Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 8
6
ОглавлениеПершага верасня я апрануў новы цёмны гарнітур, з ліку тых, што народныя дасціпнікі празвалі вясельна-пахавальным. Зрэшты, мала хто мог бы заўважыць, што ён насамрэч новы. Хаця і быў ён намнога лягчэйшым і свабаднейшым за стары, але крой меў рыхтык, як у таго, якім я паспеў намазоліць вочы калегам і вучням. Белая кашуля. Чырвоны гальштук. Чорныя вастраносыя чаравікі. Кароткая стрыжка. Няпрытарны парфюм. Усё, што трэба нестарому настаўніку-мужчыне, каб каляжанкі ўдавана хапаліся за сэрцы і крычалі навыперадкі: «Гэта мой сённяшні жаніх!». Заставалася толькі трапна жартаваць у адказ, нагадваючы кожнай любачцы пра яе раскаханага мужанёчка і крочыць далей. Як вельмі заняты чалавек. Як рыцар, што павінен, калі і не забіць дракона, дык прынамсі добра начысціць таму лыч. Але так ісці было заўсёды цяжка. Абыкрок усярэдзіне нешта надрывалася, спараджаючы страшэнныя сумневы, якія тычыліся ўсяго і нічога.
Гэтае ўсё і гэтае нічога сталі грызці мяне яшчэ па дарозе ў школу, калі я толькі спрабаваў ацаніць свае фінальныя ўяўленні пра ТОЕ, што вось-вось надыдзе халоднай рэальнасцю. У жываце нешляхетна вуркатала. Я трывожна глядзеў у дзверы дабітага «Ікаруса», які вёз мяне ў кірунку любімай працы. На «Універмагу» у салон зайшла зусім дарослая мажная дзяўчына з жанчынай, якая адразу ж здалася мне яе мамай. На здзіўленне, жанчына са мной павіталася і шапнула штось на вушка дачцэ. Тая павярнулася і з усмешкай сказала: «Добрай раніцы, Эрнест Скіргайлавіч. Гатовы прыняць у эксплуатацыю наш доблесны клас?». Толькі тады я пазнаў сваю вучаніцу, старосту былога 10 «А» класа Аксану Багуслаўскую. Адказаць можна было па-рознаму. Але ці то прысутнасць яе мамы, ці то барацьба ўсяго і нічога ў маім жываце змусілі мяне моўчкі састроіць дзелавенную міну. Было гэта зроблена няўдала, ажно здалося, што ёсць вялікая небяспека на той міне падарвацца. Аксаніна мама ўзялася мяне падбадзёрваць, а разам з тым зандаваць глебу, ці ласы я на кампліменты. На кампліменты я рэагаваў не тое, каб бурліва, але даваў зразумець, што лічу іх прамаўленне зусім беспадстаўным. Лізавета Адамаўна (так звалі маму) не зважала на мае пратэсты і працягвала свае захопленыя разважанні аж да самага школьнага ганку.
– Ой, ды ўсё ў вас атрымаецца. Вы ж такі малады цікавы мужчына, што дзеці міжволі павінны вас слухацца, а тым больш выпускнікі, з якімі вы ўжо так доўга і добра працуеце. Дабрыні ніхто не забывае.
– А вы думаеце, я здаюся ім добранькім? – спрамогся ўставіць рэпліку я.
– Не перажывайце, Эрнест Скіргайлавіч, – жанчына махнула рукой, нібы адганяла муху. – Грамадская думка складаецца з думак большасці. А большасць у гэтым выпадку за вас.
– У гэтым выпадку? – удакладніў я.
– Маю на ўвазе ўцёкі… – Лізавета Адамаўна асеклася, але хутка паправілася, – Выезд у замежжа былой класнай кіраўніцы. Ну хто, акрамя вас, можа мець сярод вучняў значны аўтарытэт? Мабыць, ніхто.
– Вы перабольшваеце, – не пераставаў пярэчыць я. – Я дужа сумняваюся, каб які-небудзь Андрэй Дастаеўскі ці Пеця Андропаў лічылі мяне сцягам, на каторы трэба раўняцца.
