Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 3
1
ОглавлениеТой жнівень выдаўся нагвалт спякотным. Я, як заўсёды, выйшаў на працу з летняга адпачынку адным днём раней. Не таму, што мне аж задужа карцела хутчэй прыйсці ў школу, а таму, што зноў аблічыўся з працягласцю адпачынку. Раней я ўвесь час забываўся даплюсаваць да агульнай колькасці адпачынкавых дзён вялікае дзяржаўнае свята – Дзень Рэспублікі. Але той жнівеньскай парою мне пашчасціла забыцца, што яшчэ адзін дзень мне быў гарантаваны кантрактнымі ўмовамі. Руслан Альгердавіч, наш паважаны дырэктар, традыцыйна зрабіў выгляд, што здзівіўся майму заўчаснаму з’яўленню. Я ж паціснуў плячыма і сказаў, што мне не шкада ахвяраваць лішнім вольным часам дзеля карысці роднае ўстановы адукацыі.
Можа быць таму я з казачнай асалодай штодня драбіў цагліны, каб атрыманай у выніку друзоўкай аздобіць школьныя клумбы. Работа не была ювелірнай і адбывалася пад праменнем бязлітаснага сонца, якое, здавалася, на паўстаўкі ўладкавалася ў гестапа. Шчыраваць на гэтай інтэлектуальнай ніве давялося не аднаму мне. Настаўнік чортава тузіна еўрапейскіх моваў Вальдэмар Мікітавіч Міроненка рабіў гэтую справу асобна ад астатніх у прахалодзе школьных сутарэнняў пры святле цьмянай лямпачкі на 40 ват і ў заклапочаных роздумах пра макраэканамічныя працэсы ва ўласных кішэнях. Цагліны ён крышыў павольна, але ператвараў іх амаль у парашок. Гэта мяне бянтэжыла. Я таксама біў цэглу нетаропка, але аскепкі ўрэшце атрымліваліся дужа кабаністыя. Спытаўшы ў Міроненкі парады, я атрымаў у адказ хітрую ўсмешку і бясплатную ангельскую прыказку: «Кепскі работнік свае інструменты ганіць». Няўлоўнасць і прыказкі з прымаўкамі былі яго галоўнымі адрознымі рысамі.
Побач са мной на школьным двары каля спартовай пляцоўкі тую ж самую работу выконвалі два маіх іншых калегі. Непапраўны пафігіст і дыскутант Яраслаў Леанідавіч Майсюк, хаця і быў частковым цёзкам на прозвішча знанага паэта-песенніка, паэзіі ўсё ж не любіў. Але абагаўляў прозу. Ды не проста прозу, а прозу жыцця. Абагаўляў за ўсе выбрыкі і нечаканасці, якія цяжка было прыдумаць самаму таленавітаму пісьменніку нашай, як яму здавалася, безнадзейнай планеты. Такім пісьменнікам ён лічыў аднаго расійскага фантаста, што ўдала эксплуатаваў тэму барацьбы між святлом і цемрай. Вось жа і Майсюк следам за тым фантастам падзяляў усё чыста на святло і цемру, і нядбалым вучням (а выкладаў ён фізіку) даводзілася зусім нясоладка апынацца ў катэгорыі «іншых цёмных». Пад пільным наглядам бога Ра, які зухавата спальваў нам плечы, Ярык прымудраўся да ўсяго паліць цыгарэціну і разважаць пра высокія матэрыі, накшталт маральных аспектаў прысутнасці зямлян на Марсе.
А вось Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў – палкоўнік запасу, колішні ваенрук, а тагачасны выкладчык курсу «АБЖ», які выглядаў гадоў на шэсцьдзесят – нязменна гаварыў пра сэкс. Дакладней ён гаварыў пра што заўгодна, але ўрэшце збіваўся на сэксуальную тэматыку. Толькі той факт, што стары колісь чытаў у паўарыгінале творы Імануіла Бацькавіча Канта, ратаваў нас ад пытанняў пра колькасць пакаштаваных за лета жанчын. Зрэшты, Дзяніс Давыдавіч увесь час дзівіўся, чаму, працуючы ў амаль выключна жаночым калектыве, ні я, ні Ярык не карыстаемся становішчам. «Хлопцы, працы ж непачаты край!» – усклікаў ён, маючы на ўвазе не тройчы выклятыя цагліны, а ўсіх нашых паважаных каляжанак. Я ў тысяча першы раз прапускаў гэтыя словы міма вушэй, усміхаўся і, заліты віленскімі вёдрамі поту, працягваў махаць малатком, удаючы з сябе Тора.
