Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 13
11. Нечаканы госць
Оглавление– Гэй ты, чарнамазы, дзе твой гаспадар?
– Маса Пойндэкстэр, сэр? Стары ці малады?
– Нашто мне малады? Я пытаю пра містэра Пойндэкстэра. Дзе ён?
– Так-так, сэр, яны абодва дома, не, іх абодвух няма дома – ні старога гаспадара, ні маладога маса Генры. Яны там, унізе, ля ракі, дзе робяць новую агароджу. Так-так, яны абодва там.
– Унізе, ля рэчкі? Далёка гэта адсюль, як ты думаеш?
– О сэр! Негр думае, што гэта мілі за тры ці чатыры, калі не далей.
– За тры ці чатыры мілі? Ды ты зусім дурань! Хіба плантацыя містэра Пойндэкстэра цягаецца так далёка? А, наколькі мне вядома, ён не з тых, хто ставіць агароджы на чужой зямлі. Вось што: скажы лепш, калі ён вернецца? Гэта ты ўжо павінен ведаць.
– Яны абодва хутка павінны вярнуцца – і малады гаспадар, і стары, і маса Калхаўн таксама. Будзе вялікае свята ў гэтым доме – панюхайце, як пахне з кухні! I чаго толькі там не гатуюць сёння – і смажанае, і варанае, і цэлыя тушы, запяканкі і кураціна! Баль у нас будзе не горшы, чым бывала на Місісіпі.
Гонар і слава маса Пойндэкстэру! Ён стары што трэба, так-так, незнаёмец! Чаму ж вас не запрасілі на свята – ці вы не друг старога гаспадара?
– Чорт бы цябе ўзяў, негр, хіба ты мяне не помніш? А я вось углядваюся ў тваю чорную фізіяномію і пазнаю цябе.
– Божа! Няўжо гэта маса Стумп, які прывозіў аленіну і індыкоў на старыя плантацыі? Вось дык так – і праўда! Сапраўды, маса Стумп, негр помніць вас так добра, як быццам было гэта заўчора. Вы, здаецца, заходзілі днямі, але мяне тут не было. Я цяпер фурман – сяджу на козлах карэты, у якой ездзіць маладая гаспадыня плантацыі, красуня міса Лу. Яй богу, маса, лепшай за яе не знайсці! Людзі кажуць, што Фларында і падноска яе не вартая… Ну нічога, маса Стумп, вы лепш пачакайце крышачку – стары гаспадар вось-вось будзе дома.
– Добра, калі так, я пачакаю, – адказаў паляўнічы, няспешна злазячы з сядла. – Слухай, – працягваў ён, перадаючы негру павады, – дай ёй штук шэсць пачаткаў кукурузы. Я праскакаў на скаціне больш за дваццаць міль з хуткасцю маланкі – стараўся для твайго гаспадара.
– О, містэр Зебулон Стумп, гэта вы? – пачуўся серабрысты галасок, і на верандзе з’явілася Луіза Пойндэкстэр. – Я так і думала, што гэта вы, – працягвала яна, падыходзячы да поручняў,– хаця і не чакала ўбачыць вас так хутка. Вы як быццам сказалі, што збіраецеся ў далёкае падарожжа. Але я вельмі рада, што бачу вас тут; тата і Генры таксама будуць вам рады… Плутон, ідзі зараз жа да кухаркі Хлоі і спытай, чым яна можа накарміць містэра Стумпа… Вы ж не абедалі, праўда? Вы ўвесь у пылу – мабыць, прыехалі здалёк?.. Паслухай, Фларында, збегай у буфетную і прынясі чаго-небудзь выпіць. У містэра Стумпа, мабыць, моцная смага – сёння ж такі гарачы дзень… Што вам лепш: партвейн, шэры, кларэт? Ах да, цяпер я ўспамінаю – вы любіце манангахільскае віскі. У нас, здаецца, знойдзецца… Паглядзі, Фларында, што там ёсць… Падніміцеся на веранду, містэр Стумп, і прысядзьце, калі ласка. Вы хацелі бачыць бацьку? Ён павінен вярнуцца з хвіліны на хвіліну. А я пастараюся пакуль забавіць вас.
