Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 7
5. Жыллё паляўнічага на мустангаў
ОглавлениеТам, дзе Рыо-дэ-Нуэсес (Арэхавая рака) збірае свае воды з сотні рэчак і ручаін, якія ўсеялі карту, нібы галіны вялікага дрэва, ляжаць на дзіва маляўнічыя мясціны. Гэта ўзгорыстая прэрыя з раскіданымі па ёй дубовымі і арэхавымі гаямі, якія то тут, то там уздоўж берагоў зліваюцца ў суцэльныя зялёныя лясныя масівы.
Месцамі лес змяняецца густымі зараснікамі, дзе сярод разнастайных відаў акацыі расце кадайскі бальзам, крэазотавы хмызняк, дзікі альяс; там жа сустракаюцца экзатычная расліна цэрэус, разнастайныя кактусы і дрэвападобная юка.
Гэтыя калючыя расліны не радуюць земляроба, бо яны звычайна растуць на беднай зямлі; затое для батаніка і аматара прыроды тут шмат прывабнага, асабліва калі цэрэус раскрывае свае агромністыя, нібы васковыя, кветкі ці фукіера, высока падняўшыся над хмызняком, выкідвае, нібы разгорнуты флаг, сваё цудоўнае пунсовае суквецце.
Але ёсць там і ўрадлівыя месцы, дзе на чарназёмнай глебе растуць высокія дрэвы з пышным лісцем: індзейскае мыльнае дрэва, арэхавае дрэва, вязы, дубы некалькіх відаў, дзе-нідзе сустракаюцца кіпарысы і таполі; гэты лес пераліваецца ўсімі адценнямі зеляніны, і яго па справядлівасці можна назваць Цудоўным.
Ручаі ў гэтых месцах крыштальна чыстыя – яны адбіваюць сапфіравую сінь неба. Воблакі амаль ніколі не засланяюць сонца, месяца і зорак. Тут не ведаюць хвароб – ні адна эпідэмія не пранікла ў гэтыя блаславенныя мясціны.
Але цывілізаваны чалавек яшчэ не пасяліўся тут, і па-ранейшаму толькі адны чырванаскурыя каманчы прабіраюцца па заблытаных лясных сцежках, і то толькі калі вярхом на конях яны адпраўляюцца ў набег на пасяленні Ніжняй Нуэсес, або Ляоны. Нядзіўна, што дзікія звяры выбралі гэтыя глухія месцы сваім прыстанкам. Нідзе на ўсім Тэхасе вы не сустрэнеце столькі аленяў і пужлівых антылоп, як тут. Трусы ўвесь час мільгаюць перад вамі; крыху радзей трапляюцца на вочы дзікія свінні, тхары, суслікі.
Прыгожыя стракатыя птушкі ажыўляюць ландшафт. Перапёлкі з шамаценнем крылаў узвіваюцца ў неба; каралеўскі грыф лунае ў паветры; дзікі індзюк вялікіх памераў грэе на сонцы свае бліскучыя грудзі ля ўзлесся арэхавага гаю; а сярод перыстых акацый мільгае доўгі, падобны на нажніцы хвост птушкі-швачкі, якую мясцовыя паляўнічыя называюць «райскай птушкай».
Раскошныя матылькі то пырхаюць у паветры, шырока распасцёршы крылы, то адпачываюць на кветцы і тады здаюцца яе пялёсткамі. Агромністыя аксамітавыя пчолы гудуць сярод квітнеючых хмызнякоў, аспрэчваючы права на салодкі сок у калібры, якім яны амаль не ўступаюць па велічыні.
Аднак не ўсе жыхары гэтых духоўных мясцін бясшкодныя. Нідзе на ўсёй Паўночнай Амерыцы грымучая змяя не дасягае такіх памераў, як тут; яна хаваецца сярод густой травы разам з яшчэ больш небяспечнай макасінавай змяёй. Тут джаляць ядавітыя тарантулы, кусаюць скарпіёны; а мнаганожцы дастаткова прапаўзці па скуры, каб выклікаць ліхаманку, якая можа прывесці да пагібелі.
Па лясістых берагах рэк блукаюць плямісты ацэлот, пума і іх магутны родзіч – ягуар; іменна тут праходзіць паўночная мяжа яго распаўсюджання.
