Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 18

16. Уцёкі ад дзікіх мустангаў

Оглавление

Коннікі насцярожана сядзелі ў сваіх сёдлах. Луіза хвалявалася менш, чым мустангер, таму што яна даверылася яму. Яна не зусім разумела, якая небяспека ім пагражае, але здагадвалася, што небяспека гэта вельмі сур’ёзная, раз такі чалавек, як Морыс Джэральд, праяўляе трывогу. Усведамленне, што гэта трывога часткова выклікана страхам за яе, наперакор усяму, напаўняла яе сэрца радасцю.

– Цяпер, бадай, можна рызыкнуць, – яшчэ раз прыслухаўшыся, сказаў Морыс. – Яны як быццам ужо мінулі тую паляну, праз якую ляжыць наш шлях. Вельмі прашу, будзьце ўважлівы! Цвёрда сядзіце ў сядле і моцна трымайце павады. Там, дзе дарога дазволіць, скачыце са мной побач і ні ў якім выпадку не адставайце больш чым на даўжыню хваста майго каня. Мне прыйдзецца ехаць уперадзе, каб паказваць дарогу… Вось яны накіраваліся да нашай паляны… Амаль дасягнулі яе краю… Цяпер пара!

Ва ўрачыстую цішыню прэрыі раптам уварваўся шалёны шум, нібы з вар’яцкага дома. Пранізлівае ржанне дзікіх жарабцоў нагадвала крыкі буйных маньякаў, толькі гэтыя гукі былі ў шмат разоў мацнейшыя. Ім уторыў грамавы тупат капытоў, свіст і трэск зламаных галін, дзікае храпенне, якое суправаджалася рэзкім лясканнем зубоў.

Гэтыя гукі гаварылі аб лютай схватцы дзікіх жарабцоў. Іх яшчэ не было відаць, але яны набліжаліся, прабіваючыся скрозь зараснікі і ні на імгненне не спыняючы бойкі.

Ледзь Морыс падаў знак рухацца, як стракаты табун дзікіх коней з’явіўся ў вузкім праходзе паміж зараснікамі. Яшчэ імгненне – і з нястрымнасцю горнай лавіны яны вырваліся на адкрытую паляну.

Гэта была жывая лавіна самых прыгожых стварэнняў, якія толькі існуюць у прыродзе, бо нават чалавек павінен уступіць ім першае месца. Я не кажу пра змардаванага каня цывілізаванага свету, каня з худою спінай, крывымі нагамі і апушчанай галавой, каня, знявечанага нажніцамі перакупшчыка або грума, – не, гаворка ідзе пра дзікага каня саванны, які народжаны сярод зялёных прастораў і вырас на волі, як палявая кветка.

Няма больш захапляльнага відовішча, чым табун дзікіх жарабцоў, якія скачуць па прэрыі. Але гэта цудоўнае відовішча палохае чалавека – яно занадта страшнае, каб ім можна было спакойна любавацца. Асабліва калі глядач бачыць табун дзікіх мустангаў з адкрытага месца і рызыкуе сам стаць ахвярай іх нападу. Вось што пагражала коннікам на гнядым кані і на крапчастым мустангу. Коннік па вопыту ведаў, як небяспечна такое становішча; яго ж спадарожніца не магла не здагадацца аб гэтым.

– Сюды! – крыкнуў Морыс і прышпорыў каня, каб абагнаць табун. – О Божа! Яны заўважылі нас! Хутчэй, хутчэй, міс Пойндэкстэр! Памятайце, што справа ідзе аб вашым жыцці!

Але словы былі залішнія. Паводзіны жарабцоў пераканаўча паказвалі, што толькі хуткасць можа выратаваць крапчастага мустанга і яго наезніцу.

Выскачыўшы на адкрытае месца і ўбачыўшы асядланых коней, дзікія жарабцы раптам кінулі сваю бойку. Яны спыніліся, нібы па загаду вопытнага важака, і выцягнуліся ў адзін рад, як кавалерыйскі эскадрон, стрыманы ў запале атакі.

На некаторы час іх узаемная нянавісць, здавалася, была забыта, як быццам яны збіраліся напасці на агульнага ворага ці супраціўляцца агульнай небяспецы.

Затрымка, магчыма, адбылася ад здзіўлення; але, так ці інакш, яна была на руку ўцекачам. У гэтыя некалькі секунд коннікам удалося абагнуць непрыяцеля і апынуцца ў яго ў тыле, на шляху да выратавання.

Аднак толькі на шляху да выратавання. Ці ўдасца ім збегчы ад праследвальнікаў, заставалася няясным, таму што дзікія жарабцы, заўважыўшы іх хітрасць, з храпам і віскам кінуліся за імі з яўным намерам дагнаць.

Пачалася імклівая, нястрымная пагоня праз прасторы прэрыі, адчайнае спаборніцтва ў хуткасці паміж коньмі без седакоў і коньмі з седакамі.

