Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 8

Частка першая. Самураі і козлікі
6

Оглавление

Зрэшты, усё было не так. Я не хацеў вас палохаць. Думаў, абыдзецца. Распачну ціхенька… Незаўважна накручу… Завяжу традыцыйна, без выкрунтасаў… глядзіш, і зацягну пару разявакаў у мех… (Ага!.. Ды дзе там!..)

Я перачытваў ужо пра знікненне Парабэлума і дым цыгары, калі з’явілася суседская замарожаная бабулька:

– Колькі разоў ты пісаў пра цыгары? Дзевяць тысячаў ці пяць? І што за пачатак? Нейкі Парабэлум? Ці бываюць такія прозвішчы? А што за імя ў ягонай дзяўчыны? Такое светлае імя і так запаганіў. І дзе інтрыга? Берлін? Знайшоў арыгінальнасць. Ты б яшчэ пра вёску і яблыкі напісаў… Берлін… Берлін… У Берліне ўжо былі войскі!.. І танкі там поўзалі, і «кацюшы»… Цяпер швэндаюцца панкі і анархісты… І бюргеры там поўзаюць, і турысты… Ананісты… Сексісты… Підарасы… Феміністкі… Вегетарыянцы… Прагрэсіўны гарадок – няма чаго сказаць… Кхе-кхе… Ды першы чытач ператварыўся ўжо ў падстольнае здыхляня. Пукаюць твае берлінскія рэваншы!.. Нудна. Нецікава. Лайно. Суцэльны партвейн.

– Ды як можна палохаць чытача? – запярэчыў я. – Я ж паціху. Падалей ад постмадэрністаў…

– І хто твой герой? Зноў мастак і пісьменнік? Нядобра! Банальна! Бяры прыклад з прагрэсіўных аўтараў: калі пішуць, дык па справе. Раман – дык, значыць, пра цыгарэтную шкоду для здароўя – адна цыгарка цягам усёй кнігі. Калі пра алкаголь – адзін кілішак… Не болей! Калі пра каханне – адзін сяброўскі пацалунак у шчочку. Не варта кідацца ў эратычныя сцэны: скажуць, што ты ператвараешся ў старпёра – ужо ўспамінамі захапіўся!..

– Наконт пісьменніка і мастака – галоўнае не прафесія… Важна, як яе падаць… Э… Ы…

– Пішы праўду! І я паабяцаў.

Замак пабудаваны з крапівы

Подняться наверх