Па ўскраінах лясных зараснікаў хаваецца худы тэхаскі воўк, адзінокі і маўклівы, а яго родзіч, баязлівы каёт, шнарыць на адкрытай раўніне з цэлай зграяй сваіх сабратоў.
У гэтай жа прэрыі, дзе блукаюць такія лютыя драпежнікі, на яе сакавітых пашах пасвіцца самая высакародная і прыгожая з усіх жывёл, самы разумны з усіх чатырохногіх сяброў чалавека – конь.
Тут жыве ён, дзікі і вольны, не ведаючы капрызаў чалавека, незнаёмы з аброццю і цуглямі, з сядлом і ўюкам.
Але нават у гэтых запаветных месцах яго не пакідаюць у спакоі.
Чалавек палюе на яго і ўтаймоўвае яго. Тут быў злоўлены і прыручаны цудоўны дзікі конь. Ён трапіў у рукі маладому паляўнічаму на коней Морысу-мустангеру.
* * *
На беразе Аламо, крыштальна чыстага прытока Рыо-дэ-Нуэсес, стаяла сціплае, але маляўнічае жыллё, адно з тых, якіх шмат у Тэхасе.
Гэта была хаціна, пабудаваная з расшчэпленых папалам ствалоў дрэвападобнай юкі, убітых старчма ў зямлю, з дахам са штыкападобнага лісця гэтай жа гіганцкай лілеі.
Шчыліны паміж жэрдкамі, наперакор звычаям заходняга Тэхаса, былі не замазаны глінай, а завешаны з унутранага боку хаціны конскімі шкурамі, прыбітымі не жалезнымі цвікамі, а калючкамі з мексіканскага альясу.
Абрывы, што акалялі рачную даліну, былі багатыя на расліннасць, якая паслужыла будаўнічым матэрыялам для хаціны, – юку, агаву і іншыя непераборлівыя расліны; а ўнізе ўрадлівая даліна на многа міль была пакрыта цудоўным лесам, дзе раслі тутавыя, арэхавыя дрэвы і дубы. Лясная паласа абмяжоўвалася далінай ракі; вершаліны дрэў ледзь дасягалі краю абрыву.
У масіў лесу з боку ракі месцамі ўкліньваліся невялікія лугі, або саванны, парослыя сакавітай травой, вядомай у мексіканцаў пад назвай «грама».
На. адной з такіх паўкруглых палянак – ля самай ракі – прытулілася апісаная намі немудрагелістая хаціна; ствалы дрэў нагадвалі калоны, што падтрымлівалі дах ляснога тэатра.
Хаціна стаяла ў цяні, схаваная сярод дрэў. Здавалася, гэта зацінінае месца было абрана невыпадкова. Пабудову можна было бачыць толькі з боку ракі, і то толькі ў гам выпадку, калі стаць прама насупраць яе. Прымітыўная прастата будыніны і паблеклыя фарбы рабілі яе яшчэ больш непрыметнай.
Домік быў памерам з вялікую палатку. Акрамя дзвярэй, у ім не было іншых адтулін, калі не лічыць невялікага ачага, складзенага ля адной са сцен. Драўляная рама дзвярэй была абцягнута конскай шкурай і завешана пры дапамозе навесаў, зробленых з такой жа шкуры.
Ззаду хаціны знаходзіўся навес, падпёрты шасцю стаўбамі і пакрыты лісцем юкі; ён быў абнесены невялікай загараддзю з папярочных жэрдак, пры вязавых да ствалоў суседніх дрэў.
Такой жа загараддзю быў абнесены ўчастак лесу каля акра велічынёй, размешчаны паміж хацінай і адвесным берагам ракі. Зямля там была ўсеяна мноствам адбіткаў капытоў і месцамі цвёрда ўтаптана; няцяжка было здагадацца, што гэта караль – загон для дзікіх коней – мустангаў.
Сапраўды, унутры гэтага загона знаходзілася каля дзясятка коней. Іх дзікія, перапужаныя вочы і парывістыя рухі не пакідалі сумнення ў тым, што яны толькі нядаўна злоўлены і што ім нялёгка пераносіць няволю.
Убранне хаціны не пазбаўлена было некаторай утульнасці і камфорту. Сцены ўпрыгожваў суцэльны дыван з мяккіх бліскучых шкур мустангаў. Шкуры – чорныя, гнядыя, плямістыя і беласнежныя – радавалі вока: відаць было, што іх падабраў чалавек з густам.
