Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 14
12
ОглавлениеНабліжэнне першага бацькоўскага сходу выклікала ўва мне трымценне ў стылі апошняга жоўтага ліста. Я не баяўся таго, што бацькі пачнуць выстаўляць нейкія прэтэнзіі да мяне – нагоды не было. Але я нагвалт страшыўся дыялогу са стракатай незнаёмай мне аўдыторыяй. Каляжанкі спрабавалі мяне ўсяляк падбадзёрыць. Плёну гэта не давала. Сэрца круцілася, як стрэлка звар’яцелага сонечнага гадзінніка, прымушаючы рыхтаваць не проста план выступу, а цэлую нобелеўскую лекцыю, каб потым хадзіць туд-сюд між ложкам і кампутарам, рэпетуючы, як усё будзе. А хацелася – каб нічога не было. Чым бліжэй была дата сходу, тым большым рабіўся хмарачос маіх хваляванняў.
У належны дзень я напяў на сябе ўрачысты гарнітур і, ціпа красаўчэг, пашлэпаў па звыклым маршруце. Можна было не сумнявацца, што з аўтобусам, якім я збіраўся даехаць да школы, нешта здарыцца. Не, аварыі не адбылося. Адбыўся банальны, але надзвычай непрыемны затор каля кандытарскай фабрыкі. Давялося стаяць, пацець, лавіць носам карамельна-шакаладны пах і думаць пра вечныя глюкі вялікай кампутарнай сімуляцыі. За гэтыя думкі мяне яшчэ больш кідала ў пот, а «Ікарус» прасоўваўся наперад з хуткасцю чарапахі Тарцілы, якая кагадзе прыняла лішак снатворнага. Усё яно злавала мяне. Даставала мяне. Катавала мяне. Зрэшты, да школы насуперак затору я дабраўся ўчасна.
Каляжанкі заўважалі маё трымценне і спрабавалі даць пару-тройку экспертных меркаванняў з нагоды дыджэінгу на бацькоўскім сходзе. Не мямліць. Не вохкаць. Не пачынаць з кепскага. Гарцаваць на ўдалым рысаку паміж бацькоўскімі рэплікамі. Не даваць апамятацца. Не дапусціць стварэння непадкантрольных бацькоўскіх груповак. Запальваць сэрцы, ствараючы або рэанімуючы бацькоўскі камітэт. Пераконваць у мэтазгоднасці ахвяраванняў на карысць школы. Ім так лёгка гаварылася, што ў мяне ажно падкошваліся ногі, а сківіцы свавольна торгаліся, прымушаючы няўцям клацаць зубамі.
Бацькі збіраліся ў актавай залe на першую частку марлезонскага балету пад непаўторнай кодавай назвай «Агульнашкольны сход». Вучнёўскіх прашчураў было шмат, а крэслаў у зале – мала. Маса людзей стаяла па абодва бакі ўваходных дзвярэй. Прамова дырэктара трывала біты час. Рознаўзроставя дзядзькі і цёткі (апошнія складалі пераважную частку) рабілі выгляд, што слухаюць, млеючы ад навальнае духаты, што хутка апанавала памяшканнем. Калі дырэктарскі спіч скончыўся, рушылі па аўдыторыях, дзе мусілі адбыцца лакальныя версіі другой часткі памянёнага балета, якая кодавай назвы не мела. Я паспеў падрыхтаваць дошку, напісаўшы там нумары сваіх хатняга і мабільнага тэлефонаў.
Спрабуючы ўзяць сябе ў рукі перад пачаткам сходу, я паўтараў у думках толькі адно: «Галоўнае пачаць, а там, як па лёгкай каляінцы». Гэта быў самагіпноз. Самаўмушчэнне, як сказаў бы, напэўна, легендарны Вацлаў Ластоўскі, калі б ведаў пра маю злыбеду.
Я глядзеў на дзясятак матуль і двух татуляў, спрабуючы здагадацца – хто ёсць хто. Усе здаваліся знаёмымі, але намаганні самастойна персаніфікаваць прысутных завяршаліся поўным правалам. У выніку толькі Лізавету Адамаўну Багуслаўскую я і вызначыў, бо за месяц ад нашага знаёмства і пачатку майго класнадзейства памяць мне ўсё ж не адбіла. Матулі і татулі сваім чарадом глядзелі на мяне і, пэўна ж, узважвалі магчымыя плюсы і мінусы такога мультыфрукта, як я. Многія з іх ведалі пра маё існаванне даўно, але толькі ў той вечар маглі ўпершыню ацаніць гісторыка Эрнеста Скіргайлавіча без медыятараў і мадэратараў. Вось гэтае прыцэньванне і было для мяне самым вялікім цяжарам. Я адчуваў сябе доранай кабылай, якой спрабуюць зазірнуць і ў рот, і яшчэ ў некалькі месцаў. Невядома, куды б занесла нас агульная напружанасць, калі б у дзверы не пастукаўся мужчына, які з дзіўнаю ўсмешкай запытаўся: – Дык што ж? 11 «А»?
