Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 16
14. Манада
ОглавлениеО, дачка Пойндэкстэра! I ў салонах цывілізаванай Луізіяны, і ў прэрыях дзікага Тэхаса твая прысутнасць выклікае буру. Дзе б ты ні з’явілася, усюды там абуджаюцца рамантычныя 'мары і пачынаюць бушаваць страсці.
Калі б Морыс Джэральд быў поўным уладаром прэрыі і ўсе яе жыхары былі пакорныя яму, ён і тады не мог бы выбраць больш удалага месца для палявання на дзікіх коней, чым тое, да якога ён прывёў падарожнікаў.
Ледзь толькі запенілася ў бакалах віно з нямецкіх склепаў Сан-Антоніо і сінь неба стала здавацца глыбейшай, а зелень яшчэ больш ізумруднай, як раптоўны крык «Mustangs!» заглушыў гул галасоў, і напаўвыказальныя прызванні былі перарваны выбухам вясёлага смеху. Гэта крыкнуў мексіканскі вакера, які быў пасланы дазорным на ўзгорак непадалёк.
Морыс, запрошаны да стала ў якасці госця, хутка дапіў сваю шклянку і, ускочыўшы на каня, крыкнуў:
– Cavallada?
– He, – адказаў мексіканец, – manada.
– Што яны там балбочуць? – спытаў Калхаўн.
– Mustenos – па-мексіканскі значыць «мустангі», – адказаў маёр, – а манадай яны называюць табун дзікіх кабыл. У гэту пару кабылы трымаюцца разам, асобна ад жарабцоў, калі толькі…
– Калі што? – нецярпліва спытаў капітан Калхаўн, перарываючы тлумачэнне.
– Калі толькі на іх не нападаюць аслы, – адказаў маёр.
Усе засмяяліся.
Між тым манада набліжалася.
– На коней! – прагучалі з усіх бакоў галасы.
Наўрад ці можна было паспець палічыць да ста, як цуглі былі ўжо ў ратах коней, якія не паспелі дажаваць кукурузу, аброці перакінуты цераз іх плечы, яшчэ вільготныя ад імклівай скачкі ў духаце трапічнага ранку, і ўсе былі ўжо ў сёдлах, гатовыя імчацца ўперад.
У гэты час дзікі табун з’явіўся на грэбені ўзвышша, на якім толькі што стаяў дазорны. А ён – мустангер па прафесіі – быў ужо ў сядле і ў адно імгненне аказаўся сярод табуна, спрабуючы накінуць ласо на аднаго з мустангаў. З дзікім храпам коні імчаліся шалёным галопам, нібы ратуючыся ад нейкага жахлівага праследвальніка. Увесь час спалохана касавурачыся назад, не заўважаючы ні фургона, ні коннікаў, несліся яны ўперад.
– За імі нехта гоніцца, – сказаў Морыс, заўважыўшы ўстрывожаныя паводзіны жывёл. – Што там такое, Крэспіна? – крыкнуў ён мексіканцу, якому з узгорка было відаць, хто праследуе табун.
У чаканні адказу ўсе прыціхлі. На тварах многіх адбілася трывога і нават страх. Ці не індзейцы гоняцца за мустангамі?
– Un asіno cіmmaron, – пачуўся маласуцяшальны адказ мексіканца. – Un macho, – дадаў ён.
– Так я і думаў. Трэба затрымаць нягодніка, інакш ён сапсуе нам усё паляванне. Калі дзікі асёл гоніцца за табуном, мустангаў не спыніш ніякімі сіламі. Ці далёка ён?
– Зусім блізка, дон Марысіо. Ён бяжыць прама на мяне.
– Паспрабуйце накінуць на яго ласо. Калі не ўдасца, страляйце. Ад яго трэба пазбавіцца.
Амаль ніхто з прысутных не зразумеў, хто праследуе коней. Толькі мустангер ведаў, што азначаюць словы: «Un asіno cіmmaron».
