Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 11
9. Памежны форт
ОглавлениеНа высокім флагштоку форта Індж развяваецца флаг, усеяны зоркамі: ён адкідае хісткі цень на своеасаблівую, дзіўную панараму.
Гэта карціна сапраўднага памежнага жыцця – праўдзіва перадаць яе мог бы, мабыць, толькі пэндзаль Вернэ Малодшага, – жыцця напаўваеннага, напаўцывільнага, напаўдзікага, напаўцывілізаванага; тут вы ўбачыце і бледнатварых і каляровых людзей у самым разнастайным убранні, людзей усіх прафесій і рознага грамадскага стану.
I сам форт мае такі ж незвычайны выгляд. Зорны флаг развяваецца не над бастыёнамі з зубчастымі сценамі, ён адкідвае свой цень не на казематы ці патаемныя хады: тут няма ні равоў, ні валоў – нічога, што нагадвала б крэпасць. Гэта проста частакол са ствалоў алгароба, унутры якога знаходзіцца навес – канюшня для двухсот коней. За яго межамі – дзясятак пабудоў немудрагелістай архітэктуры, звычайныя хаціны-хакале з плеценымі, абмазанымі глінай сценамі; самая вялікая з іх – казарма. За імі размешчаны шпіталь, інтэнданцкія склады; з аднаго боку гаўптвахта, з другога, на больш відным месцы, – афіцэрская сталовая і кватэры. Усё надзвычай проста: атынкаваныя сцены выбелены вапнай, на якую багатыя берагі Ляоны; усё чыста і ахайна, як і павінна быць у крэпасці, дзе ваенныя носяць мундзіры вялікай цывілізаванай нацыі. Такі форт Індж.
На некаторай адлегласці бачна другая група пабудоў, не большая за тую, якая называецца фортам. Яны таксама знаходзяцца пад аховай амерыканскага флага; і хаця непасрэдна над імі ён не развяваецца, яму яны абавязаны сваім узнікненнем і існаваннем. Гэта зародак аднаго з тых пасёлкаў, якія звычайна ўзнікаюць паблізу амерыканскіх ваенных пастоў, хутка развіваюцца і ў большасці выпадкаў становяцца маленькімі гарадкамі, а часам і вялікімі гарадамі.
У цяперашні час насельніцтва пасёлка складаецца з маркітанта, на складзе якога захоўваюцца прыпасы, што не лічацца ў ваенным пайку; гаспадара гасцініцы і бара, які прыцягвае абібокаў сваімі палічкамі, застаўленымі гранёнымі бутэлькамі; кучкі прафесійных ігракоў, якія пры дапамозе фараона і монтэ чысцяць кішэні афіцэраў мясцовага гарнізона; двух дзясяткаў чарнавокіх сеньярыт сумніўнай рэпутацыі; такой жа колькасці паляўнічых, пагоншчыкаў, мустангераў і людзей без пэўных заняткаў, якія ў любой краіне, як правіла, сноўдацца каля ваенных лагераў.
Дамы гэтага невялікага пасёлка размешчаны ў некаторым парадку. Відаць, усе яны – уласнасць аднаго прадпрымальніка. Яны стаяць вакол «плошчы», дзе замест ліхтароў і статуй тарчаць над вытаптанай травой высахлы ствол кіпарыса і некалькі кустоў.
Ляона ў гэтым месцы – яшчэ амаль ручай; яна цячэ ззаду форта і пасёлка. Наперадзе рассцілаецца раўніна, пакрытая яркай ізумруднай зеленню і акрэсленая ўдалечыні больш цёмнай паласой лесу, дзе магутныя дубы, арэхавыя дрэвы і вязы змагаюцца за існаванне з калючымі кактусамі і са мноствам павойных і паўзучых раслін-паразітаў, амаль невядомых батаніку. На поўдзень і ўсход на беразе рэчкі раскіданы дамы. Гэта маёнткі плантатараў; некаторыя з іх адбудаваны нядаўна і не прэтэндуюць на які-небудзь стыль, другія больш вычварнай архітэктуры – відаць, ужо саліднага ўзросту. Адзін з іх асабліва звяртае на сябе ўвагу. Уявіце сабе вялікі будынак з плоскім дахам і зубчастым парапетам; яго белыя сцены рэзка вызначаюцца на зялёным фоне лесу, які абступае дом з трох бакоў. Гэта асьенда' Каса-дэль-Корва.
