Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 20
18
ОглавлениеУ галаве маёй плёскаліся хвалі Герадотава мора думак. Я быў уражаны і фантастычнай тэмай, якую ўзняў супрацоўнік КНАКС, і нечаканай развязкай нашай з ім гутаркі. Я намагаўся ўбачыць ва ўсім, што адбылося хаця б найменшы сэнс. Але нічога ўцямнага, апроч акуратнай палосачкі сівых валасоў, што з’явілася ў мяне пасля блізкага суседства з чорнай шаравой маланкай, не праглядалася. Я адчуў неадольную прагу расслабіцца і забыцца пра ўсе свае злыбеды, прынамсі, на кароткі час. Таму абяцанае тэлефанаванне майго дапатопнага спабутэльніка выклікала ўва мне шквал станоўчых эмоцыяў.
Мікаэл вельмі здзівіўся майму выгляду: гузак на лобе, валасы з сівізною, вочы ненармальна блішчаць. «Цябе катавалі?» – выліўся яго подзіў у канкрэтнае пытанне. Я гучна разрагатаўся і з выглядам велікамучаніка адмоўна патрусіў галавой. «За гэта трэба выпіць», – пачуліся зусім прадказальныя словы. Мы зрушылі з галоўнай вуліцы і падаліся ў бар «Агні святога Эльма». Бухоўскі звычайна называў яго «Агнямі», а я проста «Эльмам». Гэта і зразумела, бо варта нам было туды выбрацца, як для святога ніякага месца не заставалася.
Пачаўшы з піва пад мясны медальён па-французску з бульбай-фры па-сялянску, я ніяк не мог падумаць, што працягам будзе гарэлка пад смажаныя анёльскія крылцы ў брусельскай капусце, а потым яшчэ па сто пяцьдзесят каньяку пад калдуны «Чароўныя» са смятанай. Мы пілі, закусвалі, размаўлялі. Мікаэл уважліва слухаў мой аповед пра гутарку з супрацоўнікам КНАКС, раз-пораз усклікаў: «Ды ну на фіг!» і адразу ж маніўся наноў напоўніць кілішкі, каб падняць і асушыць іх за пастыра аднарогаў беларускіх. Спабутэльнік кляўся мне ў вечным сяброўстве і заводзіў старую песню пра дружбу, збіваючыся на адзін адзіны радок: «Землю обойдём, потом махнём на Марс».
Чым болей мы сядзелі, тым менш клопатаў заставалася ў мяне на душы. Герадотава мора думак пад уплывам мяшанкі з піва, гарэлкі і каньяку паспела ператварыцца ў падступныя палескія балоты, на якія ўжо кідалі свае позіркі хіжыя меліяратары. Такі стан я называў быць ніякім, а Бухоўскі – лішак не дабраць. У гэткім стане мы расплаціліся, падняліся з-за стала і скіраваліся да выхаду. У самых дзвярах я сутыкнуўся з нейкай дзяўчынай. Тая спачатку абурана заўважыла: «Асцярожней, малады чалавек», але праз імгненне здзіўлена ўскрыкнула: «Эрнест Скіргайлавіч, гэта ты?». Я напружыў зрок і зразумеў, што перада мной стаіць Алеся Рыбанька. Пакуль я намагаўся нешта адказаць, Мікаэл зусім па-простаму пацікавіўся ў мяне: – Гэта твая цёлка?
– Не, гэта мая рыбка, – знайшліся ў мяне словы.
– Я вам не цёлка, а табе не рыбка, – раззлавалася каляжанка.
– Урачыстая лінейка аб’яўляецца адкрытай, – самым паскудным чынам перакрыўляў я Алесю і адразу ж атрымаў добрую поўху.
– Мне здаецца, што майму сябру не падабаецца, як ты з ім фліртуеш, дзетка, – голасам старонняга назіральніка зазначыў Бухоўскі і таксама быў узнагароджаны поўхай.
– Алеся, з задавальненнем бы адказаў на твае заляцанні ўзаемнасцю, але ўчора і сёння ў мяне былі настолькі цяжкія дні, што я наўрад ці здолею ашчаслівіць цябе… Нікога ашчаслівіць не здолею… Нікога і ніколі… – гаварылі хорам мае адданыя сяброўкі – п’яная шчырасць і нецвярозая туга.
Каляжанка адно паціснула плячыма і правяла мяне шкадобным позіркам. Нават у стане быць ніякім я выдатна разумеў, што яна не была б супраць сустрэць мяне ў «Эльме» больш цвярозым. Зрабіўшы смелае па, я павярнуўся да Рыбанькі і адправіў ёй на развітанне ваенна-паветраны пацалунак. Сцішэлы Бухоўскі спешна стрэліў: «Гонар маю» і пакрочыў за мной.