– Вобразна кажаце! Але памыляецеся. Мы з Аксанай гэтага Андрушу добра ведаем. Сын нашых суседзяў па дачы. Дык прабачце, Эрнест Скіргайлавіч, ён жа ў сваім узросце ні рыба, ні мяса, а нам яго сватаюць.
– Мама! – дакорліва выгукнула Аксана.
Лізавета Адамаўна ніяк на гэты выгук не зрэагавала і працягвала адорваць мяне Ніягарай сваіх развагаў: – Таму Андрэй тут не паказчык. Нерэпрэзентатыўны тып, як любіць гаварыць наш шэф. У любым выпадку ён будзе проста ціхенька сядзець і сапець у дзве свісцёлачкі… А Андропаў, калі меркаваць па расказах дачкі, проста блазен-пераростак, якому ў школе ўжо няма чаго камусьці даказваць, і застаецца толькі строіць з сябе дурня.
– Вы так спрытна выдаяце ім характарыстыкі, ажно мне страшна становіцца, бо я вось так адразу не змог бы.
– Змаглі б. Абы патрэба была, – жанчына ў чарговы раз засвяцілася ўсмешкай. – Нічога страшнага. Будзем з Аксанай вам дапамагаць.
Я падзякаваў зусім на аўтамаце, не намагаючыся ўбачыць у хвалях змоўніцкіх інтанацыяў вострых падводных камянёў. Каля школы мы нарэшце разышліся. Наказаўшы Аксане гуртаваць усіх астатніх аднакласнікаў, я рушыў да Любартавай.
Марыне Нарымунтаўне на той момант было асабліва не да мяне, бо даводзілася канчаткова вырашаць, хто з выпускнікоў варты гонару даць першы званок. Клопаты гэта былі не абы-якія, бо ў каторы ўжо раз узнікала верагоднасць прыезду на лінейку надта высокіх гасцей. Прыедуць ці не прыедуць ніхто, як заўжды, не ведаў, але патэнцыйная небяспека зрабіць перад госцем плясь у гразь, вымушала варушыцца.
З хлопцам-званаром выйшла загваздка. Грыша Стахіевіч з майго 11 «А», на якога спадзяваліся яшчэ суткі таму, прыйшоў на ўрачыстасць хоць і ў светлай вопратцы, але зусім не ў класічнай, як таго патрабаваў дрэс-код нашага мерапрыемства. Ісці пераапранацца ён катэгарычна адмаўляўся, прадказальна аргументуючы гэта тым, што іншае адзежы для лінейкі няма.
Любартава напружана думала і ўрэшце пстрыкнула пальцамі, што сведчыла пра нараджэнне крэатыўнай ідэі. «Паколькі варыянт з Грышам адпадае, званок дасць Наташа Скрэпкіна. Хаця такога, каб дзяўчына-адзінаццацікласніца давала званок, на маёй памяці не было. Але што паробіш, калі годных хлапцоў днём з агнём не адшукаеш… А Наташа ўсё-ткі наша даўняя актывістка, пераможца розных конкурсаў і алімпіяд. Адным словам, цуд, дый годзе!» – абгрунтавала яна для ўсёй творчай групы свой выбар. Ніхто і не пярэчыў. Я ж нарэшце змог спытаць Марыну Нарымунтаўну, як мне быць – Фігара тут, Фігара там – і вядоўцам, і класным кіраўніком? Яна ўдзяліла мне пятнаццаць секунд, за якія растлумачыла ўсё належнае, і пад яе блаславенне я хутка падаўся да сваіх дзетак.
Народу каля школы станавілася шторазу болей. Раніца выдалася сонечнай, але не спякотнай. У гэтай яснай прахалодзе луналі воклічы дзяцей, іх родзічаў і старыя савецкія песні пра школьны тытанік. Мяне зноў пачало злёгку штарміць. Я ледзьве сабраў усе сілы, каб гучна звярнуцца да раз’яднаных групак маіх адзінаццацікласнікаў. Яны збольшага млява, але з усмешкамі сталі падыходзіць да мяне.