Вы паварочваеце на поўнач, і перад вашымі вачамі нечакана вырастае адзінокая конусападобная гара; яна ўзвышаецца над раўнінай на некалькі сот футаў; ззаду яе ў туманнай далечыні вырысоўваецца ломаная лінія Гвадалупскіх гор – горнага хрыбта, які ўвенчвае высокае, амаль недаследаванае пласкагор’е Льяна-Эстакада.
Паглядзіце вышэй, і вы ўбачыце неба – напаўсапфіравае, напаўбірузовае. Днём яно зусім сіняе, і толькі залаты шар сонца ззяе на ім. Ноччу яно ўсеяна зоркамі, нібы выкаванымі са светлай сталі; а выразна акрэслены дыск месяца здаецца тут зусім сярэбраным.
Гляньце ўніз у той час, калі ўжо зніклі месяц і зоркі, калі ветрык, насычаны водарам кветак, дзьме з заліва Матагорда, налятае на зорны флаг і распроствае яго ў ранішнім святле, – гляньце, і вы ўбачыце карціну настолькі яркую і жывую, пераменлівую па абрысах і фарбах, у стракатасці разнастайнага ўбрання, што апісаць яе немагчыма.
Вы заўважыце ваенных: блакітную форму пехацінцаў Злучаных Штатаў, сінія мундзіры драгунаў і светлыя, амаль няўлоўнага зялёнага колеру мундзіры конных стралкоў. Па форме адзеты толькі дзяжурныя афіцэры, начальнік каравула і самі каравульныя. Іх таварышы, карыстаючыся вольным часам, ходзяць каля казармаў ці пад навесам канюшні ў чырвоных фланелевых кашулях, мяккіх капелюшах і ў нячышчаных ботах.
Яны балбочуць з людзьмі, якія апрануты зусім не па-ваеннаму. Гэта высокія паляўнічыя ў кашулях з аленевай шкуры і такіх жа гетрах; пастухі, мустангеры, апранутыя, як мексіканцы; сапраўдныя мексіканцы ў шырокіх штанах, з серапе на плячах, у ботах з вялізнымі шпорамі і ў абыякава заламаных набакір глянцавых самбрэра. Яны размаўляюць з індзейцамі, якія прыйшлі ў форт дзеля гандлю або мірных перагавораў; іх палаткі бачацца непадалёку. Фігуры індзейцаў з накінутымі на плечы чырвонымі, зялёнымі і блакітнымі коўдрамі здаюцца надзвычайна маляўнічымі і амаль класічна прыгожымі; нават недарэчная размалёўка, якой яны знявечылі сваю скуру, і зліплыя ад бруду чорныя доўгія валасы, падоўжаныя яшчэ пасмамі конскіх валасоў, не псуюць іх строгай прыгажосці.
Уявіце сабе гэты стракаты натоўп у разнастайным адзенні, якое сведчыць аб нацыянальнасці, прафесіі і становішчы яго гаспадароў; Дадайце яшчэ чарнаскурых сыноў Эфіопіі – афіцэрскіх грумаў ці слугаў суседняга плантатара; уявіце сабе, як яны стаяць невялікімі групкамі і гутараць або фланіруюць па раўніне паміж фургонамі; уявіце сабе дзве шасціфутавыя пушкі на колах і побач павозкі з боепрыпасамі; адну ці дзве белыя палаткі, занятыя афіцэрамі, якія дзеля арыгінальнасці спяць пад прыкрыццём парусіны; вінтоўкі каравульных, састаўленыя ў піраміды. Уявіце сабе ўсё гэта, і перад вашымі вачамі разгорнецца карціна ваеннага форта, які знаходзіцца на мяжы Тэхаса, на самай ускраіне цывілізацыі.
Праз тыдзень пасля таго, як плантатар з Луізіяны прыехаў у свой новы дом, на пляц-парадзе перад фортам Індж стаялі тры афіцэры і глядзелі ў бок асьенды Каса-дэль-Корва.
Яны ўсе былі маладыя – старэйшаму не больш як трыццаць гадоў. Пагоны з дзвюма нашыўкамі ў першага ўказвалі на яго капітанскі чын; другі, з адной папярочнай нашыўкай, быў старшым лейтэнантам; трэці, мяркуючы па яго гладкіх пагонах, быў, відаць, толькі малодшым лейтэнантам.
