Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 14
12. Утаймаванне дзікага каня
ОглавлениеАсатэя – самая прыемная частка мексіканскага дома: яе падлога – плоскі дах асьенды, а столь – сіні купал неба. У добрую пагоду – а ў гэтым блаславёным клімаце пагода заўсёды добрая – асатэю любяць больш за гасцёўню. Там у пасляабедзенны час, калі сонца на захадзе залівае ружовым святлом снежныя вяршыні гор Арысаба, Папакатепетль, Талука і горы Блізнят, мексіканскі кабальера фарсіць перад чароўнай сеньярытай сваім упрыгожаным вышыўкай уборам, пускаючы дым цыгары ёй прама ў вочы. Чарнавокая прыгажуня паблажліва слухае любоўныя прызнанні, а можа, не слухае, а толькі прыкідваецца і сумна глядзіць на далёкую асьенду, дзе жыве той, каму аддадзена яе сэрца.
Праводзіць перадвячэрнія часы на даху дома – гэта прыемны звычай, якога трымаюцца ўсе, хто пасяліўся ў мексіканскай асьендзе. Зусім натуральна, што і сям’я луізіянскага плантатара трымалася яго.
I ў гэты вечар, пасля таго як сталовая апусцела, госці сабраліся не ў гасцёўні, а на даху. Сонца на захадзе асвяціла косымі промнямі такую ажыўленую і бліскучую кампанію, якая наўрад ці калі-небудзь збіралася на асатэі Каса-дэль-Корва. Госці прагульваліся па яе мазаічнай падлозе, стаялі групамі ці, спыніўшыся ля парапета, глядзелі ўдалечыню. Нават у старыя часы, калі былы ўладальнік прымаў у сябе мясцовых ідальга самай блакітнай крыві на ўсёй Каауіле і Тэхасе, – нават тады не збіралася тут столькі прыгожых жанчын і адважных мужчын.
Госці, якія сабраліся ў Каса-дэль-Корва, каб павіншаваць Вудлі Пойндэкстэра з пераездам у яго тэхаскі маёнтак, належалі да выбранага кола не толькі Ляоны, але і іншых, больш аддаленых мясцін. Тут былі госці з Гансалеса, з Кастравіла і нават з Сан-Антоніо – старыя сябры плантатара, якія, таксама як і ён, перасяліліся ў паўднёва-заходні Тэхас; многія з іх праскакалі больш за сто міль вярхом, каб прысутнічаць на гэтай урачыстасці.
Плантатар не пашкадаваў ні грошай, ні працы, каб надаць святу пышнасць. Бліскучыя мундзіры і эпалеты запрошаных афіцэраў, ваенны аркестр, цудоўныя старыя віны са склепаў Каса-дэль-Корва – усё гэта надавала балю бляск, якога яшчэ не бачылі на берагах Ляоны.
Але галоўнай украсай кампаніі была чароўная дачка плантатара. Слава аб яе прыгажосці дасягнула Тэхаса раней, чым яна сама прыехала з Луізіяны, дзе лічылася першай прыгажуняй. Маладая гаспадыня дома з’яўлялася то тут, то там сярод гасцей, цудоўная, як багіня, з усмешкай каралевы на вуснах.
Сотні вачэй былі скіраваны на яе: адны сачылі за ёю з захапленнем, другія – з зайздрасцю.
Але ці была яна шчаслівая?
Гэта пытанне можа здацца дзіўным, амаль недарэчным. У акружэнні сяброў, паклоннікаў, адзін з якіх быў даўно ўжо моцна закаханы, другія толькі пачыналі ўлюбляцца, – паклоннікаў, сярод якіх былі маладыя плантатары, адвакаты, якія толькі пачынаюць сваю кар’еру і ўжо вядомыя дзяржаўныя дзеячы, сыны Марса, што носяць зброю або нядаўна яе знялі,– ці магла яна быць шчаслівай? Толькі старонні мог задаць гэта пытанне – чалавек, не знаёмы з характарам крэолак, і асабліва з характарам Луізы Пойндэкстэр.
У бліскучым натоўпе гасцей быў чалавек, які прагна лавіў кожны яе жэст і стараўся разгадаць яго значэнне. Гэта быў Касій Калхаўн.
Ён хадзіў за ёю паўсюдна, і не на блізкай адлегласці, як цень, а крадком, непрыметна пераходзячы з месца на месца; наверсе, унізе ці прыпершыся ў кутку з выглядам прытворнай рассеянасці, ён ні на хвіліну не адводзіў вачэй ад чароўнай крэолкі, нібы сышчык.
