Читать книгу Коннік без галавы - Майн Рид - Страница 8
6. Крапчасты мустанг
ОглавлениеФялім не памыліўся: гэта быў голас яго гаспадара, Морыса Джэральда.
Выйшаўшы за дзверы, слуга ўбачыў яго. Як і трэба было чакаць, той вяртаўся дамоў на сваім кані, але цяпер гняды, увесь мокры ад поту, здаваўся амаль чорным, бакі і шыя ў яго былі ўзмыленыя.
Гняды быў не адзін. На туга нацягнутым ласо, прывязаным да сядзельнай лукі, ён вёў за сабой таварыша – дакладней, палоннага. Скураны рэмень, які туга абхапіў сківіцы злоўленага мустанга, прытрымліваўся другім, прымацаваным да яго рэменем, што быў перакінуты праз галаву на шыю, непасрэдна за вушамі жывёлы.
Гэта быў мустанг зусім незвычайнай афарбоўкі. Нават сярод вялізных табуноў, што пасвяцца ў. прэрыях, дзе сустракаюцца коні самых нечаканых масцей, такая масць была рэдкай. Конь быў цёмна-шакаладнага колеру з белымі плямамі, раскіданымі гэтак жа раўнамерна, як цёмныя плямы на шкуры ягуара. Арыгінальная афарбоўка каня спалучалася з бездакорным складам. Ён быў шыракагруды, з крутымі бакамі, стройнымі тонкімі нагамі і з галавой, якая магла служыць узорам конскай прыгажосці; буйны для мустанга, ён быў значна меншы за звычайнага англійскага каня, нават меншы за гнядога – таксама мустанга, які дапамог захапіць яго ў палон.
Прыгажун конь быў кабылай; яна належала да табуна, які любіў пасвіцца ля вытокаў Аламо, дзе мустангер тры разы беспаспяхова гнаўся за ёю. Толькі на чацвёрты раз Морысу пашанцавала. Чым было выклікана нястрымнае жаданне злавіць іменна гэтага каня, заставалася тайнай мустангера.
Фялім яшчэ ні разу не бачыў свайго гаспадара такім задаволеным – нават калі Морыс вяртаўся з палявання, як гэта часта бывала, з пяццю ці шасцю злоўленымі мустангамі.
I ніколі яшчэ Фялім не бачыў такой прыгожай палонніцы, як крапчастая кабыла. Ёю залюбаваўся б і не такі знаўца конскай прыгажосці, як былы грум замка Балах.
– Гіп-гіп, ура! – закрычаў Фялім, як толькі ўбачыў палонніцу, і падкінуў уверх свой капялюш. – Слава святому Патрыку', майстар Морыс злавіў нарэшце крапчастую! Гэта кабыла, чорт вазьмі! Ну і канёк!.. He дзіва, што вы так ганяліся за ёю. Яй-богу! У нас на кірмашы ў Баліносла мы маглі б заламіць за яе любую цану, і яе б у нас усё роўна з рукамі адарвалі. Ну і канёк!.. Куды ж мы яе паставім? У караль з усімі?
– He, там яе могуць забрыкаць. Прывяжам лепш пад навесам. Кастра, як гасцінны гаспадар, уступіць ёй сваё месца, а сам пераначуе пад адкрытым небам.
Ці бачыў ты, Фялім, калі-небудзь такую красуню… я хацеў сказаць – такога прыгожага каня?
– Ніколі, майстар Морыс, ніколі ў жыцці! А я бачыў шмат пародзістых канькоў у Балібалаху. У, прыгажуня, так бы і з’еў яе! Толькі ў яе такі выгляд, што яна сама, так і глядзі, каго-небудзь з’есць. Вы яе яшчэ зусім не аб’язджалі?
– He, Фялім, я займуся ёю, калі ў мяне будзе паболей часу. Гэта трэба зрабіць як след. Бо боязна сапсаваць такую прыгажосць. Я пачну аб’язджаць яе, калі адвяду ў пасёлак.
– А калі вы туды збіраецеся?
– Заўтра. Мы павінны выехаць на досвітку, каб к вечару дабрацца да форта.
– Вось гэта добра! Я рады не за сябе, а за вас, майстар Морыс. Ці вядома вам, што ў нас віскі ўжо на зыходзе? Аб гэтым можна меркаваць па тым, як яно ў бутлі боўтаецца. Гэтыя шэльмы ў форце здорава ашукваюць: яны і разбаўляюць, і недаліваюць. Галон' англійскага віскі мы пілі б разы ў тры даўжэй, чым гэту амерыканскую «дрэнь», як самі янкі яе ахрысцілі.
