Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 9
7
ОглавлениеПа нашай даўняй завядзёнцы мы з Алесяй пераглянуліся, сінхронна разгарнулі свае тэчкі з раздрукаваным сцэнарам і сталі чакаць умоўнага сігналу. Гэткім сігналам было адначаснае знікненне ўсёй фонавай музыкі. Усе прысутныя аціхлі. Рыбанька з пафасам чыстае манеты распачынала свята першага школьнага званка:
Ужо зямля змяніла ўбранне,
Святочны апранула строй,
Сягоння свята,
Школы свята
Ва ўсіх дзяцей, краіны ўсёй.
Мне нічога не заставалася, як з пафасам адмысловага фальшываманетчыка, працягваць распісаныя на паперы радкі:
Яшчэ паўгадзіны – і першы званок
Вас зноўку пакліча на першы урок!
Школьныя дзверы для вас разамкнуцца,
Ветла спаткае кожны вас клас!
Заўтра вучэбныя будні пачнуцца
Ну а сягоння – святочны ваш час!
Алеся тым часам ператваралася ў Левітана – Урачыстая лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года аб’яўляецца адкрытай!
Ярык адразу ж націснуў трыманую напагатове кнопку і з калонак гучна панесліся першыя гімнавыя акорды. Маё неадціснутае мядзведзем вуха адразу адчула нешта не тое, і літаральна праз секунду я зразумеў прычыну гэтага адчування. З калонак вырваўся спеў:
Ще не вмерла України і слава, і воля,
Ще нам, браття молодії, усміхнеться доля.
Усе ўвачавідкі асалапелі, але эмоцыі стрымалі. Ззаду пачуўся ўстрывожаны шэпт чальцоў адміністрацыі. Руслан Альгердавіч спяшаўся суцішыць аднаго з невядомых мне гасцей. Любартава кінулася да Майсюка, які ўсё ж выключыў гімн суседняе дзяржавы і пачаў апраўдвацца: маўляў, спампаваў трэк з інтэрнэту, не пакалпаціўшыся загадзя праверыць яго змест. Адначасова ён корпаўся ў ноутбуку, каб сцягнуць з сеціва патрэбны гукавы файл. На гэты раз яму пашанцавала. Паўза занадта не зацягнулася, і ўрэшце можна было падхапіць словы нашага міралюбівага гімну:
Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.
Я наўмысля варушыў губамі, дарма што ведаў новыя словы толькі прыблізна, і пільнаваў, ці робіць яшчэ нехта гэткае. Бальшыня шкаляроў, асабліва старшакласнікаў, проста стаялі і глядзелі ў зорнае нікуды. Падпявалі толькі малыя і ўсяго некалькі чалавек больш сталага школьнага веку. Мае ўсе чыста маўчалі, прымудраючыся на мігі паведаміць адно аднаму, што класны кіраўнік спявае беларускі гімн.
Калі галоўная песня нашай краіны адгучала, Алеся Рыбанька запрасіла да мікрафона дырэктара. Ён, павіншаваўшы ўсіх прысутных, стаў пералічваць выдатныя дасягненні школы за мінулы навучальны год. Я заўжды дзівіўся яго прамоўніцкаму імпэту і ўменню доўга гаварыць без паперкі. Дырэктар згадаў і медалістаў, і адрамантаваныя класы, і яшчэ плойму ўсяго ўсялякага, чым я і не падумаў бы хваліцца. Следам за ім прамаўляў госць, якога прадстаўляла Алеся, а я празяваў усё, што яна сказала. Госцеў спіч быў бадзёры. Ён абычас усміхаўся, напамінаючы сабе і ўсяму ваколлю, што нам пашчасціла быць грамадзянамі самай стабільнай дзяржавы ў свеце. Цалкам лагічным пасля яго выступу выглядала ўручэнне членскіх білетаў навабранцам моладзевага саюзу, якое паволі перацякло ў спеў яшчэ ненавернутай у членства, але надзвычай патрыятычнай старшакласніцы з даўгімі валасамі, пафарбаванымі ў цёмны-цёмны колер:
Беларусь сильная,
Беларусь красивая,
Самая моя,
самая моя
любимая!
«І ты паставіў ёй за год усяго толькі шасцёрачку?» – памысна каяўся я. Але адказваць не было калі. Надыходзіў час успомніць старты і фінішы нашых школьных спартоўцаў. Да мікрафона Алеся запрасіла жанчыну, якую на маёй памяці ніхто і ніколі не прадстаўляў інакш, як наша дарагая Ганна Мікалаеўна. Ні прозвішча, ні пасады, нават прыблізнай, не называліся. Гаварыла яна сцісла, нібыта жыхарка старажытнай Лаконікі. Хваліла поспехі. Замоўчвала заганы. Зычыла цярпення. Яе словы падмацоўваў акрабатычны эцюд, які выконвалі крохкія дзяўчынкі з дужымі рукамі. «Што будзе, калі гэткая маляўка захоча пераехаць табе па мардаглядзе?» – толькі і паспеў я паднесці запалку, каб падагрэць у сабе даследніцкі інтарэс, а ўжо мусіў абвяшчаць выступ першакласнікаў.
Малыя асабліва не тлуміліся – generation next! – праспявалі традыцыйныя прыпеўкі пра неадольную цягу да навучальнага працэсу і запатрабавалі адказнага слова выпускнікоў, з шэрагу каторых выйшла некалькі дзяўчат. «Чувакоў фіг падпішаш на гэты цыркус. Так дык мора па яйцы, а гэтак – саромеюцца», – пацягнула мяне ў натурфіласофію. Адзінаццацікласніцы рыфмамі кляліся ў любові да школы і (хо-хо-хо!) настаўнікаў, а сваім маленькім спадкаемцам зычылі светлай і чыстай, нібы нашая Белая Русь, дарогі ў краіну ведаў.
