Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 11

9

Оглавление

Зразумела, што ні на дні, ні на дне я не аб’явіўся. Мне нават ломка было ў чарговы раз рэфлексаваць над невылечнай завядзёнкай маіх сугараджан сплаўляцца ў цэнтр для масавага баўлення часу ў фармаце in harelka veritas. І Арынчыны sms-віншаванні з нагоды дня горада я ўспрымаў не інакш, як з іроніяй, спадарожна крамсаючы лязом новенькі класны журнал, што ніяк не хацеў ахайна запаўняцца.

З панядзелка ж пачаўся паўнацэнны працоўны тыдзень з больш-менш стабільным раскладам і вучнямі пакуль што зацікаўленымі ва ўроках. За малым выняткам, канечне. Як заўжды адчувалася і ўласная натхнёнасць што да навучальнай часткі. Пагатоў узроставы абсяг маіх шкаляроў быў шырокі – з восьмага па адзінаццаты клас. Таму даводзілася гаварыць пра многае і рознае: пра гамлетаўскі цвішэнізм і посткаланіяльную перыядызацыю гісторыі Беларусі, пра дэканструкцыю міфа пра Сізіфа, зробленую Альберам Камю і бясконцую шматстайнасць чалавечых «Я-вобразаў», пра формулу Пратагора і глабалізацыйныя выклікі сучаснасці.

Эфект першага тыдня быў традыцыйна станоўчым, не гледзячы на пэўныя цяжкасці, звязаныя з наяўнасцю спецыфічна спартыўных класаў і бестэрміновага рамонту кабінета хіміі, дзеля чаго з восьмымі даводзілася займацца часцяком у актавай зале, адчуваючы сябе ў пэўным сэнсе гладыятарам. Ave caesar! Morituri te salutant!

Са сваімі ж дзеткамі я насіўся, як ведамы персанаж з пісанай торбай. Гэта ім яўна не падабалася. Хаця цешыліся з таго, што прагул многімі суботніка мінуўся беспакаранна. Насіцца яшчэ трэба было і таму, што 11 «А» клас распачынаў сезон унутрышкольных дзяжурстваў. Штоперапынак я бегаў да іх, выганяючы на пасты. Яны павольна, быццам цягнучы час, пакідалі аўдыторыі, але часцяком не паспявалі прайсці і пару крокаў па калідоры, як пачынаў гучаць парадаксальна выратавальны для іх званок на ўрок. Ніхто нават і не таіў сваёй радасці з гэтай прычыны. А мне тая радасць была, як горкія суніцы. Салодкіх вяршкоў у гэтыя суніцы спрабавалі дабавіць невядомыя кідальнікі «глушцоў» – штодня я меў на маім мабільным старэчы да паўсотні страчаных выклікаў з сама мала дзесяці розных нязнаных мне нумароў. Такія вяршкі не прыпадалі да смаку. Але ж мусіў цвердзіць сабе: «Цярпі гора, будзе і мёд». Наважыцца на анталагічны бунт я ніяк не мог, бо больш за ўсё на свеце баяўся страціць звычную сістэму быццёвых каардынатаў. Ды яшчэ і ў першы навучальны тыдзень, ды з дзяжурствам па школе. Зрэшты, як бы мне ні хацелася захаваць быццёвую стабільнасць, восі каардынатаў міма маёй волі хісталіся. І хісталіся добра… Гэтыя рухі, гэтыя бегі нябесныя надломлівалі маю душу, і неўпрыкмет для сябе я змяняўся і выразна не ў бок дасканаласці.

Як дзяжурны па школе мусіў пільнаваць, ці датрымліваецца вучнямі дзелавы стыль адзення. Калі шчыра, дык мне было да лямпачкі, у што апранаюцца дзеці, абы толькі не ў брудныя лахманы. Дый ніхто нікому не дазволіў бы пагнаць пераапранацца раніцой ладную палову школы! А яно ж так і было – на дзелавы стыль бальшыня вучняў з добрым сумленнем забіла вялікі цвік. Каб хоць неяк паказаць стродкасць і прынцыповасць у гэтым пытанні, я папросту не пусціў на свае ўрокі ўсіх вучняў, што прыйшлі ў джынсе. Найперш дасталося дыхту дзявятым. А ў 9 «Б» з гэтай нагоды прагучаў дыялог, які адразу стаўся класічным. Вучні тады былі збольшага агаломшаныя маім учынкам і наракалі на нястачу грошай, каб набываць адмысловыя апранахі. «Дзе ўзяць штаны?» – патэтычна ўсклікала рэшта хлапцоў. «Спадніцу дзе ўзяць?» – незадаволена гукала астача дзяўчат. Настрой у мяне быў забойны, і я без віхлянняў раіў заняцца перашыўкай бацькоўскіх рэчаў.