На спортпляцоўцы віліся дзеці і адзін пераростак, якога ў свой час ледзьве справадзілі пасля дзявятага класа. Ён выхваляўся паляўнічымі трафеямі свайго бацькі. Сябручкі і слухалі яго, і назіралі за нашай працай, не разумеючы яе сэнсу. І хоць цікаўнасць даймала, спытаць наўпрост яны не наважваліся. Іхняя ўвага трохі злавала, бо даводзілася пачувацца бясплатным клоунам на арэне месяцавага цырку. Але ж – цярпі, казача, не выпадае іначай. Біццё цэглы пад прыцэлам чужых вачэй працягвалася.
– Дзяўбі, дзяўбі, Эрнесцік. Сонца яшчэ высока, – пакепліваў з мяне Іскаліеў. – Падзяўбеш, каб потым было спраўней дзеткам на ўроках аб правах чалавека расказваць.
– Аб натуральных? – з панурай усмешкай удакладніў я.
– Аб натуральных, аб звышнатуральных, аб усіх чыста, – крахтаў ён, разбіваючы чарговую белую блочыну.
– Але ж, Эрнесце, табе і шанцуе з тваімі прадметамі, – зарадзіў Майсюк. – Чалавек! Грамадства! Дзяржава! Проста песня! Прыйшоў на ўрок і размаўляй пра што хочаш, спрачайся колькі ўлезе. На фізіцы асабліва не паспрачаешся. Закон Ома ёсць законам Ома. А ўраўненне Ван-дэр-Ваальса ёсць ураўненнем Ван-дэр-Ваальса. Ні ўцяць, ні ўзяць, ні на выпіўку пазычыць.
– Каб жа яны хацелі спрачацца, – уздыхнуў я, разумеючы, што займеннік яны прагучаў з гэткай жа экспрэсіяй, як назоўнік aliens з вуснаў гераіні класічнага фантастычнага трылера пра барацьбу зямлян супраць касмічных монстраў. – Не, бываюць канечне ў кожным класе аматары языкі пачасаць. Але часцяком не дзеля развіцця шэрага рэчыва, а каб толькі мне зубы замовіць ды пацягнуць на ўроку час… – Дык ты ж і сам палялякаць не супраць. Асабліва з дзяўчатамі. Хіба не так? – упёк Ярык.
Я сумеўся. Такога кшталту пытанні звычайна заганялі мяне ў анталагічны тупік, клікалі на дапамогу кагнітыўны дысананс, каб супольнымі намаганнямі добранька набіць морду маральнаму закону ўва мне. Скажаш праўду – кепска, схлусіш – заўважаць, што хлусіш. Акурат таму я прамаўчаў, узяўшыся перасыпаць набітую друзоўку з посцілкі ў кардонную пушку.
– Я на клумбы, – змрочна прамармытаў я.
– Бач які суворы, – усміхнуўся Дзяніс Давыдавіч.
Трымаючы пушку за днішча, я павалок каштоўны ладунак задворкамі школьнага будынку. У вузкаватым праходзе між майстэрнямі і бетоннай агароджай давялося абмінаць кабет з нейкай суседняй канторы. Бабёнкі старанна ўсмоктвалі дым сваіх ментолавых цыгарэтаў і глядзелі на мяне, як сарокі-вароны на параненага волата. Урэшце я дабрыў да запаветных земляў, дзе ўжо былі падрыхтаваныя паглыбленні ў выглядзе прамянёў. «Як на колішнім сцягу Японіі», – міжволі падумалася мне. Я выгрузіў змесціва сваёй тары, нахіліўся і стаў рукамі размяркоўваць кавалачкі цэглы па ўсёй паверхні, уяўляючы сябе сівагаловым японцам у садзе камянёў будысцкага храма рёандзі.
Што Захад, што Ўсход…
Паўсюль халодны вецер
Студзіць мне плечы.
Працуючы настаўнікам, я прызвычаіўся практычна да ўсіх магчымых і немагчымых работ па-за межамі службовага абавязку. Таму на свае рачкаванні ў клумбах асабліва не наракаў. «Толькі б без класнага кіраўніцтва», – ці не ўголас сфармуляваў я свой галоўны на той момант прафесійна-экзістэнцыйны пасыл.
– Вы яшчэ не кончылі? – пачуўся за спінай голас настаўніцы ангельскай мовы Ліі Навумаўны Келдышавай.
– З вамі кончыш, – неахвотна азваўся я.
– Ну, і грубіян жа ты, Баластоўскі! – зусім не жартам раззлавалася каляжанка.
