Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 28
Частка першая. Самураі і козлікі
26
ОглавлениеБеларускі мытнік глядзеў на мяне доўга і злосна. Ён гартаў мой пашпарт, і мне мроілася, што на кожнай старонцы майго дакумента ўклеенае фота дыверсанта. Вока мытніка было каламутным і чорным. Там душылі дзяўчыну, прычым з асаблівымі вычварэннямі.
– Што вязём? – запытаў мытнік, як быццам я вёз партыю гераіну.
– Еду ў мастацкі дом. Вязу карціны.
– Дакументы ёсць на вываз?
– Калі ласка. Усё аформленае праз экспертную камісію Міністэрства культуры… – Дзякуй богу, невядомыя гады нават гэтыя дакументы не забыліся пакласці да пашпарта.
– Колькі метраў?
– Чаго?
– Я пытаюся, колькі метраў палатна?
– Ну, вы ведаеце, мастацтва такімі катэгорыямі не вымяраюць. Хаця, можа, у вас свая тэорыя? Будзеце вымяраць? Давядзецца з цягніка выносіць і раскручваць…
Мытнік пачырванеў; здавалася, што яго паклалі на электрапліту і ён зараз зашыпіць і задыміцца. Па ягоных пагонах поўзала тоўстая муха. Фарш, які перасяліўся са сваёй жонкай да мяне ў купэ, хацеў ужо заступацца, гэта было заўважна па ягоным выразе твару… І толькі… Дарэчы, якая там была цісканіна!.. Гэты бегемот Фарш займаў палову прасторы. Як карціны змясціліся, я не ўяўляў… І толькі Фарш разяпіў сваю бегемотавую пашчу з гукам: «Э-э-э». І толькі… У гэтай неверагоднай цеснаце адбылося непрадбачанае… Як быццам чытаючы мае думкі пра недахоп паветра, адзін з самых высачэзных рулонаў нахіліўся і з грукатам паваліўся акурат на галаву мытніка!.. Ба-бам! Мытнік зароў бялугай і схапіўся за прышыбленую галаву… Ягоная блінападобная фуражка выкацілася з купэ… «Усё, – падумаў я. – Прыехалі». Пасля дзікунскага крыку мытнік раптоўна шпурлянуў мне ў твар пашпарт і, ні слова не кажучы, выйшаў прэч.
Зінка захіхікала… Мы ехалі далей.