Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 21

19

Оглавление

Праспаўшы да самага абеду, усю астатнюю частку нядзелі я пакутаваў ад небывалага пахмелля і ўпартага жадання скласці фрагментарныя ўспаміны ў суцэльнае мазаічнае палатно. Мне хацелася прыгадаць, ці не спракудзіўся я раптам ўчора, як са мной неаднойчы здаралася ў часы празмернага кленчання перад шкляным богам. Згадкі прыходзілі паступова, запальваючыся падобна штучным зоркам на небасхіле замглёнай свядомасці. Я хапаўся за галаву, намагаючыся ўявіць тое, якую пагалоску па школе пусціць Алеся Рыбанька, і што навыдумляе для сваіх сябровак (а можа і бацькоў!) Лера Булатнікава. Гарачая гарбата стыла ў кубку ад адной толькі маёй думкі пра гэткія катастрафічныя наступствы.

У панядзелак я прыцёгся на працу з вялізнай каробкай шакаладных цукерак «Покліч Прыпяці», прыхаванай у чорны поліэтыленавы пакунак без надпісаў. Цукеркі прызначаліся для Алесі і мусілі, на маю думку, улагодзіць яе. Аліса Селязнёва, якая ўжо стаяла ля кабінета гісторыі, здзіўлена паглядзела на пасмачку маіх сівых валасоў, але далікатна пацікавілася толькі тым, чаму я спазніўся. Я не меў абавязальніцтваў даваць справаздачу сваёй вучаніцы. Але ж адмахнуцца ад Алісы было для мяне нечым ненатуральным. Я абярнуўся і ласкава паглядзеў на яе. Калі нашы позіркі і ўсмешкі сутыкнуліся, паміж дзяўчынаю і мной на нейкую секунду ўспыхнуў яркі вогненны вянок. Селязнёва ніяк на гэтую праяву не зрэагавала, і я мусіў пераконваць сябе, што мне толькі падалося.

– Трошкі праспаў і не паспеў на звычайны аўтобус, – прамовіў я. – А ты мяне чакала?

– Ну, не тое каб чакала, проста мне было крышачку сумна, – як асцярожнае сонейка, Аліса павольна раскідвала праменьчыкі сваіх словаў.

– Заходзь у кабінет, там пагамонім, – прапанаваў я.

У кабінеце я хутка прыхаваў пакунак, шырока расчыніў некалькі вокнаў, дастаў з партфеля сшытак з план-канспектам і, узброіўшыся крэйдай, стаў пераносіць на дошку патрэбныя для будучых урокаў схемы. Гэткі рытуал быў для мяне паўсядзённасцю ўжо некалькі гадоў і перарваць яго маглі толькі форс-мажорныя абставіны. «Баластоўскі без схемы, як сала без хлеба», – казалі мае каляжанкі. Вучні даўно прызвычаіліся з гэтым, ведаючы, што больш кампактнага і лагічнага адлюстравання асноўнага матэрыялу яны больш нідзе не знойдуць. – Эрнест Скіргайлавіч, а вы ўмееце танцаваць? – раптоўна запытала Аліса, якая рыхтавалася да ўроку, выкладваючы на парту сшытак і падручнік.

Я знерухомеў ад нечаканасці і ледзьве не ўпусціў крэйду.

– А ты хіба не бачыла? – з робленым здзіўленнем спытаў я ў адказ.

– Ды не. Мне тут проста расказалі… – лёгкая разгубленасць шпацыравала па завулках яе словаў.

– Што расказалі? Пра начны клуб? – вырашыў я павесці ў гутарцы рэй, а сэрца маё ў тыя імгненні набірала рэкордную хуткасць.

– Так, – з пэўным расчараваннем пацвердзіла Аліса, бо спадзявалася на тое, што я пачну какетліва адпірацца. Акурат мае какетлівыя адпіранні яна любіла больш за пірожнае «Кошык» з каляровым крэмам і згушчаным малаком, а я не дазволіў ёй у чарговы раз атрымаць такую спецыфічную асалоду.

