Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 20
18. Рэўнасць ідзе па слядах
ОглавлениеЗ сарака коннікаў, якія кінуліся ратаваць Луізу, толькі нямногія заехалі далёка. Згубіўшы з вачэй дзікі табун, крапчастага мустанга і мустангера, яны сталі губляць і адзін аднаго. Хутка яны ўжо рассыпаліся ў прэрыі па адным, па двое ці групамі ў тры-чатыры чалавекі. Большасць з іх, не маючы вопыту следапыта, згубілі сляды манады і накіраваліся па іншых – магчыма, пакінутых той жа манадай, толькі раней, – слядах.
Драгуны на чале з маладым афіцэрам, які толькі што скончыў ваеннае вучылішча ў Уэст-Пойнце, таксама згубілі сляды табуна і збочылі па адгалінаванаму старому следу; за драгунамі накіравалася і большасць гасцей.
Яны ехалі па ўзгорыстай прэрыі, дзе-нідзе перарэзанай палосамі хмызняку; зараснікі і ўзгоркі засланялі коннікаў, і хутка яны згубілі адзін аднаго з вачэй. Хвілін праз дваццаць пасля пачатку пагоні птушка, што лунала ў небе, магла б убачыць з паўсотні коннікаў, якія, мабыць, выехалі з аднаго месца, але цяпер скакалі ў розныя бакі.
Толькі адзін коннік імчаўся ў правільным напрамку. Ён ехаў на моцным рыжым кані, які, праўда, не адрозніваўся прыгажосцю, але затое быў быстрым і вынослівым. Сіні, напаўваеннага крою сурдут і сіняя фуражка сведчылі аб тым, што коннік гэты не хто іншы, як адстаўны капітан Касій Калхаўн. Гэта ён гнаў свайго каня па правільных слядах; дубцом і шпорамі Калхаўн прымушаў яго бегчы стрымгалоў. Яго ж самога падганяла думка, вострая, як шпоры, – яна застаўляла яго напружваць усе сілы, каб дасягнуць мэты.
Як галодны гончы, імчаўся ён па следу, выцягнуўшы ўперад галаву, з надзеяй, што будзе ўзнагароджаны за свае намаганні.
Ён нават сам як след не ўяўляў, да чаго ўсё гэта прывядзе; і толькі па злавеснаму позірку, які час ад часу ён кідаў на рукаяткі пісталетаў, што тарчалі з кабуры, можна было здагадацца, што ён задумаў штосьці нядобрае.
Калі б не адна акалічнасць, Калхаўн збіўся б з дарогі, як і іншыя. Яго вялі добра знаёмыя сляды двух канёў. Адзін, большы, ён помніў з пакутлівай яснасцю. Ён бачыў гэты адбітак на попеле выпаленай прэрыі. Штосьці заставіла яго тады запомніць гэтыя сляды, і цяпер ён лёгка пазнаваў іх.
Нарэшце адстаўны капітан прыскакаў да зараснікаў і хутка апынуўся на паляне, дзе так нечакана спыніўся крапчасты мустанг. Да гэтага месца яму няцяжка было арыентавацца, але тут ён стаў у тупік. Сярод адбіткаў капытоў дзікіх кабыл сляды падкоў усё яшчэ былі відны, але тут коні ўжо не беглі галопам. Коннікі тут спыніліся і стаялі побач.
Куды ж цяпер? Сярод слядоў манады ўжо болей не было відаць адбіткаў падкоў; іх наогул нідзе не было відаць. Зямля навокал была цвёрдая і ўсыпаная галькай. Толькі конь, які скача хуткім галопам, мог бы пакінуць на ёй свой след, а не той, які бяжыць спакойнай рыссю.
Калі крапчастая кабыла і гняды рушылі з гэтага месца, яны ехалі спакойным крокам на працягу некалькіх дзясяткаў ярдаў, перш чым паскакалі галопам, накіроўваючыся да пасткі для дзікіх коней.
Калхаўн быў азадачаны. Ён усё кружыў і кружыў па слядах дзікіх кабыл і зноў вяртаўся, не знаходзячы напрамку, у якім паскакалі падкаваныя коні.
