Читать книгу Інфанта і аднарог - Сяргей Балахонаў - Страница 7

5

Оглавление

Хоць мне і ўяўлялася, што я крочу над пеклам па тонкім, нібы самае вытанчанае лязо, мосце Сірат, нічога надзвычайнага не адбылося. Я не парэзаўся нават падчас брыцця. Заставалася трываць. Дакладней, змушаць сябе да трываласці, прывідна спадзеючыся, што ўсе працоўныя цяжкасці будуць пераважаны шчасцейкам кахання, якое стане ўзаемным. Такім дурнем быў я. Дурнем, які разлічваў на тое, што стаўленне Настассі Цыпінай да яго чароўным чынам пераменіцца. Дурнем, які верыў, што свой чарговы (і вельмі важны!) дзень народзінаў Наста сутракацьме ў ягоным таварыстве. Сіры а ўбогі фантазёр. Слабы і нікчэмны спадзявунчык. Я суцяшаў сябе гэтай надзеяй, быццам гаючым бальзамам ад матухны д’Артаньяна.

Але фехтаваць ці пуляць з мушкета мне не давялося. Давялося рыхтавацца да ўрачыстае лінейкі як традыцыйны вядоўца і як новы класны кіраўнік. У гэты ж час новай настаўніцай закрылі вакансію і ў 11 «Б». Складаная вытворчая сітуацыя ў школе была вырашана, і пагрозу зрыву новага навучальнага году давялося зняць з парадку дня. Трохразовае ўра! Чапцы ўгару!

Назаўтра мы збіралі выпускныя класы ў сваіх кабінетах. Мяне працягвалі абдорваць віншаваннямі. Я дзякаваў і адразу ж пытаў, ці здольныя выпускнікі ўшанаваць школьныя традыцыі. Ніхто з 11 «А» не падняўся і не сказаў залатое шляхецкае veto, і ўжо да сярэдзіны дня мы былі гатовыя набываць усе пільна неабходныя атрыбуты свята першага званка – кветкі, балёнікі, падаруначкі для першакласнікаў. Я здзівіўся, што ўсё так проста атрымалася. У душу, быццам спрытны альпініст, ускараскаўся прывід надзеі: «Няўжо справа пойдзе?».

Адпусціўшы дзяцей, я ўзяў сцэнар і пайшоў у актаваю залу на рэпетыцыю. На тэхніцы сядзеў Ярык. Абмінуць яго высмешак не было ніякага шанцу.

– Ну, дзядзька, ты нарэшце пасталеў, – нейтральна пачаў ён і падаў мне руку. – Прымай кангратуляцыі. Цяпер ты паўнацэнны настаўнік. Педагог з вялікай літары «П».

– Дзякую, але давай без падкавырак. Цябе ж во не ўзнагародзілі такім свяшчэнным абавязкам.

– Ой, ну ты падумай, хто ж даверыць дзяцей такому растрындосу, як я?

– Але ж мне неяк даверылі… – Не, Эрнест Скіргайлавіч, ты чалавек разумны, адказны, любіш дзяцей і яны цябе любяць, як гэта брыдка не гучала б. А я? У мяне ж на лобе напісана «detonenavisnikus vulgatus».

– На экранчыку? – згадаў я ўласныя перайманні.

– Ды хоць на шыльдачцы! Так што шукай на новай прафесійнай дзялянцы пазітыў. Думаеш, не здабудзеш нічога станоўчага? Памыляешся. З тваім характарам абавязкова знойдзеш. Можа нават пачуцці бацькоўскія абудзяцца, ажаніцца захочаш… – З кім? – не стрымаўся я.

– Адкуль я ведаю. З Ліяй Навумаўнай, напрыклад. Чым табе не пара? Вы ж сябруеце… – Ай, гэта такое сяброўства… – Якое?

– Як футбол у адны вароты, дый яшчэ з тыльнага боку. Да таго ж Лія развядзёнка. І сын ёсць. Акурат у школу пойдзе.

– Табе, Эрнест, не дагодзіш. А што ты хочаш тады? Хочаш цнатлівую равесніцу знайсці? Дык трэба было гадоў чатырнаццаць таму пра гэта клапаціцца. А цяпер позна. Ваш браняпоезд сышоў, як сказаў бы Міколка-паравоз Анне Карэнінай… – Ды на халеру мне тая равесніца спатрэбілася!

