку ля возера, на зваротным шляху ў прэрыі, пад яго сціплым дахам – увесь гэты час спадарожнік быў з ёю толькі ветлівым і карэктным.

Коннік без галавы

Подняться наверх