Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 17
15. Уцякачка дагнана
ОглавлениеНа працягу яшчэ адной мілі пагоня працягвалася без асаблівых перамен.
Дзікія кабылы імчаліся па-ранейшаму хутка, але больш ужо не вішчалі і не праяўлялі страху. Ззаду чулася адрывістае ржанне крапчастага мустанга, але былыя сяброўкі як быццам не заўважалі яго. Наезніца сядзела спакойна, не праяўляючы трывогі.
Гняды быў устрывожаны, хаця і не так, як яго гаспадар, які, здавалася, быў блізкі да адчаю.
– Хутчэй, Кастра! – усклікнуў Морыс з некаторым раздражненнем. – Што з табой сёння? He забывай, што ты дагнаў яе ў мінулы раз, хаця і з цяжкасцю. Але ж цяпер яна з седаком. Паглядзі туды, неразумная жывёліна! Гэта наезніца мне даражэй за ўсё на свеце, за яе я аддаў бы і тваё і сваё жыццё… Ну, хутчэй жа! Хутчэй! Што, калі я згублю яе з вачэй? Гэта і сапраўды пачынае выглядаць непрыемна! Яна можа трапіць у вельмі цяжкае становішча. Горш таго: ёй пагражае небяспека. Сур’ёзная небяспека. Калі я згублю яе з вачэй, напэўна здарыцца бяда.
Разважаючы шэптам сам з сабой, Морыс імчаўся, не адрываючы вачэй ад наезніцы, якая ўсё аддалялася. Часам ён мераў занепакоеным позіркам прастору, што раздзяляла іх.
«Ці не закрычаць? – раптам мільганула ў яго ў галаве. – Гук голасу, можа, і даляціць да яе, але наўрад ці яна пачуе словы і зразумее перасцярогу». I Морыс не аклікнуў Луізу не толькі па гэтых меркаваннях – ён яшчэ не губляў надзеі дагнаць яе, а акрамя таго, ён ведаў, што не словамі, а толькі дзеяннем можна спыніць мустанга.
Пакуль ён падбадзёрваў сябе думкай, што вось-вось наблізіцца настолькі, што зможа накінуць ласо на шыю мустанга і заставіць яго паслухацца… Аднак цяпер надзея паступова згасала.
Яны несліся зараз сярод пералескаў, якія тут густа пакрылі прэрыю і месцамі зліваліся ў суцэльныя зараснікі. Гэта выклікала ў мустангера новую трывогу. Крапчастая кабыла магла збочыць у які-небудзь гушчар ці проста знікнуць з вачэй сярод зараснікаў.
Дзікіх кабыл ужо амаль не было відаць. Наўрад ці іх былая сяброўка зможа дагнаць табун.
Аднак небяспека ад гэтага не паменшылася. Ці заблудзіцца дзяўчына ў прэрыі або ў лясным гушчары, ці апынецца сярод табуна дзікіх коней – усё гэта аднолькава страшна. I раптам ён падумаў аб яшчэ больш грознай небяспецы, такой страшнай, што, ахоплены надзвычайнай трывогай, усклікнуў:
– Сілы нябесныя! Што, калі сюды забягуць жарабцы?! Гэта ж іх улюбёнае месца. Яны былі тут тыдзень назад. А зараз, іменна ў гэтым месяцы, яны шалеюць!
Зноў шпоры мустангера ўпіліся ў бакі гнядога. Кастра, які імчаў стрымгалоў, павярнуў галаву і з папрокам паглядзеў на гаспадара.
У гэту напружаную хвіліну гняды і яго гаспадар згубілі дзікіх кабыл з вачэй і крапчасты мустанг, напэўна, таксама. Нічога звышнатуральнага ў гэтым не было – яны зніклі ў гушчары.
Знікненне табуна зрабіла магічнае ўздзеянне на крапчастага мустанга – ён раптам замарудзіў крок і праз хвіліну зусім спыніўся.
Морыс, працягваючы шпорыць свайго каня, галопам вылецеў на паляну і ўбачыў, што крапчасты мустанг стаіць там нерухома, а Луіза спакойна сядзіць у сядле, нібы чакаючы мустангера.
