Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 9

7. Неспакойная ноч

Оглавление

Даведаўшыся, што крапчасты мустанг ужо злоўлены, стары паляўнічы адразу павесялеў.

Яго настрой стаў яшчэ лепшым дзякуючы змесціву бутлі, у якой, наперакор апасенням Фяліма, знайшлося кожнаму «па глытку» для апетыту перад індычкай, потым па другому, каб запіць яе, і яшчэ па некалькі за люлькай.

Ажыўленая гамонка за вячэрай – па звычаю жыхароў прэрыі – тычылася галоўным чынам індзейцаў і выпадкаў на паляванні.

Паколькі Зеб Стумп быў свайго роду хадзячай паляўнічай энцыклапедыяй, то ён гаварыў больш за ўсіх і расказваў такія гісторыі, што Фялім ахаў ад здзіўлення.

Аднак гутарка спынілася яшчэ задоўга да поўначы. Магчыма, што апарожненая бутля заставіла субяседнікаў падумаць аб адпачынку; але была і іншая, больш праўдападобная прычына. Раніцай мустангер збіраўся адправіцца на Ляону, і ўсім ім трэба будзе рана ўстаць, каб падрыхтавацца да падарожжа. Дзікія коні яшчэ не былі прыручаны, і іх трэба было звязаць адзін з адным, каб яны па дарозе не разбегліся; і яшчэ шмат усялякіх клопатаў чакала іх да ад’езду.

Паляўнічы прывязаў сваю кабылу на доўгую вяроўку, каб яна магла пасвіцца, і вярнуўся ў хаціну са старой, пажоўклай коўдрай, якая звычайна служыла яму пасцеллю.

– Кладзіцеся на мой ложак, – ветліва прапанаваў яму гаспадар, – а я пасцялю сабе на падлозе конскую шкуру.

– He, – адказаў госць. – Ні адна з вашых палічак не падыходзіць Зебу Стумпу для спання. Я аддаю перавагу зямлі – на ёй і спіцца лепш, і нікуды не звалішся.

– Калі вам так падабаецца, кладзіцеся на падлогу; вось тут будзе добра, я дам вам шкуру.

– He губляйце дарэмна часу, малады чалавек. Я не прывык спаць на падлозе. Мая пасцель – зялёная трава прэрыі.

– He збіраецеся ж вы спаць пад адкрытым небам?! – усклікнуў уражаны мустангер, убачыўшы, што госць з перакінутай цераз плячо коўдрай кіруе да выхаду.

– Вось іменна збіраюся.

– Але паслухайце, ноч жа вельмі халодная, вы прамерзнеце, як у час норду.

– Пустое. Лепш прамерзнуць, чым спаць у духаце пад дахам.

– Вы жартуеце, містэр Стумп?

– Малады чалавек! – урачыста сказаў паляўнічы. – Зеб Стумп за апошнія шэсць гадоў ні разу не правёў ноч пад дахам. Калісьці ў мяне было штосьці накшталт дома – дупло старой смакоўніцы. Гэта было на Місісіпі, калі яшчэ мая старая была жывая; я завёў гэта жытло дзеля яе; калі яна памерла, я перабраўся спачатку ў Луізіяну, а потым сюды. З той пары мой адзіны дах і днём і ноччу – сіняе неба Тэхаса.

– Калі вам лепш спаць знадворку…

– Так, лепш, – коратка адказаў паляўнічы, пераступаючы парог і накіроўваючыся да лужка, што рассцілаўся паміж хацінай і рэчкай.

З ім была не толькі яго старая коўдра – на руце вісела кабрыэста – вяроўка ярдаў сем даўжынёй, сплеценая з конскага воласу. Звычайна яе ўжываюць для таго, каб прывязаць каня на пашы, але зараз яна прызначалася для іншай мэты.

Уважліва агледзеўшы асветленую месяцам траву, ён старанна ўклаў на зямлі вяроўку, акружыўшы ёю прастору дыяметрам у некалькі футаў. Пераступіўшы цераз вяроўку, ён закруціўся ў коўдру, спакойна ўлёгся і праз хвіліну, здавалася, ужо спаў.

Мяркуючы па гучнаму дыханню, ён, мабыць, сапраўды спаў. Зеб Стумп дзякуючы моцнаму здароўю і спакойнаму сумленню заўсёды засынаў адразу. Аднак адпачываць яму давялося нядоўга. Пара здзіўленых вачэй сачыла за кожным яго рухам: гэта былі вочы Фяліма О’Ніла.

– Святы Патрык, – прашаптаў ён, – для чаго гэта стары абгарадзіўся вяроўкай?

Цікаўнасць ірландца некаторы час змагалася з пачуццём ветлівасці, але першая потым узяла верх; як толькі паляўнічы захроп, Фялім падкраўся да яго і стаў трэсці, каб атрымаць адказ на пытанне, якое яго зацікавіла.

– Пракляты ірландскі асёл! – усклікнуў Стумп. – Я думаў, што ўжо ранак… Для чаго я кладу вакол сябе вяроўку? Для чаго ж яшчэ, як не для таго, каб ахаваць сябе ад усялякіх гадаў?

