Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 23

21

Оглавление

Блаславіўшы практыкантку Валю на шчаслівае заканчэнне універсітэту, я сышоў на кароткія восеньскія вакацыі. Яны міналі ў клопатах. Давялося пачысціць Аўгіевы стайні і зганяць на дзянёк у сады Гесперыд. Аўгіевымі стайнямі я заўсёды называў школьныя сутарэнні, якія ўсёй мужчынскай настаўніцкай грамадой даводзілася рэгулярна вычышчаць ад размаітага хлуду. Пачатак тых вакацыяў не стаў выняткам з нашага супольнага гераічнага эпасу. Міроненка ў адрозненні ад іншых калег гэтай вобразнасцю не прасякся, але грэцкую прыказку выдаў: «Паціху-патроху кіслы вінаград стане салодкім, як мёд». Асабліва яна спадабалася нашым тэхработнікам, якія адразу ж зашапталіся пра фаўстпатроны пладова-выгаднага. Што да другога клопату, дык назву «Залатыя дулі Гесперыд» мусіла мець мая кніга, пра выданне якой і было дамоўлена пад заслону вакацыяў за 1662 з нечым грэцкія стадыі ад школы – у мясціне, дзе атланты і карыятыды трымалі на худых плячах тутэйшы аналаг вавілонскай бібліятэкі, а воды падземнай нядрэмнай рэчкі казыталі ім ногі.

Зрэшты, паміж дрэнажнымі работамі і падпісаннем дамовы аб выдавецкай паслузе адбылася яшчэ адна падзея, пасля якой многае ў меркаванай чарадзе падзей змянілася. Трывала серада. Наша метадычнае аб’яднанне ў чарговы раз адзасядала і аддыхвалася пасля абмеркавання нейкай злабадзённай тэмы. Каб астыць ад чарговай гарачкі, я выйшаў на калідор і адразу ж сутыкнуўся з Алёнай і Алісай.

– Не сядзіцца ў хаце дзеўчынам-красуням? – перакруціў я класіка. – Мы на дадатковыя заняткі па фізіцы ходзім, – патлумачыла Караблёва.

– Да гарадской алімпіяды рыхтуемся, – дадала Селязнёва.

– І як поспехі? – спытаў я, не зводзячы вачэй з Алісы.

– Пакуль не вельмі, – прызналася тая.

– Добра, – адначасова з сяброўкай адказала Алёна.

Мы ўтрох засмяяліся. Калі рэсурсы для працягу смеху вычарпаліся, я ўзяўся падбадзёрваць маіх юных аматарак фізікі, зычачы ім перамогі. Яны падзякавалі мне і збіраліся сыходзіць, бо час перапынку, абвешчанага настаўніцай, падыходзіў да заканчэння. Аднак мяне не пакідала ўражанне пэўнай недагаворанасці, і я пытальна зірнуў на дзяўчат.

– Эрнест Скіргайлавіч, заходзьце, калі ласка, на мой сайт. У гасцёўні што-небудзь напішыце, – сказала Аліса і, перахопліваючы мой пытальны позірк, з чаканнем паглядзела мне ў вочы.

Мой мозг ператварыўся ў расплаўленую сталь, у якой плёскаўся тэрмінатар. Здавалася, што гарачая юшка вось-вось хлыне з маіх вушэй. Пад вачыма пачало страшна пячы. Трэба было нешта адказваць.

– Цікава, цікава… – выцадзіў з сябе я. – А які адрас?

– Aliska.tk. Вы запомніце? Ці вам на паперцы напісаць? – Аліса прыкметна ўзрадавалася.

– На глінянай таблічцы, – пажартаваў я і, выпярэджваючы пытанні, сцвердзіў: – Запомню, канечне. Aliska.tk. Толькі не абяцаю, што зраблю гэта хутка.

– Калі зможаце, тады і зайдзіце, – літасціва дазволіла мне Селязнёва і, схапіўшы здзіўленую сяброўку за руку, пацягнула яе на працяг дадатковых заняткаў па фізіцы.

