Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 3
1. Выпаленая прэрыя
ОглавлениеПаўднёвае сонца ярка свеціць з бязвоблачнага блакітнага неба над бязмежнай раўнінай Тэхаса каля ста міль на поўдзень. ад старога іспанскага горада Сан-Антоніо-дэ-Бехар. У залатых промнях вырысоўваюцца прадметы, незвычайныя для дзікай прэрыі,– яны гавораць аб прысутнасці людзей там, дзе не відаць прымет чалавечага жылля.
Нават на вялікай адлегласці можна разгледзець, што гэта фургоны; над кожным – паўкруглы верх э беласнежнага палатна.
Іх дзесяць – занадта мала для гандлёвага каравана ці ўрадавага абозу. Хутчэй за ўсё яны належаць якому-небудзь перасяленцу, што высадзіўся на беразе заліва і цяпер накіроўваецца ў адно з новых паселішчаў на рацэ Ляоне.
Выцягнуўшыся доўгай чарадой, фургоны паўзуць па саванне так павольна, што іх рух амаль непрыметны, і толькі па іх узаемнаму становішчу ў доўгім ланцугу абозу можна пра гэта здагадацца. Цьмяныя сілуэты паміж фургонамі сведчаць аб тым, што яны запрэжаныя; а тое, як уцякае спалоханая антылопа і ўзлятае з крыкам краншнэп, выдае, што абоз рухаецца. I звер і птушка не разумеюць: што за дзіўная пачвара ўварвалася ў іх дзікія ўладанні?
Ва ўсёй прэрыі не відаць ніякага руху: ні птушкі ў палёце, ні звера ў бегу. У гэты спякотны паўдзённы час усё жывое ў прэрыі замірае ці хаваецца ў цянёк. I толькі чалавек з яго славалюбствам і сквапнасцю парушае законы трапічнай прыроды і кідае выклік пякучаму сонцу.
Так і гаспадар абозу, нягледзячы на знясільваючую паўдзённую спёку, працягвае свой шлях.
Кожны фургон запрэжаны васьмю моцнымі муламі. Яны вязуць вялікую колькасць харчовых, прыпасаў, дарагую, можна нават сказаць, раскошную мэблю, чорных рабынь і іх дзяцей; чарнаскурыя нявольнікі ідуць пяшком побач з абозам, а некаторыя стомлена плятуцца ззаду, ледзь пераступаючы зраненымі босымі нагамі. Уперадзе едзе лёгкая карэта, запрэжаная дагледжанымі кентукскімі муламі; на яе козлах чорны фурман у ліўрэі млее ад спёкі. Усё гаворыць аб тым, што гэта не бедны пасяленец з паўночных штатаў шукае сабе новую радзіму, а багаты жыхар Поўдня, які ўжо набыў маёнтак і едзе туды са сваёй сям’ёй, маёмасцю і рабамі.
I на самай справе, абоз належыць плантатару, які высадзіўся з сям’ёй у Індыяноле, на беразе заліва Матагорда, і цяпер перасякае прэрыю, накіроўваючыся да сваіх новых уладанняў.
Сярод коннікаў, якія суправаджаюць абоз, як заўсёды, уперадзе едзе сам плантатар, Вудлі Пойндэкстэр, – высокі, хударлявы чалавек гадоў пяцідзесяці, з бледным, хваравіта жаўтаватым тварам і з ганарліва суровай постаццю. Адзеты ён проста, але багата. На ім свабоднага крою кафтан з альпака, камізэлька з чорнага атласу і нанкавыя панталоны. У выразе камізэлькі бачна кашуля з найтанчэйшага палатна, перахопленая ля каўняра чорнай стужкай. На нагах, усунутых у страмёны, чаравікі з мяккай дублёнай скуры. Ад шырокага саламянага капелюша на твар плантатара падае цень.
Побач з ім едуць два коннікі, адзін справа, другі злева: гэта юнак гадоў дваццаці і малады чалавек гадоў на шэсць-сем старэйшы.
Першы – сын Пойндэкстэра. Адкрыты, жыццярадасны твар юнака зусім не падобны на суровы твар бацькі і на змрочную фізіяномію трэцяга конніка – яго кузена.