Як ні дзіўна, ён не звяртаў увагі на тое, што яна гаварыла ў адказ на кампліменты, якімі засыпалі яе кавалеры, чакаючы яе ўсмешкі,– нават сур’ёзнае заляцанне маладога драгуна Генкока як быццам не турбавала Калхаўна. Усё гэта ён слухаў без прыметнага хвалявання, як звычайна слухаюць размовы, якія не ўяўляюць ніякай цікавасці ні для сябе, ні для сяброў.
I толькі калі ўсе падняліся на асатэю, Касій Калхаўн выдаў сябе: прысутныя не маглі не заўважыць таго ўпартага, дапытлівага позірку, якім ён сачыў за Луізай, калі тая падыходзіла да парапета і ўглядалася ў далечыню. Госці, што стаялі паблізу, падлавілі не адзін такі позірк, таму што не раз паўтараўся рух, які вызываў яго.
Кожныя некалькі хвілін маладая гаспадыня Каса-дэль-Корва набліжалася да парапета і глядзела ўдалячынь, праз раўніну, нібы чагосьці шукала на гарызонце.
Чаму яна рабіла гэта, ніхто не ведаў, і нікога гэта не турбавала. Нікога, акрамя Касія Калхаўна. У яго былі падазрэнні, якія мучылі яго.
А калі па прэрыі ў залатых промнях заходзячага сонца замільгалі нейкія сілуэты і тыя, хто назіраў з асатэі, хутка распазналі табун коней, адстаўны капітан ужо не сумняваўся, што ведае, хто скача на чале гэтай кавалькады.
Але яшчэ задоўга да таго, як табун прыцягнуў увагу гасцей, Луіза заўважыла яго па воблаку пылу, якое паднялося на гарызонце. Праўда, яно было тады яшчэ такім маленькім і няясным, што ўбачыць яго мог толькі той, хто напружана чакаў, што вось-вось табун з’явіцца. З гэтай хвіліны маладая крэолка, весела балбочучы з сяброўкамі, цішком сачыла за воблакам пылу, якое набліжалася; яна ўжо здагадвалася, чым яно было выклікана, але думала, што ведае гэта толькі яна адна.
– Дзікія коні! – аб’явіў маёр, камендант форта Індж, паглядзеўшы ў бінокль. – Хтосьці вядзе іх сюды, – сказаў ён, зноў паглядзеўшы ў бінокль. – А! Цяпер я бачу: гэта Морыс-мустангер – ён часам пастаўляе нам коней. Ён як быццам бы едзе прама сюды, містэр Пойндэкстэр.
– Вельмі магчыма, калі гэта той малады чалавек, якога вы толькі што назвалі,– адказаў уладальнік Каса-дэль-Корва. – Гэты мустангер узяўся даставіць дзясяткі два-тры коней і, напэўна, ужо вядзе іх… Ага, так і ёсць, – сказаў ён, паглядзеўшы ў бінокль.
– Я ўпэўнены, што гэта ён! – усклікнуў сын плантатара. – Я пазнаю ў гэтым конніку Морыса Джэральда.
Дачка плантатара таксама магла гэта сказаць, але яна не паказала выгляду, што колькі-небудзь зацікаўлена тым, што адбываецца. Яна заўважыла, што за ёю няспынна сочаць злыя вочы дваюраднага брата.
Нарэшце табун наблізіўся. Наперадзе сапраўды скакаў Морыс-мустангер; ён вёў за сабой на ласо крапчастага мустанга.
– Што за цудоўны канёк! – прагучала некалькі галасоў, калі дзікага мустанга, устрывожанага незвычайнымі абставінамі, паднялі к дому.
– А бадай, варта спусціцца ўніз, каб паглядзець на гэтага дзікуна, – заўважыла жонка маёра, дама з узнёслым характарам. – Давайце сыдзем уніз. Як вы думаеце, міс Пойндэкстэр?
– Як хочаце, – пачуўся адказ маладой гаспадыні сярод цэлага хору настойлівых галасоў.
– Спусцімся ўніз, хутчэй спусцімся!
Пад кіраўніцтвам жонкі маёра дамы збеглі ўніз па каменнай лесвіцы. Мужчыны пайшлі за імі. Праз некалькі хвілін мустангер, усё яшчэ вярхом на кані, апынуўся разам са сваёй палонніцай у самым цэнтры вытанчанай кампаніі.