– Увага! Урачысты момант! – прагаласіў я.
– Нашы выпускнікі віншуюць настаўнікаў і сваіх малодшых сяброў! – падхапіла Алеся.
Загучала нешта лірычнае з творчасці гурта 30 Seconds To Mars, а пляцоўка на пэўны час ператварылася ў гэткую хадзільню. Адзінаццацікласнікі неслі кветкі педагогам і пакуначкі з дзіцячым шчасцем першакласнікам. Атрымаў букет і я. Падзякаваў. Усміхнуўся. Паспяшаў хутчэй збыць гэты каштоўны груз, перадаўшы, нібы на захаванне, Любартавай. Ніколі не любіў кветак, пагатоў тых, што мне дарылі на падобных імпрэзах. Што занадта, то нешакаладна.
Мая напарніца абвясціла выхад Скрэпкінай і нейкага малога. Я чакаў, што Наташа падыме таго і пасадзіць на плячо. Але не спраўдзілася. Яны ішлі побач і, трымаючы разам званок, выклікалі яго гук. Калі яны прайшлі кола цалкам я паклаў сваю тэчку на калонку, адправіў Рыбаньцы ледзь прыкметную буську і пабрыў у бок маіх адзінаццацікласнікаў. Цёмнавалосая старшакласніца зацягнула фінальную песню:
Не потеряй меня планета,
Не забывай, что я есть где-то,
Не растворяй меня лучами солнечных дней,
Не оставляй меня напрасно,
Не предавай, одно ведь ясно,
Просто когда-нибудь я тоже стану твоей.
Песня скончылася, і самотная Алеся стала зачытваць спіс класаў і класных кіраўнікоў, называючы нумар кабінета, дзе мусіў адбыцца першы класны час. Мяне трэсла ад залішняй канцэнтрацыі словаў з коранем «клас». Але зусім неўзабаве прагучала запрашэнне, што тычылася мяне і тых дваццаці шасці чалавек, якія стаялі за маімі плячыма, наўрад ці думаючы пра будучыню. Мы зрабілі свой пачэсны круг вакол пляцоўкі і рушылі ў школу, дзе няспынна дзынькаў стандартны электрычны званок.
Мы падняліся ў кабінет матэматыкі (клас жа мне дастаўся фізіка-матэматычны!), дзе я мусіў пагаманіць з дзецьмі на зададзеную тэму («Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь») і правесці падрыхтаваную мной віктарыну, а ўжо толькі тады брацца за рэкламаваныя перад лінейкай працоўныя моманты. Я глядзеў на сваіх вучняў і рукі мае (разам з сэрцам) калаціліся. Мне здавалася, што кожнае слова прамоўленае мною будзе ўважанае за фальшывае, падманлівае. Менавіта таму я не адважыўся агучваць дбала падрыхтаваны сцэнар з эпіграфам і пятнаццаткай пытанняў у стылі інтэлектуальнай карыды. Трэба было праз «не жадаю» прымусіць сябе. Але я не зрабіў гэтага, і вучні адчулі адну з маіх выразных слабінак. «Ну, што ж, як вы напэўна зразумелі, я ваш новы класны кіраўнік, – вымавіў я, і ў класе засвяцілася некалькі ўсмешак. – Што паробіш. Так атрымалася. Я віншую яшчэ раз усіх вас з надыходам новага навучальнага і апошняга вашага школьнага года. Хай ён станецца для вас хуткім, простым і шчодрым на добры плён, каб урэшце вы змаглі ўдала выбраць сваю жыццёвую дарогу і годна крочыць па ёй у будучыню». Мяне нямала здзівіла, што гэтыя пафасныя словы прамаўляліся зусім шчыра, без якога-небудзь унутранага панукання ці знушчэння над сабой. Тады мне было неўпрыцям, што прамаўляў не я, а мая адзінота, якая каторы ўжо раз стаяла на парозе чужой будучыні, не бачачы наперадзе ні новай зямлі, ні новага неба, ні тысячы дарог да шчасця для мяне асабіста…
Апамятаўшыся ад раптоўнага наслання, я стаў кавалерыйскім наскокам вырашаць актуальныя праблемы, звязаныя з фармаваннем актыву класа і запаўненнем анкет, якія б мне дапамаглі пазней займацца бюракратычным віндсёрфінгам.
Выбары класнага актыву сваёй безальтэрнатыўнасцю маглі паспаборнічаць з камуністычнымі. Старостай абралі Аксану Багуслаўскую. Віцэ-старосту абіраць не сталі, дамовіўшыся, што ў разе чаго Аксана сама прызначыць адказную асобу. Потым выбралі адказных за журнал (Лера Булатнікава і Карына Кляшторная), а следам і рэдкалегію, якую склалі Алёна Караблёва і Аліса Селязнёва. Аліса напрасілася сама. Але, як я зразумеў, зусім не дзеля любові да насценгазетнага мастацтва, а з прычыны асцярогі, што я прызначу яе на нешта больш пільнае. Але пасады на гэтым, хвала Алаху, скончыліся. І мне, спатнеламу, прыходзілася чакаць, калі ж вучні пісьмова адкажуць на дзіўны набор анкетных пытанняў. На збянтэжаныя позіркі дзяцей я паведамляў, што самыя дзіўныя анкеты будуць яшчэ наперадзе. «Не хацеў бы я пабачыць гэтага пераду», – пажартаваў Грыша Стахіевіч.