– У-у-у-у-у, – шматзначна загуў Майсюк, і я скеміў, што той успомніў пра Цыпіну. Працягнуць дыялог нам не ўдалося, бо нарэшце прыйшла Алеся Сяргееўна Рыбанька – наша жнейка, швейка і на дудзе ігрэйка. Была бо і харэографам, і настаўніцай малявання, і яшчэ богвед кім у трыццаці трох іпастасях. Да ўсяго мне з ёй часцяком даводзілася весці разнастайныя школьныя імпрэзы. Яна ўсміхнулася нам абодвум і, не круцячы абакуламі, спытала: – Як вы, хлопчыкі? Ці не памянялі за лета свой халасцяцкі статус?

Ярык адразу ж пачаў блазнаваць: – Адзінае, што я змог у сваім жыцці ўдала памяняць, дык гэта сумленне на цукерачку «Кароўка». Але гэта было яшчэ за дзедам шведам.

– За кім? – фразеалагізм быў для Алесі невядомым.

– Гэта значыць вельмі даўно, – патлумачыў я.

– Бач, які Баластоўскі ў нас разумненькі, – тэатральна прамовіла суразмоўніца.

– Давай мо’ лепш па сцэнару пройдземся.

– А што ў ім асаблівага?! Усё як заўжды: кветкі – дзеткі, званок – урок, школа – у кола.

– Там нешта пра ўколы будзе? Як у нямецкіх фільмах? – працягваў блазнаваць Ярык.

– Я жартую. Якімі ж вы бякамі за лета парабіліся. Фу такімі быць. Выпраўляйцеся зараз жа. Жанчыны такіх не любяць.

– Калі любяць, дык не здаюць сабе справу ў тым, за што любяць, – загнуў я. – Могуць і такіх любіць. Не хвалюйся дужа. Давай лепш зоймемся тым, чым трэба.

– Чаго? – яе вочы акругліліся. – Чым зоймемся? Ты часам на каменяломнях сваіх не перагрэўся?

– Я пра сцэнар, калі што. А ты?

– Цьху, растуды тваю матніхай, – нязлым ціхім словам выбухнула Рыбанька і сумелася.

– Я так і думаў, што ты акурат пра гэта, – усміхнуўся я.

– У цябе дзяўчына ёсць? – адчуваючы сваё пераможанае становішча, хутка перавяла стрэлкі Алеся. Пытанне было нечаканым, нібы трыццаціградусная спёка на грэцкія каляды.

– Бадай што ёсць, – няпэўна адказаў я.

– Я цябе бадаць не збіраюся.

– Я цябе таксама.

– Дык ты па-людску скажы: дзяўчына ёсць?

– Няма, – адцяў я.

– Вот ліха, значыць, усё-ткі ёсць, – агучыла яна ўласныя скараспелыя высновы.

Ярык моўчкі сядзеў за гукавой апаратурай і ў наша вербальнае бязладдзе не тачыўся. На шчасце, у залу ўвайшла Марына Нарымунтаўна, і мая напарніца зараз жа перабудавала стыль паводзін, робячы выгляд, быццам тлумачыць мне сцэнарныя нюансы: – Вось глядзі, у гэты момант танцуюць нашы дзеткі, а потым ты адразу пачынаеш прадстаўляць нашых гасцей… – Леся, не пускай мне пыл у вочы, – сувора папярэдзіла Любартава. – Трэба хуценька адрэпетаваць пару разоў і адпусціць Эрнесціка дадому. У яго заўтра асаблівы дзень, трэба падрыхтавацца.

– Апошнім часам у мяне ўсе дні асаблівыя, – не прамінуў заўважыць я.

– А навошта было прызначаць вяселле на першага верасня? – недаўменна спытала Рыбанька.

– Што-о-хо-хо? – намесніца дырэктара захлынулася ад смеху. – Леся! Ну, якое вяселле?! Заўтра Эрнест Скіргайлавіч будзе не толькі вядучым, але яшчэ і класным кіраўніком.

– І не толькі заўтра, – змрочна ўдакладніў я.

– Але ж ты зразумеў, што я хацела сказаць, – апраўдвалася завуч. – Пачынаем рэпетыцыю!

Алеся Сяргееўна выглядала расчараванай.

Інфанта і аднарог

Подняться наверх