Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 4
2
ОглавлениеЭпапея з цэглаю працягвалася яшчэ колькі дзён. Тэма настаўніцкіх спакусаў у нашых гутарках больш не ўздымалася. Хутчэй з меркаванняў прывіднай паліткарэктнасці, а не таму, што яна нікога больш не цікавіла. Нават Майсюк стрымліваў свой язык. Я ж, не зважаючы на ўласнае зацятае маўчанне, бадай што ні на хвілю не мог выкінуць Настассю з галавы. Мяне дапякала тое ж самае пытанне, з якім я, нібы з вернай сябровачкай, прабавіў цэлы адпачынак: чаму Цыпіна так не па-людску сышла? Колькі б я ні напінаў на сябе маску страшэннага цыніка, я не мог схлусіць самому сабе. Дый калегі наўрад ці паверылі ў маю абыякавасць да Насты.
Успамінаўся апошні школьны званок і нечуваныя парывы ветру, змяшанага з попелам, што выбіваў з маіх вачэй чырвоныя слёзы, і я мусіў хавацца ад усіх у пустой актавай зале. Успамінаўся дождж, што ліў падчас выпускнога вечара, на які я не пайшоў, бо ведаў – сэрца не вытрымае яе абыякавасці… Я нырцаваў у хвалях собскай маркоты па дзявочых вабнотах. Я ганіў сябе, яе і свет цэлы, улучна з новаадкрытай планетай Сэднай. І пры ўсім, пры тым недзе ў глыбіні душы, недзе ў Марыянскім жолабе маёй збалелай душы я цепліў надзею на тое, што зусім неўзабаве адбудуцца змены на лепшае і мы будзем з Настачкай разам. Ну, з кім жа ёй яшчэ быць!
Магчыма таму яе наступнае з’яўленне ў школе выклікала ў мяне змяшанае пачуццё – келіх спадзяванняў напалам з роспаччу, залітай па вострым лязе нажа. Я столькі гадаваў і кунежыў боль галавы бясплённым пытаннем: «Дзе яна?», і вось Наста пераступіла школьны парог. Прыйшла, праўда, не адна. Дакладней яе адмыслова прыканваявалі ў школу дзве сяброўкі-аднакласніцы – таксама мае былыя вучаніцы – Арына Зарыцкая і Міла Шчодрык. Абедзве дзяўчыны паступілі на гістарычны факультэт. Арына на чыстую гісторыю. Міла на гісторыю з ангельскай мовай. Мне неяк адразу стала ясна, што і адна, і другая, памятаючы пра мае любасныя няпрухі, намагаліся хоць як палепшыць справы. Яны ўважліва сачылі за маёй рэакцыяй на прыход Цыпінай. У той момант я мог ім нагадваць Азірыса, які ўваскрос, або хлопчыка Васю Вясёлкіна, якому мама купіла яго любімае марозіва за 20 капеек. А што ж Настачка? А яна, як у кепскіх раманах, спачатку папросту не заўважыла мяне. А калі потым мы ўсе перайшлі ў кабінет гісторыі і сталі размаўляць пра жыццё, Наста была самай маўклівай, нібы сапраўды не мела чаго сказаць, а мусіла бегчы на цэнтральны рынак, каб зрабіць тэрміновыя закупы. Калі ж Арына і Міла выйшлі з аўдыторыі, каб праведаць іншых настаўнікаў, а я застаўся з Цыпінай сам-насам, яна раптоўна падскочыла з месца і стала нервова хадзіць па класе, знарочыста разглядаючы стэнды з партрэтамі беларускіх магнатаў ды шафы з кнігамі, якія яе ніколі дагэтуль не цікавілі.
Становішча для абаіх было няёмкім. Я павінен быў сказаць нешта важнае, істотнае, тое, што адразу б праясніла мае пачуцці да яе і ўпарадкавала нашы з ёй дачыненні. Але ж я прамаўляў глупства пра цэнтралізаванае тэставанне, перапоўнены гарадскі пляж і гандаль валгаградскімі памідорамі. А на глупства ў адказ таксама гэткае ж глупства і гучала. Аднаскладовае. Так. Не. Хм. Павісала маўчанне, ад якога ніякага спасу не было. Ні мядовага, ні яблычнага. Наста рабіла ўсё магчымае, каб не злавіць майго погляду. Яна тупілася ў вакно, на дошку, на столь, у парту – куды заўгодна, абы толькі не ўбачыць маіх вачэй. Урэшце ёй добра ўстыла трываць гэты сеанс, і ад’яда сэрца майго паспяшалася пакінуць клас пад маё амаль дзяжурнае «прыходзь яшчэ».