Генры Пойндэкстэр апярэдзіў усіх і па-сяброўску прывітаўся з мустангерам. Луіза абмянялася з Морысам толькі лёгкім паклонам. Аказаць больш увагі гандляру коньмі, нават калі лічыць, што ён быў удастоены гонару знаёмства з ёю, яна не адважылася, бо наўрад ці гэта спадабалася б прысутным.
З усіх дам адна толькі жонка маёра павіталася з мустангерам дружалюбна, але гэта было зроблена звысоку, і ў тоне яе чулася паблажлівасць. Затое ён быў узнагароджаны быстрым і выразным позіркам маладой крэолкі.
Зрэшты, прыхільнасць праглядвала ў позірку не толькі адной Луізы. Нягледзячы на зашпілены касцюм, мустангер быў вельмі прыгожы з сябе. Доўгі шлях як быццам не стаміў яго. Стэпавы вецер разрумяніў твар маладога ірландца; моцная, бронзавая ад загару шыя падкрэслівала мужную прыгажосць юнака. Ва ўсёй яго стройнай постаці адчуваліся незвычайная вынослівасць і сіла. He адна пара жаночых вачэй крадком глядзела на яго, імкнучыся злавіць яго позірк. Прывабная пляменніца інтэнданта зачаравана ўсміхалася яму. Казалі, што і жонка інтэнданта паглядвала на яго, але гэта, відаць, быў толькі паклёп, які ішоў ад жонкі доктара, вядомай у форте пляткаркі.
– Няма сумнення, – сказаў Пойндэкстэр, агледзеўшы злоўленага мустанга, – што гэта іменна той конь, пра якога мне гаварыў Зеб Стумп.
– Так, ён і ёсць той самы, – адказаў стары паляўнічы, падыходзячы да Морыса, каб дапамагчы яму. – Правільна, містэр Пойндэкстэр, гэта той самы конь. Хлопец злавіў Яго раней, чым я паспеў прыехаць да яго. Добра, што я падаспеў у час: канёк, бадай што, мог трапіць у іншыя рукі, а гэта засмуціла б міс Луізу.
– Гэта так, містэр Стумп. Вы вельмі ўважлівы да мяне. Праўда, не ведаю, ці змагу я калі-небудзь аддзякаваць вам за вашу дабрату, – сказала Луіза.
– «Аддзякаваць!» Вы хочаце сказаць, што жадалі б зрабіць мне што-небудзь прыемнае? Гэта вам няцяжка, міс. Я ж нічога асаблівага і не зрабіў – праехаўся па прэрыі, вось і ўсё. А палюбавацца на такую красуню, як вы, ды яшчэ ў капелюшы з пяром і ў спадніцы з доўгім хвастом, які развяваецца ззаду вас, вярхом на гэтай кабыле, – за такую плату Зеб Стумп пагадзіўся б прабегчыся да самых Скалістых гор і назад!
– О містэр Стумп, які вы непапраўны ліслівец! Паглядзіце вакол, і вы знойдзеце многіх, якія больш за мяне дастойны вашых кампліментаў.
– Добра, добра! – адказаў Зеб, кінуўшы рассеяны позірк на дам. – Я згодны, што тут шмат красунь – чорт пабяры, шмат красунь! Але, як казалі ў нас у Луізіяне, Луіза Пойндэкстэр толькі адна.
Выбух смеху, у якім можна было распазнаць толькі нямнога жаночых галасоў, быў адказам на галантную прамову Зеба.
– Я вам вінаваты дзвесце долараў за гэтага каня, – сказаў плантатар, звяртаючыся да Морыса і паказваючы на крапчастага мустанга. – Здаецца, аб такой суме дамаўляўся з вамі містэр Стумп?
– Я не ўдзельнічаў у гэтай здзелцы, – адказаў мустангер, шматзначна, але прыязна ўсміхаючыся. – Я не магу ўзяць вашых грошай. Гэты конь не прадаецца.
– На самай справе? – сказаў Пойндэкстэр, адступаючы назад з выглядам абражанай гордасці.
Плантатары і афіцэры не маглі ўтаіць свайго крайняга здзіўлення, пачуўшы Морыса. Дзвесце долараў за неаб’езджанага мустанга, тады калі звычайная цана ад дзесяці да дваццаці! Мустангер, мабыць, не ў сваім розуме.
Але Морыс не даў ім магчымасці разважаць на гэту тэму.
