Читать книгу Замак пабудаваны з крапівы - Зміцер Вішнеў - Страница 37

Частка другая.  Казка
34

Оглавление

Я, вядома, зусім не засмуціўся. Проста падышоў да лядоўні і паеў нашча гарчыцы. І гэта ўзнікла раптам. Я адчуў жаданне пайсці ў кіно альбо паесці славянскага маянэзу. Здаецца, настала поўная свабода. Трэба цаніць свае дасягненні. Вось як здараецца.

– А мы да вас, – раптам сказалі суседзі, праціскаючыся праз тунэль, прадзяўбаны сантэхнікам.

– Я быў у адзіноце. Я шпацыраваў па даху кватэры сусліка. Зазіраў у халодныя норкі. Піў кефірчык. Усведамляў шчасце. Вы ўсё сапсавалі. Пасеклі ідылію, – сказаў злосна я.

На суседзях былі хатнія паласатыя халаты і скураныя тэпці. Яны палілі цыгаркі і жавалі махорку.

– У нас сантэхнік пасяліўся.

– І ў мяне таксама, – сказаў я.

– У нас кітаец.

– А ў мяне індзеец.

– Яны, напэўна, сваякі.

– Цалкам верагодна, – пагадзіўся я.

– Я – Змей Гарыныч, – сказаў п’яны сантэхнік, запаўзаючы праз тунэль.

– Ён у вас чагосьці прыняў, – сказаў я.

– Мабыць, хатняй настойкі пакаштаваў, – сказалі суседзі.

– Буль-буль, – сказаў сантэхнік.

– А давайце яго адправім да суседзяў, што жывуць наверсе, – прапанавалі суседзі, якія прыйшлі знізу.

– Някепская думка, – пагадзіўся я. – Трэба адправіць яго дагары… Будзе альпіністам.

Я ўзяў швабру і пастукаў па столі. Потым пачакаў. І зноўку пастукаў. І гэтак хвілінаў пятнаццаць. Нарэшце зверху да нас спусціўся сусед Вася Яршоў. На ім былі майка, джынсы і шлёпкі. Ён быў незадаволены, і таму ў яго нервова торгалася правае пачырванелае вока.

– Му, – сказаў ён.

– Да вас сваяк прыйшоў, – сказаў я, паказваючы на прыціхлага сантэхніка. – Заваліўся да мяне п’яны і патрабуе Васю Яршова. Ён ваш?

– Му, – сказаў Вася, – Мані трэба паказаць. Яна там шча гатуе баршча. Пайду пакажу.

І забраў сантэхніка за каўнер.

– Буль-буль, – развітаўся з намі сантэхнік.

– Ну, вось, – сказаў я, развітваючыся з суседзямі знізу. – Доўгачаканы спакой.

– Цяпер мы будзем хадзіць да вас кожны дзень, – сказалі суседзі знізу.

– Так-так, – пагадзіўся я, – у высакосны год. Да пабачэння.

І вось. Мая кватэра набрыняла святлом. На столі раскруцілася вясёлка. Яна перашэптвалася са шпалерамі. Казала на мове вятроў. Дзень быў цудоўны.

– Тук-тук, – раптам нехта пастукаў.

– Бамбук, – адказаў я.

– Э-э-э! Гэх! – сказаў кучаравы таўстун, раздзіраючы дзіравыя дзверы кватэры. – Я – Цанава! Служка Берыі. Прыйшоў рабіць рэпрэсіі. Мой аўтамат у аўтобусе нумар пяць. Я люблю мармелад і бярозавы сок!

– Трасца яго бяры, – сказаў я. – Я – дэмакрат! Я супраць фашызму і шаблязубых тыграў! Мне не падабаюцца гіры і цацкі з гумовымі пупочкамі.

Таўстун выхапіў з-за пазухі сцяг БССР і пачаў ім размахваць перад маім носам.

– Бык! Бык! Усміхніся! – роў ён. – Бык! Бык! З’еш шакаладку!

– Адкуль ты ўзяўся, Цанава? – запытаў я.

– З магілы! – крыкнуў таўстун. – Скінуў века труны! І прыйшоў да цябе, смярдзючы нацыяналіст! Мы з Дзяржынскім навучым вас любіць кузькіну маць! Будзеце ў мяне малако са шланга глытаць! Я сваю папаху з цэменту выцягну і буду вас катаваць! Буду!

– Мама, – сказаў я, – дай мне розуму. Інакш я ператваруся ў забойцу таўстуноў.

– Так-так, – сказаў таўстун. – Наогул я люблю душыць рукамі. Мне падабаецца глядзець, як ахвяра здыхае пад маімі пальцамі. Яе вочы выкатваюцца вонкі і застыгаюць шклянымі шарыкамі. Яе язык выпаўзае саспелым струком перца. А твар зазвычай набывае апельсінавы колер. Праўда, здараюцца выпадкі, калі колер шчок зусім незразумелы. Гэта свайго кшталту творчы працэс.

– Дык вы тэарэтык, – здзівіўся я. – Я б вас у заапарку трымаў, як знікаючы від дыназаўраў. А да вуха прычапіў бы лямпачку. Для арыгінальнасці.

– Здаецца, зацьменне надышло, – раптоўна сказаў таўстун. – Я вам тэлеграму перадаў?

– З Амерыкі? – запытаўся я.

– З Грузіі.

– Не.

– Тады трымайце. Гэта з Курасоўшчыны.

– Дзякуй.

– Распішыцеся ў атрыманні.

На вялізным кавалку кардону было тры словы: «Цалую. Кахаю. Нат».

Усё зразумела. Гэта была тэлеграма ад Нат. Значыць, справа-якар. Хутка будзем піць гарбату з цытрынай і закусваць булачкамі з макам. Гэта ж звычайная шыфроўка. Нешта накшталт паролю…

Нават зязюля ў гадзінніку страпянулася, дзюбкай шчоўкнула і сказала: «Крак». Карціна мастака Маркіна «Дастаеўскі ля крыніцы» неяк нахілілася. Быццам «Тытанік» перад катастрофай. Было.

Замак пабудаваны з крапівы

Подняться наверх