Я ж тым часам праваліўся ў чорную дзірку. Не, не ў адмысловы абсяг прасторы, гравітацыйнае прыцягненне якога настолькі вялікае, што пакінуць яго не могуць нават Баластоўскія, што рухаюцца з хуткасцю святла. І не ў адчынены люк, якія часцяком вычэкваюць падпітых мужчын пад трыццаць. Я праваліўся ў чыстае бяспамяцтва, у якім не існавала нічога, што можна было б потым узгадаць. Калі ж бяспамяцтва выплюнула мяне назад, я знайшоў сябе ў акіяне мігатлівых электрычных агнёў, сярод сотні целаў, якія рухаліся ў такт дзікай клубнай музыкі. Самым жахлівым маім адкрыццём стала тое, што я таксама спрытна вытанцоўваў, як малады цялок. Але жах і пытанне, чаму я тут, імкліва згубіліся ў энергіі, якую выпраменьвалі ўсе без вынятку прысутныя. Я працягваў рухацца, атрымліваючы неверагодную асалоду ад купання ў гэтай энергіі.
Успомніўшы пра Мікаэла, я стаў разглядацца на розныя бакі ў дарэмных спробах адшукаць яго постаць сярод танцоўнікаў. Бальшыня публікі была значна маладзейшай за мяне. Музыка на секунду спынілася, а пасля загучала зноў у больш цягучым, павольным варыянце. «Медлячок», – канстатаваў я і падаўся туды, дзе згодна з маёй інтуіцыяй мусіла быць выйсце. Энергія энергіяй, але на павольныя танцы мне падпісвацца не хацелася. Я асцярожна прабіраўся між з’яднаных у танцы параў. Я ветліва перапрашаўся, калі кагосьці закранаў. Але раптоўна тонкія жаночыя рукі абнялі мяне за шыю, не дазваляючы сыходзіць. Я агаломшана павярнуўся і ўбачыў перад сабой Леру Булатнікаву. Дакладней, спачатку я ўбачыў знаёмую ўсмешку, а толькі потым зразумеў, каму яна належыць. Нічога не кажучы, яна прытулілася да мяне і пачала весці танец. Я скарыўся, і стаў прыслухоўвацца да музыкі, каб разабрацца ў рытме і не нагадваць маёй нечаканай партнёрцы няўклюднага Івашку Мядзведжае Вушка. Мы паволі кружыліся вакол адной кропкі. Лерчына дыханне казытала мне шчаку. Я проста вар’яцеў ад гэтага казытання, з салодкім жахам усведамляючы, што кагадзе падмануў Алесю Рыбаньку. Усведамленне рвалася з мяне жвавым аднарогам. Лера гэта адчувала, але па-ранейшаму захоўвала паўнюткую моўкнасць. Мне рабілася ніякавата. – Што гэта за песня? – адольваючы ніякаватасць, спытаў я.
– «The Autumn Leaves» праекту Андрэ Танэнберга, – прашаптала дзяўчына.
– Ападаюць з журбою лісты пад акорды асенніх іскрыпак, – таксама шэптам прадэкламаваў я.
– А ты ўсё вершы чытаеш, Купалка ты мой. Можа лепш пацалаваў бы, га? – пачуўся ад Леры дакор.
Быццам варам абліты, я рэзка адскочыў ад дзяўчыны.
– Валерыя, мы так не дамаўляліся, – прашыпеў я і, як сайгак па кукурузе, ламануўся на выхад.
Разгарачаны я выйшаў вонкі і апынуўся ў чэпкіх абдымках свежага паветра восеньскай ночы. Яны былі ні чым не лепей за Лерчыны, бо пагражалі вельмі хуткай прастудай. Але прастуда мне падалася больш бяспечным варыянтам у параўнанні з раманам, які мог неспадзеўкі выбухнуць у тую ноч паміж мной і Валерыяй Булатнікавай.
Я пацепваўся ад холаду і азірнуўся на будынак начнога клуба, спраўдзіўшы яго назву – «L'isola del giorno prima». Мясцовасць не ўяўляла сабой тэра інкогніта населеную львамі і не патрабавала адмысловых высілкаў, каб знайсці доўгі шлях дамоў. Паспешлівай хадою я рушыў у падземны пераход, і неўзабаве стаяў на належным прыпынку, стукаючы сябе па кішэнях у пошуках якіх-небудзь намёкаў на гаманец і мабільны тэлефон. Гаманец мой быў худы, як крыцкі бык пасля калектывізацыі. Старэча Сімэнс ляжаў без духу, і ўсе спробы яго ажывіць сканчаліся паразай. Да прыпынку падруліла маршрутнае таксі, у якое я сеў, аддаўшы кіроўцу дашчэнту ўсю дробязь, што была злоўлена ў гаманцы і кішэнях.
Едучы дадому, я стараўся не глядзець на астатніх пасажыраў машыны баявой, а галоўнае – ні пра што не думаць. Жахліва балела галава, і зрабіць высновы з нагоды перажытых за два дні прыгод было цяжка. Зрэшты, у мяне не магло быць ніякай пэўнасці, што мінула акурат два, а не тры, чатыры дні ці нават цэлы месяц. Гэта змусіла ўсё ж задумацца і звярнуцца па дапамогу да жанчыны, што сядзела найбліжэй. Тая ніколькі не сумеўшыся ад майго пытання, развеяла мае насцярогі: на дварэ трывалі першыя гадзіны нядзелі, і дата была цалкам прымальная.