Ён быў канчаткова збіты з панталыку, калі ўбачыў адзінокага конніка, які набліжаўся да яго.
У вялізным нязграбным чалавеку з доўгай барадой, вярхом на самай недарэчнай клячы, якую можна было знайсці ў наваколлі на адлегласці ста міль, няцяжка было пазнаць старога паляўнічага. Касій Калхаўн быў знаёмы з Зебулонам Стумпам яшчэ задоўга да таго, як яны ступілі на зямлю Тэхаса.
– Ну што, містэр Калхаўн, дагналі вы міс Луізу? – спытаў стары паляўнічы з незвычайнай для яго сур’ёзнасцю. – He, не дагналі, – працягваў ён, зірнуўшы на разгублены твар Калхаўна і зрабіўшы адпаведны вывад. – Чорт вазьмі, хацеў бы я ведаць, куды ж панесла яе гэта праклятая кабыла? I цікава, як гэта здарылася, – міс Пойндэкстэр такая добрая наезніца. Ну нічога, вялікай бяды не можа быць. Мустангер, канешне, зловіць кабылу сваім ласо і пакладзе канец яе дурасці. А чаму вы тут спыніліся?
– He магу зразумець, у якім напрамку яны паскакалі. Па гэтых слядах можна здагадацца, што яны тут спыняліся. Але я не бачу, куды сляды ідуць далей.
– Ага, так і ёсць, містэр Калхаўн. Яны тут стаялі, і вельмі блізка адзін ад аднаго. Болей яны не скакалі па слядах дзікіх кабыл. Гэта напэўна. Дык куды ж яны падзеліся?
Зеб Стумп запытальна паглядзеў на зямлю, нібы чакаючы адказу ад яе, а не ад Калхаўна.
– Нідзе не бачу іх слядоў,– сказаў адстаўны капітан.
– He бачыце? А я вось бачу. Ану гляньце сюды! Вунь яны, дзе трава прымятая.
– He бачу.
– Ну во яшчэ! Глядзіце як след! Вялікая падкова, а вось маленькая. Яны паскакалі вунь туды. Значыць, яны імчаліся за дзікімі кабыламі толькі да гэтага месца. Паедзем па іх слядах?
– Канешне!
Без далейшых размоў Зеб Стумп накіраваўся па новых слядах – можа, і непрыметных для іншых, але яны не выпалі з-пад увагі яго вачэй.
Хутка і яго спадарожнік змог разгледзець іх: гэта было ў тым месцы, дзе Морыс і Луіза зноў паскакалі галопам, ратуючыся ад жарабцоў, і дзе сляды падкаваных коней глыбока ўрэзаліся ў зямлю, якая парасла травой.
Праз некаторы час яны зноў згубіліся ці, дакладней, сталі прыметныя для вока толькі такога спрактыкаванага следапыта, як Зеб Стумп, які адрозніў іх сярод сотні адбіткаў капытоў, пакінутых на прымятай траве.
– Ого! – раптам са здзіўленнем усклікнуў стары паляўнічы. – Што ж тут адбывалася? Нешта забаўнае…
– Гэта ж адбіткі капытоў дзікіх кабыл, – сказаў Калхаўн. – Яны як быццам зрабілі круг і вярнуліся назад.
– Калі яны гэта і зрабілі, то толькі пасля таго, як коннікі пранесліся міма. Мабыць, справа прыняла іншы кірунак.
– Што вы хочаце гэтым сказаць?
– Тое, што цяпер ужо не коннікі гналіся за кабыламі, а кабылы за імі.
– А адкуль вы гэта ведаеце?
– Хіба ж вы не бачыце, што сляды падкоў затаптаны кабыламі… Ды якія там кабылы – гэта ж сляды вялікіх капытоў! Яны на цэлы дзюйм большыя. Тут пабываў табун жарабцоў. Іасафат! Няўжо ж яны…
– Што «яны»?
– Пагналіся за крапчастай. А калі так, то міс Пойндэкстэр пагражала небяспека. Паедзем далей.
