Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 6

4. Чорны норд

Оглавление

Ён зняў картку з кактуса і кінуў яе на калені Луізе.

– Морыс Джэральд! – прашаптала крэолка, убачыўшы на адваротным баку імя. – Морыс Джэральд! – паўтарыла яна ўсхвалявана, хаваючы картку на грудзях. – Хто б ты ні быў, адкуль бы ты ні прыйшоў, куды б ні ляжаў твой шлях, з гэтай пары ў нас адзін лёс! Я адчуваю гэта – я ведаю гэта так жа ясна, як бачу неба над сабой! О, якое грознае неба! Ці не будзе такім жа мой невядомы лёс?

Як зачараваная сядзела Луіза пад уладай сваіх летуценняў. Яна сціскала скроні тонкімі пальцамі, і, здавалася, усе сілы яе душы былі накіраваны на тое, каб зразумець мінулае і пранікнуць у будучыню.

Аднак яе мары хутка былі перарваны. Да яе даляцелі воклічы, у якіх чулася трывога.

Луіза пазнала занепакоены голас брата.

– Паглядзі, бацька! Хіба ты іх не бачыш?

– Дзе, Генры, дзе?

– Там, ззаду фургонаў… Цяпер ты бачыш?

– Так, я нешта бачу, але не магу зразумець, што гэта такое. Яны выглядаюць, як… – Пойндэкстэр на хвіліну спыніўся заклапочаны. – Я, праўда, не разумею, што гэта такое…

– Вадзяныя смерчы? – падказаў Калхаўн, які, убачыўшы дзіўную з’яву, паблажліва далучыўся да кампаніі, што сабралася вакол карэты. – Але гэтага не можа быць – мы занадта далёка ад мора. Я ніколі не чуў, каб яны з’яўляліся ў прэрыі.

– Што б гэта ні было, але яны рухаюцца, – сказаў Генры. – Глядзіце! Яны набліжаюцца адзін да аднаго і зноў разыходзяцца. Калі б не гэта, можна было б прыняць іх за вялізныя абеліскі з чорнага мармуру.

– Волаты ці чэрці! – са смехам заўважыў Калхаўн. – Казачныя страшыдлы, якім уздумалася прагуляцца па гэтай жудаснай прэрыі.

Адстаўны капітан з цяжкасцю прымушаў сябе жартаваць. Як і ўсіх астатніх, яго прыгнятала нядобрае прадчуванне.

I не дзіва.

З паўночнага боку над прэрыяй раптоўна з’явілася некалькі калон. Яны не мелі акрэсленай формы і пастаянна мяняліся па велічыні і абрысах; то яны стаялі нерухома, то слізгалі па абвугленай зямлі, нібы волаты на канях, выгінаючыся і нахіляючыся адзін да аднаго, быццам у фантастычных фігурах нейкага дзіўнага танца. Уявіце сабе легендарных тытанаў, якія ажылі на прэрыі Тэхаса і скакалі ў шалёнай вакханаліі.

Было зусім натуральна, што падарожнікаў ахапіла трывога, калі яны заўважылі гэту нябачаную з’яву, нікому з іх не вядомую. Усе былі ўпэўнены, што набліжаецца стыхійнае бедства.

Пры першым жа з’яўленні гэтых загадкавых фігур абоз спыніўся; негры-пешаходы, таксама як і вазніцы, ускрыкнулі ад жаху; мулы пранізліва зараўлі.

З боку чорных вежаў даносіўся вейкі гул, падобны на шум вадаспада; час ад часу ён перабіваўся трэскам нібы ружэйнага стрэлу ці грукатам аддаленага грому.

Шум нарастаў, станавіўся больш выразным. Невядомая небяспека набліжалася.

Падарожнікі аслупянелі ад жаху, і Калхаўн не быў выключэннем – ён ужо больш не спрабаваў жартаваць. Усе позіркі былі скіраваны на свінцовыя хмары, што завалаклі неба, і на чорныя гмахі, якія набліжаліся, здавалася, для таго, каб раздавіць вандроўнікаў.

У гэту прыгнятальную хвіліну раптам пачуўся крык з процілеглага боку, і хаця ў ім чулася трывога, ён усё ж нёс заспакаенне.