– Ад якіх гадаў, містэр Стумп?

– Ну канешне ад змей, чорт бы цябе ўзяў! Адпраўляйся спаць.

Нягледзячы на тое што яго аблаялі, Фялім вярнуўся ў хаціну вельмі задаволены. «Калі не лічыць індзейцаў, горш за ўсё ў Тэхасе ядавітыя змеі,– бурчаў ён, размаўляючы сам з сабой. – Я яшчэ ні разу не выспаўся як след з той пары, як сюды трапіў. Вечна толькі і думаеш пра іх ці бачыш у сне. Як шкада, што святы Патрык не наведаў Тэхас, перш чым адправіцца на той свет!»

Фялім, пакуль жыў у самотнай хаціне, мала з кім сустракаўся і таму не ведаў пра магічныя ўласцівасці кабрыэста.

Ён адразу ж выкарыстаў набытыя веды. Пракраўшыся паціху ў дом, каб не разбудзіць гаспадара, Фялім звяў вяроўку, што вісела на сцяне; затым зноў выйшаў за дзверы і вылажыў яе колам вакол сцен, паступова размотваючы на хаду.

Закончыўшы гэту працэдуру, ірландзец пераступіў парог хаціны, шэпчучы:

– Нарэшце Фялім О’Ніл будзе спаць спакойна, колькі б ні было змей у Тэхасе!

Пасля гэтага маналога ў хаціне ўсталявалася цішыня. Зямляк святога Патрыка, не баючыся больш пранікнення паўзуноў, імгненна заснуў, расцягнуўшыся на конскай шкуры.

Некаторы час здавалася, што ўсе ў асалодзе ад поўнага адпачынку, уключаючы Тару і злоўленых мустангаў. Цішыню парушала толькі старая кабыла Стумпа, якая ўсё яшчэ скубла траву на пашы.

Хутка, аднак, выявілася, што стары паляўнічы не спіць. Ён варочаўся з боку на бок, як быццам нейкая неспакойная думка пазбавіла яго сну. Перавярнуўшыся разоў дзесяць, Зеб сеў і незадаволена паглядзеў вакол.

– Чорт бы ўзяў гэтага нахабнага ірландскага дурня! – працадзіў ён скрозь зубы. – Разагнаў мне сон, пракляты! Трэба было яго выцягнуць і шпурнуць у рэчку, каб правучыць. Рукі так і свярбяць! Я гэтага не зраблю толькі з павагі да яго гаспадара… Мабыць, я так і не засну да раніцы.

Пры гэтых словах паляўнічы яшчэ раз закруціўся ў коўдру і зноў лёг.

Аднак заснуць яму не ўдалося: ён круціўся, варочаўся з боку на бок; нарэшце зноў сеў і загаварыў сам з сабою.

На гэты раз пагроза выкупаць Фяліма ў ручаі прагучала больш пэўна і рашуча.

Здавалася, паляўнічы яшчэ вагаўся, калі ён раптам заўважыў штосьці такое, што змяніла ход яго думак. Футах у дваццаці ад таго месца, дзе ён сядзеў, па траве слізгала доўгае тонкае цела; у яго бліскучай лусцэ адбіваліся серабрыстыя промні месяца, і паўзуна няцяжка было распазнаць.

– Змяя! – шэптам вымавіў Зеб, калі яго вочы спыніліся на паўзуне. – Цікава, якая гэта поўзае тут начамі… Занадта вялікая для грымучкі; праўда, у гэтых краях сустракаюцца грымучыя змеі амаль такой жа велічыні. Але ў гэтай занадта светлая луска, ды і тонкая яна целам для грымучай. He, гэта не яна… А-а, цяпер я пазнаю гэту гадзіну! Гэта «курачка» шукае яйкі. Ах ты, шэльма! I паўзе прама на мяне…

У яго тоне не адчувалася спалоху: Зеб Стумп ведаў, што змяя не перапаўзе цераз валасяную вяроўку, а, датыкнуўшыся да яе, папаўзе назад, як ад агню. Пад абаронай гэтага магічнага круга паляўнічы мог спакойна сачыць за няпрошаным госцем, калі б нават гэта была самая ядавітая змяя.

Але яна не была ядавітай. Гэта быў усяго толькі вуж, да таго ж самы бясшкодны, з той разнавіднасці змей, якія ў прастамоўі называюцца «курачкамі», у спісе паўночна-амерыканскіх змей яны лічацца сярод самых буйных.

Твар Зеба выражаў цікаўнасць, і то не вельмі вялікую. Паляўнічы не здзівіўся і не перапалохаўся нават тады, калі вуж падпоўз да самай вяроўкі і, крыху падняўшы галаву, уткнуўся прама ў яе.

Пасля гэтага наогул нечага было баяцца; змяя адразу павярнула і папаўзла назад.

