Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 4
2. След ласо
ОглавлениеHe засталося ніякіх сумненняў, што фургоны Вудлі Пойндэкстэра ішлі па слядах сваіх жа калёс.
– Нашы сляды! – прамармытаў Калхаўн; зрабіўшы гэта адкрыццё, ён нацягнуў павады і пачаў сыпаць праклёны.
– Нашы сляды? Што ты гэтым хочаш сказаць, Касій? Няўжо мы едзем…
– …па нашых уласных слядах. Так, іменна гэта я і хачу сказаць. Мы апісалі поўны круг. Глядзіце: вось задні капыт майго каня – адбітак паловы падковы, а вось сляды неграў. Цяпер я пазнаю і месца. Гэта той самы ўзгорак, адкуль мы спускаліся пасля нашага апошняга прыпынку. Вось ужо чартоўскі не пашанцавала – дарэмна праехалі каля дзвюх міль!
Цяпер на твары Калхаўна бачыцца не толькі разгубленасць – на ім з’явілася горкая прыкрасць і сорам. Гэта ён вінаваты, што ў караване няма сапраўднага правадніка. Той, якога нанялі ў Індыяноле, суправаджаў іх да апошняй стаянкі; там, паспрачаўшыся з ганарыстым капітанам, папрасіў разлік і адправіўся назад.
Усё гэта, а таксама празмерная самаўпэўненасць, з якой ён узяўся сам весці караван, вымушаюць цяпер пляменніка плантатара адчуваць пакутлівы сорам. Яго настрой робіцца змрочным, калі набліжаецца карэта і цудоўныя вочы бачаць яго разгубленасць.
Пойндэкстэр больш не задае пытанняў. Усім цяпер ясна, што яны збіліся з дарогі. Нават басаногія пешаходы пазналі сляды сваіх ног і зразумелі, што ідуць па гэтых месцах ужо другі раз.
Караван зноў спыніўся; коннікі ўзбуджана раяцца. Становішча сур’ёзнае – так думае і сам плантатар. Ён страціў надзею да наступлення цемнаты закончыць падарожжа, як меркавалася раней.
Але гэта яшчэ не самая вялікая бяда. Хто ведае, што чакае іх наперадзе? Выпаленая прэрыя поўная небяспек. Можа стацца, што ім давядзецца правесці тут ноч і не будзе дзе ўзяць вады, каб напаіць мулаў. А можа, і не адну ноч?
Але як жа знайсці дарогу? Сонца пачынае хіліцца да захаду, хаця ўсё яшчэ стаіць занадта высока, каб улавіць, у які бок яно рухаецца; аднак праз некаторы час можна будзе вызначыць кірункі свету.
Але што толку? Нават калі яны даведаюцца, дзе знаходзіцца ўсход, захад, поўнач, поўдзень, нічога не зменіцца – яны згубілі напрамак!
Калхаўн стаў асцярожней. Ён ужо больш не прэтэндуе на ролю правадніка. Пасля такой ганебнай няўдачы ў яго не хапае на гэта смеласці.
Хвілін дзесяць яны раяцца, але ніхто не можа прапанаваць разумны план дзеянняў. Ніхто не ведае, як вырвацца з гэтай чорнай прэрыі, якая зацягвае чорнай заслонай не толькі сонца і неба, але і твары тых, хто трапіў у яе межы.
Высока ў небе з’явілася чарада чорных грыфаў. яны ўсё набліжаюцца. Некаторыя з іх апускаюцца на зямлю, другія кружацца над галовамі заблудзіўшых падарожнікаў. У паводзінах драпежнікаў ёсць нешта злавеснае.
Прайшло яшчэ дзесяць цяжкіх хвілін. I раптам да людзей вярнулася бадзёрасць: яны ўбачылі конніка, які скакаў прама да абозу.
Якая нечаканая радасць! Хто б мог падумаць, што ў такім месцы можна сустрэць чалавека! Зноў надзея засвяцілася ў вачах вандроўнікаў – у конніку, што набліжаўся да іх, яны бачаць свайго выратавальніка.
– Ён жа едзе да нас, ці не так? – спытаў плантатар, не верачы сваім вачам.
– Так, бацька, ён едзе прама да вас, – адказаў Генры і стаў крычаць і размахваць капелюшом высока над галавой, каб прыцягнуць увагу конніка.
Але гэта было залішне – коннік і без таго заўважыў спынены караван. Ён скакаў галопам і хутка наблізіўся настолькі, што можна было аклікнуць яго.
Ён нацягнуў павады, толькі калі мінуў абоз, і пад’ехаў да плантатара і яго спадарожнікаў.
– Мексіканец, – прашаптаў Генры, зірнуўшы на адзенне незнаёмца.