– У начныя клубы завітваю вельмі рэдка, – падкрэслена па-дзелавому казаў я, працягнуўшы рабіць запісы на дошцы. – Стары я ўжо для гэткіх танцулек.

– Танцулек, – заварожана паўтарыла яна, адчуўшы ў маіх дзелавых словах дольку какецтва.

Мяне ж даймала пытанне, ці вядома Алісе, якія танцулькі мне выпала шчасце мець з яе аднакласніцай. «Калі Лера распавяла ўсе падрабязнасці Алісе, значыць не стане хаваць і ад іншых», – разважаў я, чакаючы ад бога выспятку.

Набліжаўся час пачатку першага ўрока, і ў кабінет сталі падцягвацца астатнія вучні 11 «А» класа. Мяркуючы па інтанацыі, з якой вучаніцы віталіся ці задавалі мне трывіяльныя школьныя пытанні («А што мы сягоння будзем рабіць?»), я разумеў, што пагалоска пра начны клуб ужо разышлася, і мне трэба будзе ў першыя ж хвіліны ўрока зрабіць пра гэта афіцыйную заяву з выкладаннем уласнай версіі падзеяў. Ніколі не любіў шапятункі за маёй спінай. Але часам акопная праўда найбольш ваяўнічых вучняў знішчала мяне дазвання.

Перад самым званком у клас зайшла Лера. Усе прысутныя, а было іх трохі больш за палову ад належнай колькасці, заняўшы дыханне, утаропіліся на яе ў салодкім прадчуванні якога-небудзь цыркацтва. Насуперак іх чаканням са столі не звалілася вяровачная лесвіца, па якой Булатнікава паднялася б пад купал цырка, каб адкалоць патрэбны публіцы нумар. Вучаніца павіталася са мной ды аднакласнікамі і зусім спакойна рушыла на сваё месца. Выглядала яна даволі сумна, і ніякіх позіркаў пераможцы ад яе не сыходзіла. Я вырашыў не рабіць ніякіх афіцыйных заяваў.

Нарэшце празвінеў званок на ўрок. Ладнай часткі класа па-ранейшаму не было. Ні староста, ні хто іншы з прысутных не здолеў мне толкам патлумачыць іх адсутнасць. Я паабяцаў разабрацца з усімі, хто адсутнічае без паважнай прычыны, і збіраўся распачаць апытанне мінулай тэмы. Мае шкаляры ўраз завойкалі, спасылаючыся на розныя акалічнасці, якія не дазволілі ім добра падрыхтавацца. «Некаторыя вунь увогуле не прыйшлі на ўрок, а нам за іх выцягвацца?» – дадавалі плакальніцы лішак электрычнасці ў і без таго наэлектрызаваную атмасферу. Гэта была ўжо не абарона, а самая сапраўдная атака, тактыка якой правяралася ў разнастайных варунках цягам колькіх гадоў. Мне не хацелася здавацца без бою, і я абвясціў франтальнае апытанне. Запанавала магільная ціша. Я задаў адно з самых элементарных пытанняў. Ніхто з класа нават не паварушыўся, каб падняць руку. Яны вырашылі гнуць сваю лінію да канца.

– Рабяткі, – пачынаў заводзіцца я, – мы ж не ў першым класе. І кожны з вас у стане самастойна прасігналіць пра гатоўнасць адказваць. Мне што, калонку нулёў выставіць ці як? – А што адразу калонку нулёў? – спыніў маўчанку Андрэй Дастаеўскі. – Не трэба нам нулі.

– І што ты прапануеш? – спытаў я ў нашага праўдалюба.

– Давайце да новай тэмы пяройдзем. А мне можаце дзясятачку паставіць за добрую прапанову, – самазадаволена прамовіў у адказ хлопец.

– А губазакатачную машынку ты не хочаш? – абурылася Аксана Багуслаўская. – Дзясятачку ён на роўным месцы захацеў.

– А што тут такога? Я сам пытанні вырашаю. Чаго ты ўвогуле лезеш? – стаў аскірзацца Андрэй.