– Містэр Пойндэкстэр, – працягваў ён з ранейшай прыязнасцю, – вы так добра заплацілі мне за іншых мустангаў і нават раней, чым яны былі злоўлены, што дазвольце мне аддзякаваць вам і зрабіць падарунак, як у нас у Ірландыі кажуць, «на шчасце». Па вашаму ірландскаму звычаю, калі гандлёвая здзелка на коней адбываецца дома, падарунак робяць не таму, з кім заключаюць здзелку, а яго жонцы або дачцэ. Дазволіце мне ўвесці гэты ірландскі звычай у Тэхасе?
– Канешне! – пачулася некалькі галасоў.
– Я не супраць, містэр Джэральд, – адказаў плантатар, адступаючыся ад свайго кансерватызму перад агульнай думкай. – Як хочаце.
– Дзякую, джэнтльмены, дзякую! – сказаў мустангер, паблажліва зірнуўшы на людзей, якія лічылі сябе вышэй за яго. – Гэты конь і будзе падарункам «на шчасце». I, калі міс Пойндэкстэр пагадзіцца прыняць яго, я буду адчуваць сябе больш чым аддзякаваным за тры дні несупыннай пагоні за дзікуном. Калі б нават ён быў самай вераломнай какеткай, то і тады наўрад ці цяжэй было б яго пакарыць.
– Я прымаю ваш падарунак, сэр, і прымаю яго з удзячнасцю, – упершыню загаварыла маладая крэолка, без манернасці выступаючы ўперад. – Але мне здаецца… – працягвала яна, паказваючы на мустанга і ў той жа час запытальна гледзячы ў вочы мустангеру, – мне здаецца, што ваша палонніца яшчэ не ўтаймавана. Яна дрыжыць ад страху перад невядомай будучыняй. Мабыць, яна паспрабуе скінуць аброць, калі тая ёй прыйдзецца не па нораву, і што я, небарака, тады буду рабіць?
– Правільна, Морыс, – сказаў маёр, не зразумеўшы патаемнага сэнсу гэтых слоў і звяртаючыся да таго, хто адзін толькі і мог разгадаць іх значэнне. – Міс Пойндэкстэр кажа праўду. Мустанг яшчэ зусім не аб’езджаны— гэта ясна кожнаму. Давайце, даражэнькі, павучыце яго крыху!.. Лэдзі і джэнтльмены! – звярнуўся маёр да навакольных. – Гэта варта паглядзець, асабліва тым, хто яшчэ не бачыў падобнага відовішча… А ну, Морыс, садзіся на яго і пакажы, на што здольныя наезнікі прэрый. Мяркуючы па яе выгляду, вас чакае нялёгкая задача.
– Ваша праўда, маёр, задача сапраўды не з лёгкіх! – адказаў мустангер, кінуўшы быстры позірк, але не на чатырохногую палонніцу, а на маладую крэолку.
Сабраўшы ўсе свае сілы, каб не выдаць сябе, дзяўчына з дрыжаннем адступіла назад і схавалася ў натоўпе гасцей.
– Нічога, Морыс, нічога! – працягваў маёр супакойлівым тонам. – Хоць вочы яе і гараць агнём, б'юся аб заклад, што вы выб’еце з яе дурасць. Паспрабуйце!
He прыняць прапанову маёра мустангер не мог – яму не дазваляла прафесійная гордасць. Гэта быў вызаў яго лоўкасці, майстэрству наезніка: заваяваць прызнанне ў прэрыях Тэхаса не так лёгка.
Морыс выказаў згоду тым, што спрытна саскочыў з сядла і, перадаўшы павады Зебу Стумпу, падышоў да крапчастага мустанга.
Малады паляўнічы не стаў траціць часу на якія-небудзь рыхтаванні, ён толькі папрасіў ачысціць месца. Гэта было выканана імгненна: большая частка гасцей, у тым ліку ўсе дамы, вярнуліся на асатэю.
Морыс Джэральд ускочыў на спіну мустанга толькі з кавалкам ласо ў руках, якое ён накінуў пятлёй на яго ніжнюю сківіцу і зацягнуў на галаве ў выглядзе аброці.
Упершыню дзікі конь адчуў на сабе чалавека, у першы раз яму была нанесена падобная абраза.
Пранізлівае злоснае ржанне было яўным пратэстам супраць замаху на свабоду.
Конь стаў на дыбы і некалькі секунд захоўваў раўнавагу ў гэтым становішчы. Коннік не разгубіўся і абхапіў яго шыю абедзвюма рукамі. З сілай сціскаючы яго горла, ён шчыльна прыпаў да каня. He зрабі ён гэтага, мустанг мог бы кінуцца на спіну і раздавіць пад сабой седака.