Нейкі час я працягваў стаяць і глядзеў, як аддаляюцца мае вучаніцы. Сталь у галаве паступова астывала. Зразумець сэнс прапановы Алісы ў мяне не атрымлівалася. Мне бачыўся ў гэтым чарговы вотум даверу з яе боку. Мне падавалася, што яна такім чынам імкліва змяншае адлегласць між намі. Мне мярэсцілася, што я раблюся ёй неабыякавым. Мне хацелася хуценька бегчы дадому, каб падлучыцца да сеціва і ўвесці ў камандны радок браўзера запаветныя літары: aliska.tk.

Дома, забыўшыся на дакоры халоднага чайніка і паўзабытай кілбасы «Кіндзюк класічны», я шпарка пабег да кампутара. Скінуўшы толькі куртку і чаравікі, я не даў сабе клопату пераапранацца ў хатняе, а прыняўся трываць няроўны бой dial-up мадэма з перагружанай тэлефоннай лініяй. Мадэм следам за маёй упартасцю набіраў належны нумар правайдара. Але набор разоў сорак скідваўся. Частыя тэлефонныя гудкі пасля гэтага нагадвалі злавесныя пахмылкі недружалюбных істот берберскай пустэльні.

Урэшце мадэму ўдалося падканэкціцца. Наэлектрызаванымі пальцамі я націскаў належныя клавішы. Успатнелай далонню я моцна трымаў старую аптычную мышку, быццам баяўся, што тая зараз уцячэ. Галоўная старонка сайту загрузілася даволі хутка. Яна была высакародна беласнежнай. У цэнтры месцілася невялікая фатаграфія Алісы з распушчанымі валасамі, якія нядбала падалі на аголеныя плечы. Вочы дзяўчыны поўніліся выпрабавальным агнём. Вусны прамяніліся ледзь заўважнай усмешкай. Пад здымкам знаходзілася немудрагелістае меню сайта, якое складалася ўсяго з двух пунктаў: «Фота» і «Гасцёўня».

Я навёў курсор на першы пункт меню і перайшоў па спасылцы ў фотагалерэю. Там мяне чакала такое самае снежнае поле, як і на галоўнай старонцы, толькі з бардовым надпісам-папярэджаннем: «Асцярожна – прыгажосць!» і акуратнымі каляровымі квадрацікамі-прэўюшкамі. Я стаў спрытна клікаць па прэўюшках, адчыняючы фатаграфіі ў поўных памерах. Большасць з іх была зроблена ў стылі «сфатаграфуй сябе сам».

Аліса на здымках выглядала абсалютна рознай. Здавалася, што фатаграфіі падабраныя не проста так, а адмыслова, каб адлюстраваць розныя эмацыйныя станы і душэўны настрой. Радасць чаргавалася з сумам. Безразважнасць – з задуменнасцю. Какетлівасць – з наіўнасцю. Збянтэжанасць – з кплівасцю. Я глядзеў на ўсё гэта з неймаверна безгаловай захопленасцю, метадычна захоўваючы сабе на кампутар кожную сустрэтую ў галерэі выяву, нібы нёс дадому з Луўра ці Эрмітажа найвыдатнейшыя палотны сусветна вядомых жывапісцаў.

На адным са здымкаў Аліса была адлюстраванай з паперкай у руках. На паперцы было намалявана сэрца, а пасярэдзіне стаяў надпіс. Разабраць яго я не здолеў, але падумаў, што там хлапечае імя. Я нават здагадваўся якое…

Прыспеў час зайсці ў гасцёўню. У ёй таксама панавала бель, па якой былі раскіданыя літаркі колькіх дзясяткаў паведамленняў. Я ўзіраўся ў нікнэймы і з дзіцячай весялосцю разгадваў людзей, што маглі хавацца за імі. King Stakh рэкамендаваў дапоўніць галерэю больш разняволенымі фоткамі. AlonKa пыталася пра бадзёрасць духу. St.Sestra радавалася за малодшую сястрычку – прыгожую і разумную. Багуслаўская раіла змяніць вэб-дызайнера. А Cutting Diamond напісаў літаральна наступнае: «Зая, я очень сильно по тебе скучаю». Мяне праняло цыганскім потам. Тысячы шкларэзаў з вострымі колцамі-дыяментамі ўзяліся паласаваць мне скуру. «А вось і Дзімка», – не маючы зусім ніякіх доказаў, зрабіў выснову я і добра нэбнуў кулаком па бязвіннай клаве.