He даючы далейшых тлумачэнняў, стары паляўнічы затрусіў дробнай рыссю, а Калхаўн паехаў за ім, засыпаючы яго пытаннямі.
Але Зеб толькі махнуў рукой, як бы кажучы: «Не прыставай, я вельмі заняты».
Некаторы час увага была поўнасцю захоплена вывучэннем слядоў. Распазнаць адбіткі падкоў было нялёгка, бо яны былі затаптаны жарабцамі. Але паляўнічаму то тут, то там удавалася заўважыць іх, пакуль ён рухаўся ўперад па-ранейшаму дробнай рыссю. Толькі пасля таго як Зеб спыніў сваю кабылу на адлегласці ста ярдаў ад яра, з яго твару сышла трывога; толькі цяпер ён пагадзіўся нарэшце даць тлумачэнні.
– Ах, вось у чым справа! – сказаў Калхаўн, пачуўшы іх. – А чаму вы думаеце, што яны выратаваліся?
– Паглядзіце сюды!
– Мёртвы жарабец… I забіты зусім нядаўна… Што гэта значыць?
– Тое, што мустангер забіў яго.
– I, на вашу думку, так напалохаў астатніх, што яны спынілі пагоню?
– Пагоню яны дык спынілі, але затрымаў іх, відаць, не стрэл, а вось гэта штука – труп жарабца. Каб яго чорт, ну і скачок!
Зеб паказаў на глыбокі яр, да краю якога яны пад’ехалі.
– Вы ж не думаеце, што яны пераскочылі? – спытаў Калхаўн. – Гэта немагчыма!
– Пераскочылі, як піць даць. Хіба вы не бачыце слядоў іх коней не толькі тут, але і па той бок? I міс Пойндэкстэр першая. Іасафат! Што за дзяўчына! Яны абодва павінны былі пераскочыць, перш чым застрэлілі жарабца, інакш ім гэта не ўдалося б. Толькі тут і можна было пераскочыць. Малайчына мустангер! Улажыў жарабца якраз ля самага вузкага месца.
– Вы думаеце, што ён і мая кузіна разам пераскочылі яр?
– He зусім разам, – адказаў Зеб, не падазраючы, чаму Калхаўн яго так дапытвае. – Я ўжо сказаў, што крапчастая пераскочыла першай. Паглядзіце, вунь там яе сляды – па той бок яра.
– Бачу.
– А хіба вы не бачыце, што яны перакрыты слядамі каня мустангера?
– Так-так!
– Жарабцы не скакалі на той бок, ні адзін з усяго табуна. Відаць, было так: хлопец пераскочыў і паслаў кулю ў гэту скаціну. Гэта было ўсё роўна, што зачыніць за сабой вароты. Убачыўшы, што важак упаў, жарабцы спыніліся і пабеглі назад. Вось тут і сляды ўздоўж яра.
– Можа, яны перабраліся ў іншым месцы і працягвалі праследаванне?
– Калі б так, ім давялося б прабегчы дзесяць міль, перш чым вярнуцца сюды: пяць уверх па яру і пяць назад. Але нічога гэтага не было, містэр Калхаўн. He хвалюйцеся, яны больш не праследавалі міс Луізу. Пераскочыўшы цераз яр, яны з мустангерам паскакалі побач; зусім спакойна, як два баранчыкі. Небяспека для іх мінула; а цяпер яны ўжо, мабыць, паехалі туды, дзе стаіць фургон з прыпасамі.
– Едзем! – сказаў Калхаўн з нецярпеннем, як быццам яго кузіне ўсё яшчэ пагражала небяспека. – Едзем, містэр Стумп! Як мага хутчэй.
– He спяшайцеся, зрабіце ласку, – адказаў Зеб, спакойна злазячы з каня і дастаючы нож. – Пачакайце хвілін дзесяць.
– Пачакаць? Дзеля чаго? – раздражнёна спытаў Калхаўн.
– Трэба зняць шкуру з гэтага жарабца. Добрая шкура! Я атрымаю за яе ў нашым пасёлку не менш як пяць долараў. А пяць долараў не кожны дзень знойдзеш у прэрыі.