Мэбля была надзвычай простая: ложак – козлы, абцягнутыя конскай шкурай, дзве самаробныя табурэткі – паменшаная разнавіднасць таго ж узору, і просты стол, збіты з аполкаў юкі,– вось і ўсё абсталяванне. У кутку віднелася нешта накшталт другой пасцелі – яна была змайстравана з тых жа непазбежных конскіх шкур.
Зусім нечаканымі ў гэтай сціплай хаціне былі паліца з кнігамі, пяро, чарніла, паштовая папера і газеты на стале.
Былі тут і іншыя рэчы, якія не толькі напаміналі аб цывілізацыі, але і гаварылі аб вытанчаным гусце: цудоўны скураны куфэрак, двухствольная стрэльба, сярэбраны кубак чаканнай работы, паляўнічы рог і сярэбраны свісток.
На падлозе стаяла некалькі прадметаў кухоннага начыння, пераважна бляшаных; у кутку вялікая бутля ў лазовай пляцёнцы, у якой, мабыць, быў напітак больш моцны, чым вада з Аламо.
Астатнія рэчы тут былі да месца: мексіканскае, з высокай лукой, сядло, аброць з плеценага конскага воласу, такія ж павады, два ці тры серапе, некалькі маткоў сырамятнага рэменя.
Такім было жыллё мустангера, такім было яго абсталяванне.
На адной з табурэтак пасярод пакоя сядзеў чалавек, які ніяк не мог быць самім мустангерам. Ён зусім не быў падобны на гаспадара. Наадварот, па ўсяму яго выгляду – па выяўленню звыклай пакорнасці – можна было беспамылкова сказаць, што гэта слуга.
Аднак ён зусім не быў дрэнна апрануты і не рабіў уражання чалавека галоднага ці наогул абяздоленага. Гэта быў таўстун з капой рыжых валасоў і з чырвоным тварам; на ім быў касцюм з грубай тканіны – напалову плісавы, напалову вельветавы. З плісу былі пашыты яго штаны і гетры; а з вельвету, некалі бутэлечна-зялёнага колеру, але ўжо даўно выцвілага і цяпер амаль карычневага, – паляўнічая куртка з вялікімі кішэнямі на грудзях. Фетравы капялюш з шырокімі апушчанымі палямі давяршаў касцюм гэтага чалавека, калі не ўпамянуць грубую каленкоравую кашулю з абыякава завязаным вакол шыі чырвоным шалікам і ірландскія чаравікі.
He толькі ірландскія чаравікі і плісавыя штаны выдавалі яго нацыянальнасць. Яго губы, нос, вочы, уся яго знешнасць і манеры гаварылі аб тым, што ён ірландзец.
Калі б у каго-небудзь і ўзнікла сумненне, то яно рассеялася б, як толькі таўстун адкрыў бы рот, каб пачаць гаварыць – што ён і рабіў час ад часу, – з такім вымаўленнем гавораць толькі ў графстве Голуэй. Можна было падумаць, што ірландзец размаўляе сам з сабою, бо ў хаціне, акрамя яго, быццам нікога не было. Аднак гэта было не так. На падсцілцы з конскай шкуры перад тлеючым ачагом, уткнуўшыся носам у попел, ляжаў вялікі сабака. Здавалася, ён разумеў мову свайго субяседніка. Ва ўсякім разе, чалавек звяртаўся да яго, нібы чакаў, што ён зразумее кожнае слова.
– Што, Тара, неацэнная мая, – усклікнуў чалавек у плісавых штанах, – хочаш назад у Балібалах? Напэўна, рада была б пабегаць у двары замка па чыстых плітах! I падкармілі б цябе там як трэба, a то, глянь, скура ды косці – усе рэбры пералічыць можна. Дружочак ты мой, мне і самому туды хочацца! Але хто ведае, калі малады гаспадар надумае вярнуцца ў родныя мясціны! Ну нічога, Тара! Ён хутка паедзе ў пасёлак, стары ты мой дружа, абяцаў і нас прыхапіць – і то добра. Чорт вазьмі! Вось ужо тры месяцы, як я не быў у форце. Можа, там я і сустрэну якога-небудзь дружка сярод ірландскіх салдат, якіх сюды днямі прыслалі. Ну ўжо і вып’ем тады! Праўда, Тара?
Пачуўшы сваё імя, сабака падняў галаву і фыркнуў у адказ.