Час ад часу Морыс азіраўся, і, хаця адлегласць, якую ім удалося выйграць напачатку, не зменшылася, выраз яго твару па-ранейшаму быў трывожным. Калі б ён быў адзін, ён не хваляваўся б ні хвіліны. Ён ведаў, што гняды – ён жа таксама быў мустангам – нікому не дасць сябе абагнаць. Бяда была ў тым, што Луна замаруджвала бег – яна скакала павольней, чым калі б там ні было, як быццам зусім не хацела ратавацца ад праследвальнікаў.

«Што гэта можа азначаць? – неўразуменна думаў мустангер, стрымліваючы каня, каб не абганяць сваю спадарожніцу. – Калі нас што-небудзь затрымае пры пераправе, мы загінем. Дарагая кожная секунда.

– Яны яшчэ не даганяюць нас? – спытала Луіза, заўважыўшы, што мустангер устрывожаны.

– Пакуль яшчэ не. На бяду, уперадзе сур’ёзная перашкода. Я ведаю, што вы цудоўная наезніца, але ваш конь… У ім я не ўпэўнены. Вы яго лепш ведаеце. Ці зможа ён пераскочыць цераз…

– Цераз што, сэр?

– Вы зараз убачыце. Мы ўжо недалёка ад гэтага месца.

I яны працягвалі скакаць поруч галопам, праходзячы амаль мілю ў мінуту.

Як і казаў мустангер, яны хутка ўбачылі перашкоду. Гэта быў вялікі яр сярод неагляднай прэрыі. Ён быў не менш як пятнаццаць футаў у шырыню, столькі ж у глыбіню і цягнуўся ў абодва бакі як вокам акінуць. Калі б коннікі павярнулі направа або налева, гэта дало б жарабцам магчымасць скараціць шлях па дыяганалі; даць ім такую перавагу было раўназначна самазабойству.

Яр неабходна пераскочыць, інакш мустангі дагоняць іх. Толькі скачок у пятнаццаць футаў даўжынёй мог выратаваць уцекачоў. Морыс ведаў, што гняды не падвядзе – яму не раз даводзілася рабіць такія скачкі. Але крапчастая кабыла?

– Як вы думаеце, зможа яна ўзяць гэту перашкоду? – занепакоена спытаў мустангер, калі яны пад’ехалі да стромага краю яра.

– He сумняваюся, – упэўнена адказала Луіза.

– Але ці ўтрымаецеся вы на ёй?

– Ха-ха-ха! – іранічна засмяялася крэолка. – Гэта вельмі дзіўнае пытанне для ірландца. Я упэўнена, што вашы суайчынніцы палічылі б гэтыя словы абразай. Нават я, ураджэнка балоцістай Луізіяны, не лічу іх залішне ветлівымі. Ці ўтрымаюся я? Ды я ўтрымаюся на ёй, куды б яна мяне ні панесла!

– Але ж, міс Пойндэкстэр, – прамармытаў Морыс, усё яшчэ не давяраючы сілам крапчастага мустанга, – а раптам яна не справіцца? Калі вы колькі-небудзь у ёй сумняваецеся, то ці не лепш пакінуць яе тут? Я ведаю, што мой конь лёгка перанясе нас абодвух на той бок. Ахвяраваўшы мустангам, мы, напэўна, пазбавімся ад далейшага праследавання. Дзікія жарабцы…

– Пакінуць Луну! Аддаць яе на разарванне шалёным жарабцам! Не-не, містэр Джэральд! Мой мустанг мне занадта дарагі. Мы разам пераскочым прорву, калі толькі зможам. А калі не, то разам зламаем сабе шыю… Ну, мая мілая! Ляцім! Вось той, хто паляваў на цябе, злавіў і пакарыў цябе. Пакажы яму, што ты яшчэ не зусім заняволена, што ты можаш, калі трэба, скінуць з сябе сяброўскае ці варожае ярмо. Пакажы яму адзін з тых скачкоў, якія мы так часта з табой рабілі за апошні тыдзень. Ну, мілая, ляцім!

I адважная крэолка, не чакаючы падбадзёрлівага прыкладу, смела падскакала да краю яра і ўзяла гэту перашкоду адным з тых скачкоў, якія «так часта рабілі за апошні тыдзень».

У мустангера былі тры думкі – дакладней, тры пачуцці, калі ён сачыў за гэтым скачком. Першае з іх – здзіўленне, другое – пакланенне, трэцяе не так проста было вызначыць. Яно зарадзілася, калі прагучалі словы: «Мой мустанг мне занадта дарагі».

«Чаму?» – падумаў ён, калі ляцеў на гнядым цераз прорву.

Але як ні бліскуча ўдалася пераправа, яна не гарантавала бяспекі ўцекачам. Дзікіх жарабцоў яр спыніць не мог. Морыс гэта добра ведаў і азіраўся назад з не меншай трывогай, чым раней.

Бадай што, ён быў устрывожаны яшчэ больш. Затрымка, хаця і не вельмі значная, дала перавагу іх праследвальнікам. За ўвесь час пагоні жарабцы яшчэ ні разу не былі так блізка. Яны пераляцяць цераз яр без усялякай затрымкі адным упэўненым скачком.