– Вы ўяўляеце, як холадна ехаць ранкам у школу? Мы ж у спадніцах сабе ўсё адмарозім, – не без правакацыйнага пасылу шуганула на мае парады пекная танкляўка.

– Што? – нават і паловай вока не міргнуў я, удакладняючы крыніцу яе клопату.

– Вы ўсё зразумелі, – катэгарычна, як скальпель няўмелага, але амбітнага, хірурга, урэзала дзяўчынка.

– Вы мабыць хочаце, каб мы не змаглі нараджаць, – уставіла свае тры грошыкі іншая вучаніца, якая без важкіх на тое падставаў спрабавала лічыць сябе самай прыгожай дзяўчынкай на паралелі дзявятых.

– Баюся, што ў цябе дзіцё з’явіцца значна раней, чым у мяне, – папудлівым языком прамянцеў я.

– Хіба што ад вас, Эрнест Скіргайлавіч, – бязлітасна габлянула дзяўчынка.

– Я не дастойны такога шчасця, – падбіраючы словы (добра, што не зубы з падлогі), трагічна прамямліў ваш пакорлівы служка.

– У вас заніжаная самаацэнка, – падала голас з апошняй парты сонная нефармалка ў чорным.

Трываць далей перакрыжаваныя двубоі было небяспечна, і давялося спешна вяртаць усіхнюю ўвагу на праблему паходжання чалавека ад малпападобных продкаў…

Не падзяліцца з кімсьці аповедам пра гэты інцыдэнт было б стопудовым грахом, і неўзабаве я разбалбатаў пра яго плойме сваіх калегаў. Збольшага яны ўсе ўсміхаліся. Толькі Міроненка зрабіў здзіўленыя вочы і вымавіў па-нямецку: «Седзячы ў шкляной хаце, не варта шпурляцца камянямі». Ён быў мудрым выключэннем.

Я здагадваўся, што ўся адміністрацыя школы неўзабаве даведалася пра маю педагагічную нягоду, але ацаніла, відаць, яе зусім па-свойму: як гераічнае кіданне грудзьмі на агнявую кропку праціўніка. Звання героя мне, што праўда, не далі, але палічылі мой педагагічны досвед дастатковым, каб прымацаваць (слова ж якое!) да мяне практыкантку-пяцікурсніцу, якая мусіла, быццам губка, уцягваць ўсе лепшыя метады і прыёмы работы класнага кіраўніка. Зрэшты, нельга выключаць верагоднасці таго, што прымацоўвалі да мяне Валю (так яе звалі) яшчэ і з аглядкаю на мой халасцяцкі статус і з стратэгічным разлікам: «ану нешта й выйдзе». Папраўдзе практыкантка, як і бальшыня яе напарніц, выдалася, як ніколі, харошай. Рэч тут не ў прыгажосці ці зваблівых вочках (гэтага дабра ў сезоны студэнцкіх практык заўжды было покатам), рэч у звычайнай камунікабельнасці напалам з абаяннем, пасыпаным іранічнасцю мала не постмадэрнісцкага кшталту. Такая рэцэптура выклікала зваротнае жаданне камунікаваць, а не праціраць моўчкі порткі дзе-небудзь на ўзбочыне лакальных інфармацыйных плыняў. Магчыма такая незвычайная для мяне цяга тлумачылася Валінымі прафесійнымі здольнасцямі ў журналістыцы, якая была яе другой спецыяльнасцю пасля беларускае філалогіі.

