Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 15
13
ОглавлениеНаступны дзень, дэклараваны як дзень здароўя, не абяцаў амаль нічога новага. Новым быў толькі мой статус удзелу ў ім. О, так! Гэтае салодкае слова класны кіраўнік! Вызваліўшы практыкантку Валю ад лішніх для яе клопатаў, я паспяшаў у сталоўку, каб атрымаць для сваёй паствы сухі паёк: бутэрброды з вэнджанай каўбасою, апельсіны, пакуначкі з малаком і маннай нябеснай. Паціху сталі падыходзіць мае адзінаццацікласнікі, якіх я змушаў узяць належны ім харч. Яны какетліва аднекваліся, прыкрываючыся словазлучэннем ранішняя наетасць. Я настойліва цыкаў. Мне зусім не хацелася валачы ўвесь гэты гастранамічны цяжар на той бераг ракі Сівой, куды школа звычайна скіроўвалася ў гэткія аздараўленчыя дні. Урэшце, за кошт некалькіх ці то галодных, ці то прагных да халяўкі хлапцоў мне ўдалося збольшага разгрузіцца. Настаўнікі фізкультуры заклікалі выводзіць дзяцей на двор і рушыць традыцыйным маршрутам.
Я крочыў у атачэнні сваіх вучаніц. Хлапцы, традыцыйна, пабеглі наперад, прымкнуўшы да кампаніі сябрукоў з 11 «Б». Дзяўчаты пачыналі заводзіць старую катрынку і пыталіся: «Ну, навошта нам гэты дзёўбаны дзень здароўя?». Я намякаў, што катрынка сёння не ў модзе.
– А што тады сёння ў модзе? – хмурачы броўкі, удакладніла Лера Булатнікава.
– Зараз модна не хмурыцца, а ўсміхацца, – нечакана мяне падтрымала Алёна Караблёва.
– Твая усмешка, позірк твой мяне штурхнулі ў бездань мрояў, – працытаваў я эмігранцкага паэта.
– Гэта вы, Эрнест Скіргайлавіч, напісалі? – пераадольваючы сваю адвечную маўклівасць, пацікавілася Карына Кляшторная.
Калі б я быў страшэнным нахабам, дык пэўна ж, не міргнуўшы вокам, падмануў бы і Карыну і астатніх дзяўчат.
– Не, – сцісла вымавіў я.
– Вы нас разводзіце, – з усмешкай умяшалася Кася Вядзёркіна. – Мы ж ведаем, што вы пішаце вершы.
– Ці мала хто піша, – ухіліста адказаў я. – Трэба быць чыстым фанабэркам, каб налева і направа цытаваць самога сябе.
– Фана кім? – не зразумела Кася.
– Фанабэркам, – выразна прамовіў я.
Выпярэджваючы мае тлумачэнні, Алёна стала разважаць над сэнсам гэтага – таксама незнаёмага ёй – слова: – Ну «бэрка», мабыць, памяншальна-ласкальнае ад «бэр», што значыць «мядзведзь». А «фана», напэўна, ад «фанаграмы», пад якую толькі рот раскрываюць, робячы выгляд, што пяюць. Такі сабе мядзведзь-фанаграмшчык.
– Ага! Мядзведзь-фанаграмшчык, які сам сабе ў дзяцінстве на вуха наступіў, – падхапіла развагі Вядзёркіна.
– А мядзведжае вушка, калі верыць пэўным анекдотам, гэта нешта непрыстойнае, – злаўмільна заўсміхалася Булатнікава.
– Цікава што? – з пэўным выклікам спытала Кляшторная.
– Пізда, – адказала Лера.
– Сама ты пізда, – вомільгам агрызнулася Карына.
– Ды не ты пізда, а мядзведжае вушка пізда, – раззлавалася знаўца пэўных непрыстойных анекдотаў.
– Дзевачкі! – нібыта супакойваючы, выгукнула Кася.
Усё адбылося так раптоўна і маланкава хутка, што я не паспеў своечасова зрэагаваць. Іншыя мае спадарожніцы не тое, каб збянтэжана, а хутчэй зацікаўлена сачылі за аднакласніцамі і чакалі маёй рэакцыі. Мне здавалася, што маё запозненае маралізатарства не дасць ніякага плёну. Таму я адно з ушчуваннем пахітаў галавою, але, звяртаючыся да Леры, сказаў тое, чаго напэўна не чакаў ніхто з прысутных: – А як жа тады персанаж беларускіх народных казак асілак Івашка Мядзведжае Вушка?
Лера на міг задумалася, а потым выдала, выкарыстоўваючы разнастайны тэрміналагічны апарат вядомы ёй, верагодна, з грамадазнаўчага курсу: – Я канечне гэтую казку не чытала, але магу выказаць сваё меркаванне, сыходзячы з уласнага сацыякультурнага вопыту. Вось глядзіце: асілак – гэта ж нешта пазітыўнае, станоўчае, як ты яго ні круці. А як гэты пазітыў мог выразіць наш бедны і гаротны просты народ? Толькі экспрэсіўным прыметнікам, на які пазней царква і, верагодна, іншыя грамадскія інстытуты, імкнуліся накласці забарону, табу. І народ выкручваўся, як мог, прыдумваючы нешта нейтральнае. Вось жа быў Іван Піздаты, а стаў Івашка Мядзведжае Вушка.