– Наконт віскі не турбуйся, Фялім. Там жа хопіць і на сёння, і каб напоўніць нашы біклагі для заўтрашняга падарожжа. He сумуй, стары Балібалах! Пойдзем спярша ўладкуем крапчастую кабылку, а потым у нас будзе час пагаварыць пра новы запас гаючага напітку, які, я ведаю, ты любіш больш за ўсё на свеце.
– I вас, майстар Морыс! – дадаў Фялім пасмейваючыся.
Мустангер усміхнуўся і саскочыў з сядла.
* * *
Крапчастую кабылу паставілі пад павець, а Кастра прывязалі да дрэва. Фялім пачаў чысціць яго па ўсіх правілах, якія заведзены ў прэрыі.
Стомлены да знямогі, мустангер кінуўся на сваю пасцель з конскай шкуры. Hі за адным мустангам яму не даводзілася ганяцца так доўга, як за крапчастай кабылай. Чым была абумоўлена такая настойлівасць, аб гэтым не ведаў ніхто на свеце – ні Фялім, ні Кастра, яго верны конь, – ніхто, акрамя яго самога.
Нягледзячы на тое, што яму давялося правесці некалькі дзён у сядле, з іх тры апошнія – у няспыннай пагоні за крапчастай кабылай, нягледзячы на страшэнную стомленасць, мустангер не мог заснуць.
Час ад часу ён уставаў і пачынаў хадзіць узад і ўперад па хаціне, нібы чымсьці моцна ўсхваляваны.
Ужо некалькі начэй ён пакутаваў ад бяссонніцы, варочаючыся з боку на бок, так што не толькі яго слуга Фялім, але нават сабака стаў здзіўляцца паводзінам гаспадара.
Слуга мог бы падумаць, што гаспадар гарыць нецярпеннем злавіць крапчастую кабылу, калі б ён не ведаў, што ліхаманкавы неспакой у таго пачаўся раней, чым ён даведаўся пра яе існаванне.
Толькі праз некалькі дзён пасля вяртання мустангера з форта крапчастая кабыла ўпершыню трапіла яму на вочы, так што гэта не магло быць прычынай перамены яго настрою.
Здавалася, удалае паляванне, замест таго каб заспакоіць яго, выклікала адваротнае ўздзеянне. Так, прынамсі, думаў Фялім. Нарэшце ён адважыўся, карыстаючыся правам малочнага брата, спытаць мустангера, што з ім здарылася.
Калі той зноў стаў варочацца з боку на бок, пачуўся голас слугі:
– Майстар Морыс, што з вамі? Скажыце мне, напрамілы Бог!
– Нічога, Фялім, нічога. Чаму ты ў мяне аб гэтым пытаеш?
– Ды як жа не пытаць? Вы ж ні на хвілінку не сплюшчылі вочы з таго самага дня, як у апошні раз вярнуліся з пасёлка. Штосьці адняло там у вас сон. Няўжо вы марыце аб адной з гэтых мексіканскіх дзяўчат – «мучачэ», як тут іх называюць? He, я гэтаму не паверу. Нашчадку старажытнага роду Джэральдаў не да твару.
– Глупства, дружок! Табе заўсёды што-небудзь мроіцца. Лепш дай мне закусіць. He забывай, што я з ранку нічога не еў. Што ў цябе знойдзецца ў кладоўцы?
– Прызнацца, запасы ў нас невялікія. Бо за тыя тры дні, што вы лавілі гэтага мустанга, нічога не прыбавілася. Ёсць крыху халоднай аленіны і кукурузнага хлеба. Калі хочаце, я разагрэю мяса ў гаршку.
– Добра, я магу пачакаць.
– А ці не лягчэй вам будзе чакаць, калі вы спачатку змочыце горла гэтым напоем?
– Што ж, я не супраць.
– Чыстага ці з вадой?
– Шклянку грогу. Толькі прынясі халоднай вады з ручая.
Фялім узяў сярэбраны кубак і ўжо сабраўся было ісці, як раптам Тара з гучным брэхам кінулася да дзвярэй. Фялім з некаторай асцярогай накіраваўся да выхаду.
Брэх сабакі змяніўся радасным павіскваннем, быццам ён вітаў старога сябра.
– Гэта стары Зеб Стумп, – сказаў Фялім, выглянуўшы за дзверы, і спакойна выйшаў. У яго былі два намеры: па-першае, павітаць госця і, па-другое, выканаць загад гаспадара.
Чалавек, які з’явіўся ля дзвярэй хаціны, быў гэтак жа не падобны ні на аднаго з яе жыхароў, як і яны адзін на аднаго.