– Ды і зараз добра было б прамачыць горла, – працягваў ірландзец, кідаючы прагны позірк у бок бутлі.– Толькі вось бутля ўжо амаль пустая, і малады гаспадар можа спахапіцца. Ды і нячэсна піць без дазволу. Праўда, Тара?
Сабака зноў падняў морду над попелам і зноў фыркнуў.
– Ты ж у мінулы раз сказала «ага»? I цяпер кажаш тое ж самае? А, Тара?
Сабака зноў выдаў той жа гук, які мог быць выкліканы невялікай прастудай або попелам, што трапіў яму ў ноздры.
– Зноў «ага»? Так і ёсць! Вось што гэтае нямое стварэнне хоча сказаць! He спакушай мяне, стары злодзей! Не-не, ні кроплі віскі. Я толькі дастану корак з бутлі і панюхаю. Напэўна гаспадар нічога не заўважыць; а калі б нават і заўважыў – ён не раззлуецца. Толькі панюхаць – гэта ж не бяда.
З гэтымі словамі ірландзец устаў і накіраваўся ў куток, дзе стаяла бутля.
Нягледзячы на ўсе запэўненні, у яго руках было штосьці зладзейскае – не то ён не быў упэўнены ў сваёй чэснасці, не то сумняваўся, ці хопіць у яго сілы волі процістаяць спакусе.
Ён пастаяў крыху, прыслухаўся, абярнуўшыся да дзвярэй; потым падняў спакуслівую пасудзіну, выцягнуў корак і паднёс рыльца бутлі да носа.
Некалькі секунд ён заставаўся ў гэтай позе; у цішыні толькі час ад часу чулася фырканне, падобнае да таго, якое выдаваў сабака і якое ірландзец вытлумачыў як сцвярджальны адказ на свае сумненні. Гэты гук выражаў задавальненне ад духмянага моцнага напою.
Аднак гэта заспакоіла яго толькі на кароткі час; паступова дно бутлі падымалася ўсё вышэй, а рыльца яе з той жа хуткасцю апускалася прама да выцягнутых губ.
– Чорт вазьмі! – усклікнуў ірландзец яшчэ раз, глянуўшы крадком на дзверы. – Плоць і кроў не могуць процістаяць паху гэтага цудоўнага віскі – як не паспрабаваць яго! Было не было! Я толькі адну кроплю, толькі б змачыць кончык языка. Можа, апяку язык… ну ды ладна.
I горла бутлі прыйшло ў сутыкненне з губамі; але, відаць, справа ішла не аб «кроплі, каб змачыць кончык языка», – пачулася бульканне вадкасці, якое сведчыла, што ірландзец, відаць, вырашыў прамачыць як след усю гартань і нават больш.
Цмокнуўшы з задавальненнем некалькі разоў, ён заткнуў бутлю коркам, паставіў яе на месца і зноў усеўся на сваю табурэтку.
– Ах ты, старая шэльма Тара! Гэта ты ўвяла мяне ў спакусу. Ну нічога, гаспадар не даведаецца. Усё роўна ён хутка паедзе ў форт і зможа зрабіць новы запас.
Некалькі хвілін ірландзец сядзеў моўчкі. Ці думаў ён пра сваю правіннасць, ці проста цешыўся ўздзеяннем алкаголю – хто ведае?
Неўзабаве ён зноў загаварыў:
– I што гэта майстра Морыса так цягне ў пасёлак? Ён сказаў, што адправіцца туды, як толькі зловіць крапчастага мустанга. I на што яму раптам так спатрэбіўся гэты канёк? Гэта не так сабе. Гаспадар ужо тры разы паляваў на яго і не змог накінуць вяроўку на шыю гэтаму дзікаму стварэнню – а сам жа ён быў на гнядым, во як! Ён кажа, што разаб’ецца ў блін, а ўсё ж такі зловіць яго, яй-богу! Хутчэй бы ўжо, a то як бы не давялося нам з табой тарчаць тут да той самай раніцы, калі пачнецца Страшны суд… Ш-ш! Хто там?
Гэты вокліч вырваўся ў ірландца таму, што Тара саскочыла са сваёй падсцілкі і з брэхам кінулася да дзвярэй.
– Фялім! – пачуўся голас знадворку. – Фялім!
– Вось і гаспадар, – прамармытаў Фялім, ускочыўшы з табурэткі і накіраваўшыся ўслед за сабакам да выхаду.