Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 18
16
ОглавлениеЯ чуў пра мноства выпадкаў, калі мяч трапляў людзям у галаву. Я быў сведкам і нават ахвярай шмат якіх падобных эпізодаў. І ніколі мяч, дакранаючыся да чыёйсьці галавы, не лопаўся. Зрэшты, здзіўляцца гэтаму я занадта не стаў. У думках я вяртаўся а вяртаўся да словаў Карыны Кляшторнай пра Алісу. «А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца», – пульсавала ў маіх глуздах і рэхам адбівалася ў гузаку, які вылез на лобе пасля ўдару мячыкам. Я намагаўся рацыяналізаваць Карыніны словы, каб не мець лішняе спакусы ўбачыць у іх адрасны намёк. У галаве гула пясчаная марсіянская бура, і здавалася, што вось-вось з вушэй пасыплецца пясок чырвонае планеты.
На плошчы я ўскочыў у зялёны айчынны аўтобус і ўсеўся ля вакна, цалкам заняты той самай думкай. «А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца». Танаванае шкло змяняла натуральныя колеры заваконня. Неба аддавала чырванаватым адценнем.
– Яна магла гэта сказаць з самых розных прычынаў, – прыемны жаночы голас заказытаў маё вуха.
Я няўцямна адарваўся ад вакна і зірнуў налева. Побач са мной сядзела фенаменальнае прыгажосці жанчына ў кароткай барвовай сукенцы з тонкім паясочкам-ланцужком, які адно дзеля красы ляжаў на таліі. Беласнежныя валасы былі сабраныя ў два кранальныя дзявочыя хвосцікі. У блакітных вачах хавалася Атлантыда. У бляску пульхных вуснаў таілася Эльдарада. Легкадумны кірпаты носік быў выклікам усім багам нашага небеззаганнага сусвету.
– Хто вы? – саромеючыся зірнуць на ногі незнаёмкі, ціха спытаў я.
– Гэта цяжка патлумачыць, – адказала яна і падарыла мне ўсмешку моднае фотамадэлі, якая спусцілася са сваіх глямурных алімпаў, каб дзеля пацехі пакатацца на аўтобусе Мінскага аўтамабільнага заводу. Падарыла і папрасіла ўзаемнае ласкі: – Прашу вас, не задавайцеся пытаннем наконт таго, хто я. Вы можаце называць мяне як сабе хочаце – Ізольда, Джульета, Мальвіна, Аэліта…
Яна ўсміхнулася, кранальна зморшчыўшы носік. Мяне агарнула нейкае падабенства страху – аўтобус імчаўся па звыклым маршруце, але краявіды за вокнамі былі спрэс марсіянскімі. Ні табе дрэваў, ні звыклых мікрараёнаў. Толькі асфальтаваная дарога праз чырвоную пустэльню ўкрытую мноствам заінелых камянёў. Там, дзе мусілі б быць новабудоўлі, круціліся пыльныя віхуры.
– Дык вось, – не зважаючы на маё здумленне, прадоўжыла Аэліта, – Карына магла сказаць тую фразу па розных прычынах. Яна магла папросту канстатаваць факт – хлопец пры Алісе адно дзеля прыліку. Каб быў. Каб не адставаць ад сябровак. Ён быццам модны аксесуар, але насамрэч непатрэбны Алісе. Магчыма, што Карына ведае, хто Алісе сапраўды патрэбны. А можа быць яна такім чынам спрабавала зняславіць Алісу. Маўляў, пабачце, якая амаральная дзяўчынка – з адным хлопцам сустракаецца, а трох дзяцей мяркуе нажыць з кімсьці іншым. Так ці інакш, мы не ведаем, на каго згодна з версіяй Карыны, Аліса спадзяецца. Усе нашы высновы без дастатковых звестак будуць толькі дадумваннем.
– Але чаму Кляшторная на мяне так пільна паглядзела? – маё пытанне прагучала гэтак жа нягегла, як індастрыял у выкананні крамлёўскага акына ля падножжа марсіянскага сфінкса.
– Вось з такіх пытанняў дадумванне і пачынаецца, – яна зрабіла стродкі выгляд. – А калі б яна пры гэтым яшчэ б і чупа-чупс смактала? Што б вы тады падумалі? Якія званы загучалі б у вашай галаве? Якія б званкі? Дзынь, дзынь, дзынь…
Я рэзка падхапіўся з ложка, адарваўшы ад падушкі цяжкую, як каменны блок для піраміды Хеопса, галаву. Бардовы хатні тэлефон заходзіўся нахабна настойлівымі трэлямі. Я схапіў слухаўку, нібы змяю, якую збіраўся задушыць ці прынамсі пазбавіць атруты.