– Растлумачце, Морыс, у чым справа, – сказаў маёр.
– Паглядзіце туды, – адказаў мустангер, паказваючы на вяршыню ўзгорка.
Гэтых двух слоў было дастаткова. Усе позіркі скіраваліся на грэбень узгорка, дзе з быстрынёй птушкі неслася жывёліна, якая лічылася ўзорам марудлівасці і неразумнасці.
Дзікі асёл вельмі адрозніваўся ад свайго зацюканага сабрата – свойскага асла; ён быў амаль такой жа велічыні, як мустангі, за якімі ён гнаўся. Калі ён і не бег хутчэй за самага хуткага з іх, то, ва ўсякім разе, не адставаў. Гэта жывая карціна ўзнікла на фоне зялёнай прэрыі з маланкавай хуткасцю. Тыя, хто яе назіраў, не паспелі абмяняцца і некалькімі словамі, як дзікія кабылы аказаліся амаль побач з імі. Тут, нібы ўпершыню заўважыўшы групу коннікаў, мустангі забыліся пра свайго ненавіснага праследвальніка і павярнулі ўбок.
– Лэдзі і джэнтльмены! Заставайцеся на месцы! – закрычаў Джэральд, звяртаючыся да коннікаў, якія спрабавалі стрымаць сваіх коней. – Я ведаю, дзе аблюбаваная паша гэтага табуна. Мустангі памчаліся туды. Мы адправімся за імі, і там у нас будзе магчымасць добра папаляваць. Калі ж мы пачнём паляванне зараз, яны знікнуць вунь у тых зарасніках, і тады мы наўрад ці зноў іх убачым… Ну, сеньёр Крэспіна! Пусці кулю ў гэтага нягодніка. Ён жа на адлегласці стрэлу, ці не так?
Мексіканец зняў з сядла сваю караткаствольную стрэльбу, хутка ўскінуў яе, прыцэліўся і выстраліў у дзікага асла.
Асёл зароў, але гэта, відаць, быў толькі вызаў з яго боку. Ён застаўся цэлы: Крэспіна прамахнуўся.
– Трэба затрымаць яго, – усклікнуў Морыс, – інакш ён будзе гнацца за мустангамі да самай ночы!
Рэзкім рухам мустангер прышпорыў каня. Як страла памчаўся Кастра ў пагоню за аслом, які, нягледзячы ні на што, працягваў сваё праследаванне.
Морыс паскакаў наперарэз аслу – гняды вынес гаспадара на адлегласць, з якой можна было кінуць ласо. Яшчэ імгненне – і пятля з маланкавай быстрынёй прасвістала над доўгімі вушамі.
Кідаючы ласо, Морыс зрабіў паўпаварот – Кастра павярнуўся, як быццам на шарнірах, і затым гэтак жа паслухмяна спыніўся і ўвесь напружыўся, чакаючы рыўка.
Усе затаілі дыханне, калі асёл, ірвануўшыся ўперад, нацягнуў вяроўку. Потым ён падняўся на дыбы і цяжка перакуліўся на спіну, нібы паражоны куляй у самае сэрца.
Аднак асёл быў яшчэ жывы – туга зацягнутая на яго шыі пятля толькі прыдушыла яго. Вострым мачэтэ мексіканец перарэзаў яму горла.
Гэта падзея затрымала пачатак палявання. Усе чакалі, што цяпер будзе рабіць Морыс-мустангер.
Ён саскочыў з сядла і падышоў да забітага асла, каб узяць сваё ласо. Але тут у рухах ірландца адчулася паспешнасць, напэўна выкліканая нейкай новай трывогай.
Ён кінуўся да свайго каня.
Толькі нямногія з прысутных заўважылі нечаканую паспешлівасць мустангера – большасць былі заняты сваімі напалоханымі коньмі. Тыя ж, хто заўважыў, былі здзіўлены. Мустангер незадоўга перад гэтым угаворваў іх не спяшацца. Яны не бачылі прычыны для такой рэзкай перамены ў яго паводзінах, хіба толькі яна была выклікана тым, што Луіза Пойндэкстэр, раптам аддзяліўшыся ад групы коннікаў, панеслася шалёным галопам, як быццам вырашыла перагнаць усіх у пагоні за табуном.
