Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 6

4

Оглавление

Так, я быў аж праз лад разважлівым. Не маючы нічога пэўнага з Настай, я страшыўся новых ускладненых любасных геаметрычных фігураў. Мне ўдосталь хапіла ранейшых трохкутнікаў, пасля апошняга з каторых я надоўга забыўся пра здольнасць кахаць. А калі ціхім каханнем пачаў разгарацца да Настассі, дык быў пэўным на сто вялікалітоўскіх беркаўцоў, што ў гэтай дамачкі кавалера няма. Дзесяцігоддзе ўзроставай розніцы між намі я перастаў улічваць, згубіўшы галаву пад трамвайнымі коламі кахання. «Ганна Чарнушка праліла алей», – нягегла жартаваў безгаловы я, мяркуючы, што толькі казачны асілак быў здатны збегаць у дзясятае царства, на дзясятае гаспадарства, каб знайсці чароўнай вады і прыжывіць маю буйную галованьку назад.

Чаму ж у гэтым безгалоўі я раптоўна падумаў пра красуню і разумнічку Алісу Селязнёву? Ці ж я хацеў ублытваць яе ў сваю бесталковую любасную геаметрыю? Не, не хацеў. Аліска вучылася ў нашай школе з восьмага класа. Чаго таіць, яна заўсёды мне падабалася. Я заўжды зайздросціў яе імавернаму выбранніку. Не больш.

Я сядзеў і думаў пра ўвесь вакольны гармідар, звязаны з няпэўнасцю майго прафесійнага і пачуццёвага становішча. Я думаў, амаль не разумеючы дзіўнага навароту тых дзён. Ад маіх думак нічога не залежала, акрамя майго штучна прыўзнятага настрою. На мой старэнькі, налева прашыты «Сімэнс» з невядомых нумароў прыляталі нечытэльныя sms’кі. Зусім верагодна, што самыя актыўныя школьныя добразычліўцы спяшаліся скласці мне свае мабільныя віншаванні. Але ўся іх шчырасць (ці хітрасць), давераная сотаваму ветру short message service, не вытрымаўшы сіта кадавання, ператвараліся ў пытальнікі. Я глядзеў на гэтыя сярпочкі з кропкамі, і прыўзняты настрой апускаўся ніжэй за плінтус. І даводзілася, як таму Трышчану слаўнаму рыцару, перабываць у жорсткім сэрцы. Але зусім ненадоўга, бо ірыгацыйная сістэма электроннае пошты несла ў палі маёй жорсткасэрнасці жыватворную вільгаць дасціпных каментараў на мае блогпасты ў «Жывым Журнале». Настрой сакалінай сям’ёй паднімаўся з нізін, і ніводнай звілінай свайго мозгу я не мог дапяць, што наступным днём без лішніх цырымоніяў мяне дэсантуюць у імглістых далінах за ракой Рубікон.

На той час з адпачынку вярнуліся амаль усе настаўнікі. Рамонтныя баталіі плаўна перамяніліся вытворчымі нарадамі, лятучкамі і паседжаннямі настаўніцкіх метадычных аб’яднанняў. Педагагічны фронт на наступны год абяцаўся быць, як заўжды, абсяжным. Пэўна, самі нябёсы, яшчэ больш давяраючы школе, ставілі перад настаўнікамі новыя выхаваўчыя задачы, якія прыродна мусілі б выконваць бацькі. Такі давер цешыў і выклікаў два вазы і цэбар здаровага энтузіязму ў імкненні рэалізаваць задуманае нябеснай акадэміяй рэфармаванне школы.