Я зазнібеў увесь без астачы. Мяне біла ў крымска-кангалезскай ліхаманцы. Мне даводзілася шалёна матляць галавой, каб прагнаць статак дзікіх ружовых сланоў, што віліся навакол. Прыходзіла разуменне – загваздка ў рэўнасці, якую я раптоўна адчуў да незнаёмца, што схаваўся за нікам Cutting Diamond. І мне было напляваць быў гэта Дзіма ці іншы боўдзіла. Я проста нястрымна зараўнаваў. Кончыкі вушэй гарэлі сінім полымем. З носу зацурчэла кроў.

Выцягнуўшы з кішэні насоўку, я выцер ёю кроў і прыкрыў наздрыны, адкінуўшы галаву назад настолькі моцна, наколькі гэта дазваляла канстытуцыя. Адной рукой я падсунуў клавіятуру бліжэй да манітора і нягеглым рухам пальцаў пачаў рабіць гасцявы запіс. Пароць гарачку і кідацца ў віртуальную бойку з безасабовым гіцлем уяўлялася цалкам бессэнсоўным заняткам. Акурат таму я вырашыў пакінуць запіс толькі для Алісы, нібы ніхто іншы больш ніколі пасля гэтага не завітае на яе сайт.

«Германцы былі цікавымі людзьмі, – пачаў здалёк я. – Яны вырошчвалі гарох, верылі ў нібелунгаў і расказвалі пра сябе няйнакш, як у гераічным эпасе. Нашым продкам – старажытным балтам і славянам – ад гэтага было шмат непрыемнасцяў, рысу пад якімі яны падвялі на Грунвальдскім полі. Спрабавалі сябраваць, гандлявалі, запазычвалі розныя словы. Але ўрэшце нашым продкам сярод пушчаў, балот ды суседствам з Маскоўскай дзяржавай не хапіла французскай вытанчанасці, каб ператварыць германскае жаночае імя Adalheid у мілагучнае Alice ці адразу ў Аліса. Толькі мадэрнізацыя і глабалізацыя новага і найноўшага часу прынеслі нам – беларусам – радасць гэтага цудоўнага імя, якое ад пачатку азначае – высакародства. Гледзячы на цябе, дарагая Аліса, нельга не пагадзіцца з такой этымалогіяй».

Я адняў насоўку ад наздрын (кроў больш не цякла) і прабегся вачыма па тэксце, які адной рукой натайпаў у форме для адпраўкі паведамленняў. Напісанае падалося мне рэдкасным трызненнем. Аднак прыдумаць нешта іншае не ставала ні сіл, ні тарыфных адзінак інтэрнэт-карты. Адзінай зменай у допісе стаўся смайлік з падміргваннем, што быў дададзены ў самым канцы. Падпісаўшыся Знаёмы Табе, я адправіў паведамленне. Праз некалькі секундаў яно красавалася ў гасцёўні Алісінага сайта самым першым. Я дурнавата пасміхнуўся і пайшоў есці «Кіндзюк класічны».

Усю рэшту вакацыяў (за выняткам памянёнага дзянька ў садах Гесперыд) я пачынаў традыцыйны вэб-сёрфінг з візіту на aliska.tk. Мне аж задужа карцела пабачыць там рэакцыі на свой допіс. Але гасцёўня маўчала. Ніхто нічога не пісаў, колькі б я туды ні вяртаўся. Перачытаўшы ўсе старыя паведамленні, я зразумеў, што Аліса ўвогуле нікому не адказвала. «Гасцёўня для гасцей!» – мусіла б стаяць папярэджанне, каб такія дзівакі, як Знаёмы Табе і парачка нерасшыфраваных мной ананімаў, не мелі залішніх спадзяванняў і не пілі ад страшнай роспачы са шклянак кіслае віно.