На юнаку французская блуза з баваўнянай тканіны нябесна-блакітнага колеру, панталоны з таго ж матэрыялу; гэты касцюм – самы прыдатны для паўднёвага клімату – вельмі да твару юнаку, таксама як і белая панама.
Яго дваюрадны брат – адстаўны афіцэр-валанцёр – адзеты ў ваенную форму з цёмна-сіняга сукна, на галаве ў яго суконная фуражка.
Яшчэ адзін коннік скача непадалёк; у яго таксама белая скура – праўда, не зусім белая. Грубыя рысы яго твару, дзяшовае адзенне, плётка, якую ён трымае ў правай руцэ, лоўка ёю шчоўкаючы, – усё гаворыць за тое, што гэта наглядчык за чарнаскурымі, іх мучыцель.
У «карыёле» – лёгкай карэце, якая ўяўляе нешта сярэдняе паміж кабрыялетам і ландо, сядзяць дзве дзяўчыны. У адной з іх скура асляпляльна белая, у другой – зусім чорная. Гэта адзіная дачка Вудлі Пойндэкстэра і яе чарнаскурая служанка.
Падарожнікі едуць з берагоў Місісіпі, са штата Луізіяна.
Сам плантатар – не ўраджэнец гэтага штата; іншымі словамі – не крэол'. Па твары ж яго сына і асабліва па тонкіх рысах яго дачкі, якая час ад часу выглядвае з-за фіранак карэты, лёгка здагадацца, што яны нашчадкі французскай эмігранткі, адной з тых, якія больш стагоддзя назад перасеклі Атлантычны акіян.
Вудлі Пойндэкстэр, уладальнік буйных цукровых плантацый, быў адным з найбольш ганарыстых, марнатраўных і хлебасольных арыстакратаў Поўдня. У рэшце рэшт ён разарыўся і вымушаны быў пакінуць свой дом на Місісіпі і пераехаць з сям’ёй і са жменькай неграў, што яшчэ засталіся, у дзікія прэрыі Тэхаса.
Сонца амаль дасягнула зеніту. Вандроўнікі ідуць павольна, наступаючы на ўласныя цені. Расслабленыя нясцерпнай спякотай, белыя коннікі моўчкі сядзяць у сваіх сёдлах. Нават негры, менш адчувальныя да спёкі, спынілі сваю балбатню, збіліся ў кучкі і маўкліва плятуцца за фургонамі.
Цішыня, пакутлівая, як на хаўтурах, час ад часу перарываецца рэзкім, нібы пісталетны стрэл, шчоўканнем бізуна ці гучным аксамітавым «уоа», што зрываецца з тоўстых губ то аднаго, то другога чарнаскурага фурмана.
Павольна рухаецца караван, быццам ідзе навобмацак. Уласна кажучы, сапраўднай дарогі няма. Яна абазначана толькі слядамі калёс ранейшых павозак, прыметнымі па раздаўленых сцёблах сакавітай травы.
Нягледзячы на чарапашы крок, мулы, запрэжаныя ў фургоны, робяць усё, што ў іх сілах. Плантатар мяркуе, што да новага маёнтка засталося не болей дваццаці міль. Ён спадзяецца дабрацца туды да надыходу ночы. Па гэтаму ён і вырашыў працягваць падарожжа, не зважаючы на паўдзённую спёку.
Раптам наглядчык дае знак фурманам, каб яны спынілі абоз. Ад’ехаўшы на сотню ярдаў уперад, ён рэзка нацягнуў павады, нібы перад якой-небудзь перашкодай.
Ён імчыць да абозу. У яго жэстах – трывога. Што здарылася? Ці не індзейцы? Казалі, што яны з’яўляюцца ў гэтых месцах.
– Што здарылася, містэр Сансом? – спытаў плантатар, калі коннік наблізіўся.
– Трава выпалена. У прэрыі быў пажар.
– Быў пажар? Але ж зараз прэрыя не гарыць, – хутка пытае гаспадар абозу, кідаючы неспакойны позірк у бок карэты. – Дзе? Я не бачу дыму.
– He, сэр, – мармыча наглядчык, – я не казаў, што яна зараз гарыць, я толькі сказаў, што прэрыя гарэла і ўся зямля стала чорнай, што твая піковая дзясятка.
