Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 10

8

Оглавление

Наступным днём я імкнуўся быць з маім класам, як мага большую колькасць часу, хаця ўрокаў у іх не вёў. Наведваўся на перапынках. Пытаў пра справы і пра злевы. Мне нешта адказвалі. Хто млява, хто жвава. Хто разумна, хто з выклікам.

– А што, вы будзеце ўвесь час так за намі хадзіць? – ненатуральна пісклявым голасам спытала Лера Булатнікава.

– Мне ж трэба з вамі пазнаёміцца больш шчытна, – ненаўмысна дапусціў двухсэнсоўнасць я.

– Вы на што, Эрнест Скіргайлавіч, намякаеце? – удаючы гэткую маміну дурніцу, адрэагавала Лера.

– Гэта ты сама стрэлкі пераводзіш, – нібыта няўрокам кінула Караблёва.

– Во, во, з хворай галавы на здаровую валіш, – падтакнула Селязнёва.

Булатнікава троху спахмурнела, але адказваць на закіды аднакласніц не стала, адно буркнула на Карыну Кляшторную, якая стаяла побач моўчкі і ледзь прыкметна ўсміхалася. Знайшла крайнюю.

– Ну, дзяўчаты, так мы кашы не зварым, – мне не хацелася быць нагнятальнікам канфлікту ў дзявоцкай палове класа.

– Быстрасупам абыдземся, – працягвала бурчэць Лера.

Я павінен быў неяк улагодзіць сітуацыю і ў наступную хвіліну зрабіў чарговую памылку – папрасіў у насупленай дзяўчыны прабачэння. А так нельга было рабіць. Такім чынам я прадэманстраваў яшчэ адну сваю слабінку. І гэта відавочна не замарудзіла стаць па маім сыходзе з кабінета прадметам абмеркавання сярод дзяўчат. Дакладней не ведаю. А хлусіць не стану.

Не было б дуды – не было б бяды: праз урок паступіла ўводная, што на заўтра спланаваны суботнік. З карабля на баль, а з балю да Папялушкі – яна ж з работай ані трасцы не спраўляецца. Каляжанкі маёй іроніі зразумець не маглі. Я і сам асабліва не смяяўся. Прыйшоў да сваіх дзетак і тонам начальніка Чукоткі загадаў прынесці мне на перапынку спіс дзесяці добраахвотнікаў, што будуць дапамагаць беднай Папялушцы. Усе дружна скрывілі насы, нібыта іх запрашалі пачысціць Аўгіевы стайні. Пачуўся цэлы шэраг аднекванняў.

– Мы больш на беласнежках спецыялізуемся, – паспрабаваў карчомна пажартаваць Андрэй Дастаеўскі.

– Дас іст фантастыш, – падтрымаў непрыстойную лінію Пеця Андропаў са сваім заўсёдным паваротам галавы ў бок і скіраваннем вачэй у столь.

– Я выслухаю вас заўтра. А зараз спрачацца не буду. Праз трыццаць хвілін, будзьце ласкавыя, падаць мне спіс.

Староста ніякавата пазірала на мяне, пераглядваючыся з аднакласніцамі.

Я не ведаю, як мая актывістка ўгаворвала аднакласнікаў, якія аргументы прыводзіла, да чаго апелявала. Прыйшла, аднак, са спісам у належны час.

– Эрнест Скіргайлавіч, на жаль, я заўтра не змагу быць сама, – сказала Аксана, нібы прапускала бясплатную экскурсію ў Галівуд. Я зірнуў на прынесены шматок паперы з прозвішчамі і спытаў: – І ўсе прыйдуць?

– Калі нехта не прыйдзе, скажаце мне, – прамовіла староста.

Аксаніна фраза мяне і цешыла, і пужала: не я, а яна будзе разбірацца з прагульшчыкамі. Гэта таксама было няправільна.

Для падстрахоўкі я абтэлефанаваў усю дзясятку шчасліўцаў. Але гэта мала дапамагло, бо на суботнік з’явілася толькі палова. Астатнім выгодней было раптоўна засаплівіць, з’ехаць з бацькамі на шашлыкі ці папросту стаць часова недасягальным абанентам. Сітуацыя ў калег па паралелі была трохі лепшай. Атрымаўшы інструкцыі ад Любартавай, наша працоўная брыгада рушыла ў бок парка высокіх тэхналогій культуры і адпачынку. Па дарозе да нас далучыліся Міла і Арына. Апошняя была з маленькай пляменніцай. Мая зорка Кася Вядзёркіна выразна адчула нястачу ўвагі да сябе.

– Эрнест Скіргайлавіч, я пайду. Ну, што я буду ў тым парку рабіць?

– Кася, пабудзь са мной, калі ласка, – сказаў я так спакойна і цвёрда, што адразу ж адчуў фібры паслухмянасці, якія заструменілі ад дзяўчыны. У яе зайграў мабільнік. «Так, мама. Суботнік, мама. Няскора, мама. Эрнест Скіргайлавіч, папрасіў пабыць з ім, мама», – мамкала Вядзёркіна.