Паседжанне нашага метадычнага аб’яднання, якое гуртавала настаўнікаў не толькі гісторыі, але яшчэ і геаграфіі, было для мяне эпахальным. Кіраўніца аб’яднання Зінаіда Львоўна Данцова, з якой у нас заўсёды былі добрыя дачыненні, зачытвала гадавую справаздачу, дзе абычас у негатыўным кантэксце ўсплывала маё імя – курс па выбары заваліў, вечар прысвечаны ўгодкам Сталінградскай бітвы праводзіць адмовіўся, падставіў трусіка Роджэра і спаліў Александрыйскую бібліятэку… Так, усё было цалкам справядлівым. Я і сапраўды або нічога не рабіў, або рабіў не так, як трэба. Ці то ад неймавернай стомы, ці то ад простага лайдацтва, ці то ад нарастаючага тады пачуцця да Настассі. Данцова старалася выглядаць досыць суворай. Я строіў міну пакаяннага катаржніка, паўтараючы, што ў новым годзе абавязкова-абавязкова выпраўлюся і стану на шлях ісціны, каторым удала маршыраваў яшчэ пазалетась. Мабыць, такой рэакцыі ад мяне і чакалі, бо ў плане работы МА на новы год маё імя – ракам, бокам і з падскокам – было ўпліснута ва ўсе магчымыя і немагчымыя дзіркі. Я неўпрыкмет, на колькі гэта было мажлівым, уздыхаў, спрабуючы ўявіць, што ж яшчэ такога прыдумала Зінаіда Львоўна, каб добра прапыласосіць маю карму. Мая другая каляжанка Галіна Альгімонтаўна Мятлікава намагалася мяне падбадзёрыць. Геаграфіні асабліва нічога не гаварылі. Паседжанне скончылася аднадушна прынятым планам работы метадычнага аб’яднання на чарговы педагагічны сезон. З не меншым аднадушшам была ўхвалена прапанова з’есці смачнага торціка ў гонар інтымнай блізіні новага навучальнага года ды з нагоды прызначэння шаноўнай Зінаіды Львоўны намеснікам дырэктара.

Спёка не спадала. Я папрасіў у каляжанак, каб да торта набылі ледзяной кока-колы. Мяне папрасілі не раскатваць губу, але адразу ж злітаваліся і пагадзіліся на кока-кольны варыянт. Па тым, як мала мне давялося іх угаворваць, я адчуў няладнае. І напраўду, як толькі Мятлікава з нашым абшчаком пакінула школу, мяне рэзка паклікалі да дырэктара. Усё. Я быў перакананы, што прычынай выкліку магла быць толькі адна акалічнасць.

Дыялог у дырэктарскім кабінеце быў надзвычай кароткім.

– Ну што, Эрнест Скіргайлавіч?

– Вы наконт класнага кіраўніцтва?

– Так. 11 «А».

– І нічога не паробіш?

– Не. Ідзіце працуйце.

– Іду.

Пярэчыць не было сэнсу, бо рацыянальныя довады супраць маёй кандыдатуры адсутнічалі. Дый зусім нечакана з сярэдзіны наплыло тое самае замілаванне, якое я адчуваў, выдаючы падручнікі. «Год вытрымаеш», – гаварыла душа. «А каб цябе трасца, як жа ты ўкляпаўся», – канстатаваў мозг. Іхныя словы і настроі сутыкаліся, ператвараючыся ў навальнічныя грымоты. У тыя хвіліны ад мяне можна было без вялікіх праблем прыкурваць папяроску ці зараджаць мабільны тэлефон. Я павольна падымаўся на трэці паверх, і ўсе перада мной маўкліва расступаліся, нібы на маім шырокім лобе з’явіўся экранчык з надпісам: «Не чапай, бо лясне!». Пад самім кабінетам мяне чакалі дзве мае вучаніцы – Валерыя Булатнікава і Алёна Караблёва. Яны сталіся адзінымі, хто не ўбачыў на мне ніякага экранчыку і, міла павітаўшыся, спыталі: – Ну што, Эрнест Скіргайлавіч?

– Вы наконт класнага кіраўніцтва?

– Так, – Лера гулліва пакусвала свае пульхныя вусны.

– 11 «Б»? – жадаючы памыліцца, спытала высокая Лена.

– Ці ўвогуле ніякі? – ішла на апераджэнне Лера.

Я глядзеў ім у вочы, квола ўсміхнуўся і выціснуў з сябе: – Я ваш класны кіраўнік, дзяўчаты… – Ура! – не закрычалі, але даволі гучна прадэманстравалі сваю радасць яны. Булатнікава нават кінулася мяне абдымаць са словамі: «Наш класны самы класны». Я папрасіў так не завіхацца.