– Ліха на яе, гэту шкуру! – са злосцю адазваўся Калхаўн. – Едзем, кіньце гэта!
– I не падумаю, – стрымана сказаў Зеб, успорваючы вострым лязом шкуру на чэраве забітай жывёлы. – Вы можаце ехаць, калі вам трэба, містэр Калхаўн, а Зеб Стумп не рушыць з месца да той пары, пакуль не ўзваліць шкуру на спіну сваёй клячы.
– Ну скажыце, Зеб, што мне рабіць? Вы ж ведаеце, што я не знайду дарогу.
– Бадай, гэта падобна на праўду. Ды я і не гаварыў, што вы знойдзеце.
– Ну, паслухайце ж, упарты вы стары! Час мне вельмі дарагі іменна зараз. А вы правалтузіцеся са шкурай цэлых паўгадзіны.
– Менш чым дваццаць хвілін.
– Каля дваццаць хвілін. Але для мяне дваццаць хвілін куды даражэй за пяць долараў. Вы ж сказалі, што такі кошт гэтай шкуры? Кіньце яе тут, а я абяцаю заплаціць вам за яе.
– Так-с. Гэта чартоўскі велікадушна! Толькі мне нешта не хочацца карыстацца вашай прапановай. Гэта 'была б подласць з майго боку – прыняць грошы за такую рэч, тым больш што мы знаёмыя і нам па дарозе. З другога боку, я не магу дапусціць, каб шкура коштам у пяць долараў згніла тут, не кажучы ўжо пра тое, што яе могуць разарваць грыфы, перш чым мне давядзецца зноў пабываць у гэтых месцах.
– Чорт ведае што такое! Але што ж мне рабіць?
– Вы спяшаецеся? Так-с… Шкада, што я не магу суправаджаць вас… Стойце! Няма чаго вам чакаць мяне. Вы самі знойдзеце дарогу да месца пікніка вельмі проста. Глядзіце, вунь там дрэва на гарызонце – бачыце, высокая таполя?
– Так, бачу.
– Так-с… Пазнаяце? Гэта дзіўная расліна больш падобная на званіцу, чым на дрэва.
– Так-так, цяпер пазнаю. Мы ж прамчаліся зусім блізка ад яе, калі гналіся за дзікімі кабыламі.
– Зусім правільна. Што ж вам перашкаджае цяпер вярнуцца гэтай жа дарогай, міма таполі, і ехаць па слядах кабыл, толькі ў адваротным напрамку? Так вы і прыедзеце да месца пікніка і ўбачыце там міс Пойндэкстэр і ўсю вясёлую кампанію, якая выпівае гэту французскую дрэнь – шампэнь. I хай сабе п’юць на здароўе, толькі б не ўспомнілі пра віскі, a то мне нечым будзе прамачыць горла, калі я вярнуся.
Калхаўн ужо даўно не слухаў квяцістую прамову старога паляўнічага. Варта было яму пазнаць дрэва, якое віднелася на гарызонце, як ён прышпорыў свайго рыжага каня і паскакаў галопам, пакінуўшы старога Зеба за яго работай.
– Іасафат! – усклікнуў паляўнічы, падняўшы галаву і заўважыўшы, што капітана і след прастыў.– He трэба асаблівага розуму, каб уцяміць, з-за чаго гэта гарачка; хоць я і не вельмі здагадлівы, але здаецца мне, што гэта самая сапраўдная рэўнасць, якая гойсае па слядах.
Зеб Стумп не памыліўся. Іменна рэўнасць заставіла Касія Калхаўна паспяшацца ў зваротную дарогу. Упершыню яна пачала мучыць яго ў выпаленай прэрыі; з кожным днём яна станавілася ўсё мацнейшай, бо распальвалася не толькі тым, што ён сапраўды бачыў, але і тым, што яму мроілася; і цяпер нарэшце яна прыгняла ў ім усе іншыя пачуцці.
Мустангер падарыў Луізе крапчастага мустанга і прывучыў яго да сядла, а яна прыняла гэты падарунак, нават не спрабуючы ўтаіць сваю радасць. Гэтыя і некаторыя іншыя назіранні падзейнічалі на ўзбуджанае ўяўленне капітана, і ён болей не сумняваўся, што Морыс-мустангер стаў яго галоўным сапернікам.
