Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 21
Частка першая. Самураі і козлікі
19
ОглавлениеПрачнуўся я ў цягніку. Балела галава. Мала таго, яна нагадвала расплюснуты грэцкі арэх. Я з цяжкасцю згадваў, што мяне моцна ўдарылі па патыліцы, і потым усё… Ну чаму мне так шанцуе? Так і да інваліда недалёка!.. Увесь час хтосьці б’е па галаве ці труціць нейкімі напоямі!.. Каб з бадуна, і тое б было не так крыўдна!.. Не жыццё – суцэльны дэтэктыў!..
Я пацёр вочы… Памасіраваў скроні… Насупраць сядзела… Сядзела зморшчаная бабулька… Тая… Тая!.. Якая некалькі тыдняў таму трапілася мне ў парку і дзякуючы якой тады я і апынуўся ў невядомым месцы… Што за брыдоцце? Старая выглядала жменькай махоркі. Падзьмі – і яна разляціцца ва ўсе бакі.
– Мілок, – прастагнала старая. – Беражы сябе… Табе Арыстарх прывітанне перадаваў… Пераапраніся… Тут я заўважыў, што ў купэ складзеныя мае карціны і побач – мая вопратка, у якой я і збіраўся да Берліна… Дарэчы, куды едзе цягнік?!
– Старая, – сказаў я, – што за цягнік?
– Ну, ты ў Берлін збіраўся? – прашамкала старая.
– Так…
– Ну і шчаслівай дарогі… Не думай многа… гэта шкодна… І не пі малачко – козлікам будзеш… – І ціха захіхікала, прыкрываючы худымі жоўтымі рукамі бяззубы рот.
– Ды што вы ўсе заладзілі!.. – раззлаваўся я. – Не пі ды не пі… Пры чым тут гэта!.. Піць – адно… а тут – другое!.. Тут жа адбываюцца неверагодныя рэчы!.. Ды я ў міліцыю пайду!.. Я… Я… Я…
Старая, больш нічога не кажучы, паднялася і пайшла з купэ… Марудна паплыў узгорак.
– Гэй, слухай, – пачаў я наўздагон. – Ды што гэта са мной адбываецца?! Што за разборкі?! Якога хрэна…
Бабулька раптам затрымалася, азірнулася на мяне, раззявіла бяззубы рот:
– Потым-потым… І пайшла. Ні адказаў табе, ні пытанняў… Поўная лухта… Можа, у міліцыю заявіць?.. Ды хто паверыць? Ну, у апошняй сітуацыі сведкамі могуць выступіць сябры… Мо яны ўжо і заявілі? Трэба з імі неяк звязацца… Але якая да дупы міліцыя? Я ж у Берлін еду!.. Там адпачну ад гэтага брыдоцця… А можа, і мабільны тэлефон паклалі? Я пачаў правяраць кішэні складзенай вопраткі… Фіг. Спецыяльна зроблена… Мо ў каго папрасіць тэлефон?.. І толькі я ўжо сабраўся… Чорт!.. Я ж у піжаме!.. Я хуценька зачыніў дзверы купэ, пераапрануўся і абуўся (абутак таксама быў). Ну вось, цяпер можна… І толькі я сабраўся… Як расчыняюцца дзверы купэ і перада мной… стаіць мой сябра Макс Фарш!.. Агромністы, як слон. А за ім, хаваючыся, пасміхаецца ягоная малюпасенькая жонка. Так і хочацца сказаць: слон і моська.
– Прывітанне, сябра! – выгукнуў Фарш.