– Міс Пойндэкстэр! – насілу вымавіў ён, пад’язджаючы. – Як я рады, што конь зноў пакорны вам! Я быў вельмі занепакоены…
– Чым, сэр? – спытала дзяўчына.
– Той небяспекай, якая пагражала вам, – адказаў мустангер, крыху азадачаны.
– О, дзякую вам, містэр Джэральд! Але хіба мне пагражала небяспека?
– «Пагражала небяспека»! – паўтарыў ірландзец з узрастаючым здзіўленнем. – Вярхом на дзікім кані, які панёс, сярод пустыннай прэрыі!
– Дробязі! Вы думаеце, ён мог мяне скінуць? Але ж я добрая наезніца.
– Я гэта ведаю, міс Пойндэкстэр, але ўявіце сабе, што вы заблудзілі ў зарасніках, дзе і карэнны тэхасец з цяжкасцю знаходзіць дарогу, наўрад ці вам дапамагло б ваша майстэрства наезніцы.
– О, дык вы думалі, што я заблудзіла? Вось чаго мне трэба было апасацца!
– He толькі гэтага. Дапусцім, вы маглі сутыкнуцца…
– …з індзейцамі? – хутка прамовіла Луіза, не даўшы мустангеру закончыць фразу. – А калі б гэта і здарылася? У нас жа цяпер мір з каманчамі. Я думаю, што яны не прычынілі б мне ніякай шкоды. Так сказаў маёр, калі мы ехалі сюды. Даю вам слова, што я была б нават рада такой сустрэчы і, прынамсі, не стала б пазбягаць яе. Як бы мне хацелася бачыць гэтых высакародных дзікуноў, якія імчацца вярхом на конях па роднай прэрыі.
– Я зачараваны вашай адвагай, міс Пойндэкстэр, але, каб я меў гонар быць адным з вашых сяброў, то параіў бы вам быць крыху асцярожнейшай. «Высакародныя дзікуны” не заўсёды бываюць цвярозымі і ў прэрыі і не заўсёды такія высакародныя, як вы думаеце. I калі б вы сустрэліся з імі…
– …і яны б надумалі напасці на мяне, я б стралой прамчалася міма і вярнулася б да сваіх сяброў. На такім быстраногім стварэнні, як мая мілая Луна, наўрад ці каму ўдасца дагнаць мяне. Дарэчы, і вам, містэр Джэральд, гэта далося нялёгка? Ці не праўда?
Мустангер глядзеў на крэолку шырока адкрытымі вачамі, са здзіўленнем і захапленнем.
– Няўжо вы хочаце сказаць, – нарэшце вымавіў ён, – што маглі спыніць мустанга? Хіба ён не панёс вас? Ці азначае гэта, што…
– He, не, не! – хутка адказала дзяўчына, крыху збянтэжыўшыся. – Мустанг сапраўды панёс мяне, але толькі спачатку, а потым я… я ўбачыла – ужо пад канец, што магу спыніць яго, нацягнуўшы павады. Я так і зрабіла – вы ж бачылі, так?
– I вы маглі спыніць яго раней?
Гэта пытанне было выклікана нечаканай здагадкай, і мустангер з хваляваннем чакаў адказу.
– Магчыма… Варта было мне мацней нацягнуць павады… Але прызнаюся, містэр Джэральд, што я вельмі люблю імчацца быстрым галопам, асабліва па прэрыі, дзе няма пагрозы раздавіць чыю-небудзь курачку ці парсючка. Па праўдзе кажучы, – працягвала дзяўчына з чароўнай прастатой, – я не шкадавала аб тым, што конь панёс. Пустая балбатня і бясконцыя кампліменты стомяць каго хочаш. Мне захацелася падыхаць свежым паветрам і пабыць адной. Так што, у рэшце рэшт, містэр Джэральд, усё атрымалася вельмі ўдала.
– Вам хацелася пабыць адной? – спытаў мустангер з расчараваным выглядам. – Даруйце, што я парушыў вашу адзіноту. Паверце, міс Пойндэкстэр, я ехаў за вамі толькі таму, што, на маю думку, вам пагражала небяспека.
– Гэта вельмі міла з вашага боку, сэр. I, паколькі я цяпер ведаю, што небяспека сапраўды была, я шчыра ўдзячна вам. Вы ж мелі на ўвазе індзейцаў?