А яшчэ я безнадзейна чакаў ад Алісы sms’кі. Хаця б прывітанне ці проста смайлік. Старэча Сімэнс біўся ў зацяжных перадсмяротных канвульсіях, але ўсё ніяк не паміраў. У суботу вечарам яго патурбавалі, пазваніўшы мне. Званіў колішні старшыня «Вытокаў» Ян Белікаў, каб запрасіць на традыцыйную талаку па дагляданні могілак. Талака прымяркоўвалася да Дзядоў, дарма што яны мінулі. Я нічога пэўнага абяцаць не рызыкнуў. Пачуўшы ў свой адрас прыветнае слова жлабяра, я скінуў выклік, чым трохі суцішыў пакуты мабільніка.

У нядзелю параненька, калі вельмі хацелася спаць, я шпарка падняўся з ложка, разумеючы, што трэба ехаць на могілкі. Надвор’е было досыць халодным. На двух прыпынках, дзе мне давялося чаканнем чысціць (ці лепш – падчышчаць) уласную карму, я пашкадаваў, што не надзеў шапку. Праўда, гэтыя шкадаванні былі нечым накшталт сухіх кракадзілавых слёз, бо ніякай шапкі ў маім гардэробе і блізка не назіралася. Вецер біў мне па твары, быццам толькі і марыў пра гэта. Я зліваўся з натоўпам і пад яго прыкрыццём хаваўся ад вятрыскі ў чэравах машын гарадскога транспарту. Людзі, з якімі давялося ехаць вызначаліся суцэльнай задуменнасцю і маўклівасцю. Той, хто спрабаваў разявіць рот, немінуча правальваўся ў тартар. Рака, якая падзяляла горад на дзве часткі, набыла колер застылага пасля гарачай крывавай бітвы свінцу. Я марна ўзіраўся праз тралейбуснае вакно на яе хвалі. Яны не жадалі, дый не маглі даць адказы на мае гнятлівыя пытанні. Кроплі дробнага дажджу стукаліся ў шкло і сплывалі долу ў выразным шкадаванні, што не ўдалося намачыць мой твар.

Я выйшаў на прыпынку «Мясакамбінат» і па старых драўляных сходах спусціўся ў нізіну, адкуль вельмі добра чуўся крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы. Дожджык узмацніўся. Яго касыя мокрыя рысы нядбала штрыхавалі прастору, выцінаючы мяне па неакрытай частцы галавы. Нікога з вытокаўцаў паблізу не было відаць. Я зірнуў на гадзіннік. Гадзіннік ласкава паведаміў, што спазненне на талаку склала дзве з паловай чвэрці гадзіны. Прыспешыўшы хаду, я вырашыў зайсці праз бакавую браму пры брацкай магіле савецкіх воінаў.

Ледзьве я апынуўся за агароджай, мяне пачала біць дрыготка. Розум адмаўляўся спісваць яе адно на восеньскі холад. Міжволі прыгадаліся словы Відава-Вошчанкі пра рытуальныя месцы, куды сектанты могуць завабіць аднарога. Я некалькі разоў моцна гайдануў галавою, каб выкінуць гэткія згадкі. «Вытокі» пры ўсіх сваіх заганах ніколі не былі сектай, пагатоў хакерскай. Крочачы па вузкай сцяжынцы пад шатамі голых дрэваў між старых і дужа старых магілаў, я грэшна думаў, што недзе вось тут – сярод крыжоў і каменных помнікаў – пахаваная наша вытокаўская маладосць, а мы самі ні сном ні духам пра гэта.

Інфанта і аднарог

Подняться наверх