Пасля гэтага мустанг пачаў біць задам – прыём, які заўсёды ўжываюць у падобных выпадках дзікія коні. Гэта паставіла конніка ў асабліва цяжкае становішча: ён рызыкаваў быць скінутым. Упэўнены ў сваёй спрытнасці, мустангер адмовіўся ад сядла і страмёнаў, а зараз яны вельмі б яму дапамаглі; але ўтаймаваць асядланага каня не палічылі б у прэрыі за подзвіг.
Ён справіўся і так. Калі конь стаў біць задам, мустангер хутка перавярнуўся на яго спіне, рукамі абхапіў яго за бакі і, упершыся пальцамі ног у яго лапаткі, не даў сябе скінуць.
Два ці тры разы паўтарыў мустанг гэту спробу, але кожны раз вымушаны быў уступіць спрыту наезніка. I нарэшце, нібы зразумеўшы дарэмнасць сваіх намаганняў, раз’юшаны конь перастаў брыкацца і, сарваўшыся з месца, памчаўся такім галопам, нібы збіраўся занесці конніка на край свету. Недзе гэта скачка павінна была скончыцца, але толькі па-за полем зроку тых, хто сабраўся на асатэі, чакаючы вяртання мустангера. Многія выказвалі меркаванні, што ён можа быць забіты ці па крайняй меры знявечаны. Сярод прысутных адзін чалавек тайна жадаў гэтага, а для другога гэта было амаль раўназначна ўласнай смерці. Чаму Луіза Пойндэкстэр, дачка гордага луізіянскага плантатара, вядомая прыгажуня, якая магла б выйсці замуж за самага знатнага і багатага чалавека, чаму яна дазволіла сабе захапіцца ці нават проста марыць аб бедным тэхаскім паляўнічым – гэта была тайна, якую не магла разгадаць нават яна сама, нягледзячы на свой не абы-які розум.
Можа, яна яшчэ яе зайшла так далёка, каб закахацца. Сама яна гэтага не думала.
Яна ўсведамляла толькі, што ў ёй успыхнуў вейкі дзіўны інтарэс да гэтага незвычайнага чалавека, з якім яна пазнаёмілася пры такіх рамантычных абставінах і які так моцна адрозніваўся ад звычайных людзей, што складалі так званае выбранае кола.
I яна ўсведамляла, што гэты інтарэс, выкліканы словам, позіркам, жэстам, пачутымі ці заўважанымі сярод выпаленай прэрыі, замест таго каб згаснуць, з кожным днём станавіўся ўсё большым. I сэрца Луізы забілася мацней, калі Морыс-мустангер зноў з’явіўся на кані, але цяпер ужо не на дзікім, а ўтаймаваным: ён не спрабаваў скінуць яго, а прыціх і пакорліва прызваў у ім свайго гаспадара.
Маладая крэолка зведала тое ж пачуццё, хаця гэтага ніхто не заўважыў і яна сама гэтага не ўсведамляла.
– Міс Пойндэкстэр, – сказаў мустангер, саскокваючы з каня і не звяртаючы ўвагі на гром воплескаў, які яго сустрэў,– ці магу я папрасіць вас падысці да каня, накінуць яму на шыю ласо і адвесці ў канюшню? Калі вы гэта зробіце, ён будзе лічыць вас сваёй утаймавальніцай і заўсёды пасля гэтага будзе пакорны вашай волі, варта вам толькі напомніць яму аб тым, што ўпершыню пазбавіла яго свабоды.
Чапурыстую прыгажуню абурыла б такая прапанова, какетка адхіліла б яе, а баязлівая Дзяўчына спалохалася б.
Але Луіза Пойндэкстэр, праўнучка французскай эмігранткі, ні хвіліны не вагаючыся, без ценю манернасці ці страху, устала і пакінула сваіх арыстакратычных сяброў. Як і сказаў мустангер, яна ўзяла вяроўку, сплеценую з конскага воласу, накінула яе на шыю ўтаймаванага мустанга і адняла яго ў канюшню Каса-дэль-Корва.
Словы мустангера гучалі ў яе вушах, рэхам аддаючыся ў сэрцы: «Ён будзе лічыць вас сваёй утаймавальніцай і заўсёды пасля гэтага будзе пакорны вашай волі, варта вам толькі напомніць яму аб тым, што пазбавіла яго свабоды».