Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 12
Частка першая. Самураі і козлікі
10
ОглавлениеЗ дзяўчатамі па вялікім рахунку ў мяне праблемаў не было ніколі. Надоўга ў адзіноце я не заставаўся. Заўсёды знаходзілася тая, што брала мяне на абардаж. Але ж вечная адсутнасць грошай, п’яныя дэбошы і адданасць мастацтву рабілі сваю чорную справу. Сябры круцілі каля скроні пальцам: «У галаве мух замнога». Мух і сапраўды было зашмат. І не толькі іх. Бо маляваў я ў асноўным абы-якую жыўнасць і… піянераў. Яны ў мяне былі і кшталту неапазнанага іерогліфа, і… выступалі ў якасці ўсяго астатняга. Карацей кажучы, сусвет я бачыў вачыма вусяка і піянера! Але ж дзяўчаты не хацелі разумець маіх біялагічных памкненняў. Напачатку яны неяк трывалі, а потым, зазвычай гэта адбывалася зранку, збіралі торбы і, не кажучы анічога, моўчкі сыходзілі. Мяне гэта не здзіўляла. Я нават уздыхаў з палёгкай. Слухаць пра вечных коцікаў, сабачак, «якая я прыгожая» альбо «трэба набыць таксама» вельмі стамляла. Жанчына лезла са сваёй нелагічнай логікай напрасткі. Маленькая, але вынослівая як вярблюд, яна рабіла сякеркай у агароджы мужчынскай свядомасці вялізную дзірку. Калісьці мне думалася, што не шанцуе, але потым стала зразумелым, што ўсе жанчыны аднолькавыя. Адрозніваліся яны толькі колькасцю грыму на твары і колерам лаку на пазногцях. Былі яны тоўстымі ці худымі – неістотна. Гэта было другасным. Але ж, нягледзячы ні на што, у душы яшчэ сядзела нейкая рамантычная жабка, якая крумкала пра дзяцей. Прырода, разумееце. Адным словам, глядзеў я на жанчын як недабіты сексіст. Сумняваўся ў жаночых мазгах. Таму для феміністак, мяркую, я быў бы спакуслівым трафеем… яны б падвесілі мяне на першым дрэве…