Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 11
Частка першая. Самураі і козлікі
9
ОглавлениеКаб неяк развеяцца, я прайшоўся па цэнтры. Ад ГУМа ў бок помніка Леніна… Прамінуў будынак КДБ. Паглядзеў з павагай на ягоныя калоны. Прыгожы, ладны… На знакамітую гэтак званую «жоўтую вежу Лаўрэнція Цанавы». Кажуць, што калісьці Цанава, стаўленік Берыі ў Беларусі, зацэментаваў тут сваю папаху… Ягоны нервовы жэст нагадаў узмах шабляй. Разануў і моцна крэкнуў. Каб быў будынак моцным і трывалым. Каб установа КДБ была непахіснай. Гэтая думка змусіла мяне зірнуць на другі бок вуліцы. Там сярод дрэваў цямнеў жалезны Фелікс. Помнік Феліксу Эдмундавічу Дзяржынскаму. І не важна, што ў Расеі яго з плошчаў прыбралі!.. Тут, у Менску, жыве павага да савецкіх дзеячаў у сэрцах многіх чыноўнікаў… Традыцыя! Я згадаў сваю любоў да цацачных салдацікаў. Было ў дзяцінстве ў мяне іх многа. І пластмасавыя, і алавяныя, і нейкія мо сталёвыя!.. Самых лепшых мы з хлопцамі выраблялі самі. Знаходзілі старыя аўтамабільныя акумулятары, разбіралі іх… А там – багацце! Колькі свінцу!.. Свінец разагравалі на вогнішчы ў бляшанцы і залівалі ў гіпсавыя формы… Вось гэта былі сапраўдныя вайскоўцы. Я ўявіў выплаўленага белага будзёнаўца на кані і з шашкай… Вось яна, традыцыя жалезных феліксаў!.. І Захад нам не ўказ! «Чорт, – падумаў я, – пра які такі гандаль радзімай казаў той плюгавы? Я ж патрыёт!»