– Слухаем уважліва класнага кіраўніка, – дапамагла мне Аксана Багуслаўская, звяртаючыся найперш да гаваркіх хлапцоў.
– Слухаем, слухаем, – адказалі чамусьці не яны, а дзяўчаты на чале з Лерай Булатнікавай.
– Дзеці мае, – ненавідзячы сябе самога за падабраны зваротак пачаў я, – зараз мы ідзем на баскетбольную пляцоўку і шыхтуемся ў колькі шэрагаў у тым месцы, дзе крэйдай на асфальце… – Ды ведаем мы. Так кожны год, – перабіў мяне вечны працмыга і нястомны праўдашукальнік Андрэй Дастаеўскі, пра якога ў гэтым сэнсе нельга было сказаць, што ён ні рыба, ні мяса.
– Я гэта кажу для таго, – не робячы заўвагі, працягваў я, – каб вы ўсе былі там, а не боўталіся недзе з боку, калі да нас высокі госць глядзець будзе… – А што, высокі госць прыедзе? – спытала ўвішная Кася Вядзёркіна. – А ён сам малады?
Клас засмяяўся. Я смех стрымаў і гаварыў далей.
– Удакладняю, што перад пачаткам лінейкі мы з вамі будзем разам, а потым я сыду.
– Што? Куды? Навошта? – загуў хор недаўмення.
– Дык вы не будзеце нашым класным кіраўніком? – з пэўнай крыўдай спытала Алёна Караблёва.
– Ай, Лена, якая ж ты… недасведчаная, – я пазнаў голас Алісы Селязнёвай, – Эрнест Скіргайлавіч вядзе ўрачыстасць, як і заўжды.
– Блін, я і забыла, – сумелася і тут жа заўсміхалася Алёна.
– Дзякуй, Аліса, што нагадала ўсім пра гэтую прыемную акалічнасць, – сказаў я. – Вось жа, я адвяду лінейку, а калі загучыць фінальная песня, я вярнуся да вас і мы пашыбуем у кабінет на класную гадзіну.
– Ой, навошта нам тая класная гадзіна? – хлапеча-дзявочае шматгалоссе спрабавала спраўдзіць, ці хутка я схіляюся на ўмаўленні.
– Класны час нам патрэбен, каб вырашыць процьму працоўных момантаў… Ну і я асабіста вас павіншаваць мушу ці не?
Апошняе пытанне было выключна рытарычным. Дзіва, што нават заўзятыя смехары, накшталт Пеці Андропава, не дазволілі сабе колкіх жартачкаў.
Калі мы рушылі на спортпляцоўку, Аксаніна мама не прамінула адзначыць жэстам, што ўсё добра, усё пад кантролем. Я адказаў ёй усмешкай. За маёй спінай дзеці перамаўлялі між сабою. Услухоўваючыся ў той слоўны гармідар, я пачуў, як Лера цікавілася ў Алісы: – Ты заўважыла, што ён адрэагаваў зараз толькі на цябе?
– Глупства, – не згаджалася Селязнёва. – Ён зрэагаваў не на мяне, а на тое, што я сказала нешта дзельнае ў адрозненне ад некаторых.
Я ніяк на гэта не азваўся, хаця і быў перакананы, што шэпчуцца не пра кагось іншага, а пра мяне.
Пляцоўка паступова запаўнялася. Майсюк з Альхімовічам, які завіхаўся побач, яшчэ раз правяралі зладжанасць апаратуры, а найперш мікрафонаў. Урэшце, на належнае месца цугам пацягнуліся настаўнікі-прадметнікі (шчасліўчыкі без класнага кіраўніцтва!) і адміністрацыя школы з гасцямі. Таго госця, якога можна было назваць высокім, сярод апошніх я не прыкмеціў і, кінуўшы сваім падапечным «no pasaran», шляхетна пакрочыў да мікрафона, дзе мяне ўжо чакала Алеся Сяргееўна. Сотні поглядаў у тое імгненне былі скіраваныя на мяне, і трэба было добра выстарацца з духам, каб не спатыкнуцца ад гэтае ўвагі.