– Я не лезу, а займаюся даследаваннем тваёй нахабнасці, – не спынялася староста.

– Досыць, – гучна сказаў я і ўдарыў кулаком па сталу. – Вы хочаце свайму класнаму кіраўніку ўрок сарваць? А што будзе далей – праз пару месяцаў? Я не разумею прычынаў для ўсіх гэтых вашых фрывольнасцяў.

– Проста, Эрнест Скіргайлавіч, у нас тут такія дзяўчынкі вышукаліся, сапраўдныя гром-бабы, – не сціхаў Дастаеўскі.

– Слухай ты, Далорэс Гэйз, – пагрозліва крыкнула яму Багуслаўская, здзіўляючы мяне сваёй абазнанасцю, прынамсі, у адным творы Набокава, – калі ты зараз не сціснеш сківіцы, я цябе, як жабу апоўзлую, аб сценку размажу.

– Я што вам сказаў? Супакойцеся зараз жа! – учыніў я другую спробу заліць сваім гневам неспадзяваную перапалку. Зрэшты, мне цяжка было пазбавіцца ад думкі, што і Аксана, і Андрэй насамрэч не сварацца, а дуэтам разыгрываюць высокапрафесійны спектакль, каб скрасці ўрочны час і адцягнуць увагу ад праверкі хатняга задання. – Добра, бог з вамі, пераходзім да новага матэрыялу, – злітаваўся я не столькі над імі, колькі над самім сабой. – Запісваем у сшыткі дату і назву сённяшняй тэмы. Яна гучыць наступным чынам «Асаблівасці нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя».

Прыкметна павесялеўшы, вучні разгарнулі сшыткі і ўзялі ў рукі асадкі.

– Венская сістэма міжнародных адносін, якая ўсталявалася ў Еўропе неўзабаве пасля сканчэння Напалеонаўскіх войнаў, адной з сваіх мэтаў ставіла недапушчэнне рэвалюцыйных выбухаў. Удзельнікі Свяшчэннага Саюзу, а фактычна гэта былі тыя самыя дзяржавы, што ў канцы XVIII стагоддзя падзялілі нашу шматпакутную Рэч Паспалітую, у 1820 годзе падпісалі адмысловы дакумент, беручы на сябе права вайсковага ўмяшання ва ўнутраныя справы любой краіны, дзе б магла адбыцца…

Раптоўна пачуўся нягучны стук, і дзверы расчыніліся. На парозе стаяла Алеся Рыбанька. Я троху раззлаваўся, мяркуючы, што тая прыйшла проста падчас уроку клеіць разборкі за суботнія справы.

– Эрнест Скіргайлавіч, – запыхана гаварыла каляжанка, – вас тэрмінова выклікаюць да дырэктара.

«О-оў, ужо і адміністрацыі ўсе данесла, шпаркая дзеўка, далёка пойдзе», – роспачна падумаў я. Уголас жа заўважыў: – Але ў мяне ўрок. Вельмі важная тэма.

– Мне сказалі, каб я з вашымі вучнямі пасядзела, – з выбачальнай усмешкай прамовіла яна, і стала зразумела, што выклік да дырэктара ніяк нязвязаны з суботай.

– Добра. Патрэбныя схемы на дошцы, – сказаў я і перайшоў на шэпт. – А ў вас я прашу прабачэння за прыкры пазаўчорашні інцыдэнт і на знак прымірэння прашу прыняць невялічкі прэзент, які вы можаце забраць па сканчэнні ўрока з ніжняй шуфлядкі настаўніцкага стала.

Алеся зрабіла шырокія здзіўленыя вочы і, ледзь хаваючы радасць, прашаптала: – Што вы, што вы… Я ўжо і забыла пра тое. Мы ж педагогі. Нам таксама якая-ніякая разрадка патрабуецца. Але вашы прабачэнні прымаю з найвялікшай прыемнасцю. Вы мяне вельмі ўразілі.