Сціплае становішча паляўнічага на коней, здавалася, не давала сур’ёзных падстаў не толькі для такой упэўненасці, але нават і для падазрэнняў.
Напэўна, гэта і было б так, калі б Калхаўн не ведаў так добра характар Луізы Пойндэкстэр; з дзіцячых гадоў яна праяўляла поўную незалежнасць, ёй уласціва была смеласць, якая межавала з безразважнасцю, – наўрад ці можна было спадзявацца, што яна палічыцца са звычаямі свайго асяроддзя. Для большасці жанчын яе кола беднасць і нязнатнасць паляўнічага на коней магла б стаць перашкодай калі не для няроўнага шлюбу, то па крайняй меры для неабдуманых учынкаў; але Калхаўн, спрабуючы намаляваць у сваім раўнівым уяўленні паводзіны Луізы, не мог спадзявацца і на гэта.
Усхваляваны падзеямі дня, які так няўдала склаўся для яго, Калхаўн скакаў да месца пікніка. He спускаючы вачэй з дрэва, падобнага на званіцу, ён адшукаў сляды манады і цяпер ужо не мог заблудзіцца. Яму заставалася толькі вярнуцца па ўласных слядах.
Ён ехаў хуткай рыссю – значна хутчэй, чым хацеў бы яго стомлены конь. Конніка падганялі змрочныя думкі. Ужо больш за гадзіну яны цалкам валодалі ім – іх горыч ён яшчэ мадней адчуваў у сваёй адзіноце сярод навакольнай цішыні. Калхаўна не ўзрадавала нават сустрэча з двума коннікамі, якія паказаліся ўдалечыні і ехалі ў тым жа напрамку. Ён адразу пазнаў іх, хаця бачыў толькі спіны, і то здалёк. Гэта былі віноўнікі яго горкіх роздумаў. Таксама як і ён, яны вярталіся па слядах дзікіх кабыл, на якія яны толькі што выехалі, калі ён іх заўважыў. Яны ехалі поруч, бок у бок. Мабыць захопленыя нейкай цікавай размовай, яны не заўважылі адзінокага конніка, які даганяў іх.
У адрозненне ад яго, яны, здавалася, не надта спяшаліся вярнуцца да кампаніі і ехалі павольна; крапчасты мустанг раз-пораз замаруджваў крок.
Іх позы, іх яўная няўвага да навакольнага і, нарэшце, іх марудлівасць – усё гэта настолькі ўзмацняла падазрэнні капітана, што ён амаль страціў самавалоданне.
Пад’ехаць галопам і груба перарваць іх пяшчотную гутарку было першае, што прыйшло яму ў галаву. Яшчэ раз ён заставіў свайго змардаванага каня скакаць хутчэй.
Аднак праз некалькі секунд Калхаўн нацягнуў павады, як быццам перамяніўшы рашэнне. Да коннікаў яшчэ не даляцеў тупат капытоў яго каня, хаця капітан цяпер быў усяго толькі ярдаў за дзвесце ад іх. Да яго ўжо даносіўся серабрысты галасок яго кузіны, якая, відаць, гаварыла больш, чым яе субяседнік. Якой цікавай для іх была гэта размова, калі яны нават не заўважылі яго набліжэння!
Калі б яму ўдалося падслухаць, пра што яны гавораць! На першы погляд здавалася, што з гэтага нічога не атрымаецца. Але чаму б не паспрабаваць?
Мабыць, яны настолькі захапіліся гутаркай, што такая магчымасць не выключана. Трава саванны мяккая, як аксаміт, і лёгкія ўдары капытоў зусім бязгучныя.
Калхаўн быў ахоплены такой нецярплівасцю, што не мог ехаць шагам; але яго рыжы конь ахвотна пайшоў інахаддзю, звычайным алюрам коней паўднёва-заходніх штатаў.