– Тым лепш, – гэтак жа ціха адказаў яму бацька. – Тады ён напэўна ведае дарогу.
– Нічога мексіканскага ў ім няма, акрамя касцюма, – прамармытаў Калхаўн. – Я зараз гэта праверу… Buenos dіas, cavallero! Esta Vuestra Mexіcano? (Добры дзень, кабальера! Вы мексіканец?)
– О не, – адказаў той, усміхнуўшыся. – Я зусім не мексіканец. Я магу гаварыць з вамі па-іспанску, калі хочаце, але мне здаецца, вы лепш зразумееце мяне, калі мы будзем гаварыць па-англійску – гэта ж ваша родная мова? Ці не так?
Калхаўн падумаў, што дапусціў нейкую памылку ў сваёй фразе ці ён справіўся з вымаўленнем, і па гэтаму ўстрымаўся ад адказу.
– Мы амерыканцы, сэр, – адказаў Пойндэкстэр з пачуццём абражанай нацыянальнай годнасці. Затым, нібы баючыся пакрыўдзіць чалавека, ад якога чакаў дапамогі, дадаў: – Так, сэр, мы ўсе амерыканцы, з паўднёвых штатаў.
– Гэта лёгка вызначыць па вашых спадарожніках, – сказаў коннік з ледзь улоўнай пагардлівай усмешкай, зірнуўшы ў бок неграў-нявольнікаў.– Няцяжка заўважыць таксама, – дадаў ён, – што вы ўпершыню падарожнічаеце па прэрыі. Вы збіліся з дарогі.
– Так, сэр, у вас няма ніякай надзеі знайсці яе, калі толькі вы не будзеце так ласкавы і не дапаможаце нам.
– Ці варта гаварыць пра такія дробязі! Зусім выпадкова я заўважыў вашы сляды, калі ехаў па прэрыі. Я зразумеў, што вы заблудзілі, і прыскакаў сюды, каб дапамагчы вам.
– Гэта вельмі высакародна з вашага боку. Мы вам удзячны, сэр. Мяне завуць Пойндэкстэр – Вудлі Пойндэкстэр з Луізіяны. Я купіў маёнтак на беразе Ляоны, паблізу ад форта Індж. Мы спадзяваліся дабрацца туды завідна. Як вы думаеце, мы паспеем?
– Разумеецца. Калі толькі будзеце прытрымлівацца маіх указанняў.
Сказаўшы гэта, незнаёмец ад’ехаў на некаторую адлегласць убок і паскакаў на вяршыню ўзгорка. Адтуль ён стаў напружана ўглядацца ў далячынь, відаць стараючыся вызначыць, у якім напрамку павінны рухацца падарожнікі.
Сілуэт конніка прыгожа вырысоўваўся на фоне неба.
Пародзісты гняды конь – нават арабскаму шэйху не сорамна было б сесці на такога каня! – шыракагруды, на стройных, як трыснёг, нагах, з магутным крыжам і цудоўным густым хвастом. А на спіне ў яго коннік – малады чалавек гадоў дваццаці пяці, ладна складзены, з правільнымі рысамі твару, у маляўнічым касцюме мексіканскага ранча: на ім аксамітавая куртка, штаны са шнуроўкай па баках, боты са шкуры бізона з цяжкімі шпорамі; ярка-чырвоны шаўковы шалік апаясвае талію; на галаве чорны глянцавы капялюш, аздоблены залатым пазументам. Уявіце такога конніка, які сядзіць у глыбокім сядле маўрытанскага стылю і мексіканскай работы, са скураным, упрыгожаным ціснёнымі ўзорамі чапраком, падобным на тыя, якімі накрывалі сваіх коней канкістадоры. Уявіце сабе такога кабальера – і перад вашым поглядам будзе той, на каго глядзелі плантатар і яго спадарожнікі.
А з-за фіранак карэты на конніка глядзелі вочы, якія выдавалі зусім асаблівае пачуццё. Першы раз у жыцці Луіза Пойндэкстэр убачыла чалавека, які, здавалася, быў рэальным увасабленнем героя яе дзявочых летуценняў. Незнаёмец быў бы задаволены, калі б даведаўся, якое хваляванне выклікаў ён у сэрцы маладой крэолкі.
Але як ён мог гэта ведаць? Ён нават не падазраваў аб яе існаванні. Яго погляд толькі слізгануў па запыленай карэце – так глядзяць на несамавітую ракавіну, не падазраючы, што ўнутры яе схавана каштоўная жамчужына.