Калі б маладая крэолка скончыла гаварыць і раней, яна ўсё роўна не атрымала б адказу адразу.
Нават і цяпер Стумп загаварыў толькі праз некалькі секунд. Ён стаяў, не зводзячы з яе вачэй, і як быццам анямеў ад захаплення.
– Божа міласэрны, міс Луіза! – нарэшце вымавіў ён. – Калі я бачыў вас на Місісіпі, я думаў, што вы самае прыгожае стварэнне на зямлі. А цяпер я ўпэўнены, што вы самае цудоўнае стварэнне не толькі на зямлі, але і ў нябёсах Іасафат!
Стары паляўнічы не перабольшваў. Толькі што прычасаныя валасы маладой крэолкі блішчалі, яе шчокі пасля халоднай вады гарэлі чырванню. Стройная, у лёгкай сукенцы з індыйскай кісяі, Луіза Пойндэкстэр сапраўды здавалася першай прыгажуняй на зямлі, а можа, і на небе.
– Іасафат! – зноў усклікнуў паляўнічы. – Мне здаралася на сваім вяку бачыць жанчын, якія здаваліся мне прыгожымі, і мая жонка была нябрыдкай, калі я яе ўпершыню сустрэў у Кентукі,– усё гэта так. Але я скажу вось што, міс Луіза: калі ўзяць усю іх прыгажосць і злучыць у адно, то ўсё роўна не атрымаецца і тысячай часткі такога анёла, як вы.
– Ай-яй-яй, містэр Стумп, містэр Стумп, ад вас я гэтага не чакала! Як відаць, Тэхас навучыў вас гаварыць кампліменты. Калі вы будзеце працягваць у тым жа духу, баюся, вы пазбавіцеся сваёй рэпутацыі праўдзівага чалавека. Цяпер я ўжо зусім упэўнена, што вам неабходна як след выпіць… Хутчэй, Фларында!.. Вы, здаецца, сказалі, што аддаяце перавагу віскі?
– Калі я і не сказаў, то, ва ўсякім выпадку, падумаў, а гэта амаль адно і тое ж. Так, міс, я аддаю перавагу вашаму айчыннаму напітку перад усімі замежнымі і ніколі не прайду міма яго, калі толькі ўбачу. У гэтым Тэхас мяне не перарабіў.
– Маса Стумп, падаць вам вады, каб разбавіць? – спытала Фларында, з’явіўшыся са шклянкай, напалову запоўненай віскі.
– Што ты, галубка! Нашто мне вада? Яна мне надакучыла за сённяшні дзень. З самага ранку ў мяне ў роце не было ні кроплі віна, нават паху не чуў.
– Дарагі містэр Стумп, але ж віскі нельга так піць – яно апячэ вам горла. Вазьміце крыху мёду і цукру.
– Нашто ж пераводзіць дабро, міс! Віскі – цудоўны напітак і без гэтых зёлкаў, асабліва пасля таго, як вы на яго глянулі. Зараз убачыце, ці магу я піць яго неразведзеным. Давайце паспрабуем!
Стары паляўнічы паднёс шклянку да губ і, зрабіўшы тры-чатыры глыткі, вярнуў яе Фларындзе пустой. Гучнае цмоканне амаль заглушыла міжвольныя воклічы здзіўлення, якія вырваліся ў маладой крэолкі і яе служанкі.
– Апячэ мне горла, вы сказалі? Ніколькі. Яно толькі прамыла мне глотку, і цяпер я магу размаўляць з вашым таткам адносна крапчастага мустанга.
– Ах да! А я зусім забыла… He, я не тое хацела сказаць… Я проста думала, што вы не паспелі яшчэ ні аб чым даведацца. Хіба ёсць якія-небудзь навіны аб гэтым прыгажуне?
– Прыгажуне – гэта правільна сказана.
– Вы чулі што-небудзь новае пра гэтага мустанга, пасля таго як былі ў нас?
– He толькі чуў, але бачыў яго і нават рукамі кранаў.
– Няўжо?
– Мустанг злоўлены.