Ледзь падымаючы капыты над зямлёй, амаль слізгаючы па траве, ён прасоўваўся бясшумна, але хутка – настолькі хутка, што праз некалькі секунд ужо дагнаў крапчастую кабылу і гнядога каня мустангера.
Тады капітан заставіў свайго каня замарудзіць крок і ісці ў нагу з імі; сам жа ён нахіліўся наперад і з напружаннем прыслухаўся. Мяркуючы па яго позе, ён гатовы быў адпусціць самую грубую лаянку або, можа, ухапіцца за нож ці рэвальвер.
Яго далейшыя паводзіны залежалі ад таго, што ён пачуе.
Але нічога не здарылася. Хаця два коннікі, захопленыя сваёй гутаркай, былі глухія да навакольнага, слых іх коней аказаўся больш чуткім, і, калі стомлены рыжы конь, перайшоўшы ва шаг, стукнуў капытом, крапчасты мустанг і гняды конь ускінулі галовы і гучна заржалі. План Калхаўна пацярпеў няўдачу.
– А! Кузен Каш! – усклікнула Луіза, павярнуўшыся да капітана, і ў тоне яе прагучала не столькі здзіўленне, колькі прыкрасць. – Ты тут? А дзе бацька, Генры і астатнія?
– Чаму ты мяне пра гэта пытаеш, Лу? Я ведаю пра іх столькі ж, колькі і ты.
– Няўжо? Я думала, што ты выехаў нам насустрач. I яны таксама… Ах, твой конь увесь у пене! Ён выглядае так, нібы ты скакаў на ім доўга, як і мы.
– Твая праўда. Я з самага пачатку кінуўся за табой з надзеяй дапамагчы табе.
– Праўда? А я і не ведала, што ты ехаў за намі. Дзякую, кузен. Я толькі што дзякавала містэру Джэральду, які таксама паехаў за мной і быў так ласкавы выратаваць мяне і Луну ад вельмі вялікай непрыемнасці – дакладней, ад жахлівай небяспекі. Уяві сабе, за намі пагналіся дзікія жарабцы, і мы імчаліся ад іх, літаральна ратуючы сваё жыццё.
– Я гэта ведаю.
– Дык, значыць, ты бачыў, як яны гналіся за намі?
– He, я даведаўся пра гэта па слядах.
– Па слядах? I табе ўдалося разабрацца ў іх?
– Так, дзякуючы тлумачэнням Зеба Стумпа.
– О! Ён быў з табой? I вы ехалі па слядах да… да якога месца?
– Да яра. Зеб мне сказаў, што ты пераскочыла цераз яго. Гэта праўда?
– Луна пераскочыла.
– I ты была ў сядле?
– Канешне! Што за дзіўнае пытанне, Касій! – сказала яна са смехам. – Ці, па-твойму, я павінна была ўхапіцца за яе хвост?.. А ты таксама пераскочыў? – спытала крэолка, раптоўна змяніўшы тон. – I ехаў па нашых слядах далей?
– He, Лу. Ад яра я накіраваўся прама сюды, мяркуючы, што ты вернешся раней за мяне. Вось так мы і сустрэліся з табой.
Луіза, здавалася, была задаволена гэтым адказам.
– Ах так! Добра, што ты дагнаў нас. Мы ехалі павольна. Луна, бедная, вельмі стамілася. He ведаю, як толькі яна дабярэцца да Ляоны…
З таго моманту, як Калхаўн далучыўся да іх, мустангер не прамовіў ні слова. Без бачнага жалю ён пакінуў кампанію маладой крэолкі і моўчкі паехаў уперадзе, зноў вярнуўшыся да сваёй ролі правадніка.
Нягледзячы на гэта, капітан не спускаў з яго дапытлівага погляду. А калі Калхаўн лавіў – ці думаў, што злавіў,– замілаваны позірк Луізы, накіраваны ў той жа бок, вочы яго загараліся д’ябальскай злосцю.
Доўгае падарожжа трох коннікаў магло б прывесці да трагічнага канца. Аднак з’яўленне ўдзельнікаў пікніка папярэдзіла такую развязку. Уцякачку сустрэлі хорам захопленых воклічаў, якія на нейкі час разагналі іншыя думкі.