А што тады? Мустангер задаў сабе гэта пытанне і пабялеў, не знаходзячы адказу.

Узяўшы перашкоду, мустангер не спыніўся ні на секунду і працягваў скакаць галопам; ззаду яго зусім блізка, як і раней, скакала яго спадарожніца. Аднак у рухах ірландца не было ранейшай упэўненасці – здавалася, ён вагаецца і ніяк не можа прыйсці да рашэння.

Ледзь ад’ехаўшы ад яра, Морыс нацягнуў павады і павярнуў каня, як быццам вырашыў скакаць назад.

– Міс Пойндэкстэр, – сказаў ён сваёй спадарожніцы, якая ўжо паспела параўняцца з ім, – едзьце уперад адна.

– Але чаму, сэр? – спытала яна, тузануўшы аброць і рэзка спыніўшы каня.

– Калі мы не разыдземся, жарабцы нас дагоняць. Трэба нешта зрабіць, каб спыніць раз’юшаны табун. Зараз яшчэ ёсць адна магчымасць. Богам прашу, не задавайце пытанняў! Дзесяць згубленых секунд – і будзе ўжо позна. Паглядзіце ўперад – бачыце бліскучую паверхню вады? Гэта сажалка. Скачыце прама туды. Там вы апынецеся паміж дзвюма высокімі загарадзямі. Каля сажалкі яны сходзяцца. Вы ўбачыце вароты і каля іх жэрдкі. Калі я не падаспею, скачыце прама ў гэты загон, злезьце з каня і загарадзіце ўваход жэрдкамі.

– А вы, сэр? Вы ставіце сябе пад вялікую небяспеку…

– He бойцеся за мяне. Адзін я нічым не рызыкую. Калі б не крапчасты мустанг… Хутчэй жа, уперад! He губляйце з вачэй сажалкі. Няхай яна служыць вам маяком. He забудзьце загарадзіць уваход у загон. Хутчэй жа! Хутчэй!

Адну-дзве секунды дзяўчына вагалася, не адважваючыся расстацца з чалавекам, які дзеля яе выратавання гатовы быў аддаць сваё жыццё.

На шчасце, яна не належала да ліку баязлівых дзяўчат, якія ў цяжкую хвіліну губляюць галаву і цягнуць на дно свайго выратавальніка. Яна верыла свайму дарадчыку, верыла ў тое, што ён ведае, як дзейнічаць, і зноў пусціла каня галопам, накіроўваючыся да сажалкі. А Морыс павярнуў свайго каня і паскакаў назад, да яра, цераз які яны толькі што пераскочылі.

Расстаўшыся са сваёй спадарожніцай, мустангер выняў з седлавой сумкі самую дасканалую зброю, якая калі-небудзь падымалася супраць жыхароў прэрыі – для атакі або абароны, – супраць індзейцаў, бізонаў або мядзведзяў. Гэта быў шасцізарадны рэвальвер сістэмы палкоўніка Кольта. He якая-небудзь дзяшовая падробка, пад выглядам удасканалення, фірмы Дзіна, Адамса і падобных да іх, а сапраўдны выраб «краіны мускатных арэхаў» з кляймом “Хартфорд” на казённай частцы.

– Яны будуць скакаць у тым жа вузкім месцы, дзе і мы, – прамармытаў ён, сочачы за табуном, які ўсё яшчэ знаходзіўся па той бок. – Калі мне ўдасца ўлажыць хоць аднаго з іх, гэта можа спыніць іншых ці затрымаць іх настолькі, што мой мустанг паспее паскакаць назад. Іх важак – вось гэты гняды жарабец. Ён, канешне, скочыць першым. Мой рэвальвер б’е на сто крокаў. Цяпер пара!

Ледзь паспелі прагучаць апошнія словы, як пачуўся трэск рэвальвера. Самы буйны з жарабцоў – гняды – пакаціўся па траве, перагарадзіўшы дарогу астатнім.

Некалькі мустангаў, што імчаліся за ім, адразу спыніліся, а потым і ўвесь табун.

Мустангер не стаў сачыць за далейшымі паводзінамі жарабцоў і больш не страляў. Выкарыстаўшы іх замяшанне і не губляючы часу, ён павярнуў на захад і паскакаў следам за крапчастым мустангам, які ўжо набліжаўся да бліскотнай сажалкі.

Дзікія жарабцы больш не праследавалі ўцекачоў – магчыма, гібель важака напалохала іх або ім перашкаджаў яго труп, які загарадзіў дарогу ў адзіным месцы, дзе можна было пераскочыць цераз яр.

Морыс спакойна скакаў за сваёй спадарожніцай.

Ён дагнаў яе ля самай сажалкі. Яна дакладна выканала ўсе яго ўказанні, за выключэннем аднаго. Уваход быў адкрыты, жэрдкі валяліся на зямлі. Дзяўчына ўсё яшчэ сядзела ў сядле, – яна не знаходзіла слоў, каб выказаць Морысу сваю ўдзячнасць.

Небяспека мінула.

Коннік без галавы

Подняться наверх