Азірнуўшыся, падарожнікі ўбачылі конніка, які імчаў стрымгалоў.

Конь быў чорны як сажа, такога ж колеру быў і коннік, не выключаючы твару. Але, нягледзячы на гэта, яго пазвалі: гэта быў той самы незнаёмец, па следу якога яны ехалі.

Дзяўчына ў карэце першай пазвала яго.

– Наперад! – усклікнуў незнаёмец, набліжаючыся да каравана. – Наперад, наперад! Як мага хутчэй…

– Што гэта такое? – разгублена запытаў плантатар, ахоплены страхам. – Нам пагражае небяспека?

– Так. Я не чакаў гэтага, калі пакінуў вас. Толькі даехаўшы да ракі, я ўбачыў грозныя прыметы.

– Чаго, сэр?

– Норда.

– Вы так называеце буру?

– Так.

– Я ніколі не чуў, каб норд быў небяспечны – хіба толькі караблям на моры, – умяшаўся Калхаўн. – Я, канешне, ведаю, што ён нясе з сабой пранізлівы холад, але…

– He толькі холад, сэр. Ён прынясе нешта горшае, калі вы не паспяшаецеся схавацца ад яго… Містэр Пойндэкстэр, – звярнуўся коннік да плантатара нецярпліва і настойліва, – вы і ўсе вашы людзі ў небяспецы. Норд не заўсёды бывае страшны, але гэты… Гляньце! Вы бачыце гэтыя чорныя смерчы?

– Мы глядзім на іх і не можам зразумець, што гэта такое…

– Гэта вестуны буры, і самі па сабе яны не страшныя. Але глядзіце вунь туды… Ці бачыце вы гэту чорную хмару, што завалакла неба?.. Вось чаго вам трэба баяцца! Я не хачу палохаць вас, але павінен сказаць, што яна нясе з сабой смерць. Яна рухаецца сюды. Выратаванне толькі ў хуткасці. Паспяшайцеся, a то будзе позна. Праз дзесяць хвілін яна будзе тут – і тады… Хутчэй, сэр, прашу вас! Загадайце вашым вазніцам паганяць з усіх сіл. Само неба загадвае вам!

Падпарадкоўваючыся гэтым настойлівым патрабаванням, плантатар аддаў распараджэнне рухацца і гнаць абоз з як мага большай скорасцю.

Жах, які ахапіў як жывёл, так і вазніцаў, зрабіў непатрэбным умяшанне пуг.

Карэта і коннікі па-ранейшаму ехалі наперадзе. Незнаёмец трымаўся ззаду, як бы ахоўваючы караван.

Час ад часу ён нацягваў павады, азіраўся і кожны раз праяўляў усё большую трывогу.

Заўважыўшы гэта, плантатар пад’ехаў да яго і спытаў:

– Небяспека яшчэ не мінула?

– На жаль, не магу вам сказаць нічога суцяшальнага. Я разлічваў, што вецер зменіць напрамак.

– Вецер? Я не заўважаю ніякага ветру.

– He тут. Вунь там страшэнны ўраган, і ён нясецца прама на нас… Божа мой, ён набліжаецца з неверагоднай хуткасцю! Наўрад ці мы паспеем перасячы выпаленую прэрыю…

– Што ж рабіць? – усклікнуў плантатар у жаху.

– Ці нельга заставіць вашых мулаў бегчы яшчэ хутчэй?

– He, яны і так ужо выбіваюцца з сіл.

– У такім выпадку я баюся, што ўраган дагоніць нас…

Выказаўшы гэта змрочнае меркаванне, коннік азірнуўся яшчэ раз і паглядзеў на чорныя смерчы, як бы вызначаючы хуткасць іх руху.

Складкі, што абазначыліся вакол яго рота, выдалі нешта больш сур’ёзнае, чым незадаволенасць.

– Так, ужо позна! – усклікнуў ён, раптоўна спыніўшы свае назіранні.– Яны рухаюцца хутчэй за нас, намнога хутчэй… Няма надзеі ўцячы ад іх!