– Так, праходзьце, калі ласка, – я быў выключным прыкладам ветлівасці.
Ён нясмела ўвайшоў у кабінет, зірнуў сакаліным вокам на грамаду, сеў за першую парту ля дзвярэй і, не пакідаючы ўсміхацца, раптоўна выявіў сумнеў, які, верагодна, ні з тога, ні з сёга стаў яго кусаць дзікім сабакам дынга: – Прабачце, – сказаў ён, – а Фама Андрыёнак у 11 «А» вучыцца?
– Раней вучыўся, – заўсміхаўся я.
– Што значыць раней? – яго голас выдаваў здзіўленне, але рысы твару пры гэтым анічуць не змяніліся.
– Значыць, у мінулым навучальным годзе. А цяпер ён перайшоў у медыка-біялагічны 11 «В» клас, бацькоўскі сход якога праходзіць у суседнім кабінеце.
– У медыка-біялагічны? – нарэшце здзіўленне здолела змяніць ягоны твар.
– Так, – павучальна хітнушы, адказаў я.
– Дык што ж, гэта ліцэй імя Юрыя Гагарына? – нібыта хапаўся за апошнюю саломінку, удакладніў ён.
Аўдыторыя не змагла стрымаць смеху, чым ладна збянтэжыла няўдачлівага госця.
– Не, гэта сярэдняя школа №XXXL імя Марціна Пачобут-Адляніцкага, – прамовіў я, а бацькі пацвердзілі мае словы, жвава ківаючы галовамі.
Дзядзька на секунду зацяўся і пасля ў паўголаса ўздыхнуў, нібыта мацюкнуўся: – Збой дае матрыца.
Гэтая лаянка здзівіла мяне ці не болей за ягоны прыход. Мяне нават паспеў адолець кароткачасовы сумнеў у выпадковасці такой памылкі. Але сумнявацца не было калі, і я ўсё-ткі распачаў мерапрыемства.
Трымаючы прамову я быў ласкавы, як фразеалагічнае ласкавае цяля, і пафасны, як амерыканскі прэзідэнт кіношнага памолу. Я рабіў беглую самапрэзентацыю і прэзентацыю настаўнікаў-прадметнікаў. Я сто разоў паўтараў словазлучэнне «нашы дзеці», спадзеючыся вытачыць у мамуляк слязу замілавання. Я цвердзіў, што зычу дзецям толькі дабра і таму галоўнай задачай лічу спакойна і годна завершыць сярэднюю школу, не забываючы дбаць аб удзеле ў пазакласных мерапрыемствах. Я абяцаў як прадметнік па мажлівасці нікога не крыўдзіць з адзнакамі. Я біў сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы, што буду стаяць за дзетак – нашых дзетак! – цар-гарою. У замен я прасіў толькі разумення і спрыяння. Не ведаю, наколькі шчыра і пераканаўча гучалі мае словы. Не знаю, упала зерне майго паслання на ўрадлівую глебу ці ўсяго толькі на каменне. Бацькоўскі камітэт уваскрашаў я з асцярогай. Прысутныя маўчалі. Кандыдатаў вылучаць не хацелі. Адно тады, калі я паведаміў, што каардынацыяй дзейнасці займуся асабіста, колькі мамаў з палёгкай і амаль нават падзякаю згодна заківалі галовамі.
– Але камітэт усё адно патрэбны. Асабліва ў пытаннях падрыхтоўкі да будучага выпускнога вечара.
– Колькі трэба чалавек? – спытала маладжавая жанчынка – мама Алёны Караблёвай.
– Тры-чатыры, – як перад стартам добрай справы адказаў я.
– Тады запісвайце Караблёву, Багуслаўскую, Селязнёву і Кляшторную.
Яна казала так, нібы ўсе ўжо згадзіліся.
– Так? – перапытаў я.
– Так, – адказалі жанчыны.
– А хто за старшыньку? – працягваў азадачваць я.
Спадарыня Караблёва змоўкла. Астатнія мамы таксама. Увесь наваствораны на прынцыпах абшчыннае дэмакратыі бацькоўскі камітэт апусціў вочы. Быць старшынькай не жадаў ніхто.
– Дык хто? – паўтарыў я.