– He, я, уласна, думаў не пра індзейцаў.
– Якая-небудзь іншая небяспека? Скажыце, калі ласка, якая, і надалей я буду больш асцярожнай.
Морыс адказаў не адразу. Нечаканы гук заставіў яго азірнуцца, ён нібы не пачуў пытання субяседніцы.
Крэолка зразумела, што ўвага мустангера нечым адцягнута, і таксама пачала прыслухоўвацца. Да яе слыху данёсся пранізлівы віск, за ім яшчэ і яшчэ, потым пачуўся тупат капытоў… Гукі нарасталі, ускалыхваючы паветра.
Для паляўнічага на коней гэта не было загадкай, і словы, якія сарваліся з яго вуснаў, былі прамым адказам на пытанне крэолкі.
– Дзікія жарабцы! – усклікнуў ён усхваляваным голасам. – Я ведаў, што яны павінны быць у гэтых зарасніках… Так яно і ёсць!
– Гэта небяспека, аб якой вы гаварылі?
– Так.
– Але ж гэта толькі мустангі! Што ж у іх страшнага?
– Звычайна іх няма чаго баяцца. Але іменна цяпер, у гэту пару года, яны робяцца лютымі, як тыгры, і такімі ж каварнымі. Паверце мне, што раз’юшаны дзікі жарабец небяспечней за воўка, пантэру або мядзведзя.
– Што ж нам рабіць? – спытала спалохана Луіза і пад’ехала бліжэй да чалавека, які аднойчы ўжо выручыў яе з бяды; яна з трывогай глядзела яму ў вочы, чакаючы адказу.
– Калі яны нападуць, – адказаў Морыс, – у нас будзе толькі два выйсці. Першае – гэта залезці на дрэва, кінуўшы нашых коней на разарванне.
– А другі? – спытала крэолка са спакоем, які гаварыў аб мужнасці, здольнай вытрымаць самае цяжкае выпрабаванне. – Усё, што хочаце, толькі б не пакідаць нашых коней! Гэта ганебны выхад са становішча.
– Мы і не можам гэтага зрабіць. Паблізу не відаць ніводнага прыдатнага дрэва, і, калі яны на нас нападуць, нам застаецца толькі спадзявацца на шпаркасць нашых коней. На жаль, – працягваў ён, уважліва аглядаючы крапчастую кабылу, а затым свайго каня, – ім занадта многа выпала за сённяшні дзень, і абодва яны вельмі стаміліся. У гэтым вось і бяда. Дзікія жарабцы наўрад ці стомлены…
– Ці не пара нам рухацца?
– Пакуль не. Чым больш нашы коні адпачнуць, тым лепш. Жарабцы, магчыма, яшчэ і не завернуць у наш бок. А калі і завернуць, гэта яшчэ не азначае, што яны на нас кінуцца. Усё залежыць ад таго, у якім яны настроі. Калі яны грызуцца паміж сабой, то могуць напасці на нас. Яны тады становяцца шалёнымі і кідаюцца на сваіх сабратоў, нават калі ў тых седакі на спіне… Так яно і ёсць! Яны б’юцца паміж сабой. Чуеце, як яны ржуць? Яны накіроўваюцца сюды!
– Містэр Джэральд, дык чаму б нам зараз жа не паскакаць у процілеглы бок?
– Зараз няма сэнсу. Уперадзе – адкрытая раўніна, і схавацца нам няма дзе. Яны будуць там раней, чым мы паспеем ад’ехаць на дастатковую адлегласць, і хутка дагоняць нас. Месца, куды мы павінны накіравацца, – адзінае бяспечнае месца, пра якое я магу ўспомніць, – ляжыць у іншым напрамку. Мяркуючы па гуках, яны зараз якраз адрэзалі нам дарогу туды. Калі мы выедзем залішне рана, то сутыкнёмся з імі. Нам трэба вычакаць, а потым паспрабаваць прашмыгнуць ззаду іх. Калі нам гэта ўдасца і калі яны не дагоняць нас на працягу дзвюх міль, то мы дасягнём месца, дзе нам будзе не менш спакойна, чым за загараддзю караля ў Каса-дэль-Корва. Ці ўпэўнены вы, што справіцеся з вашым мустангам?
– Цалкам, – упэўнена адказала яна.