Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 32

Частка першая. Самураі і козлікі
30

Оглавление

Згадваю… Першая ноч у мастацкім доме «Tacheles» – гэта як першая ноч з каханай дзяўчынай. Разам са мной у майстэрні начавала і вышэйапісаная сямейная пара. Ехалі яны, як кажуць у нас, «дзікунамі». Гэта значыць, калі ў чужым горадзе начуеш дзе давядзецца. Такі студэнцкі вандроўны экстрым. Не, і не трэба пра шведскія адносіны. Папраўдзе – анічога не было. У сэнсе – сексу на траіх. Я спаў на стале ў непераадольнай адзіноце. Сямейная парачка – на матрацы, які раз-пораз скрыгатаў спружынамі, нібыта зграя крумкачоў. Мне было на стале сумна і нязручна. Ногі не змяшчаліся і тырчалі, як дзве антэны (ці два рычагі таемнага механізма, націснуўшы на якія, можна было пабачыць лялечны тэатр). На матрацы тым часам таксама было, як кажуць у народзе, «не фантан». Стопяцідзесяцікілаграмоваму Максу Фаршу было цесна… Для аднаго такога гіганта трэба было некалькі канапаў… а тут матрац на дваіх. Але што паробіш?.. Мне было відавочна горай… Спаў я кепска, бо ўсю ноч жонка Фарша скуголіла (вось адкуль пілы бяруцца!..) пра сваё «няшчаснае жыццё», пра «склеп для бамжоў» і «я тут начаваць не буду». Зрэшты, яшчэ б трошкі – і Фарш, пэўна, прыдушыў бы сваю пасію. Але сон волата ўзяў верх, і Фарш пераможна захроп. Было млосна… Здавалася, што сплю ў паравозным дэпо.

(На сёмы дзень знаходжання ў «Тахелесе» – губляешся. У прамым і пераносным сэнсе. Выпітае віно падштурхоўвае хіба што да чарговага знаёмства з прыемнай турысткай.

У майстэрні пахне алеем, газаю і дохлай курыцай. Тры мастакі, што ляжаць на сумных матрацах, – увасабленне Зямлі на трох мёртвых кітах. Яскравае сведчанне пра ўчарашняе актыўнае злоўжыванне алкаголем.

– Я з панядзелка пераходжу на голад, – кажу я. – Па Полю Брэгу.

– Ага, – адказвае Ібрагім. – Пачынай цяпер…

У гэтым сарказме я чую і трэск піўных бурбалак, і грукат вінных кубкаў, сонцам перакочваюцца перад вачыма дыскі вяндліны… Не, напэўна, ідэя з голадам застанецца няспраўджаным стратэгічным мастацкім планам.)

Замак пабудаваны з крапівы

Подняться наверх