Секунду ці дзве паляўнічы прасядзеў нерухома, сочачы за тым, як змяя адпаўзае. Здавалася, ён быў у нерашучасці – праследаваць яе, каб знішчыць, ці пакінуць без увагі. Калі б гэта была грымучая, коп’егаловая ці макасінавая змяя, ён бы наступіў ёй на галаву цяжкім абцасам свайго бота. Але бясшкоднай «курачцы» яму не было за што помсціць. Гэта было відавочна са слоў, якія паляўнічы прамармытаў, пакуль змяя павольна адпаўзала:

– Беднае стварэнне! Хай сабе паўзе дадому. Праўда, яна высмоктвае індычыя яйкі і гэтым скарачае індычы род, але ж гэта яе адзіная ежа, і няма чаго мне на яе злавацца. Аднак на гэтага праклятага дурня я страшэнна злы. Вось з кім мне хацелася б паквітацца, толькі б не пакрыўдзіць яго гаспадара!.. Ёсць! Здорава прыдумаў!

Пры гэтых словах стары паляўнічы ўскочыў на ногі, выраз яго твару стаў хітрым і вясёлым, і ён пабег даганяць вужа.

Некалькіх крокаў было дастаткова, каб дагнаць змяю. Зеб кінуўся на яе, растапырыўшы ўсе дзесяць пальцаў. Праз секунду яе доўгае бліскучае цела ўжо выгіналася ў яго руцэ.

– Ну, містэр Фялім, – усклікнуў Зеб, – цяпер трымайся! Калі я не напалохаю тваю баязлівую душу так, што ты не заснеш да ранку, то я дурань, які не можа адрозніць сарыча ад індыка. Пачакай жа!

I паляўнічы накіраваўся да хаціны; ціхенька пракраўшыся пад яе ценем, ён пусціў вужа ўнутр кола з вяроўкі, якім Фялім акружыў сваё жыллё.

Вярнуўшыся на сваю травяную пасцель, паляўнічы яшчэ раз нацягнуў коўдру і прамармытаў:

– «Курачка» не перапаўзе цераз вяроўку – гэта напэўна; ясна і тое, што яна аблазіць усё, шукаючы выхаду. I калі змяя праз паўгадзіны не забярэцца на гэтага ірландскага дурня, то Зеб Стумп сам дурань… Стой! Што гэта? Чорт вазьмі, ці не ўжо?

Калі б паляўнічы хацеў сказаць яшчэ што-небудзь, то ўсё роўна не было б чутна, таму што падняўся такі неверагодны шум, які мог бы разбудзіць усё жывое на Аламо і на адлегласці некалькіх міль у наваколлі.

Спачатку пачуўся немы крык ці, дакладней, лямант – такі, які мог вырвацца толькі з глоткі Фяліма О’Ніла.

Затым голас Фяліма патануў у хоры сабачага браxy, конскага фыркання і ржання; гэта працягвалася без перапынку некалькі хвілін.

– Што здарылася? – спытаў мустангер, саскочыўшы з ложка і навобмацак прабіраючыся да ахопленага жахам слугі.– Што на цябе найшло? Ці ты ўбачыў прывід?

– О, майстар Морыс, горш! На мяне напала змяя! Яна мяне ўсяго пакусала!.. Святы Патрык, я бедны, прапашчы грэшнік! Я, мабыць, зараз памру…

– Пакусала змяя? Пакажы дзе? – спытаў Морыс, спешна запальваючы свечку.

Разам з паляўнічым, які ўжо паспеў з’явіцца ў хаціне, ён стаў аглядаць Фяліма.

– Я не бачу ніякіх укусаў,– працягваў мустангер, пасля таго як старанна агледзеў усё цела слугі.

– Няма нават драпіны, – адазваўся Стумп.

– He ўкусіла? Але ж яна поўзала па мне, халодная, як міласціна.

– А ці была тут змяя? – спытаў Морыс з сумненнем у голасе. – Можа, гэта толькі прыснілася табе?

– Якое там прыснілася, майстар Морыс! Гэта была сапраўдная змяя. Праваліцца мне на гэтым месцы!

– Можа, і была змяя, – умяшаўся паляўнічы. – Паглядзім – раптам знойдзем яе. Дзіўна ўсё ж! Вакол вашага дома ляжыць вяроўка з конскага воласу. Як жа гэта гадзюка магла перабрацца цераз яе?.. Вунь, вунь яна!

Кажучы гэта, паляўнічы паказаў у куток пакоя, дзе, скруціўшыся кальцом, ляжала змяя.

– Дык гэта ўсяго толькі «курачка»! – працягваў Стумп. – Яна не страшней за голуба. Пакусаць яна не магла, але ж мы ўсё роўна з ёю расправімся.

Паляўнічы схапіў вужа, высока падняў і кінуў вобзем з такой сілай, што амаль пазбавіў яго здольнасці рухацца.

– Вось і ўсё, містэр Фялім, – сказаў Зеб, наступаючы на галаву змяі сваім цяжкім абцасам. – Кладзіся і спі спакойна да ранку: змяя цябе больш не кране.

Падштурхваючы нагой забітага вужа і весела пасмейваючыся, Зеб Стумп выйшаў з хаціны, зноў расцягнуўся на траве на ўвесь свой агромністы рост і на гэты раз нарэшце заснуў.

Коннік без галавы

Подняться наверх