Дзяўчаты пачыналі патроху хіхікаць. Мінакі, праводзілі нас поўнымі сподзіву позіркамі, бо не маглі дабраць розуму, што за таварыства перад імі, аб чым гамонка і куды гэты дзядзька з усмешкай ласкавага цмока вядзе цэлую плойму юных красунь.
– Лера, можа ты перастанеш мацюкацца? – урэшце зрабіў заўвагу я.
– Эрнест Скіргайлавіч, вы ж разумны мужчына, – стала віхляць яна. – «Пізда» у гэтым кантэксце не мацюк, а навуковая катэгорыя.
Мы акурат падыходзілі да вечнага агню з не менш вечнымі вясельнымі картэжамі. Яшчэ адна школьная група, каб не замінаць жаніху і нявесце, паскорыла крок і дагнала нас. На яе чале быў Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў. Ён, учуўшы з дзявочых вуснаў ненарматыўную лексічную адзінку, разбірацца не стаў, а адразу безапеляцыйна заявіў: – Дзяўчыначка, у цябе малако на вуснах не абсохла, каб такія словы без капкі сарамлівасці пры людзях казаць. А тым больш пры маладым настаўніку. Што ты сабе дазваляеш? Га? Як тваё прозвішча? Заўтра будзеш перад дырэктарам тлумачыцца.
Мае вучаніцы, а пагатоў Лера Булатнікава, на якую хлынула ягоная тырада, здранцвелі. Даваць дзяўчыне магчымасць апраўдвацца перад Іскаліевым было небяспечна. Па-першае, яна пачала б аскірзацца, толькі ўскладняючы становішча. Па-другое, мая маўклівасць не магла сыграць на карысць майму і без таго хісткаму аўтарытэту. Апошняе мяне і падштурхнула кінуцца на абарону нахабніцы.
– Вы, Давыдавіч, асабліва не гарачкуйце. Дзяўчо без злога намеру, а ў рэчышчы філасофскіх разважанняў. Сучасная філасофская парадыгма, знаеце…
«Знаеце», – перадражніў стары. Ён пільна паглядзеў на Леру і яе малінавую саколку, якая добра падкрэслівала абрысы грудзей, задуменна кашлянуў, павярнуўся да мяне і ўшчыпліва папярэдзіў: – Глядзі, каб гэтая парадыгма з тваёй традыцыйнай філасофіі ўсе цалінныя сокі не ўвабрала.
Калюча ўсміхнуўшыся, Іскаліеў прыспешыў сваю групу і шпарка пакрочыў наперад. Я не ведаў, што казаць. Вучаніцы таксама маўчалі. Нарэшце моўкнасці не вытрывала Кася Вядзёркіна.
– Эрнест Скіргайлавіч, – зусім ціха звярнулася яна да мяне і не працягвала далей, чакаючы майго голасу. – Што? – як мага спакойней спытаў яе.
– Дык вы не скажаце нам, што значыць слова «фанабэрка»?
Я не здолеў стрымацца ад смеху і літаральна выбухнуў рогатам, а следам, нібы згодна з прынцыпам даміно, зарагаталі і ўсе мае спадарожніцы. Наш смех быў да непрыстойнасці звонкім і задорыстым. Гэта канечне схіляла да пазітыву. Але мая дзіўная здольнасць секунднага абстрагавання ад таго, што адбываецца, спрытна руйнавала такое ж мімалётнае шчасце. Заўжды, калі надыходзіў час адчування хаця б найменшага шчасця, нейкая частка маёй свядомасці выслізгвала вонкі і пачынала лунаць, азіраючы мяне збоку, адпускаючы ў мой адрас самыя жорсткія кпіны. Так было ў дзяцінстве, калі я радаваўся з’яўленню ў маёй калекцыі новай паштовай маркі. Так было ў юнацтве, калі мая аднакурсніца дэманстравала спрыт сваіх вуснаў і языка. Так здарылася і на гэты раз. Я рэзка змоўк. Дзяўчаты па інерцыі працягвалі хіхікаць. Але самыя пільныя ўсачылі неспадзяваную перамену ўва мне, сталі штурхаць астатніх локцямі ў бок ды ціхенька цыкаць.
– Што здарылася? – ізноў наважылася Вядзёркіна.
– Дэжавю, – схлусіў я, і мне здалося, што Кірыла Тураўскі, побач з помнікам якога мы акурат крочылі, хітравата прымружыў свае манументальныя вочы ў жаданні нешта сказаць. Я не паспеў нічога зрабіць, як свядомасць напоўнілася незнаёмым голасам: «Мы же нищие есмы словом и мутни умом, не имуще огня Святаго Духа на слажение душеполезных словес». «Якое мудрагелістае прызнанне літаратарскага бяссілля», – падумаў я, баючыся, праўда, азірнуцца на помнік вялікаму тураўцу. Мы ішлі далей.
На помнік Леніну я нават не глянуў, што не застрахавала мяне ад ягонай заўвагі: «Правільнай дарогай ідзяце, таварыш!». Мінаючы старую друкарню, я маральна рыхтаваўся да сустрэчы з помнікам Дзяржынскаму. Жалезны Фелікс, зваяны з бронзы, па-чэкісцку пільна глядзеў на мяне і маіх вучаніц. Здавалася, мы здолеем хутка збочыць управа да ракі, і я не пачую ніякіх натацый. Спадзеў быў дарэмным – следам за мной паляцелі словы, быццам іскры ад удару карнага мяча рэвалюцыі аб ланцугі маіх неад’емных псіхалагічных комплексаў: «Хто баіцца болю, той заўжды паддасца злу».