Арына з Мілай пасмейваліся. Два іншыя класы ішлі далёка паперад нас. Хлапцы з 11 «А» далучыліся да іх. Мы ж крочылі ціха. Крочылі і размаўлялі. Я адчуваў жахлівую корць запытацца пра Настассю, але змушаў сябе маўчаць. Дзяўчаты гэта разумелі і, нібыта між іншым, паведамілі, што ў Цыпінай сёння лекцыі, а то, безумоўна, выцягнулі б на шпацыр і яе. Ну, безумоўна ж. Таблетка пад язык. А размова ўсё вілася ля сумежных тэмаў: каханні, вяселлі, дзеці.

– Калі мы ўжо вас пабачым з вашым дзіцём? – спытала Вядзёркіна, як брытвай па мітральнаму клапану паласнула. Я адчуў, што мае былыя вучаніцы ледзьве стрымлівалі сябе, каб не сказаць Касі пару ласкавых словаў.

– Ну, мабыць, не сёлета, – мой спакой і цвёрдасць растаялі, нібы Снягурка на купальскім вогнішчы.

Дзяўчаты трохі замарудзілі хаду. Бакавым зрокам я ўбачыў, як Міла злёгку штурхнула Касю, прыгразіла кулачком і жэстамі загадала спыніць падобныя роспыты. Вядзёркіна пракашлялася і паскорыла крок, даганяючы аднакласнікаў.

– Я да хлопчыкаў, – папярэдзіла яна, каб я нічога такога не падумаў.

– А як вам класнае кіраўніцтва? – спытала Зарыцкая, нібы гэтая тэма была для мяне менш балючай (зрэшты, так яно і было!).

– Псіхалагічна мне гэта цяжка трываць. Гэта, як пастаянны ціск.

– Ай, не перажывайце, вы добры чалавек і справіцеся з усім выдатна, – здавалася, што яна казала шчыра, але ўвадначас адчуваліся лёстачкі.

– Да таго ж грошай больш. А ў канцы года падарунак файны атрымаеце, – супакойвала Міла чыста прагматычнай аргументацыяй.

– Я ўжо і не ведаю, якому богу падарунак зрабіць, каб у мяне класнае кіраўніцтва забралі, – патэтычна ўздыхаў я. – Бачыце, я нават на суботнік нікога сабраць не магу.

– Гэта несмяротна, Эрнест Скіргайлавіч, – вярнулася Арыніна чарга суцяшаць мяне. – Думаеце ў нашай класухі з намі ўсё гладка было?

– Вы ж прынамсі яе слухалі… – Адным вухам слухалі, а другім выпускалі… – пракаментавала Міла.

Маленькая дзяўчынка, Арыніна пляменніца, глядзела па чарзе на кожнага з нас і ўважліва слухала. Верагодна, апошняя рэпліка яе зацікавіла найбольш і яна ціхенька запыталася: «Цёця, а чаму вы адным вухам слухалі? Другое заткнулі?».

У парку мы нарэшце нагналі астатніх. Каля «клеткі» нас сустрэла сэксапільная цётка. Яна выдала інвентар зусім не сэксуальнага ўжытку і павяла ўсю грамаду за сабой у бок палацу. Хлапцы з ахвотай крочылі за ёй. Вось толькі за граблі трымацца не вельмі хацелі. Але давялося. Хлапцам – грабаць, а мне ўгаворваць, каб яны грабалі.

Кася Вядзёркіна зноў прыклеілася да мяне і маіх спадарожніц, яўна не збіраючыся працаваць. Занурыўшыся ў свае перажыванні, я глядзеў на гэта скрозь пальцы. Нечакана высветлілася, што класныя кіраўніцы «бэшак» і «вэшак» не проста стаялі над сваімі вучнямі, але і самі актыўненька шоргалі граблямі. Гэта мяне збянтэжыла, як і касыя позіркі вучняў, асабліва дзяўчын. Арына і Міла пераглянуліся, не кажучы ні слова, схапілі пару вольных грабелек і далучыліся да працы.

Калі ж тая серада прайшла,

Як не еўшы на прыгон пайшла.


«Яны мяне проста песцяць», – падумалася мне. Незанятага інвентару я больш не бачыў. Пакінуўшы Арыніну пляменніцу пад апеку Вядзёркінай, я з раскурочаным сумленнем падаўся да выдатніцы з 11 «В» Кіры Краўзэ і папрасіў пазычыць мне каштоўную прыладу працы.

– Ідзіце, Эрнест Скіргайлавіч, шпацыруйце са сваімі дзевачкамі. Не замінайце працаваць, калі ласка, – рэзка адцяла тая, быццам я пакрыўдзіў яе, прынамсі, тройчы.

– Кірачка, чаго ты злуешся? – я не ведаў, куды схаваць лішак уласнай атарапеласці.