Зарыцкая і Шчодрык неўзабаве вярнуліся, каб развітацца. Яны ледзь хавалі сваё засмучэнне, але ўсё адно спрабавалі мяне падбадзёрыць, у чарговы раз просячы пацвердзіць, што я абавязкова запрашу іх на маё патэнцыйна імавернае вяселле. Мне нічога не заставалася, як пацвердзіць. Нюансы накшталт часу вяселля і імя нявесты выносіліся за дужкі. Да лепшых часоў.
З гора давялося пайсці ў суседні кабінет да каляжанак. Тыя хуценька нарэзалі для мяне сала і памідораў, а таксама ўручылі вялікую філіжанку кавы. Я моўчкі сядзеў і варочаў сківіцамі, праганяючы сваю скруху. Настаўніцы ціхутка разважалі пра бляск і мізэрнасць аральных ласкаў. Іх развагаў я амаль не слухаў. Не таму, што аральныя ласкі мяне зусім не цікавілі. Проста мая свядомасць ўключыла нейкае адмысловае абароннае поле, як гэта бывае ў крытычна настроеных людзей падчас рэкламных блокаў.
З іншага боку, сам факт падобных разважанняў мяне ў пэўнай ступені вар’яваў. Я не хацеў нічога чуць, а пагатоў запамінаць. І ўсё ж мой свядомасны антыспам, мой глуздавы брандмаўэр раз-пораз даваў збоі. Прылёгшы паўбокам на адной з партаў, я чуў рэплікі пра трэба прыпуціць гэтага манаха, пра лета прабаўленае з толкам ці без яго, пра парадачных дзевушак, якія сябруюць з кожным па парадку.
Так, я даўно ўпісаўся ў грамаду маіх каляжанак, і яны мала пільнаваліся ў хаванні ад мяне многіх жаночых сакрэтаў. Наскі хлопец, пане дабрадзею. Ушчэнт наскі, і не калыша. Можа таму і губляўся інтарэс да іх як да прадстаўніц процілеглага полу. Можа быць таму ўсе парады Дзяніса Давыдавіча ўспрымаліся мною адно старэчымі скалананнямі паветра. Маладосць вадзіла нас у шабельны паход!
– У вас Баластоўскі? – з дзвярэй прагучаў голас маладой сакратаркі.
– А ты яго сабе злапаць хочаш? – ухілілася ад адказу настаўніца матэматыкі Рагнеда Іванаўна Андрамедава.
Контрпытанне было агучана з усмешкай. Але чамусь здавалася, што паводзіцца настаўніца так, нібы бароніць сваю крэпасць ад няпрошанага ворага.
– Бач ты якая! Баластоўскага ёй падавай. Дзе так падавалі? – другім разам затакавала Рагнеда Іванаўна.
Сакратарка троху збянтэжылася, не разумеючы, як трэба рэагаваць на пачутае.
– Між іншым, я замужам, – урэшце адказала яна, памылкова палічыўшы гэтую фразу пераможнай.
– Ды мы ўсе, дзевачка, замужам, калі трэба… А калі трэба іншаму, сама ведаеш: муж не сценка, у бок пасунецца.
Сакратарка пачырванела: ці то Рагнеда абразіла яе цнатлівыя маральныя прынцыпы, ці то акурат наадварот зачапіла за нешта балеснае.
– Досыць да паненкі са сваімі дурыкамі чапляцца, – як гультаяваты ланцуговы сабака, падаў голас я.
– Эрнест Скіргайлавіч, – абрадавана ўскрыкнула тая. – Вас да Любартавай выклікаюць.
Я падзякаваў і рушыў да дзвярэй. Мае сатрапезніцы, пачуўшы прозвішча намесніцы дырэктара па выхаваўчай рабоце, не прамінулі кінуць пару сваіх заўваг: – Ну, гэта ўжо лінейку рыхтаваць.
– Дадуць табе сцэнар.
– Будзеш рэпетаваць. – Да ночы.
Мне карцела ўжыць бязбожны сеціўны слэнг і сказаць пра сасуд, куды варта было скласці іх каментары, але я ўчасна ўстрымаўся. Мяне адольвала неймаверна жудаснае прадчуванне, што сцэнарам першавераснёўскай лінейкі не абыдзецца.
– Марына Нарымунтаўна, вызывалі? – спытаў я з парога яе кабінета.
– Так, Эрнесцік. Заходзь, сядай, калі ласка.
Спецыяльна для мяне ўжо было падрыхтавана крэсла. Мае прадчуванні абвастрыліся. Любартава ніколі не вытрымлівала такую доўгую паўзу, калі размова ішла пра нешта будзённае, кшталту падрыхтоўкі школьнага мерапрыемства.