Аднак паляўнічы на дзікіх коней ведаў, што гэта не так. Такая непавага наўрад ці была наўмыснай з боку дзяўчыны. Хутчэй за ўсё ў ёй быў павінен крапчасты мустанг. Морыс заўважыў, што сустрэтая імі манада была тая самая, да якой мустанг яшчэ нядаўна належаў. Несумненна, убачыўшы таварышак, ён памчаўся са сваёй наезніцай на спіне, каб далучыцца да іх.
Так думаў Морыс-мустангер. Хутка і астатнія прыйшлі да такога ж вываду.
У рыцарскім парыве следам за дзяўчынай ускінуліся амаль усе паляўнічыя – уперадзе Калхаўн, Генкок і Кросмен, а за імі каля дзясятка маладых людзей – плантатараў, адвакатаў, чыноўнікаў. Кожны марыў пра тое, што яму пашанцуе і ён дагоніць уцякачку.
Аднак амаль ніхто з іх не быў сур’ёзна ўстрывожаны – усе ведалі, што Луіза Пойндэкстэр – цудоўная наезніца; перад ёю рассцілалася велізарная раўніна, гладкая, як дарожка іпадрома; мустанг будзе скакаць, пакуль не стоміцца; скінуць наезніцу ён не зможа; наўрад ці Луізе пагражае сур’ёзная небяспека…
Толькі адзін чалавек не падзяляў гэтай думкі. Ён першы праявіў трывогу – гэта быў сам мустангер.
Ён рушыў з месца апошнім, бо затрымаўся, скручваючы ласо. Калі ён ускочыў у сядло і памчаўся наўздагон, паміж ім і астатнімі паляўнічымі было ўжо каля двухсот ярдаў.
Уперадзе ўсіх на злом галавы імчаўся Калхаўн, не даючы літасці ні сабе, ні свайму каню; драгун і стралок крыху адсталі; ззаду скакалі астатнія ўдзельнікі спаборніцтва.
Морыс паступова абагнаў усіх і, прышпорыўшы свайго каня, паскакаў уперадзе капітана.
Калі гняды засланіў крапчастага мустанга, які працягваў аддаляцца, Калхаўн са злосным шыпеннем паслаў яму ўслед праклён.
Паўдзённае сонца асвяціла зусім незвычайную карціну. Табун дзікіх коней імчаўся з неверагоднай хуткасцю па неабсяжнай прэрыі. Конь з гэтага табуна з дзяўчынай на спіне нёсся за імі на адлегласці чатырохсот ярдаў. На такой жа адлегласці ад яго на гнядым кані скакаў малады чалавек у маляўнічым мексіканскім уборы, стараючыся дагнаць яго; ззаду яго – цэлая чарада коннікаў, цывільных і ваенных. А апошнім імчаўся поўным галопам эскадрон драгунаў. Яны толькі што аддзяліліся ад групы мужчын і жанчын, якія, усхвалявана жэстыкулюючы, сядзелі на конях, але не рушылі з месца.
Праз дваццаць хвілін карціна змянілася. Дзеючыя асобы на цудоўным зялёным дыване прэрыі былі тыя ж, а іх размяшчэнне стала іншым, ва ўсякім выпадку, адлегласць паміж імі павялічылася: манада выйграла адлегласць у крапчастага мустанга, крапчасты мустанг – у гнядога, а сапернікаў апошняга ўжо зусім не было відаць. I толькі арол, што лунаў у сапфіравым небе, мог распазнаць іх сваім зоркім вокам.
Дзікія коні, крапчасты мустанг са сваёй наезніцай, гняды конь і яго сядок засталіся адны сярод прастору саванны.