Я адчуваў, што вучні назіралі за нашым перашэптваннем, і наўмысна павярнуўся, каб пераканацца ў гэтым. Пераважная частка прысутных сапраўды ўсміхалася, расстрэльваючы нас вачыма. Толькі Лера Булатнікава заставалася нязменна пахмурнай. А позірк Алісы Селязнёвай быў як бы непрытомным.

– Будзьце цацанькамі, – наказаў я дзецям і накіраваўся ў кабінет дырэктара, спрабуючы здагадацца, якая іншая прычына магла спарадзіць такую тэрміновасць ды яшчэ на першым уроку.

Да свайго неверагоднага здзіўлення я ўбачыў у дырэктаравым кабінеце вучняў 11 «А» класа, адсутнасць якіх мне кагадзе ніхто не здолеў растлумачыць. Колькі хлапцоў і дзяўчын стаялі ў панурым маўчанні, нізка апусціўшы галовы.

– Чаму вашы вучні, Эрнест Скіргайлавіч, не на ўроку? – сувора запытаўся Богут.

– Я толькі паспеў вызначыць іх адсутнасць і збіраўся на бліжэйшым перапынку ўсіх абтэлефанаваць, – адказаў я, адчуваючы, як імкліва высыхае сліна ў маім роце, а язык пачынае спатыкацца аб нёба, зубы, пломбы ды аб самога сябе. – А што здарылася?

– Надзвычайны выпадак. Аўтарытэт школы пастаўлены пад удар. Няхай яны вам самі ўсё раскажуць, – дырэктар кіўнуў на шкаляроў, якія на вачах станавіліся падобнымі да пабітых катоў і котак.

Я зірнуў на Грышу Стахіевіча і папрасіў тлумачэнняў.

– Я ішоў у школу і сустрэў аднакласнікаў, – пасля секунднага збірання думак загаварыў ён. – Высветлілася, што мы ўсе не падрыхтаваліся да гісторыі Беларусі. Забаяўшыся вашага, Эрнест Скіргайлавіч, гневу, мы вырашылі не ісці на ўрок. Засмуціліся, канечне, а тут шапік нам на вочы трапіўся, і мы вырашылі ўзяць бутэлечку піва, каб заліць ім наш смутак.

– Смутак? Будзе вам смутак, – шматабяцальна прамовіў я. – А дзяўчаты чаго прагулялі? Таксама гневу забаяліся? Знайшлі мне пудзіла.

– Прабачце нас, Эрнест Скіргайлавіч, на нас, быццам памутненне нейкае найшло, – за ўсіх вучаніц стала тлумачыцца колішняя біятланістка Інгебора Каленвалава. – Мы ўбачылі нашых хлопчыкаў з півам і паддаліся спакусе.

– Спакусе паддаліся? – стродка перапытаў я. – Значыць ты вывучыла дома, калі і з якіх земляў было створана Беларускае генерал-губернатарства?

Дзяўчына сумелася і нічога сказаць не змагла.

Руслану Альгердавічу спадабалася мая манера весці гутарку з вінаватымі, але ён трымаўся ў рамках іміджу суворага, але справядлівага суддзі.

– Яны не толькі пра Беларускае генерал-губернатарства вам нічога не сказалі, – уклініўся ў гутарку ён. – Яны яшчэ забыліся сказаць, што, распіваючы ў дворыку, памянёнаю бутэлечку (два з паловай літры, між іншым!), яны даўмеліся дражніць пажылую жанчыну. Яна ледзьве міліцыю не выклікала.

– Мы яе не дражнілі, – смела, хаця і без звычайнага выкліку ў голасе, запярэчыў Пеця Андропаў. – Яна ішла міма і сказала, што няма на нас Сталіна. Мяне гэты тэзіс уразіў, і я стаў здымаць бабульчыну прамову на тэлефон. Хочаце пакажу…

– Зараз жа выдалі гэты ролік, – прахрыпеў я. – У вас ніводнага мілілітра сумлення не засталося. Хай тая бабуля, што хоча балбоча. Навошта яе было чапляць?

Усе вучні цяжка дыхалі і вывучалі позіркамі структуру разасланага ў кабінеце дырэктара туркменскага кіліму.