Ростам ён быў не менш як шэсць футаў. На ім былі боты з дублёнай скуры алігатара; у шырокія халявы былі засунуты штаны з даматканай шэрсці, якія калісьці былі пафарбаваны ў кізілавым соку, але цяпер ужо страцілі ад бруду свой колер. Прама на цела была надзета кашуля з аленевай скуры, а паверх яе – выцвілая зялёная куртка, пашытая з байкавай коўдры з выцертым ворсам. Моцна патрапаны парыжэлы лямцавы капялюш дапаўняў яго сціплы касцюм.
Рыштунак Зеба Стумпа быў звычайным для лясных паляўнічых Паўночнай Амерыкі. Сумка з кулямі і вялікі, сагнуты сярпом рог для пораху былі падвешаны з правага боку на раменьчыку, перакінутым праз плячо; куртка была перахоплена шырокім скураным поясам; на ім віселі скураныя ножны, з якіх высоўвалася рукаятка вялікага паляўнічага нажа, зробленая з аленевага рога.
У адрозненне ад большасці тэхаскіх паляўнічых, ён ніколі не насіў ні макасінаў, ні гетраў, ні доўгай блузы з аленевай скуры, аблямаванай махрамі. На яго сціплым адзенні не было вышыўкі, на паляўнічым рыштунку – упрыгажэнняў. Усё простае, амаль несамавітае, як быццам Зеб асуджаў усялякую фарсістасць.
Нават стрэльба – яго верная зброя, галоўная прылада яго рамяства – выглядала як доўгі брус жалеза, прымацаваны да неадпаліраванай карычневай дзеравякі. Калі гаспадар ставіў стрэльбу на зямлю, то дула даходзіла яму да пляча.
Паляўнічаму, адзенне і зброю якога мы толькі што апісалі, было на выгляд гадоў пяцьдзесят. Скура ў яго была смуглая, а рысы твару на першы погляд здаваліся суровымі.
Аднак, прыглядзеўшыся, вы пачыналі адчуваць, што гэты чалавек не пазбаўлены спакойнага гумару. Хітры агеньчык у яго маленькіх шэрых вочках гаварыў аб тым, што стары паляўнічы цэніць добры жарт і сам не супраць пажартаваць.
Фялім ужо ўпамянуў яго імя: гэта быў Зебулон Стумп, ці «стары Зеб Стумп», як звалі яго ў вузкім коле знаёмых. Калі яго пыталі, адкуль ён родам, ён заўсёды адказваў: «Кентукіец па нараджэнню і выхаванню».
Зеб Стумп нарадзіўся і вырас у штаце Кентукі і правёў сваю маладосць сярод некранутых лясоў ніжняй Місісіпі, займаючыся выключна паляваннем. Цяпер, на схіле гадоў, ён працягваў гэты ж занятак, але ўжо ў нетрах паўднёва-заходняга Тэхаса.
Тара скакала і ўсяляк па-сабачаму вітала старога паляўнічага; адразу было відаць, што Зеб Стумп і яе гаспадар – прыяцелі.
– Здарова! – лаканічна сказаў Зеб, загарадзіўшы дзверы хаціны сваёй магутнай фігурай.
– Добры дзень, містэр Стумп! – адказаў мустангер, устаючы насустрач госцю. – Заходзьце і сядайце.
Паляўнічы не заставіў сябе прасіць – ён пераступіў парог і, нязграбна павярнуўшыся, усеўся на няўстойлівую табурэтку, на якой раней сядзеў Фялім. Сядзенне было такім нізкім, што калені Стумпа апынуліся амаль не ўзроўні яго падбародка, а доўгі ствол стрэльбы, нібы піка, узвышаўся на некалькі футаў над галавой.
– Чорт бы пабраў гэтыя табурэткі,– забурчаў ён, яўна нездаволены такім становішчам, – ды і наогул усе крэслы! Куды лепш бервяно: адчуваеш, па крайняй меры, што яно пад табой не праломіцца.
– Садзіцеся сюды, – сказаў гаспадар, паказваючы на скураны куфэрак у кутку. – Ён больш надзейны.
Стары Зеб не заставіў сябе ўгаворваць, выпраміўся ва ўвесь рост і перасеў на куфэрак.
– Пяшком, містэр Стумп, як заўсёды?
– He, са мной кляча; я прывязаў яе да дрэва. Я не паляваў.
– Вы, здаецца, ніколі не палюеце вярхом, ці не праўда?
– Што я, дурань? Тыя, хто палюе вярхом на кані, круглыя дурні.
– Але ж у Тэхасё ўсе так робяць.