Лія мела наконт мяне пэўныя намеры. І як толькі я дазваляў сабе рэплікі падобныя згаданай вышэй, у нашых дачыненнях надараўся кароткатэрміновы карыбскі крызіс. Але нораву яна была адліглівага і звычайна на наступны дзень пачыналася міжнародная разрадка. Памятаючы гэта, я пакінуў яе словы без каментараў і толькі памахаў рукой, стуліўшы вусны банцікам. Несупадзенне пачуццяў. Так бывае. Што паробіш? Як і ўсякі закаханы я быў эгаістам і адстаронена назіраў за рознага кшталту заляцаннямі да мяне. Можа паўстаць пытанне: чаму я назваў сябе закаханым? А таму і назваў, што сэрца маё было ў палоне гэтага безразважнага пачуцця.
Вярнуўшыся да каменяломняў, я застаў ля сваіх калегаў новаспечанага выпускніка Алеся Альхімовіча. Той меў пэўныя гешэфты з Майсюком і завітаў акурат да яго. Але распавядаць пра няўдальства з паступленнем давялося для ўсіх прысутных.
– Ну, нічога страшнага, – разважна прамаўляў Дзяніс Давыдавіч. – Найцяжэй, пакуль з месца. А там упарадкуецца, паступіш і ты… – А як не паступіш, то пойдзеш да нас у дворнікі, – падшпільнуў хлапца Ярык. Алесь ані кроплі не пакрыўдзіўся, нібы так і мусіла быць.
– А ў войска? – між іншым заўважыў я.
– Адпадае, Эрнест Скіргайлавіч, – запярэчыў Альхімовіч. – Здароўе не тое. Сэрца. Пралабаванне мітральнага клапана без рэгурытацыі. Дзеці Чарнобыля.
– Я з такім самым дыягназам боты таптаў, – запярэчыў я.
– Ды косары яны! – з’едліва выгукнуў Майсюк, каторы гэтак жа, як і я, па выйсці з альма матэр ахвяраваў сябе Марсу.
– А з тваёй паралелі шмат хто паступіў? – згортваючы нялюбую мне вайсковую тэму, спытаў я.
– Ты, Эрнест, няправільна пытаеш, – уставіў свае тры срэбранікі фізік. – Пытай больш канкрэтна: «Цыпіна паступіла?».
Гэтым разам ён рэальна ўшчыкнуў мяне і майму арганізму давялося выклікаць аварыйныя службы, якія б спешна адпампавалі тую барву, што вось-вось мусіла цалкам запоўніць мой твар. Зрэшты, хваляванні былі марнымі, бо на счарнелым і спатнелым твары ніякую чырвань ніхто ніколі не разгледзеў бы. Дый ніхто, па вялікім рахунку, і не імкнуўся.
– Цыпіна? – з гагарынскай усмешачкай перапытаў Алесь і адразу ж адказаў. – Цыпіна паступіла. Ага. На матфак на бясплатнае. Пашэнціла, бо конкурс атэстатаў выцягнуў… – А ў атэстаце адзін толькі гісторыка-грамадазнаўчы цыкл балаў на трыццаць заважыў, – зноўку ўплішчыўся Майсюк са сваімі дрэсіраванымі шпількамі. – Прызнавайся, Эрнест, ты ж сваёй любімай выпускніцы ўсе дзясяткі паставіў?
– У мяне такіх любімых у кожным класе па тры штукі, – штучнай бравадай адбіваўся я.
– Ну, гэта ясна. Ты яшчэ вельмі сціплую лічбу назваў, – Ярык пацерабіў бараду, дзякуючы якой ён нагадваў маладога таліба. – Але ж Цыпіна для цябе нешта асаблівае… Ты, дарэчы, чаму на выпускным не быў?
– Ага, Эрнест Скіргайлавіч, чаму? – падтрымаў пытанне Альхімовіч.
Па нейкай наіўнасці я меркаваў, што ніхто не стане знітоўваць маю адсутнасць на выпускным вечары з асобаю Настассі Цыпінай, каторай я і сапраўды вывеў самыя выдатныя выніковыя адзнакі, якія толькі можна было вывесці згодна з рэфармаванай сістэмай ацэнкі ведаў навучэнцаў.
– Чым жа асаблівае? – пачынаў я караскацца на трамплін хлусні.
– Адносіны ў вас з ёй хіба не асаблівыя былі? – нібы тэлевізійны астролаг-аналітык, сустрэў Майсюк пачатак маёй хлусні дзеля збавення.
– Ды якія там, на сухі лес, асаблівыя адносіны! – уваходзячы ў стос, грымнуў я. – Як трэ’ былі адзнакі добрыя, дык хвастом за мной хадзіла ўся такая ласкавая і пяшчотная. Эрнест Скіргайлавіч, у-цю-цю, ля-ля-ля. Паштоўкі на святы. Усмешкі на кожным уроку. А як я журнал у канцы года згарнуў, дык адразу ўсю тую ласку, пяшчоту, кунегу, быццам бульдозерам зрэзала. Упс! І не шманае. Асаблівыя адносіны… Апошні званок памятаеце? Кветкі настаўнікам! Каму панесла? Мне? Не! Географу панесла, бо трэцім экзаменам геаграфію выбрала. Памяняла коніка пасля пераправы… – Нішто сабе, Эрнест Скіргайлавіч, – сумеўся Альхімовіч. – Мы і падумаць не маглі, што вы да Цыпінай так сур’ёзна ставіцеся.