– Ну, гэта не бяда! Мне здаецца, мы гэтак жа спакойна можам падарожнічаць па чорнай прэрыі, як і на зялёнай.
– Неразумна, Джон Сансом, падымаць вэрхал з-за драбніцы!.. Эй вы, чарнамазыя, паварушвайцеся! Бярыся за пугі! Паганяй! Паганяй!
– Але скажыце, капітан Калхаўн, – запярэчыў наглядчык чалавеку, які так рэзка адчытаў яго, – як жа мы знойдзем дарогу?
– А навошта шукаць дарогу? Якое глупства! Хіба мы з яе збіліся?
– Баюся, што так. Слядоў калёс не відаць: яны згарэлі разам з травой.
– Пусцякі! Як быццам нельга перасячы выпалены ўчастак і без слядоў. Мы знойдзем іх на тым баку.
– Так, калі толькі там застаўся другі бок, – прастадушна адказаў наглядчык, які, хоць і быў ураджэнцам усходніх штатаў, не раз бываў і на заходняй ускраіне прэрыі і ведаў, што такое памежнае жыццё. – Нешта яго не відаць, хоць я і з сядла гляджу!..
– Паганяй, чарнамазыя! Паганяй! – закрычаў Калхаўн, перарваўшы размову.
Ён прышпорыў каня і паскакаў уперад, даючы гэтым зразумець, што распараджэнне павінна быць выканана.
Абоз зноў рушыў, але, падышоўшы да мяжы выпаленай прэрыі, раптам спыніўся.
Коннікі з’язджаюцца разам, каб абмеркаваць, што рабіць. Становішча цяжкае – у гэтым усе пераканаліся, зірнуўшы на раўніну, якая рассцілалася перад імі.
Навокал не відаць нічога, акрамя чорных прастораў. Нідзе ніякай зеляніны – ні сцяблінкі, ні травінкі. Пажар лютаваў нядаўна – у час летняга сонцастаяння. Спелыя травы і яркія кветкі прэрыі – усё ператварылася ў попел пад разбуральным подыхам агню.
Наперадзе, направа, налева, наколькі хапае зроку, распасціраецца карціна спусташэння. Неба цяпер не блакітнае – яно стала цёмна-сінім, а сонца, хоць і не заслоненае аблокамі, як быццам не хоча тут свяціць і нібы хмурыцца ад віду змрочнай зямлі.
Наглядчык сказаў праўду: не засталося і слядоў дарогі.
Пажар, што спапяліў спелыя травы прэрыі, знішчыў і сляды калёс, якія паказвалі раней дарогу.
– Што ж нам рабіць? – гэта пытанне задае сам плантатар, і ў голасе яго гучыць разгубленасць.
– Што рабіць, дзядзька Вудлі?.. Канешне, працягваць шлях. Рака павінна быць па той бок пажарышча. Калі нам не ўдасца знайсці пераправу на адлегласці паўмілі, мы падымемся ўверх па цячэнню або спусцімся ўніз… Там будзе відаць.
– Але гэтак мы заблудзім, Касій!
– Наўрад… Мне здаецца, што выгаралая прастора не такая вялікая. He бяда, калі мы крыху саб’ёмся з дарогі: ўсё роўна, рана ці позна, мы выйдзем да ракі ў тым ці іншым месцы.
– Добра, мой друг. Табе лепш ведаць, я даверуся табе.
– He бойцеся, дзядзька. Мне здаралася быць і не ў такіх перапалках… Уперад, негры! За мной!
I адстаўны афіцэр кінуў самаздаволены позірк у бок карэты, з-за фіранак якой выглянуў цудоўны, крыху ўстрывожаны твар дзяўчыны. Калхаўн прышпорыў каня і самаўпэўнена паскакаў уперад.
Услед за шчоўканнем пугі чуецца тупат капытоў васьмідзесяці мулаў, змешаны з рыпеннем калёс. Фургоны зноў рушылі ў дарогу.
Мулы ідуць шпарчэй. Чорная прастора, нязвыклая для вачэй жывёл, нібы падганяе іх; ледзь паспеўшы даткнуцца да попелу капытамі, яны зноў падымаюць ногі. Маладыя мулы храпуць са страху. Паціху яны заспакойваюцца і ідуць за старэйшымі роўным крокам.