– Слова гонару! – сказаў коннік, звяртаючыся да ўладальніка фургонаў.– Я не магу знайсці ніякіх прымет, якія дапамаглі б вам дабрацца да месца. – Але дарогу туды я ведаю. Вам прыйдзецца пераправіцца цераз Ляону ў пяці мілях ніжэй форта, а паколькі я і сам накіроўваюся да гэтага броду, то вы можаце ехаць па слядах майго каня. Да пабачэння, спадары!
Развітаўшыся так раптоўна, незнаёмец прышпорыў каня і паскакаў галопам.
Гэты нечаканы ад’езд здаўся плантатару і яго спадарожнікам даволі няветлівым. Але яны не паспелі нічога сказаць, як убачылі, што незнаёмец вяртаецца. He прайшло і дзесяці секунд, як коннік зноў быў з імі. Усе дзівіліся, што прынудзіла яго вярнуцца.
– Баюся, што сляды майго каня вам мала дапамогуць. Пасля пажару тут паспелі пабываць мустангі. Яны пакінулі тысячы адбіткаў сваіх капытоў. Праўда, мой конь падкаваны, але ж вы не прызвычаіліся адрозніваць сляды, і вам будзе цяжка разабрацца, бо на сухім попеле ўсе конскія сляды амаль аднолькавыя.
– Што ж вам рабіць? – спытаў плантатар з адчаем у голасе.
– Мне вельмі шкада, містэр Пойндэкстэр, але я не магу суправаджаць вас. Я павінен тэрмінова даставіць у форт данясенне. Калі вы згубіце мой след, трымайцеся так, каб сонца было ў вас справа, а вашы цені падалі налева, пад вуглом каля пятнаццаці градусаў да лініі руху. Міль пяць рухайцеся прама наперад. Потым вы ўбачыце вершаліну высокага дрэва – кіпарыса. Кіруйце прама да гэтага дрэва. Яно стаіць на самым беразе ракі, непадалёк ад броду.
Малады коннік ужо нацягнуў павады і гатовы быў зноў паскакаць, але штосьці прымусіла яго стрымаць каня. Ён убачыў цёмныя бліскучыя вочы, якія глядзелі з-за фіранак карэты, – у вершы раз ён убачыў гэтыя вочы.
Уладальніца іх схавалася ў цені, але было яшчэ досыць светла, каб разгледзець твар незвычайнай прыгажосці. Акрамя таго, ён заўважыў, што цудоўныя вочы скіраваны ў яго бок і што глядзяць яны на яго ўсхвалявана, амаль пяшчотна.
Міжвольна ён адказаў зачараваным поглядам, але, спалохаўшыся, як бы гэта не палічылі дзёрзкасцю, крута павярнуў каня і звярнуўся да плантатара, які толькі што падзякаваў яму за ласкавасць.
– Я не заслужыў удзячнасці,– сказаў незнаёмец, – бо пакідаю вас ва волю лёсу, але, на жаль, я не маю вольнага часу.
Ён паглядзеў на гадзіннік, як бы шкадуючы, што яму прыйдзецца ехаць аднаму.
– Вы былі так ласкавы, сэр, – сказаў Пойндэкстэр. – Я спадзяюся, што, кіруючыся вашымі парадамі, мы не саб’ёмся з дарогі. Сонца нам дапаможа.
– Баюся, каб не змянілася пагода. На поўначы збіраюцца хмары. Праз гадзіну яны могуць засланіць сонца… ва ўсякім разе гэта адбудзецца раней, чым вы дасягнеце месца, адкуль бачны кіпарыс… Я не магу вас так пакінуць… Зрэшты, – сказаў ён пасля хвіліны роздуму, – я прыдумаў: трымайцеся следу майго ласо!
Незнаёмец зняў з седлавой лукі згорнутую вяроўку і, прымацаваўшы адзін канец да колца на сядле, кінуў другі на зямлю. Затым, зграбным рухам прыпадняўшы капялюш, ён ветліва пакланіўся – амаль у бок карэты, прышпорыў каня і зноў паскакаў па прэрыі.
Ласо, выцягнуўшыся за канём ярдаў на дванаццаць, пакінула на спапялёнай паверхі прэрыі паласу, падобную на след змяі.
– Вельмі дзіўны малады чалавек! – сказаў плантатар, гледзячы ўслед конніку, які знік у воблаку чорнага пылу. – Мне трэба было спытаць яго імя.
– Вельмі самаздаволены малады чалавек, я б сказаў,– прамармытаў Калхаўн, які заўважыў погляд, што кінуў незнаёмец у бок карэты, таксама як і ўсхваляваны погляд кузіны. – Што датычыць яго імя, то аб ім, мабыць, і не варта было пытаць. Напэўна ён назваў бы выдуманае. Тэхас перапоўнены такімі франтамі, якія, трапіўшы сюды, абзаводзяцца новымі імёнамі, больш мілагучнымі, ці мяняюць іх па якіх-небудзь іншых прычынах.