– Праўда? Якая цудоўная навіна! Як я рада, што ўбачу гэтага прыгажуна, і як добра будзе праехацца на ім! З той пары як я ў Тэхасе, у мяне не было ні аднаго добрага каня. Бацька абяцаў мне купіць гэтага мустанга за любую цану. Але хто той шчаслівец, якому ўдалося дагнаць яго?
– Вы пытаеце, хто злавіў канька?
– Так-так! Хто ж?
– Ну канешне, мустангер.
– Мустангер?
– I такі, які і вярхом ездзіць, і ласо кідае лепш за ўсіх у тутэйшай прэрыі. А яшчэ хваляць мексіканцаў. Ніколі я не бачыў ні аднаго мексіканца, які так спрытна ўпраўляўся б з коньмі, як гэты хлопец, а ў ім жа няма ні кроплі мексіканскай крыві – ручаюся галавой!
– А як яго завуць?
– Як яго завуць? Прызнаюся, што прозвішча яго я ніколі не чуў, а імя яго – Морыс. Яго тут усе завуць Морыс-мустангер.
Стары паляўнічы быў не настолькі назіральным, каб улавіць, з якой напружанай цікавасцю было зададзена гэта пытанне. Ён таксама не заўважыў, што твар дзяўчыны ўспыхнуў чырванню, калі яна пачула яго адказ.
Аднак ні першае, ні другое не выпала з-пад увагі Фларынды.
– О міс Луі,– усклікнула яна, – гэта ж так завуць таго храбрага маладога джэнтльмена, які выратаваў нас у чорнай прэрыі!
– I то праўда! – усклікнуў паляўнічы, пазбавіўшы маладую крэолку ад неабходнасці адказваць. – Толькі сёння раніцай ён мне расказаў гэту гісторыю, якраз перад нашым ад’ездам. Гэта ён самы. Ён і злавіў крапчастага мустанга. Зараз хлопец на дарозе да вас – гоніць канька і яшчэ каля тузіна мустангаў – і павінен быць тут да змяркання. А я паспяшаўся на сваёй старой кабыле ўперад, каб расказаць аб гэтым вашаму бацьку. Я ведаю, што, як толькі пра гэтага канька даведаюцца ў форце і на плантацыях, яго хутка перахопяць. Я гэта зрабіў для вас, міс Луіза, – помню, як вы зацікавіліся маім расказам пра яго. Ну нічога, цяпер не трывожцеся, усё будзе ў парадку – стары Зеб Стумп ручаецца за гэта.
– О, які вы велікадушны, містэр Стумп! Я вам вельмі, вельмі ўдзячна! Але цяпер я павінна вас на хвілінку пакінуць. Прабачце мне. Бацька хутка вернецца. У нас сёння званы абед. Мне трэба распарадзіцца па гаспадарцы… Фларында, скажы, каб містэру Стумпу падалі снеданне. Ідзі і распарадзіся хутчэй. Так, вось яшчэ што, містэр Стумп, – працягвала дзяўчына, падыходзячы да паляўнічага і панізіўшы голас, – малады… малады джэнтльмен можа прыехаць, калі тут будуць госці – ён, мабыць, незнаёмы з імі,– дык прасачыце, калі ласка, каб аб ім паклапаціліся. Тут, на верандзе, у нас віно, тут жа будзе і закуска. Вы разумееце, пра што я гавару, дарагі містэр Стумп?
– Чорт мяне вазьмі, калі я што-небудзь разумею, міс Луіза! Я разумею вас, калі гаворка ідзе пра выпіўку і іншае, але пра якога маладога джэнтльмена вы гаворыце, я ніяк не магу дайсці да толку.
– Ну як жа вы не разумееце! Малады джэнтльмен – малады чалавек, які павінен прывесці мустангаў.
– А-а! Морыс-мустангер! Вы, значыць, пра яго гаворыце? Павінен сказаць, што вы не памыліліся, называючы яго джэнтльменам, хаця рэдка пра якога мустангера можна так сказаць, але гэты хлопец – джэнтльмен ва ўсім: па роду, выхаванню і паводзінах, нягледзячы на тое, што ён паляўнічы на коней, да таго ж ірландзец.