У кожным разе мы ўдвох спрабавалі раскачагарыць наш 11 «А», наіўна мяркуючы, што гэта магчыма ў прынцыпе. Валя праводзіла традыцыйныя псіхалагічныя тэсты. Дзеці традыцыйна кпілі з тэставых пытанняў і пісалі ў адказ чыстую бздуру. Вылучаліся тут найперш хлапцы, якія спрэс былі смехунамі першай гільдыі і нават уголас давалі з’едлівыя каментарчыкі, мала зважаючы на маё змяінае шыпенне. Аднак Валіны сацыяметрычныя ды іншыя абследаванні былі дзіцячым лепятаннем на лужочку ў параўнанні з грудам пытанняў, якія падкінула (атрымай фашыст гранату!) школьная сацыяльна-псіхалагічная служба, дзе самым нявінным было «Ці п’яце вы спіртное разам з бацькамі?», а самым пакручастым «Ці вы ўжо мелі полавы кантакт?».

Хлапцоў гэта весяліла. Дзяўчат бянтэжыла. У выніку адсотак шчырасці быў нянадта высокім. Мноства вучаніц перажывала, ці не пазнаю я іх почырк, бо думалі, што я адразу ж пабягу глядзець адказы на адно канкрэтнае пытаннечка. Думку гэтую агучылі адразу ж, але толкам не патлумачылі, дзеля чаго мне гэта варта было б рабіць. Адна толькі Вядзёркіна прашаптала нешта няўцямнае пра перспектывы сумеснага выпускнога вечара. Урэшце, з майго асабістага дазволу замест адказаў насупраць страшнага пытання яны ставілі прочыркі. Смехуны ж на тое адказвалі станоўча, а самыя балдэсы ўдакладнялі колькасць актаў у тыдзень.

– Не бярыце да сэрца, Эрнест Скіргайлавіч. Для іх узросту гэта нармальна, – суцяшала мяне Валя, нібы рабіла грандыёзнае псіхолага-педагагічнае адкрыццё.

– А мне здаецца, што ў іх узросце ўжо самы час падобныя пытанні успрымаць больш адэкватна, без лішніх выпіндосаў, – не пагадзіўся я.

– А можа ўсе гэтыя, як вы сказалі, выпіндосы, адно толькі абаронная рэакцыя на ўмяшанне ў іх прыватнае жыццё.

– Я ж не прасіў у іх падрабязную справаздачу.

– Усё адно. Дый узроставая розніца між імі і вамі дае аб сабе знаць…

– Чаго? – я пачынаў заводзіцца.

– Не такая вялікая, каб успрымаць вас выключна як педагога. І не кожная вучаніца, нават ананімна, захоча паведамляць класнаму кіраўніку пра сваё полавае жыццё. Вы ж не доктар.

– Ваша тэза безумоўна цікавая. Аднак ёсць закавыка – узроставая розніца акурат вельмі істотная.

– Колькі? Ну гадоў сем-восем. Гэта дробязь…

– У параўнанні з вечнасцю, канечне, – чмыхнуў я.

– Не, ну насамрэч дробязь жа, – не сунімалася практыкантка.

– Валя, гэта ў мяне з вамі розніца ў сем-восем гадоў, а з імі – адзінаццаць-трынаццаць…

Суразмоўніца збянтэжылася і мабыць крыху пачырванела, што цяжка было згледзіць пад важкім пластом касметыкі. Пасля секунднага здранцвення яна выціснула з сябе адну суцяшальную фразу: – Як сведчаць псіхолагі, і гэта не самая крытычная разбежка. Большасць дзяцей з вашага класа успрымае вас толькі часткова прадстаўніком іншага пакалення, бо вы фізічна не маглі быць іхным бацькам…

– Давайце ўрэшце перастанем, як казалі даўней, дышкурсаваці, бо слізгацім па нейкіх небяспечных гранях. Дый характарыстыку вам трэба пісаць на іх, а не на Баластоўскага.

– Можна хоць яшчэ адно слізкае пытанне? – практыкантка пыталася, прымружыўшы вока.

– Ну, паспрабуйце, – злітаваўся я і абдарыў яе спагадлівай ўсмешкай.

– А кім вы самі хочаце быць для іх: класным кіраўніком ці сябрам?