Мама Карыны Кляшторнай стала наракаць на цяжкі працоўны графік. Мама Алісы Селязнёвай сціснула губы і без тлумачэнняў адмоўна матлянула галавой, напомніўшы гэтым жэстам сваю дачушку. Урэшце Лізавета Адамаўна сказала сама: «Давайце буду я». Пасля прамоўленага яна адарыла мяне позіркам, у якім чытаўся напамін пра нашу першавераснёўскую гутарку. Я адказаў гэтаму позірку амаль глямурнаю ўсмешкай. Не пашкадаваў бы і цалкам глямурнай, калі б не стачыў у свой час зубы, грызучы жалезны боб навукі. Заставалася абярнуцца ў ліра-эпічнага цмока для фандрайзінгу броку:
Была зямля не свячона,
Былі людзі не хрышчоны,
Не верылі Госпаду Богу,
А верылі люту-цмоку.
Люту-цмоку далі броку
Кажны дзень па чалавеку,
Па краснай дзяўчынцы.
І як мне ні рабілася прыкра, я ўсё ж згадаў у голас чароўныя словы а літары «школьны фонд». Бальшыня прысутных, хаця і без вялікага імпэту, але ўсё ж расставалася з кроўнымі талерамі, абавязкова распісваючыся ў ведамасці прыняцця ахвяраванняў. «Цікава, а цмок-брокер, забіраючы дзяўчынак, таксама подпісы патрабаваў? – думалася мне. – А калі збіраў, дык у каго менавіта: у ахвярадаўцаў ці ў саміх ахвяр? І як выглядала ведамасць? І куды потым дзяўчынкі дзяваліся – цмоку ці таксама ў нейкі фонд?». Добра, што мой мозг не падпрацоўваў мультымедыйным праектарам, а то была б рызыка, што мае думкі ў рэжыме слайд-шоў, пабачыць уся бацькоўская грамада.
На тым уласна сход і скончыўся. Я адчуваў сябе спустошаным, быццам адрабіў дзве змены на ўранавых рудніках. У мяне не было пачуцця задаволенасці. Было штось накшталт палёгкі. Палёгкі выключна з тае прычыны, што сход апынуўся за плячыма. Каб развіць гэтую кволую радасць, я паімчаў маршруткай дадому, дзе мяне чакала пара бутэлек ахалоджанага шампанскага і пакунак з морапрадуктамі. Магчыма, такім вось спосабам мне хацелася наставіць акуляры ўласнаму лёсу, прымушаючы яго ўпэўніцца, што я святкую перамогу.
Паглынанне пераможнага напою перарваў тэлефонны званок. З неахвотай жыхара Лайдаччыны я падняў слухаўку. Незнаёмы мужчынскі голас з ледзь прыкметнай картавінкай удакладніў: – Эраст Пятровіч?
– Не, – раззлавана адказаў я, нібы мяне адарвалі не ад келіха, а ад грудастай бландзінкі.
– Гэта нумар 29071988? – перапытаўся незнаёмец.
– Так, – маё раздражненне нарастала.
– Паклічце, калі ласка, Эраста Пятровіча.
– Гэта герой іншага рамана. Мо’ вам патрэбны Эрнест Скіргайлавіч?
– Ой, прабачце, сапраўды Эрнест Скіргайлавіч, – збянтэжанасць на тым канцы дроту падалася фальшывай.
– У такім разе вы размаўляеце менавіта з ім, – ганарліва сказаў я, цудоўна разумеючы, што насамрэч незнаёмец гаворыць не столькі са мной, колькі з часовым сімбіёзам майго арганізма і шампанскага.
– Яшчэ раз выбачаюся. Я Сяргей Аляксандравіч Відаў-Вошчанка. Марына Нарымунтаўна вас папярэджвала?
– Так, папярэджвала, – я імгненна ўспомніў словы Любартавай. – Але наўрад ці ў мяне атрымаецца вам дапамагчы.
– Вы не перажывайце. Тут няма ніякае крамолы. Мне сапраўды трэба пагаварыць з вамі пра сёе-тое. Калі вам зручна? Я магу да вас на працу прыйсці, калі жадаеце.
– На працу? – зніякавела перапытаў я.
– Да вас асабіста, без удзелу адміністрацыі.
– Калі так, дык давайце ў суботу. У пятніцу ў нас дзень здароўя. А ў суботу я прыйду адмыслова, каб папрацаваць з дакументацыяй.
– Так. Ёсць. Субота. Аб якой гадзіне?
– Не раней за адзінаццатую.
– Ёсць. Зразумела. Дзякуй. Я вам патэлефаную.
– Нясцерпна чакацьму.
– Усяго добрага, Эрнест Скіргайлавіч.
– Бывайце здаровы.
Колькі секундаў я трымаў слухаўку ў руцэ, спрабуючы ўтаймаваць узрушанне: божачкі, мне ж пазваніў сапраўдны супрацоўнік КНАКС! Але ўзрушанне не было доўгатрывалам і хутка сышло на нулі. Кінуўшы слухаўку, я пайшоў дапіваць шампанскае.