– Вось што, Эрнест Скіргайлавіч, давайце-ка сядайце на тэлефон і, каб на працягу дня бацькі ўсіх гэтых субчыкаў завіталі сюды. Спадзяюся, тады нашы дзеці абразумяцца. А зараз адвядзіце ўсіх да сацыяльнага педагога. Няхай яна ім нагадае, у чым крыецца небяспека іх гульняў з выпіўкай.

Загнаўшы ў пакой сацыяльна-псіхалагічнай службы ўсё таварыства аматараў прамяняць урок гісторыі Беларусі на пляшку піва, я зрабіў глыбокі ўздых, а даволі гучны выдых суправадзіў некалькімі баксёрскімі жэстамі. Родненькія вучні дадалі мне лішку турботаў. «Ну, давай жа, носьбіт сакральных ведаў, падзяліся імі з бацькамі», – іранізаваў я, круцячы дыск тэлефона. Практыканткі Валі, што магла б дапамагчы з перазвонам, як на зло ў школе не было.

Тэрміновы выклік у школу шакаваў большую частку бацькоў, каго давялося заспець дома ці на працы. Яны зрываліся і ляцелі, думаючы, што з іх дзіцём адбылося самае страшнае. Але ў дастатковай колькасці півасёрбаў бацькі ніяк не знаходзіліся: то слухаўкі не падымаліся, то нумары выяўляліся састарэлымі. На маё пытанне, як дазваніцца да канкрэтных мамаў і татаў, півасёрбы адказвалі нешта няўцямнае. Адна толькі Інгебора заплакала ўсю маю камізэльку, сказаўшы, што яна ведае, як звязацца і з мамай, і з татам, але баіцца наступных прафілактычных захадаў.

– Інга, я не магу даць веры ў тое, што твае родныя будуць цябе лупцаваць, – выказаў я сумнеў.

– Лепей адлупцавалі б! – працягвала плакаць яна. – Яны проста забароняць мне гуляць па вечарах і запрашаць у дом гасцей. Я без таго і другога проста не магу жыць.

– Вядома, гэта ж не гісторыя Беларусі, – яхерыста заўважыў я. – Для цябе і для ўсіх астатніх я паўтараю, што бацькі выклікаюцца не па маёй прыхамаці, а на загад дырэктара. Дык жа будзьце ласкавыя выконваць.

І яны выканалі. Выканалі так, як параіла кемлівасць. Хто толькі не апынаўся цягам таго дня ў кабінеце дырэктара разам з імі! Знаёмцы знаёмцаў і суседзі суседзяў. Сталыя знаёмцы і людзі з вуліцы, якім прапанавалі закалыміць на чарніла. Хто заўгодна, толькі не родныя матулі і татулі! Я зразумеў, што вучні пачалі штукарствы, але віскату падымаць не ўзяўся. Надта карцела хутчэй адкаснуцца ад гэтай справы і, адвёўшы належную колькасць урокаў, з’ехаць дахаты.

Рэшта 11 «А», даведаўшыся пра здарэнне з прагульшчыкамі, адразу ж засмуцілася. Ловячы іх перашэпты, можна было зразумець, што яны асцерагаліся такога павароту падзеяў, пры якім я плюну на ўсё з высокай-высокай гары і звольнюся са школы. Гэтага яны жадалі менш за ўсё. Я заявіў, што такі варыянт выключаць нельга, але тут жа абрэзаўся аб недаверлівы погляд Алісы. Каб зрабіць менш прыкметнай маю збянтэжанасць, я стаў гартаць нататнік, у якім ніякіх адметных запісаў, акром план-канспектаў не было. Але ў часе прагортвання з нататніка выпала маленькая паперка. «Цыдулка», – скеміў я і паклаў у кішэню, каб высветліць яе нечаканы змест без сведак на перапынку: «Эрнест Скіргайлавіч! Прашу вас прабачыць мяне за суботняе. Болей такога не паўторыцца. Толькі не гаварыце маёй маме. Ваша вучаніца – Л.Б.».

Інфанта і аднарог

Подняться наверх