– Паслухай, я тут з пытаннем ад Богута, – урэшце пачала яна, прыгадаўшы прозвішча дырэктара. – Ты ведаеш, якая ў нас зараз складаная вытворчая сітуацыя на паралелі новаспечаных адзінаццатых класаў. Чарнабог звольнілася і з’ехала на п.м.ж. у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Аня Бялун па сямейных абставінах папрасіла значна меншую нагрузку, чым меркавалася папярэдняй тарыфікацыяй. І вось за тыдзень да пачатку новага навучальнага года мы маем вялікую праблему – у 11 «А» і 11 «Б» няма класных кіраўнікоў. З-за цякучкі кадраў на ўсёй паралелі не хапае настаўнікаў па некалькіх прадметах… Ты скажаш, што прыйдуць новыя прадметнікі, хай і бяруцца за гуж класнага кіраўніцтва. Але ж ты мусіш паставіцца з разуменнем да наяўнага становішча. Па-першае, невядома, калі тыя прадметнікі прыйдуць і што гэта будуць за людзі. А па-другое, Руслан Альгердавіч хацеў бы прапанаваць гэты пачэсны абавязак табе. Акурат пяты год, як ты ў нас працуеш. Асвойтаўся. Дзяцей ведаеш. Яны цябе ведаюць і любяць… – Ці мала хто мяне любіць… – вырвалася не зусім ветлівая, амаль дзёрзкая рэпліка.
– Так, любяць. І гэта многае значыць, многага варта. І любоўю дзіцячай ты так проста не раскідвайся, каб не было потым пакутліва балюча… Дык вось дырэктар, ведаючы тваю магчымую рэакцыю, прапаноўвае падумаць, паразважаць, паразмаўляць з калегамі, бацькамі, каханай сяброўкай і даць заўтра ўцямны адказ – бярэш класнае ці не.
– Я, канечне, падумаю, – у роце маім асмягла, а словы спатыкаліся, ператвараючы голас у шоргат цукровага трыснягу, які высякалі чарнаскурыя нявольнікі. – Але мой папярэдні настрой адмоўны. Не хочацца ўзвальваць на сябе лішнюю адказнасць. Я ж і за сябе іншым разам не магу толкам адказаць, а тут… – Мы ўсёй грамадой будзем табе дапамагаць з планамі, дакументамі. Усё дамо. Што трэба, растлумачым.
– А сувязь з бацькоўскім камітэтам? Ахвяраванні… – я няпэўна пакруціў далонню ў паветры, быццам укручваў у патрон новую лямпачку.
– Так, тут можа быць яшчэ тая загваздка. Мы пра гэта думалі… Але ў любым выпадку ты можаш разлічваць на маю асабістую дапамогу. Калі з’явіцца патрэба, дык я выступлю і перад дзецьмі, і перад бацькамі.
Міжволі мне хацелася паверыць ва ўсе вясёлкавыя перспектывы намаляваныя Марынай Нарымунтаўнай. Але ж занадта фантастычнымі яны выглядалі. Таму, маючы ў галаве гатовае «не!», я ветліва ўзяў прапанаваны для роздуму час.
Выйшаўшы ад Любартавай, я цяжка ўздыхнуў і паспрабаваў адчуць заштампаваную масай грызапёраў палёгку. Збольшага мне гэта ўдалося. І ўсе наступныя размовы на гэты конт поўніліся невыноснай лёгкасцю быцця: маўляў, вось такі я шчасліўчык, лёсік, пястун, з якім цацкаюцца, прапаноўваючы тое, што a priori ўваходзіць у мае службовыя абавязкі. Суразмоўцы раілі мне рознае. Аднак практычна ўсе схіляліся да думкі: «Ё магчымасць не браць, дык не бяры». Міроненка проста на калідоры ўзычыў мне нідэрландскую прыказку: «Што для аднаго смерць, для другога – хлеб». Цікавым мне было і меркаванне Цыпінай, але ў яе не было ні хатняга, ні мабільнага тэлефона. А каб нават і былі, я наўрад ці б наважыўся ёй пазваніць з нагоды такога, у сутнасці, глупства, пане дабрадзею.
Назаўтра я вымавіў «не!» уголас. Яшчэ праз дзень з лёгкім ветрам паехаў на секцыю настаўнікаў гісторыі ў школу, да якой туліцца гарадская фабрыка марозіва. Нічога новага ні ад метадыстаў, ні нават ад рэдактара «Беларускага гістарычнага часопісу» пачуць не пашчасціла. Але яркае сонейка, прыемны халадок, што струменіўся праз шырока расчыненыя вокны актавай залы, і бясконцае піліканне настаўніцкіх мабілак стваралі атмасферу эйфарыі, штучнасць якой не ўсведамлялася. Не ўсведамлялася да такой ступені, што нават раптоўнае з’яўленне маёй уласнай апошняй класнай кіраўніцы, не было мной растлумачана ў катэгорыях нябесных знакаў. Я лічыў гэта прыемным збегам абставін, бо насамрэч быў рады яе ўбачыць і перакінуцца колькімі слоўцамі. І толькі днём пазней стала зразумелым, што класуху мне паказалі не проста так…