Прызнавацца ў тым, што класнае кіраўніцтва сталася для мяне непрыемным сюрпрызам, не хацелася. Імгненна ацаніўшы ўзровень правакацыйнасці пытання, я стаў хітраваць: – А хіба ж нельга быць і гэтым, і гэным адначасова? І ўвогуле мы з вамі з сэксу пачыналі…

Наша размова адбывалася ў настаўніцкай. Мы сядзелі на канапе і прамаўлялі дастаткова ціха, каб ніхто з прысутных маіх каляжанак асабліва не здолеў разабраць, пра што ўвогуле вядзецца. Аднак мая апошняя фраза прагучала ў такой крыштальна чыстай цішыні, што ўсе пяць настаўніц, якія сядзелі троху воддаль за сталамі, увадначас, бы па камандзе, адарваліся ад сваіх сшыткаў, кнігаў, газет і запытальна зірнулі ў мой бок. «Няўжо ты паспеў яе трахнуць, нягоднік?!» – чыталася ў іхных вачах. Я не рэагаваў на гэта, а Валя нічога і не заўважыла. – З сэксу? – без патрэбы перапытала яна. – Ну дык вось вам, Эрнест Скіргайлавіч, яшчэ пытаннечка: ці вы шчыра мяркуеце, што ўсе адзінаццацікласніцы не бачаць вас аб’ектам сэксуальных мрояў?

У той момант я мог бы моцна ўхапіцца рукамі ў яе лебядзіную шыйку і трошкі падушыць чыста ў прафілактычных мэтах. Аднак мая прыродная схільнасць ніколі не ўздымаць руку на жанчын, не дазволіла ўчыніць гэткі паўманьяцкі перфоманс.

– Адкуль мне ведаць? – стрымана азваўся я.

– А пра што вы надоечы з гэтай пульхнай валейбалістачкай з 11 «Б» гутарылі? – пераможна ўклеіла яна штучку і ўрачыста ўтаропілася мне ў твар, ажно на ім шчэць заварушылася. Я адразу зразумеў, які эпізод меўся наўвеце, але ніяк не мог даць хуткага ёмкага і, галоўнае, адчэпнага адказу. Ліхаманкава вышукваючы прыдатнае тлумачэнне, я не знайшоў нічога лепшага, як проста пераказаць практыкантцы ўвесь эпізод, не забываючы напусціць дыму слоўнай велягурыстасці. – Валя, вы ж цудоўна ведаеце, што адны і тыя самыя з’явы могуць успрымацца людзьмі па-рознаму ў залежнасці ад кантэксту з’яваў і кантэкстуальнай заангажаванасці рэцыпіентаў. Гэта, як у прыпавесці пра слана і сляпых мудрацоў, якія па-рознаму яго апісвалі, бо кантэкстуальна мелі дачыненне не з цэлым сланом, а з паасобнымі яго часткамі: хвастом, нагамі, хобатам…

– Дык вы ёй пра хобат распавядалі?! Як я не здагадалася?! – не прамінула пакпіць практыкантка.

– У тым і фішка, што я ёй нічагуткі і не расказваў. У нас у школе завядзёнка: настаўнік-прадметнік выводзіць вучняў да гардэробу, калі ягоны ўрок у іх апошні гэтым днём. Вось так і было, што ўсе «бэшкі» ірванулі хутка, а валейбалістка апошняй, і я выходжу за ёй. Яна спытала, куды я іду. Я сказаў: «Трэба ж вас правесці». «Да пасцелі?» – удакладніла яна. А потым нямая сцэна.

– Ой, – суразмоўніца на хвілю прыкусіла губу і было бачна, што маё тлумачэнне яе не задаволіла, але стала перапрашацца, нібы я таго мусова патрабаваў. – Усё скеміла зараз. Я пачула тады толькі слова «пасцель» і яно мяне збіла з панталыку. Прабачце.

У настаўніцкую пастукалі. Дзверы прачыніліся, і я пачуў голас Арыны Зарыцкай: «Дзень добры. Выбачайце, калі ласка. Эрнеста Скіргайлавіча можна?». Я падняўся і пакрочыў пад новыя позіркі каляжанак і нястрымны Валін каментар: «А вы карыстаецеся папулярнасцю». Давялося прыгразіць практыкантцы кулаком. Яна ж не ведала пра маю схільнасць ніколі не ўздымаць руку на жанчын.

Інфанта і аднарог

Подняться наверх