– Божа мой, сэр! Хіба небяспека такая вялікая? Няўжо мы не можам нічога зрабіць, каб пазбегнуць яе? – спытаў плантатар.

Незнаёмец адказаў не адразу. Некалькі імгненняў ён маўчаў, як быццам аб чымсьці напружана думаў; ён ужо больш не глядзеў на неба, погляд яго блукаў па фургонах.

– Няўжо няма ніякай надзеі? – паўтарыў плантатар.

– He, ёсць! – радасна адказаў коннік; здавалася, нейкая шчаслівая думка азарыла яго. – Надзея ёсць. Як я не падумаў аб гэтым раней. Нам не ўдасца ўцячы ад буры, але пазбегнуць небяспекі мы можам. Хутчэй, містэр Пойндэкстэр! Загадайце вашым людзям ахінуць галовы коней і мулаў, інакш жывёлы будуць аслеплены і ашалеюць. Коўдры, хусткі – усё згадзіцца. Калі гэта будзе зроблена, хай усе залезуць у фургоны. Трэба толькі, каб навесы былі шчыльна закрыты з усіх бакоў. Аб карэце я паклапачуся сам.

Зрабіўшы гэтыя распараджэнні, коннік паскакаў уперад, у той час як Пойндэкстэр з наглядчыкам аддавалі неабходныя ўказанні вазніцам.

– Спадарыня, – пад’язджаючы да карэты, сказаў коннік з усёй ветлівасцю, якую дазвалялі абставіны, – вы павінны зашмаргнуць усе фіранкі. Ваш кузен няхай увойдзе ў карэту… I вы таксама, спадары, – сказаў ён, звяртаючыся да Генры, Калхаўна і Пойндэкстэра, які толькі што пад’ехаў.– Месца ўсім хопіць. Толькі хутчэй, прашу вас! He губляйце часу. Праз некалькі хвілін бура будзе над намі.

– А вы, сэр? – са шчырай заклапочанасцю спытаў плантатар чалавека, які столькі зрабіў, каб пазбавіць іх ад пагрозлівай бяды. – Як жа вы?

– Пра мяне не турбуйцеся: я ведаю, што набліжаецца. He ўпершыню я сустракаюся з гэтым… Хавайцеся, хавайцеся, прашу вас! Нельга губляць ні секунды. Вы чуеце завыванне? Хутчэй, пакуль на нас не наляцела пылавая хмара!

Плантатар і Генры хутка саскочылі з коней і ўвайшлі ў карэту. Калхаўн упарта працягваў сядзець у сядле. Чаму ён павінен баяцца нейкай уяўнай небяспекі, ад якой не хаваецца гэты чалавек у мексіканскім касцюме?

Незнаёмец загадаў наглядчыку залезці ў бліжэйшы фургон, і той без пярэчання падпарадкаваўся. Цяпер можна было падумаць і пра сябе.

Малады чалавек хутка разгарнуў сваё серапе – яно было прымацавана да сядла, накінуў яго на галаву каня, абматаў канцы вакол шыі і завязаў вузлом. He менш спрытна ён развязаў свой шалік з кітайскага шоўку і абкруціў яго вакол капелюша, заткнуўшы адзін канец за стужку, а другі спусціўшы ўніз, – такім чынам атрымалася нешта накшталт шаўковага забрала.

Перш чым зусім закрыць твар, ён яшчэ раз азірнуўся на карэту і са здзіўленнем убачыў, што Калхаўн усё яшчэ сядзіць на кані. Пераадолеўшы міжвольную антыпатыю да гэтага чалавека, незнаёмец настойліва сказаў:

– Схавайцеся ж, сэр, прашу вас! Інакш праз дзесяць хвілін вас не будзе ў жывых.

Калхаўн падпарадкаваўся: прыметы блізкай буры занадта відавочныя; з паказной павольнасцю ён злез з сядла і забраўся ў карэту, пад ахову шчыльна зашморгнутых фіранак. Тое, што адбылося далей, з цяжкасцю паддаецца апісанню. Ніхто не бачыў відовішча буйнай стыхіі, бо ніхто не адважваўся глянуць на яго. Але калі б хто-небудзь і адважыўся, ён усё роўна нічога не ўбачыў бы. Праз пяць хвілін пасля таго, як былі ахінуты галовы мулаў, караван ахутала непраметная цемра.