Яны былі вольныя ад дзяжурства і гаварылі пра новых жыхароў Каса-дэль-Корва – плантатара з Луізіяны і яго сям’ю.
– Будзем святкаваць наваселле, – сказаў капітан пяхоты, маючы на ўвазе запрашэнне, атрыманае ўсімі афіцэрамі гарнізона. – Спачатку абед, а потым танцы. Сапраўдная падзея! Там мы сустрэнем, мабыць, усіх мясцовых арыстакратаў і красунь.
– Арыстакратаў? – са смехам адазваўся лейтэнант драгунскага палка. – He думаю, што тут шмат арыстакратаў, а красунь, бадай, і таго меней.
– Вы памыляецеся, Генкок. На берагах Ляоны можна знайсці і тых і другіх. Сюды перакачавалі людзі з вялікім аўтарытэтам у грамадстве. Мы сустрэнем іх на свяце ў Пойндэкстэра, у гэтым я ўпэўнены. Адносна арыстакратызму не турбуйцеся: у самога гаспадара яго столькі, што хопіць з лішкам на ўсіх гасцей. Што ж тычыцца красунь, б’юся аб заклад, што яго дачка лепшая за любую дзяўчыну па гэты бок ракі Сабінас! Пляменніцы інтэнданта напэўна прыйдзецца ўступіць ёй сваё месца першай красуні.
– Во як!.. – выразна працягнуў лейтэнант стралковага палка; па тону яго можна было зразумець, што гэтыя словы кранулі яго за жывое. – Значыць, міс Пойндэкстэр павінна быць чартоўскі прыгожая.
– Яна надзвычайна прыгожая, калі толькі не пабрыдчэла з той пары, як я бачыў яе ў апошні раз на бале ў Лафурша. Там было некалькі маладых крэолаў, якія дабіваліся яе ўвагі, і ледзь не дайшло да дуэлі.
– Какетка, мабыць? – заўважыў стралок.
– Hі кроплі, Кросмен. Наадварот, паверце мне. Яна дзяўчына сур’ёзная і не дазваляе залішняй фамільярнасці – унаследавала гордасць свайго бацькі. Гэта фамільная рыса Пойндэкстэраў.
– Дзяўчына якраз па майму густу, – жартаўліва заўважыў малады драгун, – і калі яна такая прыгожая, як вы кажаце, капітан Слоўмен, то я, мабыць, закахаюся ў яе. Маё сэрца, дзякуй Богу, свабоднае, не тое што ў Кросмена.
– Паслухайце, Генкок, – адказаў пяхотны афіцэр, чалавек практычны, – я не люблю ісці ў заклад, але гатовы паставіць любую суму, што, убачыўшы Луізу Пойндэкстэр, вы гэтага больш сказаць не зможаце, – канешне, калі будзеце шчырым.
– He турбуйцеся, калі ласка, пра мяне, Слоўмен! Я занадта часта бываў пад агнём чароўных вачэй, каб іх баяцца.
– Але не такіх чароўных.
– Каб вас чэрці ўзялі! Вы заставіце чалавека закахацца ў дзяўчыну, перш чым ён гляне на яе. Калі верыць вашым словам, яна рэдкая прыгажуня.
– Так, вы не памыліліся. Яна была такой, калі я бачыў яе ў апошні раз.
– Даўно гэта было?
– Баль у Лафурша? Дайце ўспомніць… Года паўтара назад. Хутка пасля таго, як мы вярнуліся з Мексікі. Яна тады толькі пачала выязджаць; пра яе гаварылі: «Загарэлася новая зорка, што народжана для святла і для славы».
– Паўтара года – гэта вялікі тэрмін, – разважліва сказаў Кросмен. – Вялікі тэрмін для дзяўчыны – асабліва крэолкі: іх жа часта аддаюць замуж у дванаццаць гадоў замест шаснаццаці. Яе прыгажосць ужо магла страціць сваю свежасць.
– Ніколечкі. Я мог бы зайсці да іх, каб праверыць, але думаю, што яны ў клопаце па гаспадарцы, і ім, мабыць, не да гасцей. Зрэшты, днямі ў іх пабываў маёр, і ён так многа гаварыў пра надзвычайную прыгажосць міс Пойндэкстэр, што ледзь не пасварыўся з жонкай.