– Паслухай, Касій, – запярэчыў малады Пойндэкстэр, – ты да яго несправядлівы. Ён, па-мойму, чалавек адукаваны, джэнтльмен, дастойны насіць самае знатнае імя.
– Джэнтльмен! Чорт вазьмі, наўрад ці! Я ніколі не сустракаў джэнтльмена, які б убіраўся ў мексіканскія анучы. Б’юся аб заклад, што гэта проста які-небудзь прайдзісвет.
У час гэтай размовы чароўная крэолка выглянула з карэты і з непрытоенай цікавасцю праводзіла вачамі конніка, які аддаляўся.
Ці не гэтым трэба растлумачыць з’едлівы тон Калхаўна?
– У чым справа, Лу? – спытаў ён амаль шэптам, пад’ехаўшы блізка да карэты. – Ты, здаецца, вельмі спяшаешся? Можа, ты хочаш дагнаць гэтага нахабніка? Яшчэ не позна – я дам табе свайго каня.
Дзяўчына адхінулася назад, відаць незадаволеная не толькі словамі, але і тонам кузена. Але яна не падала віду, што раззлавалася, і не стала спрачацца – яна выказала сваю незадаволенасць значна больш крыўдным чынам. Звонкі смех быў адзіным адказам, якім яна ўдастоіла кузена.
– Ах, так… Гледзячы на цябе, я так і падумаў, што тут нешта нячыста. У цябе быў такі выгляд, быццам ты зачаравана гэтым фарсістым кур’ерам. Ён, напэўна, паланіў цябе сваім пышным убраннем? Але ведай, што гэта ўсяго толькі варона ў паўлінавых пёрах, і мне, відаць, яшчэ давядзецца садраць іх з яго, і, можа стацца, з кавалкам яго скуры.
– Як табе не сорамна, Касій! Падумай, што ты гаворыш!
– Гэта табе трэба думаць аб тым, як ты сябе паводзіш, Лу. Удастоіць сваёй увагай нейкага бадзягу, расфуфыранага блазана! Я ўпэўнены, што ён просты паштальён, наняты афіцэрамі форта.
– Паштальён, ты думаеш? Як бы я хацела атрымліваць любоўныя пісьмы з рук такога пісьманосца!
– Тады паспяшайся і скажы яму аб гэтым. Мой конь да тваіх паслуг.
– Ха-ха-ха! Які ж ты някемлівы! Калі б я нават захацела, дзеля жарту, дагнаць гэтага паштальёна на прэрыі, то на тваёй лянівай клячы мне гэта наўрад ці ўдалося б. Ён так хутка імчыцца на сваім гнядым, што, канешне, яны абодва знікнуць з вачэй раней, чым ты паспееш перамяніць мне сядло. О не! Мне яго не дагнаць, як бы мне гэтага ні хацелася.
– Глядзі, каб бацька не пачуў цябе!
– Глядзі, каб ён цябе не пачуў,– адказала дзяўчына, загаварыўшы цяпер ужо сур’ёзным тонам. – Хоць ты мой дваюрадны брат і бацька лічыць цябе верхам дасканаласці, я так не лічу, о не! Я ніколі не ўтойвала гэтага ад цябе – ці не так?
Калхаўн толькі насупіўся ў адказ на гэта горкае для яго прызнанне.
– Ты мой дваюрадны брат – і толькі,– працягвала дзяўчына строгім голасам, што рэзка адрозніваўся ад таго жартаўлівага тону, якім яна пачала гаворку. – Для мяне ты больш ніхто, капітан Касій Калхаўн! I не спрабуй, калі ласка, быць маім дарадчыкам. Толькі з адным чалавекам я лічу сваім абавязкам раіцца, і толькі яму я дазволю папракаць сябе. А таму прашу цябе, майстар' Каш, устрымацца ад падобных натацый. Я нікому не стану даваць справаздачу аб сваіх думках і ўчынках да таго часу, пакуль не сустрэну дастойнага чалавека. Але не табе быць маім выбраннікам!
Закончыўшы сваю водпаведзь, дзяўчына зноў адкінулася на падушкі, змераўшы капітана позіркам, поўным абурэння і пагарды. Потым яна зашморгнула фіранкі карэты, даючы гэтым зразумець, што больш не жадае з ім размаўляць.
Крыкі вазніцаў вывелі капітана са здранцвення. Фургоны зноў рушылі ў дарогу па змрочнай прэрыі, якая наўрад ці была больш змрочная, чым думкі Касія Калхаўна.