Вочы Луізы заблішчалі ад радасці, калі яна пачула думку старога паляўнічага пра Морыса-мустангера.
– Але ведаеце, – працягваў Зеб, у якога, здавалася, узнікла нейкае сумненне, – я вам скажу па-сяброўску: гэтага хлопца пакрыўдзіць гасціннасць з другіх рук. Ён жа, як у нас, бывала, казалі ў Місісіпі, «горды, як Пойндэкстэр». Даруйце, міс Луіза, што ў мяне так вырвалася. Я забыў, што размаўляю з міс Пойндэкстэр – не з самым гордым, але з самым прыгожым членам гэтай сям’і.
– О містэр Стумп, мне вы можаце гаварыць усё, што хочаце. Вы ведаеце, што на вас, на нашага мілага велікана, я не пакрыўджуся.
– У каго павернецца язык сказаць што-небудзь крыўднае вам, міс Луіза?
– Дзякую, дзякую! Я ведаю ваша высакароднае сэрца, вашу адданасць. Можа, калі-небудзь, містэр Стумп… – яна гаварыла нерашуча, – мне спатрэбіцца ваша дружба.
– Яна не заставіць сябе чакаць – гэта Зеб Стумп вам можа абяцаць, міс Пойндэкстэр.
– Дзякую! Тысячу разоў дзякую!.. Але што вы хацелі сказаць? Вы гаварылі пра гасціннасць з другіх рук?
– Так, гаварыў.
– Што вы мелі на ўвазе?
– Я хацеў сказаць: не будзе толку, калі я прапаную Морысу-мустангеру што-небудзь выпіць ці закусіць у вашым доме. Хіба толькі ваш бацька сам прапануе яму, інакш ён пойдзе, не даткнуўшыся ні да чаго. Вы разумееце, міс Луіза, ён не такі чалавек, якога можна адаслаць на кухню.
Маладая крэолка не адразу адказала – яна як бы аб чымсьці задумалася.
– Ну добра, не турбуйцеся, – сказала яна нарэшце, і па яе тону можна было здагадацца, што ваганні яе закончыліся. – Добра, містэр Стумп, не частуйце яго. Толькі дайце мне знаць, калі ён прыедзе. Але, калі гэта будзе ў час абеду, ён, безумоўна, зразумее, што ніхто не зможа выйсці да яго, – тады, калі ласка, затрымайце яго крыху. Вы абяцаеце мне гэта?
– Ну канешне, раз вы мяне просіце.
– Дзякую. Толькі абавязкова дайце мне знаць, калі ён прыйдзе. Я сама прапаную яму закусіць.
– Баюся, міс, як бы вы не адбілі ў яго апетыт. Нават галодны воўк страціць ахвоту да яды, калі ўбачыць вас ці пачуе ваш звонкі галасок. Калі я сюды прыйшоў, я быў такі галодны, што гатовы быў праглынуць сырога індыка. А цяпер мне яда не патрэбна, хоць цэлы месяц магу цяпер не есці.
У адказ Луіза пачала звонка смяяцца і паказала паляўнічаму на супрацьлеглы канец двара, дзе з дзвярэй кухні з’явілася Фларында з падносам у руках, а за ёю ішоў Плутон – таксама з падносам, але толькі шырэйшым і больш грунтоўна нагружаным.
– Ах вы, мілы волат! – з прытворным папрокам сказала крэолка. – He верыцца мне, што вы так лёгка губляеце апетыт… А вось і Плутон з Фларындай! Тое, што яны нясуць, саставіць вам больш вясёлую кампанію, чым я. I па гэтаму я вас пакідаю. Да пабачэння, Зеб! Да пабачэння!
Гэтыя словы былі вымаўлены вясёлым тонам; Луіза бесклапотна прайшла цераз веранду, але, апынуўшыся адна ў сваім пакоі, зноў паглыбілася ў роздум.
«Гэта мой лёс. Я адчуваю, я ведаю гэта. Мне страшна ісці яму насустрач, але я не маю сіл пазбегнуць яго. Я не магу і не хачу!» – прашаптала яна.