– Усе ці не ўсе, але. гэта дурны звычай, звычай лянівых дурняў. На сваіх дваіх я падстрэлю больш дзічыны за адзін дзень, чым вярхом за цэлы тыдзень. Канешне, для вас конь неабходны, у вас дзічына іншая; але калі выследжваць мядзведзя, аленя ці дзікага індыка, то на кані іх усіх распудзіш. Сваю старую кабылу я трымаю толькі для таго, каб перавозіць на ёй здабычу.
– Вы кажаце, яна тут? Фялім паставіць яе пад навес. Вы ж пераначуеце ў нас?
– Па праўдзе кажучы, я з гэтым намерам і прыехаў. Пра маю клячу не турбуйцеся: яна добра прывязана. Пазней я яе пушчу на пашу.
– Ці не хочаце закусіць? Фялім якраз гатуе вячэру. На жаль, нічога, акрамя аленіны, не магу вам прапанаваць.
– Што можа быць лепш за добрую аленіну! Хіба што мядзведзіна… Толькі гэту дзічыну трэба добра падсмажваць на гарачым вуголлі. Давайце я дапамагу гатаваць… Містэр Фялім, схадзіце да маёй клячы і прынясіце індычку – яна прывязана да лукі сядла; я падстрэліў яе па дарозе.
– Цудоўна! – усклікнуў мустангер. – Нашы запасы зусім спустошаны. Апошнія тры дні я паляваў на аднаго рэдкаснага мустанга і не браў з сабой стрэльбы. Фялім і я, ды і Тара таксама, зусім згаладаліся за гэты час.
– А што гэта за мустанг? – зацікаўлена спытаў паляўнічы, не звяртаючы ніякай увагі на апошнюю заўвагу.
– Цёмна-шакаладная кабыла з белымі плямамі. Цудоўны конь!
– Каб яго чорт, хлопча! Дык гэта ж якраз тая справа, якая і прывяла мяне сюды!
– Праўда?
– Я бачыў гэтага мустанга. Кабыла, вы кажаце? Я гэтага не ведаў, яна ні разу не падпусціла мяне да сябе бліжэй чым на паўмілі. Я бачыў яе некалькі разоў у прэрыі і вырашыў, што вам варта яе злавіць. I вось чаму. Пасля таго як мы з вамі апошні раз бачыліся, я быў на Ляоне. Туды прыехаў адзін чалавек, якога я ведаў яшчэ на Місісіпі. Гэта багаты плантатар; ён жыў на шырокую нагу. Нямала аленяў і індыкоў пастаўляў я яму. Яго завуць Пойндэкстэр.
– Пойндэкстэр?
– Так. Гэта імя ведаюць усе на берагах Місісіпі – ад Арлеана да Сент-Луіса. Тады ён быў багаты; ды і цяпер, відаць, не бедны, бо прывёў з сабою добрую сотню неграў. Акрамя таго, з ім прыехаў пляменнік, па імені Калхаўн, у якога вядуцца грошыкі, і рабіць хлопцу з імі няма чаго, хіба што аддаць свайму дзядзечку ў пазыку; і аддасць – праўда, не без задняй думкі: хлопец хітры. Цяпер я скажу, што прывяло мяне да вас. У гэтага плантатара ёсць дачка, вялікая ахвотніца да коней. У Луізіяне яна ездзіла на самых шалёных, якіх толькі можна было знайсці. Яна пачула, як я расказваў старому пра крапчастага мустанга, і не адступілася ад бацькі, пакуль ён не паабяцаў ёй, што не пашкадуе грошай за гэтага каня. Ён сказаў, што дасць дзвесце долараў. Канешне, усе тутэйшыя мустангеры, як толькі аб гэтым даведаюцца, зараз жа кінуцца за каньком; і вось, не сказаўшы нікому ні слова, я паскакаў сюды на сваёй старой кабыле. Злавіце крапчастую – і дзвесце долараў будуць у вашай кішэні! Зеб Стумп ручаецца за гэта.
– Ці не выйдзеце вы са мной, містэр Стумп? – сказаў малады ірландзец, устаючы з табурэткі і накіроўваючыся да дзвярэй.
Паляўнічы пайшоў за ім, крыху здзіўлены нечаканым запрашэннем.
Морыс павёў свайго госця да навеса і спытаў:
– Падобны гэты конь на таго мустанга, аб якім вы гаварылі, містэр Стумп?
– Праваліцца мне скрозь зямлю, калі гэта не ён! Ужо злоўлены! Табе пашанцавала, хлопец, – дзвесце долараў як з неба зваліліся. Чорт вазьмі, яна каштуе кожны цэнт гэтых грошай! Ну і прыгожая ж скаціна! Во будзе радасць для міс Пойндэкстэр!