Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 23

Частка першая. Самураі і козлікі
21

Оглавление

Толькі я паставіў клічнік пасля слова «два»… як да мяне пад’ехала на інваліднай калясцы суседская замарожаная бабулька.

– Ну, што табе яшчэ? – абурыўся я. – Я і так выканаў твае пажаданні. Алкаголь звёў да мінімуму. Цыгараў ніхто не паліць… Героя пераследуюць цьмяныя асобы… Што ты яшчэ ад мяне хочаш?!!

Бабулька выцягнула з кішэні кофты грабеньчык і пачала расчэсваць сівыя валасы. Яна не адказвала, а толькі пільна пазірала мне ў вочы і расчэсвала… Расчэсвала… І глядзела… Такім пустым бясколерным позіркам. Мне стала ажно халодна. Я прастагнаў:

– Што ты хочаш?

– Я разумею, што алкаголю стала значна меней, ты ж не Венічка Ерафееў і не Эрнэст Хемінгуэй які, – прашамкала старая. – Але адкуль столькі бабулек? Што ні раздзел, дык абавязкова бабулька на інваліднай калясцы. І ў мяне ўражанне, што ты ўвесь час у непрытомнасці…

– Ды не п’ю я! Не п’ю!.. І я што, вінаваты, што ў Беларусі столькі бабулек развялося?! – закрычаў я.

– Калі не п’еш – значыць, спіш многа… Б’юць цябе ўвесь час – гэта ж не справа… Колькі можна? Я тваю кніжку чытаць не буду! І не спадзявайся!

– Ды што табе трэба? – прастагнаў я.

– Хачу казку, – прамуркатала бабулька. І адразу асвяцілася сонечнымі прамянямі. «Містыка», – падумаў я.

– Добра! Будзе табе казка, але трошкі пазней, – паабяцаў я.

Замак пабудаваны з крапівы

Подняться наверх