Падарожнікі бачылі толькі самы пачатак урагану. Адзін са смерчаў, наткнуўшыся на фургон, рассыпаўся густым чорным пылам – здавалася, што з неба пайшоў парахавы дождж. Але гэта быў толькі пачатак.

Ненадоўга паказаўся прасвет, і вандроўнікаў абдало гарачым паветрам, нібы з жарала домны. Затым са свістам і выццём падуў парывісты вецер, несучы ледзяны холад; завыванні яго былі такія аглушальныя, што здавалася, усе трубы Эола апавяшчаюць аб з’яўленні Караля Бур.

Праз імгненне норд дагнаў караван, і падарожнікі, спыніўшыся на субтрапічнай раўніне, трапілі ў мароз, падобны да таго, які скоўвае ледзяныя горы на Ледавітым акіяне.

Усё ахутаў змрок, нічога не было чутна, акрамя свісту ветру і яго глухога рову, калі ён налятаў на навесы фургонаў.

Мулы, якія інстынктыўна павярнуліся да ветру задам, стаялі прыціхлыя, галасы людзей, што ўсхвалявана размаўлялі ў карэце і ў фургонах, заглушаліся выццём урагану.

Усе шчыліны былі закрыты, таму што варта было толькі высунуцца з-за палатнянага навеса, як можна было задыхнуцца. Паветра было насычана попелам, што быў падняты разлютаваным ветрам з выпаленай прэрыі і ператвораны ў драбнюткі смяротны пыл.

Больш за гадзіну насіліся ў паветры чорныя воблакі попелу; увесь гэты час падарожнікі сядзелі, яе асмельваючыся выглянуць вонкі.

Нарэшце каля самых фіранак карэты пачуўся голас незнаёмца.

– Цяпер можна выйсці,– сказаў ён, адкідваючы шаўковы шалік са свайго твару. – Бура не спынілася, яна будзе працягвацца да канца вашага падарожжа і яшчэ дні тры. Але баяцца больш няма чаго. Попел увесь змецены. Ён паляцеў уперад, і наўрад ці вы дагоніце яго па гэты бок Рыо-Грандэ.

– Сэр, – сказаў плантатар, спешна спускаючыся па прыступках карэты, – мы вам абавязаны…

– …жыццём! – усклікнуў Генры, знайшоўшы патрэбнае слова. – Я спадзяюся, сэр, што вы зробіце нам гонар і назавяце сваё імя.

– Морыс Джэральд, – адказаў незнаёмец. – Хаця ў форце мяне звычайна называюць Морысам-мустангерам.

– Мустангер! – пагардліва прамармытаў Калхаўн, але так ціха, што пачуць яго магла толькі Луіза.

Усяго толькі мустангер», – расчаравана падумаў пра сябе арыстакрат Пойндэкстэр.

– Цяпер я вам больш не патрэбны. Дарогу вы знойдзеце без мяне і майго ласо, – сказаў паляўнічы на дзікіх коней. – Кіпарыс бачны, трымайце прама на яго. Перайшоўшы раку, вы ўбачыце флаг, што развяваецца над фортам. Вы паспееце закончыць падарожжа да наступлення цемнаты. Я ж спяшаюся і павінен развітацца з вамі.

Уявіце сабе д’ябла вярхом на пякельным кані, і гэта будзе даволі дакладнае аблічча Морыса-мустангера, калі ён у другі раз пакідаў плантатара і яго спадарожнікаў.

Аднак ні запэцканы попелам твар мустангера, ні яго сціплая прафесія не расчаравалі Луізу Пойндэкстэр – ён ужо заваяваў яе сэрца.

Калі Луіза пачула яго імя, яна прыціснула картку да грудзей і ў задуменнасці прашаптала так ціха, што ніхто, акрамя яе самой, не мог пачуць:

– Морыс-мустангер, ты паланіў сэрца крэолкі! Божа мой, Божа мой! Ён занадта падобны на Люцыфера, ці магу я пагарджаць ім!

Коннік без галавы

Подняться наверх