– Алё, – выгукнуў незадаволена я.
– Здароў. Ты што, спаў? – пачуўся ў слухаўцы голас майго даўняга камрада Мікаэла Бухоўскага. З пэўных часоў я стаў адносіць яго да шматлікіх ценяў майго перакрэсленага мінулага. Але ён раз-пораз нагадваў пра сябе раптоўнымі тэлефанаваннямі і прадказальнымі прапановамі – набухацца. Нас некалі звялі «Вытокі». Нас колісь пасварыў факт майго заляцання да яго дзяўчыны – молодой и неопытной вытоковки, якая, не могучы разабрацца ў сабе, удзячна прыняла маю да яе ўвагу. Прыняла, каб урэшце разабрацца і вярнуцца да Бухоўскага, а мяне адштурхнуць у лёд любоўнае Антарктыды. У стане гэткай абледзянеласці я выглядаў досыць бяспечна, і Мікаэл без асаблівае рызыкі аднавіў нашае спабутэльніцтва, як мы аднойчы назвалі гэта, зазірнуўшы спачатку ў бутэльку, а потым у слоўнік Ластоўскага. Гарэлка, зялёныя аліўкі і Ксеня Чудатворная, якая піла з намі, каб яе каханаму Мікаэлу дасталася менш, зрабіліся негалосным сімвалам вытокаўскіх пасядзелак апошняга перыяду іх існавання. А потым усё знікла. Ці можа быць я сам захацеў, каб яно знікла для мяне. Але незалежна ад майго жадання цені перакрэсленага мінулага нагадвалі пра сябе, не разумеючы, што прычыняюцца да з’яўлення хвараблівых успамінаў… – Здароў, – суха павітаўся я і замаўчаў, здагадваючыся, што скажа Бухоўскі.
– Ета самае, тут прапазіцыя адна тупічаская ёсць, – ён няўклюдна спрабаваў выкарыстоўваць наш колішні слэнг, – давай набухаемся!
– Шампанскім? – падыгрываючы яго настальгічным ноткам, удакладніў я.
– Хо-хо-хо, – засмяяўся Мікаэл. – Не, не шампанскім. Беленькай.
Мяне заўжды перасмыкала, калі нехта гарэлку называў беленькай. У маіх вушах гэта гучала, як наўмысна фальшывы камплімент.
– Па-першае, я гарэлку даўно не п’ю. А па-другое, у мяне заўтра важная сустрэча.
– Вой, якая ў цябе ўжо там важная сустрэча? – праігнараваўшы маё «па-першае», скептычна чмыхнуў Бухоўскі. Скепсіс ягоны быў досыць ліпкі, нібыта Мікаэл з’яўляўся носьбітам ісціны ў апошняй інстанцыі і з гэтае вежы выразна бачыў: ні з кім ніякіх сустрэч у мяне няма і быць не можа ў прынцыпе.
– Чалавек з культурнай канторы прыходзіць, – яшчэ больш стрымана прамовіў я.
Узнікла паўза. Бухоўскі колькі секунд думаў, а потым выдаў: – А чорт з ім.
– Чорт не чорт, а жартаваць не выпадае.
– Дык давай заўтра на піва, раз ты беленькую не паважаеш.
Скачкі яго думак мяне ўражвалі.
– Толькі пасля сустрэчы з чалавекам, – паставіў умову я.
– Я табе пазваню. Ты на ноч пачытай Біблію і «Малы канспіратар».
Дарадца хрэнаў.
Але я ўзяў з паліцы і адну, і другую кнігу, каб разгарнуць іх наўгад і прачытаць, зліваючы цытаты ў цэлае: «Запішы ўяву і накрэслі ясна на скрыжалях, каб чытач мог лёгка прачытаць, бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае. Калі ты не хочаш казаць, абараняючы сябе, магчыма, захочаш абараняць іншых, абараняць справу, даводзячы чысціню сваіх подумаў і метадаў змагання». Я вярнуў кнігі на іх месцы. У галаве ад прачытанага нічога не засталося. Мяне сушылі зусім іншыя думкі. І з гэтым трэба было або мірыцца, або біцца. Я абіраў сярэдзінны варыянт: прыхапіўшы дошку для вэбсёрфінгу, сыходзіў у сеціва. Сайты, блогі, коменты руляць. Галоўнае своечасова вярнуцца, каб, лёгшы спаць, не ўбачыць у сне мудрагелісты скрыпт ці код памылкі 404.