– Павінна быць дыстанцыя, – пагадзілася яна. – Але ж яшчэ канікулы. І я вельмі радуюся за вас. І за нас. Можна я вас пацалую? Чыста па-сяброўску. У шчочку.

Караблёва пачала хіхікаць і штурхаць аднакласніцу ў бок: – Лера, што за прапановы? Ты бянтэжыш Эрнеста Скіргайлавіча.

Тая пачала манерна абурацца: – А што тут такога? Чаму нельга пацалаваць класнага кіраўніка ў шчочку? Я ж не прапаноўваю там абы чаго… – Абы чаго не трэба, – з усмешкай адцяў я. – Дый пацалункі гэтыя могуць быць няправільна…

Лера не дазволіла дагаварыць. Яна падскочыла ўшчыльную да мяне і ўклеіла бусечку ў левую нябрытую ланіту.

– Ты пабач, як каля маладога настаўніка уюцца, – пачуўся выратавальны голас Мятлікавай.

Булатнікава вомільгам адскочыла ад мяне. «Толькі б Лера не пачала дыскутаваць з Галінай!» – маліўся ў думках я, ведаючы яе гарачы нораў. Наўздзіў дзяўчына не выраніла ні слоўца. Галіна Альгімонтаўна, адчуўшы агульную напружанасць, вымавіла прымірэнча: – Ладна, дзяўчынкі, не бянтэжцеся, я ж ведаю, што вы ўсцешаныя навіною… – І вельмі, – Валерыя ўсміхнулася, схапіла аднакласніцу за руку і рушыла прэч, развітваючыся і прымушаючы рабіць тое ж Алёну.

Мы зайшлі з Галяй у кабінет.

– Смешныя яны ў цябе, – як нічога ніякага заўважыла яна.

– Ты ўжо ведаеш?

– Пра тваё класнае? Яшчэ ўчора ўся школа ведала. Не хацелі табе настрой псаваць заўчасна. Думалі, хай яшчэ Эрнесцік вольным птахам у аблоках палётае.

– Колы купіла? – стрываў я свой гнеў, замяшаны на крыўдзе.

– І колы, і калёсы, – з усмешкай адказала Мятлікава. – Давай, кліч усіх, маладзенькі ты наш.

– Ты мяне падшпільваеш? Мне ж неўзабаве дваццаць дзевяць стукне… – Ага, праз нейкіх дзевяць з паловай месяцаў. Я помню. Не грузіся ты, Эрнесцік, сваім узростам. І з-за класнага не пераймайся. Усё будзе добра. Можа мы праз год на тваім вяселлі пагуляем.

Апошняй намінкі я не зразумеў, але перапытваць не ўзяўся. Каляжанка даставала з шафы кубачкі, сподачкі, лыжачкі, адным словам, накрывала на стол, а дакладней на парту. «Нэсэ Галя колу», – напявала яна сабе ціхутка пад нос. Я выправіўся збіраць нашу гісторыка-геаграфічную грамаду. На гэты раз мой шпацыр па калідоры выліўся ў бясконцую чараду віншаванняў, бо экранчык на маім лобе напэўна больш не прыкмячаўся. Скрозь скрогат зубоўны я кідаў свае «спасібы», не ведаючы якому богу маліцца. З тым самым скрогатам я сядзеў за нашым імправізаваным бяседным сталом, назіраў, як каляжанкі падымаюць кубкі з кавай ці колай за новаспечаных завуча (за Зіну) і класнага кіраўніка (ясна, за каго). Я ледзьве варочаў сківіцамі, паядаючы ладны кавалак арэхавага торту. Ён здаваўся мне вялізным кавалкам астэроіда, які ў старажытнасці ляснуўся аб нашу планету, знішчыўшы Атлантыду. Цяпер ён хацеў знішчыць мяне. Знутры. Нечакана і падступна. З самага прадоння маіх думак ірваліся словы песні айчынных рок-партызан:

Ганьба зноў.

Схавай мяне.

Ён прыйшоў.

Няма вяртання. Не.

Алах акбар!

Алах акбар!


З такім настроем і такімі песнямі можна было без цяжкасці навярнуцца ў іслам…

Інфанта і аднарог

Подняться наверх