Я цудоўна памятаў, якія выдатныя адносіны ў нас былі з ёй, калі яна вучылася ў дзявятым класе. Пра нас нават пляткарылі, хаця паміж намі нічога і быць не магло, апроч незвычайнага сяброўства. Але чорны піяр, відаць, падзейнічаў: увесь дзясяты клас нашы дачыненні былі нацягнутымі, як струны на арфе багоў. Яна абсалютна ігнаравала мяне ў сэнсе інтэлектуальных размоваў. Я не разумеў яе раптоўнага захаплення двоечнікам з 9 «Б». Але адкрытых сутыкненняў між намі не здаралася. І на адзнаках у яе гэта ніяк не адбілася. Бо была яна працавітая і старанная, як Ефрасіння Полацкая… І вось цяпер пасля ўсяго, што не было паміж намі, яна не хацела мне даваць нейкія дзёўбаныя граблі! Мяне перакасіла ад злосці і сораму.

– Вы фільм жахаў рэпетуеце? – не прамінула падкалоць адна з вучаніц.

«Ерэтычны трылер», – хацеў скаламбурыць я, але ўстрымаўся. Балазе падышла лепшая сяброўка Кіры з 11 «Б» Ніна Дарошка і вельмі спакойна з добрай усмешкай сказала: – Эрнест Скіргайлавіч, вы не хочаце трохі паграбаць?

Падобная фраза з многіх дзясяткаў вуснаў вылецела б, як прэтэнзія. А Ніначка гаварыла нагэтулькі шчыра і бясхітрасна, што расчуліўся не толькі я, але і Кіра, нібы толькі што і не кідалася маланкамі. Я ўдзячна прыняў граблі, як рыцар прымаў блаславёны на геройскія ўчынкі меч, і мы разам сталі паціху вычэсваць з травы першае апалае лісцё. Дарошка стаяла побач і расказвала нешта вясёлае пра свайго малодшага браціка. І было нам шчасце.

Нашае дзіўнаватае трыа прыцягнула ўвагу Шчодрык і Зарыцкай. Я не чуў дакладна іх словаў, але верагодна яны паспяшаліся зрабіць выснову, што і без іх сяброўкі Цыпінай мне можа быць добра. Нашай працоўнай ідыліі не вытрымала нават Вядзёркіна, якая ўзяла граблі ў класнай кіраўніцы 11 «В», перадаручыўшы ёй Арыніну пляменніцу. Не ведаю, ці сапраўды ёй захацелася працаваць, ці можа яна мела спадзевы пачуць ад нас нешта сенсацыйнае. Кася Вядзёркіна не была пляткаркай, але надта любіла гаварыць па сакрэце. На гэты раз ёй не пашанцавала.

– Эрнест Скіргайлавіч, можна вас патурбаваць? – папытала Арына Зарыцкая.

– Толькі не трэба мас турбаваць! – засведчыла абазнанасць у сучаснай беларускай паэзіі яе сяброўка.

– Хадановіча цытуеш? Добра, – не прамінуў прадэманстраваць дасведчанасць я, і не чакаючы адказу, папярэдзіў: – Не дзівіся толькі потым, калі пазней пачуеш пра нас што-небудзь гэткае. Цябе зараз чуў не адзін я. І наўрад ці яны зразумелі цытату адэкватна.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы ўсё так ускладняеце, – стала астуджаць мяне Арына. – Вы пасля суботніка куды?

Пульс мой імгненна пачасціўся.

– Спачатку ў школу, паперы розныя забраць. А потым дамоў. Трэба журнал да панядзелка аформіць. А справа гэта цяжкая, як карона Святарнай Рымскай Імперыі.

Наконт журнала я сказаў чыстую праўду, але яго запаўненне планаваў на нядзелю.

– А вы плоў любіце? – спытала Арына.

– З кальмарам, – удакладніла Міла.

– Смачны? – прапішчала малая.

– Смачны, – пацвердзіла Арына.

– Ну… Я… Гэта… – усе мае аратарскія здольнасці раптоўна канулі ў вогненную рэчку пад калінавым мостам. – Плоў я з мясам… Звычайна… Кальмар так… І ў салатах… Ці фаршыраваныя там… А каб плоў і кальмар разам… Не каштаваў… Ніколі… – У вас ёсць унікальная магчымасць паспытаць гэтую эксклюзіўную страву, – тонам спрактыкаванага коміваяжора прамовіла Міла.

– Паспытаў бы рыбкі кот. Але як дастаць праз лёд? – сказаў я і адмоўна паматляў галавой, адымаючы ў дзяўчат магчымасць давесці свае асцярожныя запросіны да лагічнага завершання.

Так, я разумеў, што мяне хочуць запрасіць у госці. Я быў бы і не супраць, але становішча было і хочацца, і колецца. Цяжка сказаць з дакладнасцю, чаго я тады страшыўся: страты кантролю над сітуацыяй, сваіх потных шкарпэтак ці помсты Ктулху за пакрыўджаных братоў кальмараў. Але давялося адмовіць.

Суботнік неўзабаве скончыўся. Граблі (ці не сваім ходам?) вярнуліся на месца. Школьнікі разыходзіліся, развітваючыся з класнымі. У мой бок таксама ляцелі «да пабачэнні» і спадзевы «выпадкова сустрэцца» у нядзелю на «Дні горада». «На дні ці на дне?» – жартаваў я ў адказ, але жарт здолелі ацаніць толькі Зарыцкая са Шчодрык.

Інфанта і аднарог

Подняться наверх