– Слова гонару, – усклікнуў драгун, – вы так заінтрыгавалі мяне, што я, здаецца, ужо амаль закаханы!
– Перш чым вы канчаткова закахаецеся, я павінен папярэдзіць вас, – сказаў пяхотны афіцэр сур’ёзным тонам, – што вакол ружы ёсць калючкі – іншымі словамі, у сям’і ёсць чалавек, які можа прычыніць вам непрыемнасці.
– Брат, мабыць? Так звычайна гавораць пра братоў.
– У яе ёсць брат, але не ў ім справа. Гэта цудоўны, высакародны юнак, адзіны з Пойндэкстэраў, якога не грызе чарвяк гордасці.
– Тады яе арыстакратычны татачка? He думаю, каб ён стаў адмаўляцца жыць пад адным дахам з Генкокамі.
– Я ў гэтым не ўпэўнены… He забывайце, што Генкокі – янкі, а плантатар – высакародны жыхар Поўдня! Але я кажу не пра старога Пойндэкстэра.
– Хто ж тады гэта загадкавая асоба?
– Яе дваюрадны брат – Касій Калхаўн. Вельмі непрыемны суб’ект.
– Я, здаецца, чуў гэта імя.
– I я таксама, – сказаў стралок.
– Пра яго чуў кожны, хто так ці інакш меў дачыненне да мексіканскай вайны, гэта значыць, хто ўдзельнічаў у паходзе Скота. Касій Калхаўн пакінуў аб сабе дрэнную памяць. Ён ураджэнец штата Місісіпі і ў час вайны быў капітанам у палку місісіпскіх валанцёраў. Толькі яго часцей сустракалі за картачным сталом у ігральным доме, чым у казармах. Было ў яго адно-два дзельцы, якія склалі яму рэпутацыю дуэлянта і задзіры. Але гэту славу ён набыў яшчэ да мексіканскай вайны. У Новым Арлеане ён лічыўся апасным чалавекам.
– Ну і што? – сказаў малады драгун некалькі задзірыста. – Каму якая справа, апасны чалавек містэр Касій Калхаўн ці бясшкодны! Мне гэта, праўда, усё роўна. Вы ж кажаце, што ён для яе ўсяго толькі дваюрадны брат.
– He зусім так… Мне здаецца, што ён да яе не абыякавы.
– I карыстаецца ўзаемнасцю?
– Гэтага я не ведаю. Але, відаць, ён любімец яе бацькі. I мне нават растлумачылі – праўда, пад вялікім сакрэтам – прычыну гэтай сімпатыі. Звычайная гісторыя – грашовая залежнасць. Пойндэкстэр цяпер ужо не такі багаты, як раней, інакш мы ніколі не ўбачылі б яго тут.
– Калі яго дачка такая абаяльная, як вы кажаце, то трэба думаць, што Касій Калхаўн таксама скора з’явіцца тут.
– «Скора»! Гэта ўсё, што вам вядома? Ён ужо тут. Ён прыехаў разам з усёй сям'ёй і цяпер пасяліўся з імі. Некаторыя мяркуюць, што яны разам купілі плантацыю. Сёння раніцай я бачыў яго ў бары гасцініцы – ён п’янстваваў, чапляўся да ўсіх і выхваляўся, як заўсёды.
– У яго смуглы колер твару, на выгляд яму гадоў трыццаць, цёмныя валасы і вусы, носіць сіні суконны сурдут напаўваеннага крою, на поясе рэвальвер Кольта – так?
– Во-во! I яшчэ крывы нож, калі зазірнуць за адварот сурдута. Гэта ён самы.
– Суб’ект даволі непрыемнага выгляду, – заўважыў стралок, – і калі ён такі хвалько і задзіра, то знешнасць не абманвае.
– К чорту знешнасць! – з раздражненнем усклікнуў драгун. – Афіцэрам арміі дзядзькі Сэма наўрад ці варта пужацца знешнасці. Ды і самога задзіры таксама. Калі ён уздумае задзіраць мяне, то спазнае, што я ўмею спускаць курок хутчэй, чым ён…
У гэты час ражок пратрубіў збор на ранішні агляд— цырымонію, якая захоўвалася ў маленькім форце гэтак жа строга, як калі б там стаяў армейскі корпус. I тры афіцэры разышліся, кожны да сваёй роты, каб падрыхтаваць яе да агляду, які праводзіў маёр, камандзір форта.