– Так, хлопцы, спыніце гэты базар, – пасля працяглага маўчання ўрэшце азваўся Іскаліеў. – Рэч зусім не новая, і патэнт за яе вынаходку ты, Эрнесцік, трасцы атрымаеш. Можаш мяне дурня старога к чортавай матары адправіць, але я ўсё ж скажу табе сваё слова: кідай гэтае гіблае дзела. Я разумею ўсе твае спакусы. Але кідацца ў гэты вір з галавой вельмі небяспечная справа. Пакуль ты будзеш маладым, вочкі табе будуць строіць тысячы з іх. І ты халеры ўгадаеш, якая адна сапраўды жадае тваёй… кхе-кхе… ласкі, а не цудоўных гадавых адзнак. Пераключайся на каляжанак. Так будзе прасцей і бяспечней.
– Ды што вы такое прыдумляеце, Дзяніс Давыдавіч! – абурана выгукнуў я. – Я меў на ўвазе чыста чалавечыя адносіны, а не нейкія там спакусы.
Іскаліеў прамаўчаў. І фізік, і ўчорашні выпускнік таксама не выранілі ні слова. Павіслая пасля гучных рэплік цішыня дужа зацікавіла вісусаў са спортпляцоўкі. Алесь Альхімовіч зірнуў на іх і заспеў недаўменны погляд мацака-пераростка.
– Хімыч, што там? – звяртаючыся да Альхімовіча па мянушцы, на ўвесь школьны двор прашаптаў той.
– Разумееш, Лейка, калісьці даўным-даўно, гадоў так пяцьдзясят таму, калі школа толькі-толькі будавалася, адзін мужык замураваў у цагліне буйны брыльянт на 89 карат. Вось мы зараз шукаем, каб яго прадаць, а за атрыманыя грошы забамбіць у школе еўрарамонт, пабудаваць басейн з саўнай ды на сто год забяспечыць безлімітны доступ да звышхуткаснага інтэрнэту.
– А ты тут пры чым? – удакладніў Лейка і недаверліва плюснуў вачыма.
– А я ў долі, – зноў-ткі шэптам паведаміў Алесь. – Брулік жа вялікі… – Адломіш кавалак? – хцівасць пераростка ўзяла верх над недаверлівасцю.
– Хе, «адломіш»! Па-першае, за якія заслугі? А па-другое, так проста яго не адломіш. Патрэбны станок «Жылет» з плаваючай галоўкай… – Дык я, гэта самае, збегаю зараз. Куплю. На піве зэканомлю.
Мы ў чатырох пераглянуліся і, не стрымаўшыся, сталі трэскацца ад смеху.
– Але, Варонка, адразу бачна, як ты ў школе вучыўся, – заўважыў Майсюк, звяртаючыся да пераростка па прозвішчы.
– А што такое? – злёгку прыгаломшаны, круціў вачыма пацан.
– Ой, за ліхімі, за марозамі! Лейка, нават я ніколі не быўшы батаном, ведаю, што брыльянт ні «Жылетам», ні вось гэтым малатком не расколеш, – павучаў Альхімовіч. – А ты і павёўся на мой развод.
– Добрую варонку лейкай не назавуць, – нядбала кінуў я, прыгадваючы, колькі крыві мне ў свой час папіў гэты хлопец.
Варонка злосна зіркнуў на ўсіх нас, ненавідзячы за свой падарваны перад таварышамі-недалеткамі аўтарытэт. Яго погляд спыніўся на мне. Я не стаў адводзіць вачэй, колка свідруючы імі яго. Той намагаўся нешта сказаць, але ўрэшце толькі грэбліва махнуў рукой, буркнуў нешта сваім сябрукам і пасунуўся прэч. Тыя, быццам верныя янычары, пабрылі следам за ім.
– Ну, усё, хлопцы, трэба і меру ведаць. Досі ўжо працы, – урачыста аб’явіў Давыдавіч, і мы з ім пагадзіліся большасцю галасоў.
Наш невідочны напарнік Вальдэмар Мікітавіч паспеў нябачна для нас задаць лататы роўна а першай гадзіне дня – у зафіксаваны час сканчэння працоўнага дня настаўнікаў у час летніх вакацыяў. «Добра, што хоць ён не чуў пра Цыпіну», – чамусьці падумалася мне, і смутны, нібы шэрая зязюля, я пайшоў мыцца.