Каля Сухакаменскага рынку я вомільгам выскачыў з маршруткі, спяшаючыся апынуцца ў сваёй памяркоўна цёплай халасцяцкай пасцелі. Ліхтары гарэлі, як хацелі. А асаблівай ахвотай яны ў тую ноч не вызначаліся. Прайшоўшы паўз рынкавыя пабудовы, я ўжо збіраўся быў перасячы дарогу і выйсці на фінішную прамую. Аднак з цёмнага завулку да маіх вушэй даляцеў мяшаны шум мужчынскіх галасоў і выразна жаночага благання. Секунду павагаўшыся, я развярнуўся і рушыў у той бок, адкуль чулася гамарня. Метраў праз дзесяць цемрадзь разбівалася белай лямпай ліхтара, які вісеў на старым драўляным слупе. Пад слупам стаяла кампанія з пяці хлапцоў і адной дзяўчыны. І чым больш я набліжаўся да іх, тым больш разумеў, што дзяўчына быць з тымі хлапцамі зусім не хоча. Поўным страху голасам яна ўпрошвала біцюкоў даць дарогу. Тыя ў адказ глумліва смяяліся, а нехта адзін з іх настойліва патрабаваў ад дзяўчыны згаворлівасці і душэўнасці.
Я не меў сумневаў адносна сэнсу дзеі, якая адбывалася там. Я ніколі не біўся з пяццю чалавекамі адразу. Мне чамусьці адразу згадаліся мае даўнія, яшчэ школьныя, заняткі кік-боксінгам, калі іншым разам даводзілася выходзіць на рынг, каб біцца з двума, максімум – з трыма праціўнікамі. Я амаль ніколі ў падобных баях не перамагаў, і мабыць таму вельмі хутка адправіў той кік-боксінг на сухі лес. На што я мог разлічваць, падыходзячы да пяцёркі маладых галодных ваўкоў, сказаць цяжка. Але варта мне было ступіць у святло ліхтара, як я адразу ж пачаў дзейнічаць.
– А вось дзе ты прападаеш, галубачка, – закрычаў я на дзяўчыну і схапіў яе за руку. – Муж дома адзін сядзіць някормлены, нялюблены, а ты тут спакойненька з мужыкамі лясы точыш!
Біцюкі застылі ў маўклівым асалапенні. Дзяўчына глядзела на мяне неўразумелымі вачыма і спрабавала вызваліць руку з маёй далоні. Яе супраціўленне пагражала сарваць распачаты мной спектакль.
– Э, братан, чо за муйня? – звярнуўся да мяне адзін з пяцёркі. – Кандыбай на хутар матылькоў лавіць, пакуль у бубен не натаўклі.
Я цудоўна разумеў сэнс яго словаў, але не зварухнуўся з месца, працягваючы звяртацца да дзяўчыны: – Ну, жоначка, у цябе і сябры. Вясёлыя рабяты.
– Яны мне не сябры, я іх першы раз бачу, – прахныкала яна, перастаўшы ад мяне вырывацца.
– Маць пройбу з кліннем! – ужыў я старажытную радзіміцкую лаянку і павярнуўся да біцюкоў. – Гэта ж што атрымліваецца? Мая дарагая салодкая жоначка стаіць і далікатнічае з нейкімі незнаёмцамі?
Я ўвайшоў у стос і быў у той момант самым страшным, ляснутым на ўсю галаву мужам на абшарах Сярэдняе Еўропы. Зусім верагодна, што нават мае невылечныя смяшлівыя агеньчыкі ў вачах, тады ператварыліся ў языкі знішчальнага полымя, ад якога шарахнулася ўся пяцёрка, не здолеўшы стрываць майго позірку. Той, хто зусім нядаўна адпраўляў мяне лавіць матылькоў, бездапаможна развёў рукамі.
– Слыш, мужык, давай ты са сваёй жонкай дома разбярэшся, – з пэўнай унутранай цяжкасцю загаварыў ён. – Толькі не ўпутвай нас з пацанамі ў етыя разборкі.
Я не стаў нічога адказваць, і разам з дзяўчынай пайшоў прэч. Калі ганебны слуп застаўся далёка за нашымі плячыма, я адпусціў яе руку і ціха спытаў: – Усё добра?
– Так, дзякуй, – адказала яна і вярнула руку мне ў далонь.
Мы ішлі моўчкі. Я не пытаўся пра яе імя, а яна не дапытвалася пра маё. Ліхтары па-ранейшаму трымаліся на бязладдзі. Сабачы брэх з боку прыватных забудоўваў абуджаў асацыяцыі з далёкім дзяцінствам і японскай паэзіяй. Шлях вызначала мая спадарожніца. Я па-рыцарску скараўся яе волі, дарма што мяне хіліла ў сон і ў супрацьлеглы бок. Калі ж урэшце мы дабрылі да патрэбнага шматпавярховіка, дзяўчына зірнула мне ў вочы і нягучна спытала: «Застанешся?». Я адмоўна паматляў галавой. Яна пяшчотна пагладзіла мяне па шчацэ і расцалавала ў твар, наперад ведаючы, што па гэты бок люстэрка мы болей ніколі не ўбачымся.