Так караван праходзіць каля мілі. Затым ён зноў спыняецца. Гэта распарадзіўся чалавек, які сам вызваўся быць правадніком. Ён нацягвае павады, але ў позе яго ўжо няма ранейшай самаўпэўненасці. Мабыць, ён заклапочаны, не ведае, куды ехаць.
Ландшафт, калі яго толькі можна так назваць, змяніўся, але не да лепшага. Усё па-ранейшаму чорнае да самага гарызонта. Толькі паверхня ўжо не роўная: яна стала хвалістай. Ланцугі ўзгоркаў перамяжоўваюцца далінамі. Нельга сказаць, што тут зусім няма дрэў, хаця тое, што ад іх засталося, наўрад ці можна так назваць. Тут былі дрэвы да пажару – алгароба, мескіта і яшчэ некаторыя віды акацыі раслі тут адзінкава і гаямі. Іх перыстае лісце знікла без следу, засталіся толькі абвугленыя ствалы і пачарнелае галлё.
– Ты збіўся з дарогі, мой друг? – пытае плантатар, таропка пад’язджаючы да пляменніка.
– He, дзядзька, пакуль не. Я спыніўся, каб агледзецца. Нам трэба ехаць вось па гэтай даліне. Няхай караван працягвае шлях. Мы едзем правільна, я за гэта ручаюся.
Караван зноў рушыць. Спускаецца ўніз па схіле, накіроўваецца ўздоўж даліны, зноў узбіраецца па адкосе і на грэбені ўзвышша зноў спыняецца.
– Ты ўсё ж збіўся з дарогі, Каш? – паўтарае сваё пытанне плантатар, пад’язджаючы да пляменніка.
– Чорт вазьмі! Баюся, што твая праўда, дзядзька. Але скажы, які д’ябал мог бы наогул адшукаць дарогу на гэтым папялішчы!.. Не-не! – раптам усклікае Калхаўн, убачыўшы, што карэта пад’ехала зусім блізка. – Мне цяпер усё зразумела. Мы едзем правільна. Рака павінна быць вунь у тым напрамку. Уперад!
I капітан прышпорыў каня, відаць сам не ведаючы, куды ехаць. Фургоны рухаюцца за ім, але з-пад увагі вазніцаў не выпала збянтэжанасць Калхаўна. Яны заўважаюць, што абоз рухаецца не прама ўперад, a кружыць па далінах паміж гаямі.
Але вось бадзёры вокліч важатага адразу падымае настрой падарожнікаў. Дружна шчоўкаюць пугі, чуюцца радасныя выкрыкі.
Вандроўнікі зноў на дарозе, дзе да іх праехала, мабыць, з дзясятак павозак. I гэта было зусім нядаўна: сляды калёс і капытоў свежыя, нібы зроблены яны гадзіну назад. Відаць, па выпаленай прэрыі праехаў такі ж караван.
Як і яны, ён, мабыць, браў кірунак да берагоў Ляоны; вельмі верагодна, што гэта ўрадавы абоз, які накіроўваецца ў форт Індж. У такім выпадку застаецца толькі рухацца па яго слядах. Форт знаходзіцца ў тым жа напрамку, толькі крыху далей за новы маёнтак.
Нічога лепшага нельга было і чакаць. Ад збянтэжанасці Калхаўна не застаецца і следу, ён зноў узняўся духам і з пачуццём адкрытага самаздаволення аддае распараджэнне рухацца.
На працягу мілі, а можа, і болей караван ідзе па знойдзеных слядах. Яны вядуць не прама ўперад, а кружаць сярод абгарэлых гаёў. Самаздаволеная ўпэўненасць Касія Калхаўна пераходзіць у змрочны смутак. На твары яго адбіваецца глыбокі адчай, калі ён урэшце здагадваецца, што сляды сарака чатырох калёс, па якіх яны едуць, былі пакінуты карэтай і дзесяццю фургонамі – тымі самымі, што едуць зараз за ім і з якімі ён прайшоў увесь шлях ад заліва Матагорда.