Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 31

Частка першая. Самураі і козлікі
29

Оглавление

Колькі слоў пра «Tacheles»… Я ўжо ўзмахнуў пэндзлікам, нібы дырыжорскай палачкай. Ужо адскоквалі ад мяне энергетычныя хвалі. Здавалася, што яшчэ імгненне – і на палатне абавязкова расквітнеюць піраньі. Думалася, што постаць легендарнага Казіміра Малевіча схілілася нада мной. Як раптам праз шкло майстэрні я заўважыў скурчаны твар Васіля Кандзінскага, які рагатаў! Гэта быў бязгучны і моцны рогат сіняга вершніка. Конь раструшчыў шкло майстэрні, і яно сыпалася паўсюль, нібы дождж з градам. У галаве звінела. Я прыгледзеўся: проста перада мной рагатаў і качаўся па падлозе жоўты карлік у валёнках. Яго выкручвала. Смех яго душыў да слёз і да граду, і маленькіх жоўтых шкляных аскромкаў.

– Такое ўражанне, што цябе душыць прыступ жаўтухі. Настолькі ты брыдкі і жоўты, – сказаў я.

Карлік супакоіўся і прысеў:

– Ну, як, Сафа, табе працуецца ў гэтым мёртвым месцы?

– Ты пра што? – не зразумеў я.

– Не прыкідвайся. Сядзіш у склепе для мерцвякоў і пэцкаешся фарбай. Быццам сур’ёзным мастацтвам займаешся. Усё вельмі проста – на тутэйшых прасторах на аднаго маляра стала болей.

Я злосна паглядзеў на карліка і сплюнуў. Інтуітыўна заскрыгатаў зубамі:

– А ты нібыта такі-сякі мастацтвазнаўца. Крытык са стажам паглынання дохлых пацукоў. Ха.

– Дурань ты, Сафа… І анічога не ведаеш, – карлік ашчэрыўся. – Ты, пэўна, анічога не ведаеш пра гісторыю ўзнікнення гэтага будынка. Не ўяўляеш усёй сакральнасці ягонага існавання.

– Ну і?.. Распавядзі.

– Ды што распавядаць… Думаеш, мерцвякі падымуцца і падтрымаюць тваю бяздарную сутнасць апладысментамі? Наіўнае тунгускае дзіця… Але хіба што для агульнай эрудыцыі… Халера з табой, слухай… Карацей, будынак сённяшняга «Тахелеса» быў збудаваны ажно ў 1907 годзе! Ад самага пачатку гэта была вялікая гандлёвая крама. Для Берліна на той момант гэта быў другі па велічыні пасаж. І што цікава – ужо тады будынак узводзілі пры дапамозе сталі і бетону!.. Фасады ўтрымлівалі гатычныя і класічныя элементы…

– Ну і пры чым тут мерцвякі, карлік? – прашыпеў я.

– Тут усё патыхае трупамі. Гэта ж як могілкі. Мастацкія труны тут паўсюль, – сказаў карлік і засвяціўся ўсмешкай. Здавалася, што кожны ягоны зуб ператварыўся ў пісталетную кулю.

– Гучыць непераканаўча, – сказаў я.

– Пачакай… У 1928 годзе будынак забраў электраканцэрн «AEG». Тады дом пачалі выкарыстоўваць для выставаў прадукцыі гэтага прадпрыемства. Дарэчы, тут пэўны час здымалі фільмы. У 1936 годзе адсюль вялася тэлевізійная трансляцыя алімпіяды. Але варта ведаць, што з 1933 года памяшканне належала розным арганізацыям нацыянал-сацыялістаў.

– І дзе трупы? – злосна запытаў я.

– Пачакай! – раўнуў карлік.

– Ды адкуль ты ўсё гэта ведаеш? – запытаў я. – Дзе вычытаў?

– Люблю я трупярні, – прызнаўся карлік. – Люблю Борхеса. Люблю смерць. Чытаю час ад часу кніжкі на гэты тэмат.

–Ну-ну, – сказаў я. – Давай, кат, працягвай лекцыю.

– У 1941 годзе ў будынку «Тахелеса» месціліся фашысцкія арганізацыі «Нямецкі працоўны фронт», «SS-Zentralbodenamt». Падчас вайны ў будынку праходзілі перапланіроўкі. У 1943 годзе на адным з паверхаў будынка былі размешчаныя французскія ваеннапалонныя. Зразумеў, вартаўнік трупярні?

– Прэч пайшоў! – закрычаў я.

– Ага, закранула, – захіхікаў карлік. – Не хвалюйся, потым у ГДР будынак належаў Свабодным нямецкім прафсаюзам… Затым будынак перайшоў ва ўладанне Нацыянальнага народнага войска, Дзяржаўнай артыстычнай школы і кінатэатра «Камера». Потым…

– Хопіць! – закрычаў я. – Перапыняю лекцыю караля Абярона!

Я падскочыў да карліка і пэндзлем намаляваў на ягоным ілбе чырвоны крыжык.

– Лячыць будзем! – сказаў я. – Будзем адпойваць нябожчыкаў жывой вадой!

Замак пабудаваны з крапівы

Подняться наверх